КАЛЮНО́Ў (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 11.3.1934, г. Іванава, Расія),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі чалавека і жывёл. Д-рбіял.н. (1975), праф. (1990). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1958). З 1960 у Ін-це фізіялогіі Нац.АН Беларусі, адначасова з 1972 у БДУ. Навук. працы па фізіялогіі гангліяў сімпатычнай нерв. сістэмы, іх рэцэптарнай функцыі, крыніцах кровазвароту і метадах перфузіі гэтых структур, біялогіі фактараў росту ў норме і пры паталогіі, нейрабіялогіі развіцця, механізмах міжклетачных узаемаадносін, малекулярных асновах спалучэння нерв., эндакрыннай і імуннай сістэм.
Тв.:
Источники кровоснабжения и методы перфузии симпатических ганглиев кошки. Мн., 1972;
Рецепторная функция симпатических ганглиев. Мн., 1974 (разам з І.А.Булыгіным);
Биология фактора роста нервной ткани. Мн., 1986;
Морфофункциональные и биохимические эффекты фактора роста нервов. Мн., 1987 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЭ́РЫЙ (ад старажытнагрэч. kriterion сродак для суджэння),
адзнака, пакладзеная ў аснову класіфікацыі чаго-небудзь, або на падставе якой праводзіцца ацэнка, вызначэнне якой-небудзь з’явы, прадмета; мера для ацэнкі суджэння. Выступае як сродак праверкі ісціннасці ведаў, дзейнасці людзей і яе вынікаў, норм паводзін і дзеянняў чалавека, асобных сац. груп, этнасац. супольнасцей; іх ацэнка зыходзіць з прынятых у дадзеным грамадстве К. Функцыіасн. К. ісціны, стваральна-творчай дзейнасці людзей выконвае практыка. У навук. сферы К. апіраюцца на фундаментальныя палажэнні тэорыі пазнання і выступаюць як адзнакі ісціннасці або памылковасці тых ці інш. ідэй. У мастацтве К. звязаны з заканамернасцямі развіцця, разуменнем зместу эстэт. і мастацкіх каштоўнасцей і механізма праяўлення мастацка-ацэначнага працэсу. Гл. таксама Верыфікацыя, Дзеянне сацыяльнае, Крытэрый аптымальнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАЧЭ́ЎСКІ (Мікалай Іванавіч) (1.12.1792, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.2.1856),
расійскі матэматык, стваральнік неэўклідавай геаметрыі. Скончыў Казанскі ун-т (1811), дзе і працаваў з 1811 (з 1827 рэктар), з 1846 памочнік папячыцеля Казанскай навуч. акругі. Навук. працы па алгебры, геаметрыі, матэм. аналізе, механіцы, фізіцы і астраноміі. Распрацаваў метад лікавага набліжанага рашэння алг. ураўненняў, даў агульнае вызначэнне функцыі, вызначыў розніцу паміж неперарыўнасцю і дыферэнцаванасцю функцый. Адкрыў новую геам. сістэму (1826, апубл. 1829—30) — адну з неэўклідавых геаметрый — Лабачэўскага геаметрыю. Адкрыццё Л., што не атрымала прызнання сучаснікаў, пазней карэнным чынам змяніла ўяўленні аб прыродзе прасторы, у аснове якіх больш за 2 тыс. гадоў ляжала вучэнне Эўкліда, і зрабіла вял. ўплыў на развіццё матэм. мыслення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУГІ́Р (ад тур. ваўняная тканіна),
у ісламе твор дэкар. мастацтва, тканіна з рэліг. надпісам або выявай рэліг. сімволікі. Прызначаны для пашырэння рэліг. ведаў, у нар. свядомасці мае таксама функцыі абярога. Першапачаткова вырабляўся туркамі-качэўнікамі, праз іх трапіў да крымскіх татар. У бел. татар вядомы з 16 ст. як элемент насценнага аздаблення мячэці ці жылога дома. Спачатку М. выраблялі з казінай воўны, потым таксама з інш. тканін і матэрыялаў. На Беларусі былі вядомы М. як апраўленыя ў рамы пергаменты з вершамі Карана, малітвамі, імем прарока Мухамеда. У 19—20 ст. яны змяняюцца літаграфіямі з відамі славутых мячэцей, атрыбутамі ісламскай сімволікі. У М. бел. татар творча ўзаемадзейнічалі татарскія і бел.культ. традыцыі.
