ЗЯЗЮ́ЛЯ (Андрэй) (сапр. Астрамовіч Аляксандр Сцяпанавіч; 7.12.1878, в. Навасяды Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.1.1921),
бел.паэт. Скончыў каталіцкую духоўную семінарыю ў Пецярбургу (1910). Там стварыў бел. секцыю. Адзін з арганізатараў з’езда бел. каталіцкага духавенства 1917 у Мінску. Служыў ксяндзом у бел. мястэчках Трабы, Ракаў, Свержань, Смілавічы, Абольцы, Сянно. Частае перамяшчэнне па службе было вынікам незадаволенасці касцельнага начальства тым, што З. вёў службу па-беларуску. Быў знаёмы з Я.Купалам, Я.Коласам, М.Багдановічам, А.Грыневічам, З.Верас і інш. Друкаваўся з 1909 у «Нашай ніве», пасля ў газетах «Беларус», «Крыніца», «Вольная Беларусь», «Светач» і інш. Аўтар зб. вершаў «З роднага загону» (1913, 1931, Вільня, факс. выд.Мн., 1993), паэмы «Аленчына вяселле» (выд. 1923). У творах З. дыдактычна-маралізатарскія тэндэнцыі ў хрысц. духу. Асобнай брашурай ў Петраградзе выйшаў патрыятычны верш «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (1917). Аўтар рэліг. гімна «Божа, што калісь народы...» (1918). Збіраў фальклор, з Грыневічам выдаў зб. «Беларускія песні з нотамі» (т. 2, 1912). Рукапісы З. зберагаюцца ў Б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, у б-цы Нац.АН Беларусі ў Мінску.
Літ.:
Станкевіч А. Беларускі хрысціянскі рух. Вільня, 1939;
Саламевіч Я. Паэт-святар Андрэй Зязюля // Бел. мова і літ. ў школе. 1991. № 7—8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШПЕ́РГЕРЫ,
польскія акцёры.
Войцех (Aszperger; 1790, Вільня — 1847). Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Пасля вайск. службы стаў акцёрам. Выступаў пераважна ў камедыях А.Фрэдры. Гастраляваў на Беларусі: у Віцебску (1810), Мінску (1836, 1837, 1839).
Анеля (Aszpergerowa; дзявочае Камінская; 29.11.1816, Варшава — 27.1.1902). Жонка Войцеха. Скончыла драм. школу ў Варшаве, дэбютавала ў т-ры «Размаітосьці» (1835). Выступала ў Вільні, Мінску. З 1841 актрыса «Тэатра Львоўскага». Выконвала ролі субрэтак, гераінь, потым — трагедыйныя і ролі маці. Сярод лепшых: лэдзі Макбет, місіс Пэйдж («Макбет», «Віндзорскія свавольніцы» У.Шэкспіра), Марыя Сцюарт, Ідалія («Марыя Сцюарт», «Фантазіі» Ю.Славацкага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЧЭ́ЎСКІ (Клеменс) (1828, Вільня — ?),
бел. скульптар. Вучань К.Ельскага. Скончыў Пецярбургскую АМ, дзе атрымаў дыплом за бюст з натуры (1851). З 1861 жыў у Парыжы. Ствараў партрэтныя скульптуры (бюсты, медалі), надмагільныя помнікі, творы на рэліг. тэмы, выкарыстоўваючы пластыку з розных матэрыялаў — гіпсу, мармуру, бронзы. З 1867 дэманстраваў работы ў парыжскіх салонах. Сярод твораў: бюсты генерала В.Замойскага (1867), Л.Нядзведскага (1869), франц. мастака Э.Дэлакруа (1873), рус. філосафа Р.Вырубава, публіцыста З.Кржыжаноўскага-Лакруа (абодва 1881), эпітафія А.Чартарыйскага (1866—68), партрэтныя медальёны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́ЎСКІ (Яўстафій Філарэтавіч) (26.4.1863, в. Славенск Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 15.12.1913),
гісторык, краязнавец і педагог. Скончыў Пецярбургскі гісторыка-філал.ін-т (1885), выкладаў гісторыю ў Гродзенскай гімназіі. Аўтар прац па гісторыі нас. пунктаў Гродзеншчыны, нар. адукацыі, правасл. царквы. Вывучаў ролю беларусаў у гісторыі ВКЛ. У дакладзе на 9-м археал. з’ездзе (Вільня, 1893) даказаў тоеснасць летапіснага Городенъ і сучаснага Гродна. Рабіў захады для археал. даследавання на Замкавай гары. У кн. «Гродзенская даўніна» (ч. 1, 1910) даследаваў гісторыю Гродна ад часоў заснавання да пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАГРАФІ́ЧНЫ ЗБО́РНІК ДАКУМЕ́НТАЎ («Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси, издаваемый при Управлении Виленского учебного округа»),
