ІМА́НАЎ (Лютфіяр Муслім аглы) (н. 17.4.1928, г. Сабірабад, Азербайджан),

азербайджанскі спявак (драм. тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1977). Скончыў Бакінскае муз. вучылішча (1957), Азерб. ін-т мастацтваў (1968), выкладае ў ім (праф. з 1986). З 1958 саліст Азерб. т-ра оперы і балета. Сярод партый: Кёр-аглы («Кёр-аглы» У.​Гаджыбекава), Балаш («Севіль» Ф.​Амірава), Багатур («Багатур і Сона» С.​Алескерава), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Атэла, Радамес («Атэла», «Аіда» Дж.​Вердзі), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ). Валодае моцным выразным голасам прыгожага тэмбру. Выступае ў канцэртах.

т. 7, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЛЬСАН-Э́ЛЕ ((Nilsson-Ehle) Нільс Герман) (12.2.1873, г. Скаруп, Швецыя — 29.12.1949),

шведскі генетык. Замежны чл.-кар. АН СССР (1932). Скончыў Лундскі ун-т (1894). З 1900 у Шведскай асацыяцыі насенняводства, з 1915 у Ін-це генетыкі і селекцыі ў г. Лунд, у 1925—39 у Ін-це селекцыі раслін у г. Свалёф. Навук. працы па батаніцы, гібрыдызацыі, генетыцы раслін. Вывучаў генетыку колькасных адзнак у с.-r. раслін, правёў фундаментальныя даследаванні па поліплаідыі і эксперым. мутагенезе, трыплаідыі ў яблынь. Устанавіў палімернае (палігеннае) наследаванне ў большасці с.-г. культур.

т. 11, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́НКЕН ((Oncken) Герман) (16.11.1869, г. Ольдэнбург, Германія — 28.12.1945),

нямецкі гісторык. Праф. новай гісторыі Чыкагскага (ЗША, 1905—06), Гісенскага (1906), Гайдэльбергскага (з 1907), Мюнхенскага (з 1923) і Берлінскага (з 1928) ун-таў. У сваіх гіст. поглядах прытрымліваўся ідэй Л. фон Ранке. У 1935 звольнены з пасады нацыстамі. Аўтар прац «Ласаль» (1904), «Рудольф Бенігсен» (т. 1—2, 1910), «Рэйнская палітыка імператара Напалеона III, 1863—70» (т. 1—3, 1926), «Германская імперыя і перадгісторыя сусветнай вайны» (т. 1—2, 1933), «Кромвель», «Нацыя і гісторыя: Прамовы і артыкулы, 1919—1935» (абедзве 1935) і інш.

т. 11, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́НТАЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 19.2.1939, С.-Пецярбург),

рускі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1963). У 1967—88 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Спявае ў буйнейшых т-рах свету. Партыі: Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Атэла («Атэла» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні). Лаўрэат міжнар. конкурсаў імя П.​І.​Чайкоўскага (1966) і маладых оперных спевакоў (Сафія, 1967), Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1962). Дзярж. прэмія Расіі 1978. Ганаровае званне камерзінгера Венскай дзярж. оперы (1987).

Літ.:

Нестьева М.И. Владимир Атлантов. М., 1987.

У.А.Атлантаў.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШЫ́ЕЎ (Дугаржап Цырэнавіч) (н. 15.5.1939, с. Улзар, Бурація, Рас. Федэрацыя),

бурацкі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар. арт. Расіі (1979). Нар. арт. СССР (1986). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1969). З 1969 саліст Бурацкага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Андрэй Хаванскі («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Атэла, Дон Карлас, Альфрэд, Радамэс («Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Аіда» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Баір («Цудоўны скарб» Б.​Ямпілава), Энхэ («Энхэ—Булат-батар» М.​Фралова). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (Масква, 1968). Дзярж. прэмія Бураціі 1977. Дзярж. прэмія Расіі 1983.

т. 6, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЧКО́Ў (Герман Фёдаравіч) (н. 3.1.1936, с. Братаўшчына Пушкінскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне суд. медыцыны. Д-р мед. н. (1979), праф. (1982). Засл. дз. нав. Беларусі (1997). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1960). З 1965 у Мінскім мед. ін-це (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па медыка-сац. аспектах смерці людзей у дзіцячым і юнацкім узросце, малекулярна-генет. ідэнтыфікацыі чалавека і біял. аб’ектаў.

