саты́ра, ‑ы, ж.
1. Спецыфічная форма мастацкага адлюстравання рэчаіснасці, якой уласціва з’едлівае высмейванне розных адмоўных з’яў. Гнеўная сатыра Ювенала. Сатыра Кукрыніксаў.
2. Твор літаратуры і мастацтва, у якім востра высмейваюцца людскія заганы, рэзка асуджаюцца негатыўныя з’явы жыцця. Гэты твор [«Прамова Івана Мялешкі»] з’яўляецца адным з найбольш яркіх помнікаў палітычнай сатыры канца XVI стагоддзя. «Полымя». «Сон» — гэта сатыра на прыгонніцкую чыноўніцка-бюракратычную сістэму Расіі. Палітыка.
3. перан. Рэзкае, з’едлівае высмейванне, развянчанне каго‑, чаго‑н. Баязлівы чалавек варты вострага пяра, едкай сатыры. Сабалеўскі. Маладая сярэдневяковая буржуазія выступала ў літаратуры з пародыяй і сатырай па феадальны лад. Галавач.
[Лац. satira.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сістэматы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтварае пэўную сістэму; пабудаваны паводле пэўнага плана. Сістэматычнае апісанне. Сістэматычны каталог. // Які заснаваны на пэўнай сістэме; строга паслядоўны, планамерны. Сістэматычныя заняткі па замежнай мове. □ Выхадзец з сацыяльных нізоў, чалавек, пазбаўлены магчымасці атрымаць сістэматычную адукацыю, [Купала] змог узняцца да вяршынь класічнай мастацкай думкі. Ярош.
2. Пастаянны, рэгулярны. Сістэматычнае павышэнне жыццёвага ўзроўню працоўных. Сістэматычнае наведванне заняткаў па фізкультуры. □ Аднак, калі трохі абціхла шуміха вакол гэтай справы, Таня і Вера наладзілі сістэматычную перапіску з Надзяй. Машара.
3. Які мае адносіны да сістэматыкі (у 2 знач.). Від — гэта ніжэйшая сістэматычная адзінка сучаснай класіфікацыі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спецыялі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Чалавек, які валодае якой‑н. спецыяльнасцю, мае спецыяльныя веды ў якой‑н. галіне навукі, тэхнікі, мастацтва. Спецыяліст сельскай, гаспадаркі. □ Сахор — вельмі добры электразваршчык, а спецыялісту заўсёды работы хапае. Кулакоўскі. Сямёна Львовіча запрасілі на прыём да кансультанта, вядомага спецыяліста па захворваннях сэрца. Гарбук. [Шарлап:] — Дзед быў спецыялістам па ядзерных рухавіках. Шыцік. // Разм. Добры знаўца чаго‑н., майстар у якой‑н. справе. Найболей грунтоўную дапамогу дзеду аказаў Нявідны, бо ён быў спецыяліст у гэтай справе [мабілізацыі людзей на змаганне з акупантамі]. Колас. З апошнімі словамі Азарчук з майстэрствам спецыяліста ўдарыў Змітрака. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
старамо́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены па старой мадэлі, пашыты па старой модзе; які выйшаў з моды. Старамодны капялюш. Старамодная мэбля. □ З мэблі, што мне відна, — шафа, круглы стол пад квяцістым абрусам, на ім буйны старамодны будзільнік. Ракітны. Зазвінеў старамодны, з нікеляванымі каўпачкамі тэлефон, Глушко паспешліва зняў трубку. Навуменка.
2. Які не адпавядае сучаснасці, уласцівы мінулым часам. Старамоднае выхаванне. Старамодныя манеры. □ Лапшын славіўся на заводзе старамоднымі бакенбардамі. Асіпенка. // Які прытрымліваецца ўстарэлых поглядаў, прывычак. «Памдзей» аб’ездчык быў не шкодны: Так, чалавек ён старамодны І не такі, як Ворцюх, зыркі І меней здольны на прыдзіркі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стары́зна, ‑ы.
1. зб., ж. Разм. Старыя, зношаныя рэчы, прадметы. Калі ўжо чалавек узяўся за таптуху, дык надзене, вядома, і вопратку адпаведную: самую ні на што не патрэбную старызну — порткі, ватоўку, шапку. Брыль. Па беражліваму, нават скнарліваму характару .. [Альбіны Селівестраўны] я добра ведаў, што адна з .. [шаф] была завалена атопкамі чаравікаў, дзіравых валёнак, рознай абутковай старызнай. Ракітны. // Тое, што аджыло, устарэла. [Гэля:] Не так я ўяўляла сабе сваё вяселле... [Стась:] А як? [Гэля:] З кветкамі... з фатой... [Стась:] Ды аджывае гэта ўсё! Старызна! Губарэвіч.
