ПОЛІМЕРА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць утварэнне макрамалекул з нізкамалекулярных рэчываў. Найважн. з П. — нуклеатыдылтрансферазы, што каталізуюць сінтэз нуклеінавых кіслот з нуклеазідтрыфасфатаў (у якасці матрыцы выкарыстоўваецца ДНК або РНК). Пад уздзеяннем П. нуклеазідтрыфасфаты пераносяцца ў канец ланцуга, які сінтэзуецца, і адбываецца падаўжэнне ланцуга на адну нуклеатыдную адзінку. Сінтэз ДНК праходзіць адначасова на двух ланцугах папярэдне раскручанай (дэспіралізаванай) ДНК-матрыцы.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬДЭРЫ (галанд. polder),

асушаныя і апрацаваныя ўчасткі маршаў, ахаваныя дамбамі ад затаплення марскімі водамі. Узровень грунтавых вод у П. рэгулюецца дрэнажнымі сістэмамі, пераважна з машынным адпампоўваннем вады. Пашыраны ў Нідэрландах (каля 40% тэрыторыі), Германіі, Даніі, ЗША і інш. П. ствараюцца таксама на поймах рэк, якія працяглы час заліваюцца вадой (напр., каля рэк Прыпяць, Зах. Буг, Дняпро).

т. 12, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВІТАМІ́НЫ,

рэчывы, якія паступаюць з ежай і з’яўляюцца крыніцай утварэння ў арганізме чалавека і жывёл вітамінаў. З карацінаў (ёсць у моркве, шыпшыне, парэчках, памідорах і інш.) утвараецца вітамін A (гл. Рэцінол). Некат. стэрыны з’яўляюцца П. вітаміну D. Біясінтэз вітамінаў з П адбываецца ў арганізме чалавека (жывёлы) у выніку абмену рэчываў, пад уздзеяннем фактараў навакольнага асяроддзя, напр., УФ-апраменьвання.

т. 12, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСКУРНІ́,

вёска ў Акцябрскім с/с Жлобінскага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, каля аўтадарогі Жлобін—Стрэшын. Цэнтр калгаса. За 13 км на Пд ад горада і чыг. ст. Жлобін, 106 км ад г. Гомель. 569 ж., 226 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ЗІНЕР ((Prusiner) Стэнлі Бен) (н. 28.5.1942),

амерыканскі неўролаг, біяхімік і вірусолаг. Праф. Каліфарнійскага ун-та. Адкрыў прыёны — інфекц. агенты бялковай прыроды, якія выклікаюць пашкоджанні галаўнога мозга (энцэфалапатыі) чалавека і жывёл, у т. л. скрэйпі (сверб) авечак і губчатую энцэфалапатыю («шаленства») буйн. раг. жывёлы. Вызначыў амінакіслотную паслядоўнасць прыёнавага бялку і ідэнтыфікаваў яго ген. Нобелеўская прэмія 1997.

А.​Ю.​Маніна.

т. 13, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАМІ́ТЫ (ад грэч. psammos пясок),

пясчаныя пароды, якія складзены на 50% і больш з зерняў мінералаў і абломкаў парод памерамі ад 0,05(0,1) да 1 мм. Рыхлыя разнавіднасці П. — пяскі, сцэментаваныя — пясчанікі. Адрозніваюць П.: монамінеральныя (напр., кварцавыя), алігаміктавыя (кварц-палевашпатавыя) і полімінеральныя (аркозы і граўвакі). П. ўтвараюцца пераважна ў выніку фіз. выветрывання горных парод. Гл. таксама Абломкавыя горныя пароды.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫРЫ́,

вёска ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Мядзел—Будслаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПдУ ад г. Мядзел, 150 км ад Мінска, 7 км ад чыг. ст. Крывічы. 215 ж., 92 двары (2000). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, філіял камбіната быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЯВЫ́Я ЗНА́КІ,

паказальнікі, устаноўленыя ўздоўж чыг. ліній, якія інфармуюць машыністаў і работнікаў чыг. транспарту аб канкрэтных умовах руху і стане шляху. На іх найчасцей пазначаюць працягласць лініі, асаблівасці яе профілю, рэжым руху, месцазнаходжанне пуцявых збудаванняў і інш. Бываюць кіламетровыя з пазначэннем наступнага і папярэдняга кіламетраў, пікетныя (паміж кіламетровымі), схілапаказальныя (паказваюць лікавае значэнне нахілу і яго працягласць) і спецыяльныя.

т. 13, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ізаўка, каля аўтадарогі Навагрудак—Бярозаўка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПнЗ ад г. Навагрудак, 174 км ад Гродна, 35 км ад чыг. ст. Наваельня. 511 ж., 175 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁДАЛЬНАМЕ́Р,

прылада для вымярэння адлегласцей да аб’ектаў з выкарыстаннем радыёхваль. Бываюць імпульсныя і фазавыя (інтэрферэнцыйныя). Дзеянне імпульсных Р. заснавана на вызначэнні часу распаўсюджання кароткіх радыёімпульсаў ад прылады да аб’екта і назад, фазавых — на вымярэнні рознасці фаз выпрамененага і прынятага радыёсігналу (паказвае колькасць даўжынь радыёхваль, якія ўкладваюцца ўздоўж шуканай адлегласці). Выкарыстоўваюцца ў радыёлакацыйных, радыёнавігацыйных, геадэзічных і інш. прыладах.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)