«КНЯЗЬ-КА́МЕНЬ»,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1987). За 500 м на ПнЗ ад в. Бярозаўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Валун ружова-чырвонага сярэднезярністага рапаківіпадобнага граніту. Даўж. 2,7 м, шыр. 2 м. выш. 2,2 м, у абводзе 8,5 м, аб’ём 6,3 м³, маса каля 17 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву. Паводле паданняў, у камень ператварыўся князь, які страляў у абраз Божай Маці ў царкве, што стаяла тут раней.
В.Ф.Вінакураў.
т. 8, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧКУНО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1988). За 1 км на Пн ад в. Кучкуны Валожынскага р-на Мінскай вобл. Валун чырвона-бурага граніту рапаківі кіроўнага тыпу з авоідамі палявога шпату ад 8 да 12 см у папярочніку. Даўж. 2,8 м, шыр. 2,5 м, выш. 0,95 м, у абводзе 7,7 м, аб’ём 3,5 м³, маса каля 9,4 т. Прынесены ледавіком больш за 150 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі (Выбаргскі масіў).
В.Ф.Вінакураў.
т. 9, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛІШКІНСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1993). За 500 м на ПнУ ад в. Мікулішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун граніту парфірападобнага з асобнымі крышталямі палявога шпату ў выглядзе таблічак (1 × 3 см), біярыту і зернямі ружовага кварцу. Даўж. 2,2 м, шыр. 1,1 м, выш. 2,7 м, у абводзе 6,2 м, аб’ём 6,5 м³, маса каля 17 т. Мае форму кліна. Прынесены ледавіком каля 20 тыс. г. назад з тэр. Ленінградскай вобл. Расіі.
В.Ф.Вінакураў.
т. 10, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎВО́СТРАЎ НАНО́СЫ,
геалагічны (геамарфалагічны) помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Каля в. Наносы Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на зах. беразе воз. Нарач. Пл. 0,9 км². На паўвостраве вузкая града (выш. да 11 м), якая ўтварылася каля 17 тыс. г. назад у шчыліне ледавіка ў выніку адкладання пяску, жвіру і валуноў. Ва ўзбярэжных пясках адзначаны намнажэнні (шліхі) галацэнавага ўзросту паўкаштоўнага мінералу гранату-альмандзіну. П.Н. — адзінае месца ў краіне, дзе трапляюцца магутныя гранатавыя шліхі.
В.Ф.Вінакураў.
т. 12, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́ЛЬДАЎСКІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны ва ўрочышчы Замхоўе, за 2 км на ПнУ ад в. Рамальдава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Валун парфірападобнага дробназярністага граніту з крышталямі палявога шпату. Даўж. 3,7 м, шыр. 3 м, выш. 0,6 м, у абводзе 10,4 м, аб’ём бачнай часткі 7 м³, маса 18 т. Доўгая вось арыентавана з ПнЗ на ПдУ. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад з Зах. Фінляндыі.
В.Ф.Вінакураў.
т. 13, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРЭ́ЗСКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды ў Беларусі, каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны. За 2 км на Пд ад в. Забрэззе Валожынскага р-на Мінскай вобл. Вялікі ледавіковы валун ружавата-шэрага сярэднезярністага мігматыту. Даўж. 4,6 м, шыр. 3,6 м, выш. 1,7 м, у абводзе 12,8 м, аб’ём 15 м³, маса каля 40 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад з паўд. Карэліі. На паверхні З.в. захавалася вял. паглыбленне (50—70 см у папярочніку, да 10 см глыбіні).
В.Ф.Вінакураў.
т. 6, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТРЫ́ЧНЫ РАЗЛО́М (ад грэч. listros лапата, коўш),
геалагічны разлом, які мае коўша- або лапатападобную крывалінейную паверхню зрушэння. Вылучыў Э.Зюс (1909) у разрэзах вугальнага басейна Бельгіі і Францыі. Для Л.р. характэрна больш стромкае падзенне ў верхняй ч. і пакатае ўнізе. Па глыбіні пранікнення падзяляюцца на прыпаверхневыя, унутрычахольныя, верхне- і ніжнекоравыя, корамантыйныя, надастэнасферна-мантыйныя і астэнасферныя. Характэрны для рыфтагенных структур. пашыраны таксама ў складкавых рухомых паясах і на платформах. На тэр. Беларусі Прыпяцкі прагін (палеарыфт) утвораны лістрычнымі корамантыйнымі і коравымі разломамі.
Р.Г.Гарэцкі.
т. 9, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТУХО́Ў КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 500 м на Пд ад в. Варапаншчына Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага пегматытавага граніту з крышталямі ружовага палявога шпату і зернямі малочна-белага кварцу. Даўж. 3,8 м, шыр. 2,8 м, выш. 1,9 м, у абводзе 9,8 м, аб’ём бачнай часткі 11 м³, маса каля 29 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад са Скандынавіі. Формаю нагадвае вял. прас. У старажытнасці меў культавае значэнне.
В.Ф.Вінакураў.
т. 12, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ЦЕМСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 2,5 км на ПдЗ ад в. Багуслаўка Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., каля б. хутара Піцемскі Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату і біятыту. Даўж. 2,3 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,4 м, у абводзе 5,8 м, аб’ём 2,2 м³, маса каля 5,9 т. Прынесены ледавіком каля 320—250 тыс. г. назад з Фінляндыі. Доўгая вось валуна арыентавана з Пн на Пд, што адпавядае напрамку руху ледавіка.
В.Ф.Вінакураў.
т. 12, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НЬКАЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995), у в. Пронькі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі кварцу і палявога шпату. Даўж. бачнай часткі 3,2 м, шыр. 2,1 м, выш. 0,5 м, у абводзе 8,3 м, аб’ём 4 м³, маса каля 9 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад са Скандынавіі. Доўгая вось валуна арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка; па форме нагадвае вял. прас.
В.Ф.Вінакураў.
т. 13, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)