МА́РКА вытворчая,

выява, якая індывідуалізуе прадукцыю (тавары) і яе вытворцу. Змяшчаецца на вырабах, упакоўцы, тары. Уключае поўную або скарочаную назву прадпрыемства-вытворцы, звесткі аб яго месцазнаходжанні, гатунку і кошце вырабу, стандарце, тэхн. умовах і інш. За пастаўку прадукцыі без вытворчай М. пастаўшчык павінен плаціць штраф. Існуе таксама М. гандлёвая — назва, тэрмін, знак, сімвал, малюнак або іх камбінацыі для ідэнтыфікацыі прадукту прадаўца або групы прадаўцоў і адрознення іх ад прадуктаў канкурэнтаў. Уключае марачнае імя (частка М. ў выглядзе літар, слоў і іх камбінацый) і марачны знак (частка М., якая ўяўляе сабой сімвал, малюнак, каляровае або шрыфтавое афармленне). У залежнасці ад таго, пад якой М. рэалізуецца прадукт, адрозніваюць М. вытворцы, або нацыянальную М. (М., створаная вытворцам або ўзятая ў арэнду ў інш. вытворцы), і прыватную М. (пасрэдніцкую, М. дыстрыб’ютэра, дылера). Вытворчая і гандлёвая М. выкарыстоўваюцца незалежна ад таварнага знака і ў адрозненне ад яго не належаць рэгістрацыі і прававой ахове.

т. 10, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. projectio літар. кіданне наперад),

відарыс прасторавай фігуры на плоскасці ці інш. паверхні.

Адрозніваюць цэнтральную, паралельную, прамавугольную П. Цэнтральная (канічная) П.: выбіраюць адвольны пункт S прасторы (цэнтр праектавання) і плоскасць α′ (плоскасць П.), якая не праходзіць праз пункт S; праз дадзены пункт A (правобраз) прасторы і цэнтр П. S праводзяць прамую SA да яе перасячэння ў пункце A′ з плоскасцю α′. Пункт A′ (вобраз) наз. цэнтральнай П. пункта A. П. фігуры наз. сукупнасць П. усіх яе пунктаў. Паралельнай (цыліндрычнай) П. пункта A на плоскасць α′ наз. пункт A′ перасячэння гэтай плоскасці і прамой p, якая праходзіць праз A паралельна зададзенай прамой a. У выпадку перпендыкулярнасці прамой n і плоскасці α′ П. наз. прамавугольнай (артаганальнай). Цэнтр. П. — аснова перспектывы. Цэнтр. і паралельная (у прыватнасці, артаганальная) П. знаходзяць дастасаванні ў нарысоўнай геаметрыі. Спец. віды праектавання на плоскасць, сферу, эліпсоід і інш. паверхні выкарыстоўваюцца ў астраноміі, геаграфіі, крышталяграфіі, тапаграфіі і інш.

А.​А.​Гусак.

Цэнтральная праекцыя.
Паралельная праекцыя.

т. 12, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРКАФА́Г (грэч. sarkophagos літар. пажыральнік мяса ад sarx мяса + phagos пажыральнік),

труна, невял. грабніца ў народаў старажытнасці; у шырокім сэнсе — любая архітэктурна і па-мастацку аформленая труна з дрэва, каменю, металу і інш. Найб. вядомы С. стараж.-егіпецкія (складаліся з мноства частак, першапачаткова ў выглядзе жытла, з 3-га тыс. да н.э. — муміяпадобныя), этрускія (з фігурай памерлага на вечку), эліністычныя, стараж.-рым. і раннесярэдневяковыя (аздобленыя рэльефамі і арх. дэкорам). Тып ант. С. развіваўся і ў эпоху рэнесансу і барока. У Кіеўскай Русі С. паявіліся з прыняццем хрысціянства (напр., Яраслава Мудрага ў Кіеўскім Сафійскім саборы). Самы стараж. С. на Беларусі знойдзены ў г.п. Тураў Гомельскай вобл. (12 ст.). Вядомы С. кн. Радзівілаў (17 — пач. 20 ст., Нясвіжскі касцёл Божага Цела), Сапегаў (18 ст., Гальшанскі касцёл францысканцаў).

М.​М.​Чарняўскі.

Старажытнаегіпецкі саркафаг Тутанхамона.
Саркафаг з выявай 12 апосталаў. 5 ст. (г. Равена, Італія).
Саркафаг з г.п. Тураў Гомельскай вобл. 12 ст.
Саркафаг К.​С.​Радзівіла Пане Каханку ў крыпце Нясвіжскага касцёла Божага Цела. 18 ст.

т. 14, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СГС СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК,

сістэма адзінак фіз. велічынь з асн. адзінкамі: даўжыні — сантыметр, масы — грам, часу — секунда. Абрэвіятура СГС утворана ад першых літар найменняў асн. адзінак.

