род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 150 відаў. Пашыраны ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я і ў гарах тропікаў. На Беларусі найб. вядомыя віды М.: гіганцкая, або белая (A. gigantea), кармавая расліна натуральных сенажацяў і пашаў; парасткаўтваральная (A. stolonifera); сабачая (A. canina); тонкая (A. tenuis). Трапляюцца па лугах, хмызняках, берагах вадаёмаў.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя, травы выш. да 120 см. Лісце лінейнае, шурпатае.
Дробныя двухполыя кветкі сабраны ў раскідзістую рыхлую шматкаласковую мяцёлку. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКА́РДЫІ (Nokardia),
род бактэрый сям. накардыі групы актынаміцэтаў. Больш за 20 відаў. Пашыраны ў глебе, вадаёмах і інш. прыродных субстратах.
Утвараюць міцэлій з дыяметрам гіфаў 0,5—2 мкм Нерухомыя. Грамстаноўчыя. Аэробы. Размнажаюцца фрагментацыяй міцэлію, некат. ўтвараюць таксама споры і хламідаспоры. Сапрафіты, ёсць патагенныя віды для чалавека і жывёл (узбуджальнікі накардыёзу). У глебе ўтылізуюць устойлівыя да раскладання рэчывы расліннага паходжання (лігнін), удзельнічаюць у мінералізацыі гумусу, раскладаюць цяжкадаступныя для інш. мікраарганізмаў рэчывы (сінт. матэрыялы, воскі, вуглевадароды, адходы нафтавай прам-сці). Могуць выкарыстоўвацца для барацьбы з забруджваннем навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІТУ́ХІ, рапухі-павітухі (Alytes),
род бясхвостых земнаводных сям. круглаязычных. 2 віды: П. звычайная (A. obstetricans), якая пашырана ў Сярэдняй Еўропе і ўсх.ч. Пірэнейскага п-ва, і П. іберыйская, або іспанская (A. cisternasii), — у Іспаніі і Партугаліі. Жывуць ва ўзгорыстых і гарыстых мясцовасцях. Актыўныя ўначы. Пракопваюць доўгія хады ў глебе.
Даўж. да 5 см. Скура бародаўчатая, папяліста-шэрая Кормяцца беспазваночнымі Самка адкладвае (на сушы) ікру 2 слізістымі шнурамі даўж. да 1,7 м (у кожным да 75 яец), самец намотвае іх на свае сцёгны (адсюль назва) і носіць да вылуплівання апалонікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСУ́ДНАСЦЬ,
размежаванне кампетэнцыі паміж судамі па разглядзе спраў па 1-й інстанцыі. У суд. працэсе Рэспублікі Беларусь адрозніваюць 2 віды П.: прадметную (радавую — па віду злачынства або прадмета і характару цывільнай справы); тэрытарыяльную (па месцы ўчынення злачынства або месцы жыхарства адказчыка). Калі месца ўчынення злачынства ўстанавіць немагчыма, П. устанаўліваецца па месцы заканчэння следства або дазнання. Па цывільных справах іск звычайна прад’яўляецца па месцы жыхарства адказчыка, іск да юрыд. асобы — па месцы знаходжання яго органа або маёмасці. Гл. таксама Судаўладкаванне ў Рэспубліцы Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАМЕДУ́ЗАВЫЯ,
пеламедузы (Pelomedusidae), сямейства паўзуноў падатр.бакашыйных чарапах. 5 родаў, 19 відаў. Пашыраны ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, в-ве Мадагаскар. Жывуць у прэсных вадаёмах. Найб. вядомая і буйная — арау, або тартаруга (Podocnemys expansa) з тропікаў Паўд. Амерыкі. 2 віды П.ч., у т. л. арау, — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. панцыра ў самак да 80 см, маса цела да 50 кг; самцы драбнейшыя. Шыя кароткая, можа з галавой хавацца збоку пад панцырам. У брушным шчыце 11 касцявых пласцінак. Кормяцца дробнай рыбай, земнаводнымі, пладамі. Адкладваюць больш за 100 яец. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮШЧА́Й (Sparganium),
род кветкавых раслін сям. рагозавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодным, умераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я, а таксама ў Аўстраліі і Новай Зеландыі. На Беларусі 7 відаў. Найб. пашыраны П.: малы (S. minimum), прамы (S. erectum), усплылы, або просты (S. emersum). Трапляюцца па берагах рэк, азёр, вадасховішчаў.
Шматгадовыя водныя ці балотныя карэнішчавыя расліны. Сцябло прамастойнае або плаваючае. Лісце вузкалінейнае, у відаў, што растуць у глыбокай вадзе, — стужкападобнае.
Кветкі дробныя, аднаполыя, у шчыльных галоўках. Плод — касцянка. Корм андатры, нутрыі і вадаплаўных птушак. Некат. віды П. маюць пяргу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́НЦІ ((Ponti) Джо) (Джавані; 18.11.1891, г. Мілан, Італія — 16.9.1979),
італьянскі архітэктар, дызайнер. Скончыў Міланскі політэхн.ін-т (1921), у 1936—72 выкладаў у ім. Асн. ідэя П. — існаванне «супермастацтва», якое аб’ядноўвае ўсе віды чалавечай дзейнасці ў стварэнні штучнага навакольнага асяроддзя. Яго дызайнерскія распрацоўкі адметныя тэхн. і эксплуатацыйнай эканамічнасцю, лаканізмам знешняга вырашэння. Як архітэктар зазнаў уплыў неакласіцызму і некат. палажэнні функцыяналізму (канторскі будынак фірмы «Пірэлі» ў Мілане, 1955—59, з арх. А.Раселі і П.Л.Нерві). Вядомы таксама як жывапісец-манументаліст, графік, кераміст, мастак т-ра і кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУШКАЕ́ДЫсапраўдныя
(Aviculariidae),
сямейства членістаногіх атр. павукоў. Каля 600 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, а таксама ў Паўд.-Усх. Азіі, Усх. Афрыцы, у трапічных лясах. Актыўныя на змярканні і ўначы. Віды родаў акантаскурыя (Acanthoscurria), тэрафоза (Theraphosa) і інш. небяспечныя для чалавека (яд паражае ц. н. с.).
Даўж. да 11 см. Цела і ногі ўкрыты шматлікімі валаскамі. Хеліцэры заканчваюцца кіпцікамі з адтулінамі ядавітых залоз на канцы. Лёгкіх 2 пары. Кормяцца буйнымі насякомымі, дробнымі пазваночнымі, у т. л. птушанятамі (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАПЯЛЁСНІК (Coeloglossum),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 2 віды. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 барэальна-таежны рэліктавы від — П. зялёны (C. viride), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на вільготных лугах, у поймах невял. рэк.
П. зялёны — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см, з падоўжаным, звычайна 2-раздзельным клубнем. Лісце яйцападобнае або лінейнае, ніжняе — на кароткіх чаранках, верхняе — сядзячае. Кветкі, накшталт шлема, жаўтавата-зялёныя, інш. раз чырванавата-карычневыя, у суквецці — рыхлы колас. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХІ́РНІК (Cucubalus),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. ягадны, або воўчыя вочкі (C. baccifer), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца сярод хмызняку, па берагах рэк, у цяністых лясах. Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі.
П. ягадны — шматгадовая трава з галінастым узыходным або ляжачым апушаным сцяблом даўж. 0,5—2 м. Лісце суцэльнае, супраціўнае, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя, адзіночныя, зеленавата-белыя. Плод — бліскучая, чорная, сухая ягада. Дэкар., лек. і харч. (спажываецца маладое лісце) расліна.