серыйнае выданне дакументаў па гісторыі Беларусі і Літвы 15—19 ст. Выйшла 14 т. (Вільня, 1867—1904). Матэрыялы выяўлены ў архівах, бібліятэках, манастырскіх і прыватных зборах. Асн. групы дакументаў зборніка: сац.-эканам. (інвентары, прывілеі, фундушы, цэхавыя статуты, судовыя справы), матэрыялы, у якіх асвятляюцца паліт. і культ. адносіны, войны (дыпламатычная перапіска, пасольскія дыярыушы), гісторыя правасл. царквы, брацтваў, манастыроў. Складальнікі зборніка імкнуліся даказаць прыналежнасць бел. і ўкр. народаў да адзінай рускай народнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРЭ́МБСКІ ((Otrębski) Ян Шчэпан) (8.12.1889, г. Піліца Катавіцкага ваяв., Польшча — 25.4.1971),
польскі мовазнавец. Акад. Польскай акадэміі ведаў у Кракаве (1934). Д-р філасофіі. Скончыў Варшаўскі ун-т. У 1921—45 праф. Віленскага, у 1945—60 Пазнанскага ун-таў. Даследаваў пытанні індаеўрап. мовазнаўства. Сярод прац «Славяна-літоўскія паралелі» (1930—35), «Індаеўрапейскія даследаванні» (1939), «Славяне» (1947), «Славянабалтыйская моўная роднасць» (1954). Аўтар арт. «Этнічная праблема Палесся», «Славізацыя літоўскіх водных і мясцовых назваў», «Нарыс (народных беларускіх) гаворак Віленскай губерні», пра геагр. назвы («Гродна», «Вільня», «Вілія», «Русь»), па этымалогіі паасобных бел. слоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЖЫМАЛО́ЎСКІЯ Валерыян, Клеменс і Юльян, паэты 1-й пал. 19 ст.; браты. Жылі на Віцебшчыне. Супрацоўнічалі ў альманахах «Niezabudka» («Незабудка»), «Rubon» («Рубон»). У 1837 у Пецярбургу выйшаў зб. «Вершы трох братоў Гжымалоўскіх, беларусінаў, у трох тамах», дзе шырока адлюстравана бел. рэчаіснасць (вершы «Роздум над Дзвіной», «Пасля рэдуты ў Асвеі», «Роздум селяніна на ніве» і інш.). Юльян там надрукаваў свае пераклады на польск. мову 11 «Песень беларускага народа». Клеменс з’яўляецца таксама аўтарам камедыі «Слова гонару» (1843), драмы «Перамога дня над ноччу» (Вільня, 1845).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛГО́Ў (Іван Іванавіч) (1857, Пецярбургская губ. — 18.10.1911),
бел. гісторык, археолаг, краязнавец. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1880). З 1889 у Полацкім кадэцкім корпусе. Вывучаў гісторыю Полацка са стараж. часоў, даследаваў археал. помнікі Полаччыны і склаў іх рэестр. Напісаў гісторыю кадэцкага корпуса (1835—90-я г.) і быў адным з арганізатараў створанага ў ім музея. Правадз. член Віцебскай архіўнай камісіі. Удзельнік 9-га археал. з’езда (1893, Вільня).
Тв.:
Прошлое и настоящее Белоруссии // Витебские губернские ведомости. 1897. № 19;
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛКА (Уладзімір Адамавіч) (27.5.1900, в. Макашы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 1.3.1933),
бел.паэт. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1923—26). Як рэдактар час. «Новы прамень» (Прага) запрошаны ў 1926 у Мінск для ўдзелу ў навук., канферэнцыі па рэформе правапісу; застаўся тут. Працаваў у газ. «Звязда» і муз. тэхнікуме. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, высланы ў г. Уржум (Кіраўская вобл.). Там і памёр. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1920 у мінскіх выданнях, з 1921 у зах.-бел. прэсе, з 1923 у часопісах бел. студэнцтва ў Чэхаславакіі, пражскім зб. «Славянская книга». Паэт рамант. складу. Аўтар лірычнай паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зб-каў вершаў «На ростані» (Вільня, 1924), «З палёў Заходняй Беларусі» (Мн., 1927). Творча пераносіў традыцыі еўрап. рамантызму на глебу зах.-бел. л-ры. У вершах «Віхор», «Меч», «Хто смелы» і інш. у сімвалічных вобразах паэтызаваў ахвярнае служэнне Радзіме, свабодзе. Выяўляў ідэю паяднання чалавека з сацыяліст. явай, сцвярджаў хараство новых узаемаадносін асобы і грамадства («Млынар паставіў застаўкі», «Раніцою», паэма «Тэстамент»). Творчасці Ж. ўласцівы інтэлектуальная, гуманіст. і эстэт. культура, высокае паэт. майстэрства. Пераклаў на бел. мову асобныя творы М.Лермантава, А.Міцкевіча, Г.Ібсена, Ш.Бадлера, І.Волькера, Б.Ясенскага.
Тв.:
Вершы. Мн., 1970;
Пожні. Мн., 1986;
Творы. Мн., 1996;
Творы. Мн., 1998.
Літ.:
Калеснік У. Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў бел. паэзіі. Мн., 1977;