МАРУ́К (Уладзімір Антонавіч) (н. 6.1. 1954, в. Гута Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт, публіцыст. Скончыў БДУ (1980). Працаваў у бібліятэках Ганцавіцкага р-на, з 1982 у газ. «Звязда», з 1986 у выд-ве «Юнацтва», з 1998 у выд-ве «Белфакс». Друкуецца з 1972. Яго паэзія засяроджана на мінулым і сучасным Бацькаўшчыны, складаных праблемах часу, веры ў чалавека, узаемасувязях яго з прыродаю: зб-кі «Зоркі ў кронах» (1982), «Ліст рабіне» (1987), «Інкрустацыя голасам» (1991). Піша для дзяцей (зб. «Ехаў Чыж у Парыж», 1994). Выступае з артыкуламі па маральна-этычных праблемах, пра культуру на вёсцы, нар. традыцыі.

І.​У.​Саламевіч.

т. 10, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЦІН-КА́МЕНЬ БРАСЛА́ЎСКІ,

геалагічны помнік прыроды Беларусі (з 1992). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Лайбуны Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун граніту рапаківі са шматлікімі крышталямі палявых шпатаў у выглядзе авоідаў (ад 2 да 7 см у папярочніку) і таблічак (2 × 2 см). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,3 м, выш. 0.8 м, у абводзе 10,7 м, аб’ём 10,8 м³, маса каля 28 т. Прынесены ледавіком каля 14 тыс. г. назад з паўд.-зах. Фінляндыі. На паверхні каменя ёсць 2 паглыбленні (у папярочніку 10 см, глыб. 5 см), высечаныя чалавекам 1,5—2 тыс. гадоў назад. Меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́СЬЕЎ (Аляксей Пятровіч) (н. 20.5.1916; г. Камышын Валгаградскай вобл., Расія),

савецкі ваенны лётчык, Герой Сав. Саюза (1943). Канд. гіст. н. (1956). Скончыў Батайскую авіяц. школу (1940), Вышэйшую парт. школу (1952). У Вял. Айч. вайну ў час паветр. бою (сак. 1942) збіты, цяжка паранены, 18 сутак поўз да лініі фронту. Пасля ампутацыі абедзвюх ног асвоіў пратэзы і вярнуўся ў авіяцыю; збіў яшчэ 7 самалётаў (усяго 11). У 1956—83 адказны сакратар Сав. к-та ветэранаў вайны. Жыццю М. прысвечаны кн. Б.​Палявога «Аповесць пра сапраўднага чалавека»(1946), аднайменныя кінафільм (1948) і опера С.​Пракоф’ева (паст. 1960). Аўтар кнігі «На Курскай дузе» (1960).

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЛІ́ЦІНАЎ (Канстанцін Іракліевіч) (3.6.1905, г. Варонеж, Расія — 24.1.1979),

расійскі харавы дырыжор, кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1955). Нар. арт. Расіі (1959). Нар. арт. СССР (1975). Скончыў Варонежскі муз. тэхнікум (1929). Адзін з арганізатараў (1942) і маст. кіраўнік (да 1964) Варонежскага рус. нар. хору. Збіраў сял. фальклор, запісаў больш як 500 нар. песень Варонежскай вобл. Майстар хар. кампазіцый і апрацовак. Сярод твораў: опера-песня «Зямля спявае» (1960), араторыя «Зямля мая» (1970), 3 кантаты, хары, рамансы, песні, апрацоўкі рус. нар. песень. Аўтар кн. «З рускай песняй — па жыцці» (1975), артыкулаў пра нар. творчасць. Дзярж. прэмія СССР 1949.

Літ.:

Емельянова Н.Н. Композитор К.​И.​Массалитинов. М., 1976.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЛЯ́НСКАЯ ЦАРКВА́ РАСТВА́ БАГАРО́ДЗІЦЫ,

помнік архітэктуры позняга барока з элементамі класіцызму ў в. Масаляны Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў 1796 як уніяцкая Марыянай Біспінг. Мураваны 1-нефавы 1-вежавы прамавугольны ў плане храм пакрыты высокім 2-схільным дахам. Гал. фасад з прамавугольнымі аконнымі праёмамі падзелены развітым антаблементам на 2 ярусы. Ніжні ярус аздоблены ордэрнымі элементамі, яго сярэдняя частка-выступ завершана трохвугольным франтонам. Верхні ярус — квадратная ў плане вежа, накрытая высокім 8-гранным шатром з люкарнамі (у 2-й пал. 19 ст. перабудавана завяршэнне вежы, зроблены дэкар. галоўкі на даху), з рудыментамі валют па баках. У інтэр’еры 3-ярусны іканастас 1892.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ ПАРО́ДА курэй. Мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў Маскоўскай вобл. ў 1940—60-я гг. скрыжаваннем юрлаўскіх курэй мясц. папуляцыі з бурымі легорнамі і нью-гэмпшырамі, завезенымі з ЗША. На Беларусі пашырана абмежавана, пераважна як калекцыйная парода.

