прылада для вымярэння адлегласцей да аб’ектаў з выкарыстаннем радыёхваль. Бываюць імпульсныя і фазавыя (інтэрферэнцыйныя). Дзеянне імпульсных Р. заснавана на вызначэнні часу распаўсюджання кароткіх радыёімпульсаў ад прылады да аб’екта і назад, фазавых — на вымярэнні рознасці фаз выпрамененага і прынятага радыёсігналу (паказвае колькасць даўжынь радыёхваль, якія ўкладваюцца ўздоўж шуканай адлегласці). Выкарыстоўваюцца ў радыёлакацыйных, радыёнавігацыйных, геадэзічных і інш. прыладах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВЕРБЕРА́ТАР,
прылада для стварэння штучнай рэверберацыі пераўтварэннем эл. сігналаў, якія нясуць гукавую інфармацыю. Выкарыстоўваецца пры фарміраванні праграм гукавога і тэлевізійнага вяшчання, у гуказапісе і інш. Дзеянне Р. зводзіцца да складання асн. сігналу з паслядоўнасцю эл. сігналаў зменшанай амплітуды, якія нясуць тую ж інфармацыю і затрыманы ў часе адносна асн. сігналу. Час рэверберацыі вызначаецца патрабаваннямі да характару гучання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЭ́БЛА,
каменная прылада працы, якая служыла для апрацоўкі скур і вырабаў з дрэва. Былі пашыраны ў палеаліце, асабліва ў эпоху мусцье. С. выраблялі пераважна з масіўных авальных, падпрамавугольных і няправільных абрысаў адшчэпаў ці пласцін; арыентацыя лёзаў падоўжаная ці папярочная. Вылучаюцца адзінарныя і двайныя тыпы С. На Беларусі найб.стараж. С. знойдзены ў Абідавічах, Клеявічах і Свяцілавічах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЦЁР (англ. starter ад start пачынаць, пускаць у ход),
1) асноўны агрэгат пускавой сістэмы рухавіка ўнутранага згарання. Бываюць інерцыйныя, прамога дзеяння і камбінаваныя. Кіраванне С. непасрэднае (напр., націсканнем на педаль) і дыстанцыйнае. Аўтамаб. і трактарныя рухавікі запускаюцца пераважна эл. С., авіяцыйныя — пнеўматычнымі, эл. і інш. С. Гл. таксама Пускавы рухавік.
2) С. у святлатэхніцы — прылада для запальвання люмінесцэнтных лямпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКА́ЛА,
у беларусаў прылада для намотвання (насуквання) нітак з клубка ці з матавіла на цэўкі. Уяўляе сабой 2 стойкі з умацаваным паміж імі адшліфаваным валікам з махавым колам, размешчаным бліжэй да аднаго канца валіка. З процілеглага канца ў валік устаўляўся металічны стрыжань, на які надзявалася цэўка. З бакоў і знізу стойкі змацоўваліся дошкамі ў выглядзе скрынкі для цэвак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАХЕО́МЕТР [ад грэч. tachys (tacheos) хуткі + ...метр],
геадэзічная прылада для вымярэння на мясцовасці гарыз. і верт. вуглоў, адлегласцей і перавышэнняў пры тахеаметрычнай здымцы. Бывае электронны, намаграмны, дыферэнцыяльны і ўнутрыбазавы. Электронны Т. уключае святлодальнамер і вылічальны блок, што дазваляе атрымліваць неабходныя велічыні і запісваць іх на носьбіты інфармацыі для складання тапаграфічнага плана, лічбавай мадэлі мясцовасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАПЛО́, трапушка,
прылада для ачышчэння (трапання) ільнянога ці канаплянага валакна ад кастрыцы. Уяўляе сабой тонкую дошчачку шыр. 6—8 см, даўж. 40—45 см. На тэр.ўсх. славян Т. вядома з 7 ст. На Беларусі бытавалі 2 асн. тыпы Т. — мечападобнае (пашырана на ПдЗ і ў цэнтр. раёнах) і лапатападобнае (на Пн і У).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ПЕРАДА́ТЧЫК,
прылада (комплекс апаратуры) для пераўтварэння відэасігналу (поўнага каляровага тэлевізійнага сігналу) і сігналу гукавога суправаджэння ў поўны тэлевізійны радыёсігнал для выпрамянення яго перадавальнай тэлевізійнай антэнай. Уваходзіць у склад перадавальнай тэлевізійнай станцыі. Магутнасць Т.п. да соцень кілават. Папярэднія каскады вырабляюцца на паўправадніковай элементнай базе, выхадныя — пераважна на электронных лямпах (прамянёвых тэтродах ці клістронах, у залежнасці ад дыяпазону рабочых частот).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЗО́МЕТР (ад фаза + ...метр),
прылада для вымярэння косінуса вугла зруху фаз (або магутнасці каэфіцыента) паміж напружаннем і токам у эл. ланцугах пераменнага току прамысл. частаты, а таксама для вымярэння рознасці фаз эл. ваганняў. Бываюць электрамех. (электра- і ферадынамічныя, эл.-магн., індукцыйныя) і электронныя Ва ўсіх Ф. (акрамя электронных) у якасці вымяральнага механізма выкарыстоўваецца лагометр адпаведнай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧЫЛЬНЯМЕ́Р,
прылада для неперарыўнага (ці перыядычнага) вымярэння шчыльнасці рэчыва ў розных тэхнал. працэсах. Адрозніваюць вагавыя (гл.Пікнометр), паплаўковыя (гл.Арэометр), дынамічныя (вымярэнні па хуткасці выцякання газу з тонкай адтуліны), радыеізатопныя (па інтэнсіўнасці паглынання ці рассеяння бэта- або гама-прамянёў), ультрагукавыя (па залежнасці скорасці гуку ад шчыльнасці асяроддзя) і інш. Выкарыстоўваюцца Ш. ў навук. даследаваннях і вытв. працэсах.