Г.Л.Дубар.
Мугір з Клецка. 1912. Беларускі музей гісторыі рэлігіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́МБУДСМАН (ад швед. ombudsman прадстаўнік чыіх-небудзь інтарэсаў),
спецыяльна выбраная або прызначаная службовая асоба ў шэрагу краін для кантролю за захаваннем правоў чалавека рознымі адм. органамі. Выбіраецца або прызначаецца як службовая асоба парламентам, кіраўніком дзяржавы або ўрадам. У некат. краінах гэтыя функцыі выконваюць прыватныя асобы і аб’яднанні. У адрозненне ад пракуратуры О. ажыццяўляе кантроль і вядзе расследаванне з пункту гледжання законнасці, эфектыўнасці, мэтазгоднасці, добрасумленнасці, справядлівасці. Дзейнічае і па скаргах грамадзян і па ўласнай ініцыятыве. Такіх службовых асоб называюць: уласна О. — у скандынаўскіх краінах; нар. абаронца ў Іспаніі і Калумбіі; пасрэднік — у Францыі; адвакат народа — у Румыніі; упаўнаважаны па правах чалавека — у Расіі. Вынікі сваёй дзейнасці О. паведамляе парламенту або органу, які яго ўпаўнаважыў для прыняцця адпаведных мер і аднаўлення парушаных правоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАБО́ЧНЫ СКАЗ,
сінтаксічная канструкцыя, якая знешне суадносіцца з камунікатыўнымі адзінкамі — сказамі, а па сваёй функцыі і ролі ў сказе збліжаецца з пабочнымі словамі і пабочнымі словазлучэннямі. Можа мець форму двухсастаўных развітых і неразвітых сказаў, аднасастаўных пэўна-, няпэўна-, агульнаасабовых, безасабовых і інфінітыўных сказаў. Да асн. сказа далучаецца бяззлучнікавай сувяззю або пры дапамозе злучнікаў ці злучальных слоў, можа размяшчацца ў пачатку, у канцы і ў сярэдзіне сказа. Уключаецца ў склад сказа для выражэння пэўных мадальных, эмацыянальных ці экспрэсіўных значэнняў. У адрозненне ад пабочных слоў характарызуецца большай канкрэтнасцю выказвання, сэнсавай і сінтаксічнай расчлянёнасцю структуры, закончанасцю зместу («На гэтых дубах — так павялося ўжо з незапомных часоў — на Купалле вешалі качэлі». Б.Сачанка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫДАКСІ́Н, вітамін B6, адэрмін C8H11NO3,
група водарастваральных злучэнняў, вытворных 2-метылпірыдзіну. Вылучаны з паліраванага рысу ў 1932. У прыродзе пашыраны 3 яго формы: П., пірыдаксаль, пірыдаксамін, якія лёгка пераўтвараюцца ў арганізме адна ў адну.