2. м. Разм. іран. Пра старога чалавека. — Ну, як жывецца, старызна? — весела запытаў Патржанецкі. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
труна́, ‑ы; мн. труны, трун; ж.
1. Сацыяльная скрынка, у якой хаваюць памёршага. Неўзабаве была гатова труна. Сасновая, з выгаблеваных дошак, якія пахлі смалой. Дайліда. Назаўтра хавалі забітых. За трунамі ішло паўгорада. Плакалі трубы аркестра, плакалі людзі, плакаў і Сцёпка. Хомчанка.
2. у знач. вык. Пагібель, канец; вельмі дрэнна. Чалавек ледзь дацягнуўся да хаты, і праз два тыдні — труна. Машара.
•••
Гнаць у труну гл. гнаць.
Да труны — да смерці (не забыцца, помніць).
Загнаць (увагнаць, звесці) у труну гл. загнаць.
Легчы ў труну гл. легчы.
Труна чакае — пара паміраць.
Хоць у труну кладзі гл. класці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тхары́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да тхара, належыць тхару. Тхарыная нара. □ А Кастусёк даўно гатовы — У іх [з дзядзькам] раней была намова Схадзіць у луг на азярыны І патрывожыць род тхарыны. Колас.
2. Які нагадвае тхара. [Клопікаў] стаяў дзе-небудзь ля дошкі з аб’явамі і, выцягнуўшы тхарыны тварык, не чытаў, а ўчытваўся ў чарговы загад. Лынькоў. // перан. Востры, злосны, калючы (пра вочы). Але вось чалавек скончыў пісаць, паклаў на стол ручку-самапіску, паглядзеў на хату маленькімі тхарынымі вочкамі. Сачанка. Бляск у тхарыных вачах [Глушака], як быў, астаўся пранізлівы, упарты, нязломны. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уздрыгну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Уздрыгнуць; здрыгануцца; задрыжаць. Вусцішна Зосі адной паміж лесу. Гатоў яшчэ воўк высунуцца ці ліхі чалавек. Дзе што шасне, яна ўздрыгнецца. Крапіва. Язэп Крушынскі ўздрыгнуўся праз сон. Бядуля. // Хутка і рэзка змяніцца на момант (пра голас, выраз твару і пад.). Голас дзяўчыны ўздрыгнуўся ад хвалявання. // перан. Затрымцець. Ад болю ўздрыгнуцца бары. Зямлю цень засцеле. Смагаровіч.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Скалануцца, страсянуцца; задрыжаць. Пушка вытыркнулася .. з-за куста і, уздрыгнуўшыся, грымнула. М. Ткачоў. Стаяць нерухомыя дрэвы, ні адна галінка на іх не ўздрыгнецца. Сяргейчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упра́ўны, ‑ая, ‑ае.
Спрытны і жвавы ў рабоце. Стала.. [цётка] жвавая, упраўная, усё ў руках гарыць: снеданне гатуе, .. па бадоўлі цесляру памагае. Сяркоў. [Анішчук:] Упраўная [Вясніна] каля работы. Калі возьмецца ці то араць або касіць, работа ў яе гарыць. Гурскі. / Пра рухі, рукі. [Салдаты] ўпраўнымі, звычнымі рухамі земляробаў, не разгінаючыся, моўчкі закідвалі тугімі лустамі.. зямлі вузкую, чорную яму. Самуйлёнак. // Які паспяхова спраўляецца са сваімі абавязкамі. Чалавек, што памагаў.. [Марыне] сеяць,.. распрагаў коней і пахмура бубніў: — Твой дзевер, Марына, вельмі ж упраўны. Куды ні прыеду, а ў яго ўжо гатова. Узарана і пасеяна. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хаўру́снік, ‑а, м.
Разм. Саўдзельнік у якой‑н. справе; кампаньён. Гэта быў чалавек вельмі вынослівы, спрытны і храбры, што называецца сарві-галава, весялун, добры хаўруснік і забіяка. Алешка. Але калі Алесь пачаў.. вучыць дзяцей розным, прывезеным з горада, гульням, яны пазналі ў ім добрага хаўрусніка і зрабіліся самымі блізкімі яго сябрамі. Галавач. // Разм. Саўдзельнік якога‑н. злачынства, якіх‑н. несумленных спраў. [Жарыкаў:] — Бясспрэчна, што ў Бандыся былі хаўруснікі. Не мог жа ён адзін вынесці ўсё на калёсы. Асіпенка. Стась жа прыходзіў на бераг кожны раз п’яны. Значыць, меў і хаўрусніка, каму збываў калгаснае дабро!.. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)