ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1492—94.

вайна Маскоўскай дзяржавы за ўсх.-слав. землі, што былі ў складзе ВКЛ. Ваенныя дзеянні пачаліся пасля смерці вял. кн. ВКЛ Казіміра IV. Рус. войскі ў жн. 1492 занялі Любуцк і Мцэнск, а восенню Хлепень і Рагачоў. У гэты час да Масквы «ад’ехалі» вярхоўскія князі з парубежных раёнаў ВКЛ, што дазволіла Івану III без цяжкасці заняць землі ў вярхоўях Акі. Рыхтуючыся пашырыць ваен. дзеянні, ён пачаў ствараць ваен. кааліцыю супраць ВКЛ. Каб спыніць ваен. дзеянні, віленскі двор прапанаваў выдаць дачку Івана III Алену Іванаўну замуж за вял. кн. ВКЛ Аляксандра; праведзены перагаворы аб сватанні, заручынах і вяселлі Аляксандра і Алены. У выніку пагаднення да Маскоўскай дзяржавы адышлі землі ў бас. Верхняй Акі і Вяземскае княства. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад, Пскоў, Цвер і Разань, прызнала ўсе «ад’езды» вярхоўскіх князёў.

т. 3, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШГА́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Тарымская раўніна,

раўніна ў Цэнтр. Азіі, на З Кітая, у бас. р. Тарым. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 500 км. Пл. каля 530 тыс. км² (самая вял. ў Цэнтр. Азіі і адна з найб. бяссцёкавых упадзін у свеце). Дэльтавая вобласць левых прытокаў р. Яркенд. Абмежавана гарамі Цянь-Шань, Куньлунь і Бэйшань. Пераважаюць выш. 800—1500 м. Б.ч. паверхні занята пустыняй Такла-Макан. Каля падножжа гор дэлювіяльныя шлейфы з галечнікаў і пясчана-гліністых адкладаў. У паніжэннях саланчакі. На перыферыйных падгорных лёсавых раўнінах — вял. аазісы (Кашгарскі, Аксуйскі, Яркендскі, Хатанскі). Клімат умераны (цёплы, рэзка кантынентальны, пустынны). Сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. да 26 °C. Ападкаў менш за 100 мм за год. Асн. рэкі Тарым і Хатан, на У воз. Лабнор. Пустынная расліннасць на шэразёмах, па далінах тугайныя зараснікі, у аазісах земляробства, садаводства.

т. 8, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНА́К (стараж.-егіп. Іпет-Ісут),

комплекс храмаў 20 ст. да н.э. — канца 1-га тыс. да н.э. на тэрыторыі стараж. г. Фівы і гал. дзярж. свяцілішча ў перыяд Новага царства ў Егіпце. Вылучаўся складанай планіроўкай гіганцкіх арх. мас, пышным убраннем. Храм бога Амона-Ра (16—12 ст. да н.э., дабудоўваўся ў эліністычны і рым. перыяды) — чаргаваныя па падоўжнай восі вял. і малыя залы, двары з рознымі па часе ўзвядзення капэламі і храмікамі. Гал. славутасць К. — грандыёзная шматкалонная гіпастыльная зала з каляровымі рэльефамі на сценах і калонах. Кожны вял. буд. перыяд завяршаўся ўзвядзеннем вакол храма сцяны з 2 пілонамі на фасадзе, фланкіраванымі статуямі і абеліскамі. У комплексе храмы бога Хансу (12 ст. да н.э.), багіні Мут (16—15 ст. да н.э.), алея сфінксаў. Сярод дойлідаў К. — Аменхатэп Малодшы.

Калоны гіпастыльнай залы ў Карнаку.

т. 8, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКІЯ, Жаслаўскія, Яўнуцьевічы,

княжацкі род у ВКЛ. Паходзілі ад вял. кн. ВКЛ Яўнута, які ў 1345 быў скінуты братамі Альгердам і Кейстутам і атрымаў ад іх г. Заслаўе (адсюль прозвішча). Найб. вядомыя:

Іван Юр’евіч (? — 1499?), праўнук Яўнута, намеснік мінскі ў 1468—73, віцебскі (каля 1484). Меў вотчыны на Смаленшчыне. Міхаіл Іванавіч (каля 1460—1529), сын Івана Юр’евіча, намеснік віцебскі ў 1492—95. У 1499 атрымаў у вотчыну частку Мсціслаўскага княства, тытулаваўся князем Мсціслаўскім. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ і меў статус удзельнага князя. У 1526 падараваў Мсціслаўскае княства вял. князю ВКЛ. Ад яго сына Фёдара (каля 1500—40) пайшоў род князёў Мсціслаўскіх у Расіі. Багдан Іванавіч (каля 1465—1530), намеснік мінскі з 1499. Фёдар Іванавіч (каля 1470—1539?), намеснік віцебскі ў 1492, бранскі ў 1494—99, аршанскі і аболецкі з 1501. Адзіны з братоў валодаў Заслаўем.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСТЫ́РСКІЯ ЎЛАДА́ННІ,