Прыняга 1-м Кангрэсам электрыкаў (Парыж, 1881) у якасці сістэмы адзінак для механікі і электрадынамікі. Для эл.-магн. велічынь былі прыняты 2 сістэмы: эл. статычная СГСЭ (электрычная пастаянная E0 = 1, магнітная пастаянная μ0 = 1/с​2, с — скорасць святла ў вакууме) і эл.-магн. СГСМ (μ0 = 1, E0 = 1/с​2), заснаваныя на Кулона законе для ўзаемадзеяння эл. зарадаў і магн. полюсаў. У 2-й пал. 20 ст. найб. пашырэнне атрымала сіметрычная (змешаная) СГСЭ с.а., у якой магн. адзінкі роўныя адзінкам СГСМ, а эл. — адзінкам СГС (E0 = 1, μ0 = 1). Пасля шырокага ўкаранення Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ) СГС с.а. выкарыстоўваецца толькі ў тэарэт. фізіцы і астраноміі.

Літ.:

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988;

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Словарь-справ. М., 1990.

А.​І.​Балсун.

т. 14, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́МЧАНКА (Павел Апанасавіч) (н. 11.11.1938, в. Вялікія Прыцкі Кагарлыцкага р-на Кіеўскай вобл.),

бел. мастак, педагог. Праф. (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). З 1970 выкладае ў Бел. АМ. Працуе ў галіне шрыфту, каліграфіі. Даследуе бел. друкарскі шрыфт, зрабіў графічны аналіз літар выданняў Ф.​Скарыны. Заснаваў курс маст. шрыфту ў Бел. АМ. Аўтар каліграфічных лістоў па матывах паэзіі М.​Багдановіча (1981, «Страцім-лебедзь», 1991; серыя «Перапісчык», 1998—2000), Я.​Купалы і Я.​Коласа (1982), А.​Блока (1983), Т.​Шаўчэнкі (1984), Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» («Паранены волат», 1998; «Прабач мяне», 2000), аповесці М.​Гогаля «Шынель» (2001); вобразна-шрыфтавых кампазіцый «Мінск» (1979), «Хатынь» (1980), «Ленінград» (1981), «Свяшчэнная вайна» (трыпціх, 1985), «Паланэз» (1991), «Аз» (1993), «Рэха даўніны» (абедзве 1998), вышыванага арнаментальна-шрыфтавога пано для музея Я.​Коласа ў Мінску (1982), скруткаў «Проба пяра», «Танец пяра» (абодва 1998—2000) і інш.

Тв.:

Основы шрифтовой графики. Мн., 1978;

Мелодыі каліграфа. Мн., 1993.

П.Семчанка. Каліграфічныя кампазіцыі «Паланэз» і «Страцім-лебедзь». 1991.

т. 14, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЕ́РЦА (ад італьян. scheizo літар. жарт),

у 16—17 ст. вак. п’еса (адна- або шматгалосая) на жартоўныя тэксты або яе інстр. пералажэнне. З 2-й пал. 18 ст. адна з частак (звычайна 3-я) санатна-сімфанічнага цыкла, якая замяніла менуэт. Для С. характэрны хуткі, жывы тэмп, рэзкая змена кантрастных вобразаў (нар.-жанр., гульнёвых, гратэскных і інш.), трохдольны памер (​3/4 ці ​3/8), складаная 3-часткавая форма з трыо (уласцівая і менуэту). Класічны тып С. склаўся ў творчасці Л.​Бетховена. З 19 ст. С. развівалася і як частка цыкла (творчасць зах.-еўрап. кампазітараў-рамантыкаў і рус. класікаў) і як самаст. муз. п’еса, блізкая да капрычыо («Скерца» Ф.​Шапэна, арк. скерца М.​Мусаргскага і інш.). Бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць С. ў традыц. формах часткі санатна-сімф. цыкла і асобнай муз. п’есы. Сустракаецца ў творах М.​Аладава, А.​Багатырова, Дз.​Смольскага, Г.​Вагнера, Я.​Дзягцярыка, А.​Мдывані, Ф.​Пыталева, Р.​Суруса, Я.​Цікоцкага і інш.

Т.​А.​Шчэрба.

т. 14, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

а́льма-ма́тэр

(лац. alma mater = літар. маці-карміцелька)

студэнцкая назва універсітэта (ужываецца як ласкальная або жартоўная).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

антало́гія

(гр. anthologia = літар. букет кветак)

зборнік выбраных мастацкіх твораў розных аўтараў (напр. а. беларускай паэзіі).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

бокс

(англ. box = літар. удар)

від спорту, кулачны бой па асобых правілах у спецыяльных мяккіх пальчатках.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

вэ́ксаль

(ням. Wechsel = літар. абмен)

пісьмовае абавязацельства заплаціць каму-н. пэўную суму грошай ва ўстаноўлены тэрмін.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)