водныя жывёлы, якія кормяцца дробнымі арганізмамі планктону або завіслымі арган. часцінкамі (дэтрытам), што адцэджваюцца (фільтруюцца) з вады. Падзяляюцца на актыўных і пасіўных. У актыўных фільтрацыя адбываецца праз спец. прыстасаванні: рашэцісты фільтр у апендыкулярый, шчэлепы ў двухстворкавых малюскаў, лафафоры ў плечаногіх і імшанак, пласціны вусоў кітоў і інш. У пасіўных для фільтрацыі «расстаўляюцца» своеасаблівыя лоўчыя сеткі. Біяфільтратары ўдзельнічаюць у працэсах біялагічнага самаачышчэння забруджаных водаў і ў біял. ачыстцы вадаёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ФАРТА МО́РА (Beaufort Sea),
ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак. каля берагоў Паўн. Амерыкі. Абмывае берагі ЗША (штат Аляска) і Канады. Пл. 476 тыс.км². Сярэдняя глыб. 1004 м, найб. 4684 м. У Бофарта мора ўпадае р. Макензі. У паўд.ч.т-ра паверхневых водаў каля 4 °C, салёнасць 28‰; у паўн.т-ра -1,5 °C, салёнасць каля 32‰. На працягу года ўкрыта льдамі. Названа ў гонар англ. контр-адмірала Ф.Бофарта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАСТУМА́НІ,
горнакліматычны курорт у Грузіі. За 28 км ад чыг. ст. Ахалцыхе, на схілах Месхецкага хр. Малога Каўказа і глыбокай цясніны р. Ацхе. Засн. ў 19 ст. Круглагадовае кліматалячэнне, значныя запасы тэрмальных мінер.водаў (асобныя крыніцы вядомы з 11 ст.).
Паблізу Абастумані першая на тэр.б.СССР горная астрафіз. абсерваторыя, крэпасць царыцы Тамары (12 ст.), Зарзмскі манастыр (14 ст.), у суседстве з ім рэшткі грандыёзнага пячорнага манастыра 12—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРПА́, Усходні Арпачай,
рака ў Арменіі і Нахічэванскай Рэспубліцы, левы прыток Аракса. Даўж. 128 км, пл.бас. 2630 км². Пачынаецца на схілах Зангезурскага хрыбта, у сярэдняй ч. цячэ па міжгорнай катлавіне. Сярэдні расход вады 11,5 м³/с (каля г.п. Ехенадзор, Арменія). Выкарыстоўваецца на арашэнне, таму летам воды Арпы не даходзяць да р. Аракс. Для перакіду водаў Арпы ў воз. Севан пабудаваны тунэль (48,6 км). У вярхоўях Арпы курорт Джэрмук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТА́МІ,
бальнеакліматычны курорт у Японіі. На ПдЗ ад Токіо, на ўзбярэжжы Ціхага ак., на дне аднайм. вулканічнага кратэра. Развіваецца з 1930-х г. Крыніцы тэрмальных мінер.водаў (каля 90 °C) вядомы з 6 ст. Лечаць хваробы скуры, органаў руху і апоры, перыферычнай нерв. сістэмы. Цэнтр турызму. Музей яп. жывапісу і скульптуры, славутыя сады з мноствам трапічных раслін і рыбай, паблізу запаведнік камелій. Штогоднія маст. фестывалі ў «Абрыкосавым садзе».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАЛІ́НА (Tursiops truncatus),
марское млекакормячае падсям. дэльфінаў атр. кітападобных. Пашыраны ва ўмераных і цёплых водах Сусветнага ак. (акрамя палярных водаў). Жыве асела або качуе невял. чародамі.
Даўж. цела да 3,9 м, маса да 400 кг. Афарбоўка зверху цёмна-бурая, знізу светлая. Цяжарнасць каля года. Даўж. нованароджанага 1—1,2 м, маса 14—16 кг. Корміцца рыбай. Звычайны аб’ект утрымання ў акіянарыумах. Лёгка дрэсіруецца. Даследуюцца паводзіны афаліны, рэхалакацыя і інш. ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАТЭ́НК (ад аэра... + англ. tank рэзервуар, бак),
збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў. Уяўляе сабой праточныя басейны з бетону ці жалезабетону, у якіх забруджаная вада ачышчаецца актыўным глеем (бактэрыі-мінералізатары і ніжэйшыя арганізмы) пры бесперапыннай яе аэрацыі. Сумесь адстойнай сцёкавай вадкасці і актыўнага глею працякае па аэратэнку і прадзімаецца паветрам, кісларод якога падтрымлівае жыццядзейнасць бактэрый і акісленне арган. забруджвальнікаў, якія за 6—12 гадз мінералізуюцца. Ступень ачысткі 40—98%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НКЯ,
бальнеакліматычны курорт у Балгарыі. За 17 км ад Сафіі, на схілах гор Люлін. Развіваецца з пач. 20 ст. Клімат умерана кантынентальны, з мяккай зімой, працяглым сонечным летам. Крыніцы мінер.водаў рознага саставу, у т. л. радонавых і тэрмальных. Акрамя сардэчна-сасудзістых лечаць хваробы гінекалагічныя і апорна-рухальнага апарату. Санаторыі, дамы адпачынку, гасцініцы, кемпінгі. База Сусветнай арг-цыі аховы здароўя для ўдасканалення мед. кадраў краін Паўд.-Усх. Еўропы па праблемах рэабілітацыі пры сардэчна-сасудзістых захворваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́ЙН РАЧНЫ́,
частка зямной паверхні, з якой вада сцякае ў раку (рачную сістэму). Сцёк адбываецца па зямной паверхні, у тоўшчы глебаў і рыхлых покрыўных адкладаў, а таксама па шчылінах у крышт. горных пародах, праз разгрузку артэзіянскіх водаў. Адрозніваюць падземны і паверхневы рачныя басейны, межы якіх часта не супадаюць (асабліва ў карставых раёнах). Басейны асобных рэк падзяляюцца водападзеламі. Найб. рачны басейн у свеце ў Амазонкі (7,2 млн.км²), у Беларусі — Дняпра (63,7 тыс.км², без Прыпяці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ ФОНД,
сукупнасць усіх вод (воды паверхневыя, падземныя і інш. водныя аб’екты), што знаходзяцца ў межах дзярж. граніц краіны. Паводле воднага заканадаўства Рэспублікі Беларусь усе воды ў краіне складаюць адзіны дзярж. водны фонд, іх выкарыстанне знаходзіцца пад прававым рэгуляваннем. У воднай гаспадарцы выкарыстоўваецца тая частка воднага фонду, якая складае водныя рэсурсы. Кантроль за водакарыстаннем і аховай водаў на тэр. Беларусі ўскладзены на Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго органы на месцах.