Тв.:

Служебное и уголовное разбирательство профессиональных правонарушений медицинских работников // Организационно-правовые основы врачебной деятельности. Мн., 1991;

Исследование трупов новорожденных (разам з У.​Р.​Навуменкам) // Судебно-медицинское исследование трупа. М., 1991.

т. 13, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ДЭР ((Bieder) Герман) (н. 21.10.1941, Маркерсдорф, Аўстрыя),

аўстрыйскі славіст. Д-р філасофіі (1970), з 1986 д-р габілітаваны. Скончыў Венскі ун-т (1970). З 1971 у Зальцбургскім ун-це. Даследуе сінхронную і дыяхронную лінгвістыку, моўныя кантакты, гісторыю мовы, моўную палітыку: «Нямецкія словаўтваральныя элементы ў славянскіх мовах» (т. 1—2, 1985) і інш. Непасрэдна бел. тэматыцы прысвечаны артыкулы «Літоўскі статут 1529 г.» (1973), «Літоўскі статут 1588 г.» (1974), «Першае і другое адраджэнне беларускай мовы і культуры» (1991), «Моўная сітуацыя ў Беларусі» (1993). Прачытаў у Зальцбургскім ун-це курс лекцый «Беларуская мова для русістаў» (1982).

Тв.:

Sprachenpolitische Tendenzen in Weissrussland. Vien, 1995.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 3, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗАРАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (25.8. 1905, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 16.1.1980),

бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1954). На оперную сцэну прыйшоў з маст. самадзейнасці. У 1937—61 (з перапынкам) саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Прыроджаная музыкальнасць і артыстызм дазвалялі яму выконваць разнапланавыя партыі: Міхась, Сяргей («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.​Цікоцкага), Нупрэй («Яснае світанне» А.​Туранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Герман, Андрэй, Вакула («Пікавая дама», «Мазепа», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.​Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Стэфан («Страшны двор» С.​Манюшкі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРО́Ш (Герман Аўгуставіч) (25.5.1845, С.-Пецярбург — 18.10.1904),

рускі музычны крытык, педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1866), вучыўся ў А.Рубінштэйна. Праф. Маскоўскай (1867—86, з перапынкамі) і Пецярбургскай (1872—79) кансерваторый. З 1860-х г. выступаў у перыяд. друку. Аўтар цыкла артыкулаў пра творчасць М.​Глінкі, П.​Чайкоўскага, інш. рус. і зах.-еўрап. кампазітараў і артыстаў, па пытаннях муз. адукацыі, муз. навукі і інш. У шэрагу ацэнак выявіліся супярэчлівасць і кансерватызм яго эстэт. прынцыпаў: недаацэньваў творчасць кампазітараў «Магутнай кучкі», адмоўна ставіўся да новых тэндэнцый у музыцы 2-й пал. 19 ст. Выступаў і як літ. крытык.

Тв.:

Избр. статьи о Глинке. М., 1953.

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАН ((Kahn) Герман) (15.2.1922, г. Беён, ЗША — 7.7.1983),

амерыканскі сацыёлаг, адзін з заснавальнікаў футуралогіі. У 1948—61 супрацоўнічаў з карпарацыяй РЭНД па распрацоўцы пытанняў вайск. стратэгіі ЗША (працы «Аб тэрмаядзернай вайне», 1960; «Аб эскалацыі: метафары і сцэнарыі», 1965, і інш.). Арганізатар і кіраўнік (з 1961) Гудзонаўскага ін-та, які стаў міжнар. цэнтрам па распрацоўцы сац., паліт., эканам., тэхн. і інш. прагнозаў. У футуралагічных працах «Год 2000-ы» (1967), «Наступныя 200 гадоў» (1976) і інш. (напісаны ў сааўтарстве з супрацоўнікамі Гудзонаўскага ін-та) выступаў прыхільнікам канцэпцыі постіндустрыяльнага грамадства. Станоўчы погляд К. на будучыню сучаснага чалавецтва заснаваны на тэхнал. аптымізме.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)