раката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абзывацца дробным раскацістым гулам. А трактар ракатаў роўна, упэўнена... Гроднеў. Мне хацелася бегчы за .. [чайкамі] па гразі, бегчы ў заімглёны свет, туды, дзе ракоча і пеніцца мора, бае казку аб тым, што цудоўны, бязмежны свет не казка, а сапраўднасць. Брыль.
2. Гаварыць, спяваць нізкім раскацістым голасам. За абабітымі дэрмацінам дзвярыма ракатаў начальніцкі бас. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́пнасць, ‑і, ж.
Тое, што і руплівасць. Бацька заўважыў: усё, за што б сын ні ўзяўся, робіць без ахвоты, без цікавасці, без той рупнасці, якая так яму ў Міці падабалася. Навуменка. Можна з пэўнасцю сказаць, што ніколі дасюль у паэзіі не ўзнікала столькі рупнасці за лёс чалавека і чалавецтва, столькі хваляванняў аб сягонняшнім і заўтрашнім, столькі думак, якія прыходзяць ад ведання жыцця Радзімы і планеты. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ручні́к, ‑а, м.
Вузкі прадаўгаваты кавалак тканіны, спецыяльна прызначаны для выцірання твару, рук, цела ці пасуды. Гаспадыня падала чысты ручнік. Аляксей падзякаваў, выцер рукі і сеў за стол. Пальчэўскі. Галіна падышла да сцяны, ля якой сядзеў Папас, зняла з цвіка лямпу і пачала ручніком праціраць шкло. Галавач. Госці вылазілі з-за стала. Дзядзька Пракоп, павязаны наўскасяк цераз плячо вышываным ручніком, вылез амаль першым. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скасабо́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
Разм.
1. Скрывіцца, пахіліцца набок. На двары ўсё раскідана абы-як, вароты ў хлеў скасабочыліся, вісяць на адной пятлі. Мележ. Ах, што гэта была за хатка! Маленькая, нізенькая, вуглы пакалоліся, пагнілі і скасабочыліся. Сачанка.
2. Скрывіцца; прыняць косае становішча, зрабіцца касабокім. Адно плячо скасабочылася, нібы .. [Вітушка] штосьці падпіраў. Беразняк. Пан Булыга, нагойсаўшыся за быком, скасабочыўся на тахце, безуважліва азіраецца па хаце. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спусціць.
•••
Не спускаць вока (вачэй) з каго-чаго — а) глядзець не адрываючыся; б) сачыць за кім‑, чым‑н. Свідзінскаму было сказана: не спускай вачэй з гэтай пары. «Работніца і сялянка».
Не спускаць каго-што з вока (вачэй) — сачыць за кім‑, чым‑н. неадрыўна.
Не спускаць з рук — падоўгу трымаць на руках.
Не спускаць з языка — пастаянна гаварыць пра каго‑, што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стаіцы́зм, ‑у, м.
1. Напрамак у антычнай філасофіі, які патрабаваў свядомага падпарадкавання чалавека пануючай у свеце неабходнасці і панавання чалавека пад страсцямі.
2. перан. Стойкасць, мужнасць у жыццёвых выпрабаваннях, здольнасць супрацьстаяць спакусам. Помнячы пра бацьку і прыносячы яму за ўсё зробленае для беларускай культуры шчырую падзяку, мы, аднак, бяром сабе за прыклад сына — яго [Максіма Багдановіча] любоў да Айчыны, служэнне ёй, яго непахіснасць і нязломны стаіцызм. «Маладосць».
[Ад назвы порціка Stoa ў Афінах, дзе вучыў філосаф Зянон.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старэ́нькі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Ласк. За стары (у 1, 3 знач.); вельмі стары. Старэнькія бабкі гаротна ківалі галовамі і цяжка ўздыхалі. Колас. На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег. Гэта відаць праз нашы малыя, старэнькія вокны. Брыль.
2. у знач. наз. старэ́нькі, ‑ага, м.; старэ́нькая, ‑ай, ж. Стары чалавек. Забыўся старэнькі, як некалі ён Трымаўся за шнур свой упарта. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сы́расць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць сырога (у 1 знач.).
2. Лішак вільгаці дзе‑н.; павышаная вільготнасць (у паветры, глебе). Блізка, адразу ж за поплавам, бярэзнік. Адтуль цягне прыемнай сырасцю. Каршукоў. Але чаго баяцца сырасці, калі ёсць шынель, калі ў клунку ёсць нават посцілка. Кулакоўскі. // Вільготнае месца, пляма.
3. Што‑н. сырое, вільготнае. [Калгаснікі:] — Па сілас у Сялібу ездзім. За тры вярсты, смеху варта, сырасць такую возім. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таро́йкацца і таро́кацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Доўга гаварыць, дамаўляцца, спрачацца; валаводзіць, марудзіць, спрачаючыся. За сцяною, чуваць, рахуюцца старыя, як і я сам, халасцякі. Таройкаюцца за памер складчыны. Мыслівец. Пакуль мы таройкаліся, цягнік адышоў. Пянкрат. Давай бліжэй да справы, бо так мы да раніцы будзем тарокацца, — працягвала Лена. Няхай. [Дзед Аніська:] — Пакуль мы тарокаліся з ім, дык яна напякла, браце, грэцкіх блінцоў, наскварыла сала. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэ́хнікум, ‑а, м.
Сярэдняя прафесіянальная навучальная ўстанова, якая рыхтуе спецыялістаў у галіне тэхнікі. Індустрыяльны тэхнікум. Аўтамеханічны тэхнікум. □ [Бумажкоў] вучыўся заўсёды. Пасля пачатковай школы займаўся самаадукаваннем, а пасля прыехаў вучыцца ў Мінскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, які скончыў у 1933 годзе. Чорны. // Усякая сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова. Бібліятэчны тэхнікум. Фізкультурны тэхнікум. □ Толькі ў Ашмянскім тэхнікуме .. за пяць гадоў падрыхтавана больш за 400 кіраўнікоў самадзейных драмгурткоў, харавых і танцавальных калектываў. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)