Маса пеўняў 3,5 кг, курэй 2,4 кг. Апярэнне чорнае, часта з жоўта-бурымі пёрамі на шыі (у пеўняў таксама на плячах і паясніцы). Ногі і дзюба шэрыя. Тулава доўгае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Галава шырокая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем, вушныя мочкі чырвоныя. Яйцаноскасць 210—230 яец за год, сярэдняя маса яйца 58 г; характэрны мясная скараспеласць, высокая жыццяздольнасць.

Маскоўская парода.

т. 10, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СЛЕНІКАЎ (Аляксей) (Альберт) Дзмітрыевіч (н. 9.9.1929, г. Новачаркаск Растоўскай вобл., Расія),

расійскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. Расіі (1973). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956, клас А.Катульскай). З 1956 саліст, з 1986 рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Ленскі («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Юродзівы і ’Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Берандзей («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Фін («Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Рудольф, Пінкертон («Багема», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Вертэр («Вертэр» Ж.​Маснэ), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Аляксей Іванавіч («Гулец» С.​Пракоф’ева). Інтэрпрэтатар вак. твораў Дз.​Шастаковіча і Г.​Свірыдава. Дзярж. прэмія Расіі 1977.

т. 10, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫ́РЫНА, Матырынскае возера,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 6 км на Пн ад г.п. Ушачы. Пл. 1,38 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі каля 7 км. Пл. вадазбору 178 км². Схілы катлавіны выш. да 25 м (на Пн і У 5—8 м), месцамі высланыя валунамі, пад лугам, на ПдУ пад лесам. На Пн і Пд залівы. Берагі нізкія, на ПнУ сплавінныя. Дно ў прыбярэжнай частцы пясчанае, глыбей ілістае, у паўн. заліве сапрапелістае. 2 астравы агульнай пл. 1 га. Зарастае. Праз возера цячэ р. Альзініца.

т. 10, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХНА́Ч (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.7. 1940, в. Камеика Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1996). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1969). З 1969 у Ін-це тэхн. кібернетыкі (з 1986 нам. дырэктара), з 1996 нам. ген. дырэктара Н.-д. аб’яднання «Кібернетыка» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі і практыцы стварэння сістэм аўтаматызаванага праектавання. Распрацаваў метады мадэліравання і аптымізацыі тэхн. сістэм.

Тв.:

Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснащения. Мн., 1997 (у сааўт.);

Метод обобщенных аналитических представлений в упругопластической антиплоской задаче. Мн., 1998 (разам з У.​А.​Ібрагімавым, А.​Л.​Шведам).

М.​П.​Савік.

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЬЕ́ (Міліца Эдвінаўна) (24.7.1899, с. Мартышкіна Ленінградскай вобл. — 8.4.1966),

расійскі гісторык-егіптолаг, мастацтвазнавец, філолаг. Засл. дз. маст. Расіі (1964). Д-р гіст. н. (1945). Скончыла Петраградскі ун-т (1922). З 1920 працавала ў Эрмітажы, выкладала ў Ленінградскім ун-це (з 1947 праф.). Даследавала помнікі стараж.-егіп. мастацтва і пісьменства. што захоўваюцца ў Эрмітажы, вызначала іх перыядызацыю, аўтарства і шляхі фарміравання маст. школ. Аўтар кніг «Мастацтва Сярэдняга царства» (1941), «Мастацтва Новага царства» (1947), «Старажытнаегіпецкія міфы» (1956), «У часы Неферціці» (1965) і інш.

Тв.:

Древнеегипетская скульптура в собрании Государственного Эрмитажа. М.; Л., 1969 (разам з І.​А.​Лапіс);

Искусство Древнего Египта. М., 1970.

В.​Я.​Буйвал.

т. 10, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)