Бясколернае крышт. рэчыва, добра раствараецца ў вадзе і спірце. Сінтэзуецца мікраарганізмамі, зялёнымі раслінамі, у жвачных жывёл і чалавека — кішэчнай мікрафлорай. Біял.функцыі П. ажыццяўляе ў форме 5-пірыдаксальфасфату, які выконвае ролю каферменту ў рэакцыях абмену амінакіслот (напр.пераамінаванне). Удзельнічае ў азоцістым, тлушчавым абмене, у сінтэзе сератаніну. Недахоп П. ў арганізме выклікае анемію, сутаргі, дэрматыт і інш. Сутачная патрэбнасць дарослага чалавека ў П 1,5—2,8 мг, дзяцей — 0,5—2 мг. Найб. П. маюць рысавае і пшанічнае вотруб’е, боб, дрожджы, печань млекакормячых. Выкарыстоўваюць у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́ТАРСКАЕ ПРА́ВА (лац. jus praetorium),
прававая сістэма ў Стараж. Рыме, што складалася з рашэнняў (эдыктаў) прэтараў — службовых асоб, якія ажыццяўлялі пераважна судовыя, прававыя функцыі. Рашэнні прэтараў заўсёды насілі працэсуальны, а не матэрыяльны характар, бо яны не мелі права адмяняць або змяняць законы. Прэтарскі эдыкт дзейнічаў на працягу года, але кожны новы яго пераемнік пры складанні свайго эдыкта выкарыстоўваў найб. важныя прававыя ўстанаўленні папярэднікаў, фактычна спыняючы дзеянне састарэлых норм. З сярэдзіны 2 ст. да н.э. прэтары атрымалі права складаць у ходзе суд. працэсу абавязковую для суддзяў юрыд. інструкцыю. т.зв. фармулярны працэс. П.п. істотным чынам рэфармавала ін-ты прыватнага права, напр., валоданне, дагавор, права на спадчыну. У 4—5 ст.н.э. адбылося збліжэнне П.п. і цывільнага права, што прывяло да поўнай іх аднастайнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭ́ЙДЖЫНГАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
від радыёсувязі, які забяспечвае аднабаковую перадачу інфармацыі, прызначанай для пэўнага абанента. Прыём інфармацыі ажыццяўляецца з дапамогай пэйджэра. Часам нараўне з тэрмінам «П.р.» карыстаюцца тэрмінам «сістэма персанальнага радыёвыкліку».
Функцыі П.р. развіваліся ад аднабаковай перадачы сігналу выкліку да перадачы лічбавым спосабам моўных і факсімільных паведамленняў, даных з камп’ютэра і інш., а таксама да двухбаковай сувязі з магчымасцю пасылаць адказ на прынятае паведамленне, перадаваць інфармацыю з аднаго пэйджэра на другі і інш. П.р. бывае ведамасная і агульнага прызначэння, паводле тэрыторыі абслугоўвання — лакальная, занальная (напр., у межах нас. пункта), нац. і міжнародная. Сеткі П.р. будуюцца па радыяльным ці сотавым прынцыпе. Паведамленні, адрасаваныя абаненту па-за межамі зоны абслугоўвання, назапашваюцца ў сетцы сувязі і перадаюцца абаненту, калі ён ізноў апынецца ў гэтай зоне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМЫ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з раманскіх моў (балкана-раманская падгрупа); афіц. мова Румыніі. Мае дыялекты: банацкі, крышанскі, мунцянскі, малдаўскі (дыялект гіст. вобласці Малдова), марамурэшскі. Р.м. ўласцівы: у фанетыцы — палаталізаваныя галосныя, якія выконваюць марфал.функцыі, пэўны артыкль у постпазіцыі да назоўніка, скланенне пэўных і няпэўных артыкляў; у марфалогіі — ужыванне ў пераддзеяслоўнай пазіцыі кан’юнктыва, а не інфінітыва, як у зах.-раманскіх мовах, адсутнасць дапасавання часоў; у лексіцы — моцныя паўд.-слав. ўплывы. Уваходзіць у балканскі моўны саюз. Пісьменства з 16 ст. Фарміраванне літ. мовы пачалося з 17 ст. (гіст. хронікі). Маст.л-ра з канца 18 ст. Першапачаткова выкарыстоўваўся кірылічны алфавіт (гл.Кірыліца), у 1860 заменены лацінкай.
Літ.:
Репина Т.А. Румынский язык. М., 1968;
Лухт Л.И. Сравнительно-сопоставительная грамматика романских языков: Румынский язык. М., 1970.