«Гармонія інтарэсаў» (бурж. тэорыя) 1/28; 2/176; 3/363; 4/102; 6/229; 7/420

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РХАЎ ((Virchow) Рудольф) (13.10.1821, Шыфельбайн, Германія, цяпер г. Свідвін, Польшча — 5.9.1902),

нямецкі прыродазнавец, анатам і патолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік паталагічнай анатоміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1881). Скончыў Берлінскі ун-т (1843). З 1849 у Вюрцбургскім ун-це (з 1856 праф.), адначасова дырэктар Ін-та паталогіі. Навук. працы па тэорыі цэлюлярнай (клетачнай) паталогіі, у адпаведнасці з якой паталаг. працэс — сума парушэнняў жыццядзейнасці асобных клетак арганізма. Апісаў патамарфалогію і растлумачыў патагенез асн. агульнапаталагічных працэсаў. Займаўся антрапалогіяй, археалогіяй і этнаграфіяй. У апошнія гады жыцця праціўнік эвалюц. вучэння Ч.​Дарвіна. У 1880—93 чл. рэйхстага, адзін з заснавальнікаў і лідэраў ням. бурж.-ліберальнай прагрэс. партыі (1861, з 1884 — Партыя свабодамысных).

т. 4, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЦІН (Марк Барысавіч) (5.7.1901, г. Жытомір, Украіна — 20.1.1987),

савецкі філосаф. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Ін-т чырвонай прафесуры ў Маскве (1929). Гал. рэдактар час. «Под знаменем марксизма» (1930—44), «Вопросы философии» (1960—67), дырэктар ін-та Маркса-Энгельса-Леніна пры ЦК КПСС (1939__44). з 1967 у АН БССР. Работы па дыялектычным і гіст. матэрыялізме, сац. філасофіі, бурж. і рэвізіянісцкай ідэалогіі. Дзярж. прэмія СССР (1943).

Тв.:

Гегель и теория материалистической диалектики. М., 1932;

Философия и современность. М., 1960;

Проблемы современной идеологической борьбы: Критика социолог. и социально-полит. концепций. М., 1976;

Философия и социальный прогресс: Анализ современ. буржуаз. концепций социал. прогресса. М., 1979.

т. 10, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙДЭНБАЎМ ((Veidenbaums) Эдуард) (3.10.1867, хутар Глазніекі Цэсіскага р-на, Латвія — 24.5.1892),

латышскі паэт. У 1887—92 вучыўся ў Дэрпцкім (Тартускім) ун-це (памёр у час выпускных экзаменаў). Адзін з найб. папулярных паэтаў у асяроддзі па-рэвалюцыйнаму настроенай інтэлігенцыі і рабочых Латвіі 1890-х гадоў. У паэзіі Вейдэнбаўма — крытыка бурж. маралі і рэлігіі, рэакц. тэндэнцый лат. л-ры, думкі пра хуткацечны час і несправядлівасці жыцця, услаўленне дружбы, хараства прыроды. Вершы Вейдэнбаўма распаўсюджваліся ў рукапісах. У 1908 пісьменнік Э.​Трэйман-Зваргуліс выдаў зборнік яго твораў, за што быў зняволены ў турму. Пісаў нарысы па пытаннях палітэканоміі, права, па механіцы. Перакладаў на лат. мову творы Гарацыя, Ф.​Шылера.

Тв.:

Kopoti raksti. Sej. 1—2. Riga, 1961.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́ЛЕНСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ»,

група арганізатараў і ўдзельнікаў шляхецка-бурж. блока на Беларусі і ў Літве ў час паўстання 1794, якая выступала за рэв. сац.-паліт. пераўтварэнні. Да «віленскіх якабінцаў» належалі ў асн. вайскоўцы — пераважна афіцэры шляхецкага паходжання, часткова выхадцы з інш. саслоўяў, сярод іх: Я.Ясінскі, П.​Грасмані, А.​Гушкоўскі, Ю.​Гарноўскі, М.​Шульц, К.​Эльснер, М.​Карповіч. «Віленскія якабінцы» адкрыта падтрымлівалі мэты франц. рэвалюцыі 1789—94 і выказвалі надзею на дапамогу з боку рэв. Францыі. Выступалі за паступовую ліквідацыю прыгонніцтва, адмену саслоўных абмежаванняў для мяшчан, за рэсп. лад у дзяржаве, братэрства народаў. Яны ўвайшлі ў Найвышэйшую літоўскую раду, далі пачатак радыкальна-дэмакр. плыні ў вызв. руху на Беларусі.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФЕНБА́Х (Offenbach; сапр. Эбершт; Eberscht) Жак

(20.6.1819, Кёльн — 4.10.1880),

кампазітар, дырыжор, віяланчэліст. Заснавальнік франц. класічнай аперэты. З 1833 у Парыжы. Вучыўся ў Ф.​Галеві (кампазіцыя). Іграў у тэатр. аркестрах, выступаў як віяланчэліст і дырыжор. У 1855—62 кіраваў створаным ім т-рам «Буф-Парызьен». Аўтар сусветна вядомых аперэт: «Арфей у пекле» (1858), «Прыгожая Алена» (1864), «Парыжскае жыццё» (1866), «Перыкола» (1868), «Дачка тамбурмажора» (1879) і інш. У цэнтры большасці аперэт Афенбаха — з’едлівая сатыра, пародыя на бурж.-арыстакратычнае грамадства. Музыка Афенбаха адметная вытанчанасцю, палкай танц. рытмікай. З твораў лірычнага плана вылучаецца рамант. опера «Казкі Гофмана» (1881; паст. ў Мінску ў 1941, 1983).

