ГЕАМАРФАЛОГІЯ
Развіццё геамарфалогіі на Беларусі пачалося ў 19 ст. Агульнагеаграфічныя і геалагічныя даследаванні, апісанне асобных раёнаў, характарыстыку рачных далін зрабілі Р.П.Гельмерсен, Е.П.Зяблоўскі, В.М.Севяргін і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. новыя звесткі па генезісе і эвалюцыі рэльефу атрымалі і апрацавалі Я.У.Апокаў, А.Э.Гедройц і В.В.Дакучаеў, які правёў даследаванні вярхоўяў далін Дняпра і Зах. Дзвіны. Канцавыя марэны і інш. формы рэльефу ледавіковага паходжання вывучалі Г.Б.Місуна і П.А.Туткоўскі, будову ледавіковых утварэнняў Гродзенскай вобл. — М.І.Крыштафовіч. Уклад у пазнанне асаблівасцей зямной паверхні зрабілі работы па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. У савецкі час з’явіліся першыя сістэматызаваныя працы пра гісторыю развіцця і прасторавага размяшчэння розных генетычных тыпаў і форм рэльефу, ажыццяўлялася іх картаграфаванне (Б.Л.Лічкоў, Ф.В.Лунгерсгаўзен, Г.Ф.Мірчынк і інш.). Геамарфалогія ўсх. раёнаў Беларусі апісана ў працах М.Ф.Бліадухо і А.М.Жырмунскага, зах. — у працах Дз.М.Собалева, польскіх вучоных Б.Галіцкага, С.Лянцэвіча і інш.
У пасляваенны час на базе геал.-здымачных работ складзены геамарфалагічныя карты, абгрунтаваны шэраг стратыграфічных схем антрапагену і дэталізаваны палеагеамарфалагічныя схемы тэр. Беларусі (Л.М.Вазнячук, Г.І.Гарэцкі, Б.М.Гурскі, Э.А.Ляўкоў, Н.А.Махнач, А.В.Мацвееў, М.М.Цапенка і інш.), створаны новы кірунак — вучэнне аб стараж. рачных далінах і ледавіковых лагчынах (палеапатамалогія, Гарэцкі), удакладнены генезіс і гісторыя развіцця многіх тыпаў рэльефу (В.К.Лукашоў, В.П.Якушка і інш.). У выніку шырокага развіцця структурна-геамарфалагічных даследаванняў і вывучэння колькасных характарыстык рэльефу (З.А.Гарэлік, В.М.Губін, Ляўкоў і інш.) створаны новыя генет. класіфікацыі рэльефу і схемы геамарфалагічнага раянавання (В.А.Дзяменцьеў, Вазнячук, Мацвееў і інш.), складзены і выдадзены серыі геамарфалагічных карт. Даследаванні рэльефу Беларусі вядуцца ў Ін-тах геал. навук, БДУ, БДПУ і інш. і каардынуюцца з 1979 Камісіяй па вывучэнні чацвярцічнага перыяду і геамарфалогіі Нац. АН Беларусі. Вынікі геамарфалагічных даследаванняў выкарыстоўваюцца пры пошуках карысных выкапняў, у меліярацыі, будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, глебазнаўстве, геалогіі, пры геагр. даследаваннях і інш.
Літ.:
Геологическая изученность СССР: Белорусская ССР. Период 1966—1970. Т, 34, вып. 1. М., 1978;
Матвеев А.В., Гурский Б.Н., Левицкая Р.И. Рельеф Белоруссии. Мн., 1988.
А.В.Мацвееў, Л.А.Нечыпарэнка.
т. 18, кн. 2, с. 547