зямельная і інш. ўласнасць праваслаўных (з 12 ст.), каталіцкіх (з 15 ст.) і уніяцкіх (з 16 ст.) манастыроў. Яны фарміраваліся з падараванняў вял. князёў і каралёў, магнатаў, шляхты, а таксама ў выніку ўласнай гасп. і інш. дзейнасці (купля, атрыманне ў спадчыну або за доўг і інш.). Ва ўласнасці манастыроў звычайна знаходзіўся комплекс культавых збудаванняў, жылых будынкаў і гасп. пабудоў, у некат. выпадках — млыны, корчмы і інш. Аснову М.у. складалі зямельныя ўладанні з паселенымі на іх манастырскімі сялянамі, а таксама вял. сумы грошай. Манастыры мелі льготы ў землеўладанні, не плацілі звычайных дзярж. падаткаў. Колькасць манастыроў на тэр. Беларусі рэзка зменшылася пасля далучэння яе да Рас. імперыі (у 1842 уладанні правасл. і каталіцкай цэркваў былі перададзены ў загадванне Мін-ва дзярж. маёмасцей). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 манастыры практычна зніклі, а іх уласнасць нацыяналізавана.

т. 10, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ГАЛО́ЎНЫ ПАШТА́МТ.

Пабудаваны ў 1949—53 у Мінску (арх. У.​Кароль). Складаецца з 2 злучаных паміж сабой аб’ёмаў — асноўнага 4-павярховага П-падобнага ў плане, пастаўленага ўздоўж чырвонай лініі праспекта Скарыны, і прыбудаванага да яго тыльнага фасада (круглы ў плане, у выглядзе ратонды з купалам; дыяметр 30 м), дзе размешчана вял. аперацыйная зала. Гал. фасад будынка, арыентаваны на праспект Скарыны, мае сіметрычную кампазіцыю. Размешчаныя па ўсім фасадзе трохчвэртныя калоны вял. карынфскага ордэра, масіўныя формы цэнтр. аркі ўвахода з апорамі, якія значна выступаюць за межы плана і высокі раскрапаваны атык надаюць будынку манум. характар. У аздабленні фасадаў і інтэр’ераў выкарыстаны прыродны камень, высакаякасная тынкоўка, ляпныя дэталі, вітражы з выявамі помнікаў архітэктуры Беларусі (1980, В.​Позняк). Будынак — характэрны прыклад выкарыстання элементаў класічнай спадчыны ў архітэктуры Беларусі 1940—50-х г.

А.​А.​Воінаў.

Мінскі галоўны паштамт.

т. 10, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЕ́ЧНЫ ШЛЯХ,

1) дыфузная святлівая паласа няправільнай формы, што перасякае нябесную сферу ў плоскасці Галактыкі. Складаецца з вял. колькасці зорак, якія паасобку нельга бачыць простым вокам, але можна распазнаць з дапамогай тэлескопа.

М.Ш. — сукупнасць зорак нашай зорнай сістэмы — Галактыкі, якой яна выглядае знутры, з пункту, паблізу галактычнай плоскасці, на адлегласці ~​1/2 галактычнага радыуса ад ядра галактыкі. Сярэдняя лінія М.Ш. блізкая да вял. круга (галактычнага экватара), паўн. полюс якога знаходзіцца ў сузор’і Валасоў Веранікі; бачная шырыня ў межах ад 5° да 30°. У напрамку да цэнтра Галактыкі (сузор’і Стральца і Скарпіёна) М.Ш. шырокі і яркі, у процілеглым (сузор’і Персея і Возніка) — вузкі і менш яркі. У многіх месцах М.Ш. назіраюцца цёмныя плямы, што абумоўлена паглынаннем святла воблакамі касмічнага пылу. Паміж сузор’ямі Арла і Цэнтаўра паласа паглынальнага рэчыва дзеліць М.Ш. на 2 часткі.

2) Уласная назва Галактыкі.

Млечны Шлях.

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЖУ́ АСТРАВЫ́,

цэнтральныя, самыя вял. астравы ў архіпелагу Новасібірскія а-вы ў м. Лапцевых і Усходне-Сібірскім м. Уключаюць а-вы: Кацельны, Зямля Бунге, Фадзееўскі, Новая Сібір і Бялькоўскі. Агульная пл. каля 29 тыс. км². У рэльефе пераважаюць нізінныя акумулятыўныя раўніны, занятыя арктычнымі тундрамі. Названы імем рус. палярнага даследчыка П.Ф.Анжу.

т. 1, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІ́ШЧАНКА (Сяргей Пятровіч) (20.4.1923, в. Сцяпы Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 31.7.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну падпольшчык, партыз. сувязны, з восені 1943 у Чырв. Арміі. Вызначыўся 24—25.6.1944 пры вызваленні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.: пераправіўся цераз р. Друць, захапіў плацдарм. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯЗІ́Д I Маланкавы

(Bayezid I Yildirim; 1354? — 8.3.1403),

турэцкі султан у 1389—1402. З дынастыі Асманаў. Захапіў вял. тэрыторыі на Балканах і ў Малой Азіі. Войскі Баязіда ў 1394—1401 неаднаразова асаджалі Канстанцінопаль. У бітве з Цімурам каля Анкары (гл. Анкарская бітва 1402) разбіты і ўзяты ў палон, дзе і памёр.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)