Літ: Соллертинский И. Оффенбах. М, 1962; Трауберг Л. Жак Оффенбах и другие. М., 1987.

Ж.Афенбах.

т. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКАЯ ШКО́ЛА ў паліт-эканоміі,

адзін з кірункаў эканам. тэорыі, які склаўся ў канцы 19 ст. ў Лонданскім ун-це. Заснавальнік У.С.Джэванс, яго паслядоўнікі Э.​Кенан, Ф.​Хаек, Л.​Робінс. Тэарэт. канцэпцыі Л.ш. грунтуюцца на індывід.-псіхал. тлумачэнні эканам. з’яў і адмаўленні класічнай школы бурж. паліт. эканоміі. Грамадства яна разглядае як сукупнасць гасп. індывідаў, якія ў сваёй дзейнасці кіруюцца псіхал. разуменнем выгады. Развіццё грамадскай вытв-сці, паводле іх меркавання, падначалена не эканам. законам, а рыначным. Прыватны рынак і механізм свабоднага дзеяння рыначных сіл выступаюць як вечныя катэгорыі. Прадстаўнікі Л.ш. выключаюць магчымасць кантролю грамадства над эканам. развіццём, сферу эканам. навукі абмяжоўваюць вывучэннем праблем прапановы і попыту, якія з’яўляюцца асн. эканам. катэгорыямі, што рэгулююць грамадскае развіццё.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЬЕ́ ((Mignet) Франсуа Апост Мары) (8.5.1796, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 24.3.1884),

французскі гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1833), чл. Франц. акадэміі (1836). Атрымаў юрыд. адукацыю, адвакат (з 1818). Прыхільнік канстытуцыйнай бурж. манархіі, выступаў супраць панавання Бурбонаў. Удзельнік Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 дырэктар Архіва Мін-ва замежных спраў. Разам з А.Цьеры, А.Цьерам і Ф.​Гізо заснаваў тэорыю класавай барацьбы. Разглядаў барацьбу класаў як гал. рухавік гіст. падзей, лічыў, што яе завяршэннем павінна быць перамога буржуазіі. У гал. працы «Гісторыя французскай рэвалюцыі» (т. 1—2, 1824) абгрунтоўваў гіст. непазбежнасць і плённасць рэвалюцыі. Аўтар кніг па гісторыі 16 ст. «Гісторыя Марыі Сцюарт» (1851), «Барацьба Францыска I з Карлам V» (т. 1—2, 1875).

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ШЕ У́ТРО»,

грамадска-палітычная і літ. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 20.5(2.6).1912 да 18(31). 7.1915 у Гродне на рус. мове. Асвятляла ўнутр. і знешнюю палітыку ўрада, работу Дзярж. думы, грамадскае жыццё горада і губерні. Друкавала артыкулы на эканам., навук. і літ. тэмы, літ.-маст. агляды, рэцэнзіі на тэатр. пастаноўкі і муз. канцэрты, этнагр. матэрыялы, асвятляла пытанні бел. тэатра. Неаднаразова цярпела суд. ганенні і адм. спагнанні за крытыку палітыкі царызму. Адгукнулася на выданне твораў Л.​Талстога, прыхільна ацэньвала творчасць М.​Горкага, Л.​Андрэева, М.​Арцыбашава. Падтрымлівала новыя кірункі ў тэатр. мастацтве, творчасць К.​Станіслаўскага. Крытыкавала мадэрнізм (футурызм, кубізм), палемізавала з рэакц. газетамі «Северо-западная жизнь» і «Минское слово».

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЕР ((Weber) Макс) (21.4.1864, г. Эрфурт, Германія — 14.7.1920),

нямецкі сацыёлаг, гісторык, эканаміст. Брат А.Вебера. Выкладаў у Фрэйбургскім, Гейдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах. Напачатку даследаваў праблемы ідэнтыфікацыі эканам. з’яў мінулага, асэнсаванне якіх вёў на аснове сучаснага яму капіталіст. грамадства. Быў блізкі да неакантыянства, пазітывізму. Асноўнае ў яго сац. філасофіі — ідэя рацыянальнасці, якая знайшла сваё «спецыфічна заходняе» выяўленне ў сучасным бурж. грамадстве з яго рацыянальнай рэлігіяй (пратэстантызм), рацыянальнымі правам, кіраваннем (бюракратыя), грашовым абарачэннем і г.д., паслядоўна накіраванымі на дасягненне найб. эканам. эфектыўнасці. Канцэпцыя яго рацыянальнасці паўплывала на ўсю зах. немарксісцкую сац.-філас. думку 20 ст. Распрацаваў тэорыю паліт. арганізацыі грамадства. Гал. канфлікт паліт. жыцця грамадства бачыў у барацьбе паміж паліт. партыямі і бюракратычным апаратам, чыноўніцтвам.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1990.

Г.​П.​Давідзюк.

т. 4, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)