Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́ПСКАЯ БІ́ТВА 1853,
марская бітва паміж рас. і тур. эскадрамі 18 ліст. ў бухце г.Сіноп (на паўн. узбярэжжы Турцыі) у час Крымскай вайны 1853—56; апошняя вял.бітва эпохі паруснага флоту. Тур. эскадра пад камандаваннем Асман-пашы стаяла на рэйдзе і рыхтавалася да высадкі дэсанта ў р-не Сухум-Кале (Сухумі) і Поці (16 караблёў розных класаў, узброеных 510 гарматамі), знаходзілася пад аховай берагавых батарэй. Рас. эскадра пад камандаваннем віцэ-адм. П.С.Нахімава (6 лінейных караблёў, 2 фрэгаты, 720 гармат) заблакіравала тур. эскадру з боку мора, вытрымала абстрэлы тур. берагавой і карабельнай артылерыі, прарвалася на Сінопскі рэйд і адкрыла агонь па тур. караблях і берагавых батарэях. За 4 гадзіны бою знішчана 15 тур. караблёў (адзін уцёк) і большасць берагавых батарэй. Страты тур. боку — больш за 3 тыс.чал. забітымі, каля 200 чал., у т. л. паранены Асман-паша, трапілі ў палон. Рас. эскадра страціла 37 чал. забітымі і 235 параненымі. У сувязі з гэтым паражэннем Турцыі яе саюзнікі — Вялікабрытанія і Францыя ў снеж. 1853 накіравалі свае эскадры ў Чорнае мора.
Да арт.Сінопская бітва 1853. Сінопская бітва 18 лістапада 1853. Мастак А.Багалюбаў. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯЁВІЦКАЯ БІ́ТВА 1794,
бітва паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбылася 10.10.1794 каля в. Мацяёвіцы недалёка ад Варшавы. Пасля Крупчыцкага бою 1794 і паражэння ад войск А.В.Суворава каля в. Цярэспаль 19.9.1794 Т.Касцюшка сабраў рэшткі дывізіі К.Серакоўскага, 2 палкі пяхоты, кавалерыйскую брыгаду, уланаў, 2 эскадроны кароннай гвардыі і столькі ж шляхецкай конніцы з-пад Брэста (разам 5600 чал. пры 21 гармаце). 9 кастр. войска Касцюшкі перакрыла дарогу корпусу І.Я.Ферзена (каля 20 тыс.чал. пры сотні гармат), які рухаўся насустрач Сувораву. На досвітку 10 кастр. Ферзен пачаў наступленне. Бітва скончылася паражэннем паўстанцаў, цяжка паранены Касцюшка быў узяты ў палон. Гэта адмоўна паўплывала на ўвесь ход паўстання і прадвызначыла яго паражэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ПАЛСКАЯ БІ́ТВА 1396,
бітва, што адбылася 25 вер. каля г. Нікопал (Балгарыя) паміж арміяй тур. султана Баязіда I і войскам крыжаносцаў (французы, іспанцы, італьянцы, англічане, чэхі і інш.), якім камандаваў венг. кароль Жыгманд (гл.Сігізмунд I). Больш падрыхтаваная тур. армія (гл. таксама Янычары) разграміла феад. рыцарскае войска крыжаносцаў (большасць забіта, частка трапіла ў палон, невял. колькасці пашчасціла ўцячы). У выніку гэтай перамогі Турцыя замацавала сваё панаванне на Балканскім п-ве.