эвакуа́цыя, ‑і, ж.

1. Арганізаваны вываз насельніцтва, устаноў, прамысловых аб’ектаў і пад. з небяспечных мясцовасцей, якім пагражаюць ваенныя дзеянні або стыхійнае няшчасце. Некалькі месяцаў Марыля жыла ў эвакуацыі, пакуль трошкі адужаў сынок, пакуль прызвычаіўся жыць без маткі. Кулакоўскі.

2. Спец. Выдаленне чаго‑н. адкуль‑н. Эвакуацыя солі з раствору. Эвакуацыя паветра з віскозы.

[Ад лац. evacuo — апаражняю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эксперыментава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

Рабіць, праводзіць эксперыменты. Гурба эксперыментаваў, думаў, правяраў свае пошукі аж да канца змены. Кулакоўскі. // Рабіць спробу, захады з мэтай вырашэння якіх‑н. праблем, пытанняў. [Мароз:] — А справа ў тым, што гэта для нас новая форма гаспадарання, на гэтай дарозе мы не застрахаваны ад нечаканасцей. Мы шукаем, мы эксперыментуем! Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аддыхну́ць, ‑ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

Аднавіць сілы, перамяніўшы або зусім спыніўшы дзейнасць, работу, занятак і пад.; адпачыць. [Мікалай Патапавіч:] — А потым, калі ўжо аддыхнула галава, прасвятлелі думкі, стаў я патрошкі абмяркоўваць сваё становішча. Кулакоўскі. Людзі сена сушаць, косяць Ды пагоды ў неба просяць; Аддыхнуць пара б, дык дзе там! Хто з сялян гультуе летам? Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

арасі́ць, арашу, аросіш, аросіць; зак., каго-што.

1. Апырскаць, пакрыць кроплямі чаго‑н.; увільготніць. Не дарэмна кроў гарачая Прасторы стэпаў прасіла. Танк. Толькі буйныя кроплі слёз арасілі стомленыя вочы зняволеных. Кавалёў.

2. Напаіць вільгаццю, увільготніць (глебу, зямлю); штучна значыць або прамачыць глебу. Арасіць засушлівыя землі. □ [Мікалай Патапавіч:] — Трэба падумаць, ці нельга.. [участак] паліць ці арасіць як-небудзь. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асячы́ся і (радзей) асе́кчыся, асякуся, асячэшся, асячэцца; асячомся, асечацеся, асякуцца; пр. асекся, ‑лася; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не зрабіць выстралу (пра ружжо, рэвальвер і інш.).

2. Нечакана спыніць гаворку, запнуцца на слове. Надзя неяк адразу асеклася, пачырванела. Кулакоўскі. // Пацярпець няўдачу ў чым‑н. [Аксіння:] — Асеклася раз, дык цяпер разумнейшай буду. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вузлава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вузлы. Пастушок бег па вуліцы і паляскваў вузлаватаю пугаю. Чорны.

2. Які мае патаўшчэнні, бугры, наросты. Вузлаватыя вены. Вузлаватыя карані. Вузлаватыя пальцы. □ Каля іх [танкаў] паўкругам высіліся каржакаватыя дубы, раскінуўшы ўгары вузлаватае галлё. Мележ.

3. перан. Заблытаны, складаны. — Не хачу я, каб ты ішоў па маёй вузлаватай сцежцы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́лавіць, ‑лаўлю, ‑лавіш, ‑лавіць; зак., каго-што.

1. Пералавіць; знішчыць лоўляй. Вылавіць рыбу ў рацэ. □ Перамагаючы ў сабе страх і слабаволле, кравец дапамагае вылавіць бандытаў. Барсток.

2. Ловячы, здабыць, выцягнуць адкуль‑н. Вылавіць бервяно з ракі. □ [Катэр] зігзагамі ходзіць над загінуўшым караблём, каб вылавіць тых, якія яшчэ былі на вадзе. Кулакоўскі. // перан. Знайсці. Вылавіць памылкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́праміцца, ‑млюся, ‑мішся, ‑міцца; зак.

1. Тое, што і выпрастацца (у 1 знач.). Дык выпрамся ж трошку, ды жыва за сошку. Купала. Іваніха выпрамілася, уважліва агледзела чалавека — яго няголены.. твар. Лось.

2. Разм. Пайсці ў пэўным кірунку; накіравацца. Аднак не павярнуў чалавек ні дадому, ні ў раённы цэнтр, а выпраміўся проста на горад. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́прастаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Зрабіць простым, разагнуць. Выпрастаць цвік. Выпрастаць нагу. □ Рыбак, які нёс сеці, выпрастаў нарэшце спіну і паварушыў плячыма. В. Вольскі.

2. Выраўнаваць пагнутае, памятае. Выпрастаць умяціну. □ Каваль ..спачатку гаспадарскім вокам агледзеў вупраж, выпрастаў зморшчыны потніка, тады ўзяўся за плуг. Кулакоўскі.

•••

Ногі выпрастаць — тое, што і ногі працягнуць (гл. працягнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клу́нак, ‑нка і клу́мак, ‑мка, м.

Дробныя рэчы, пажыткі, звязаныя хусткай, кавалкам матэрыі або складзеныя ў торбу. Спакаваўшы ўсю дробязь у клункі, Маша яшчэ раз агледзела пакой: ці не забылася чаго-небудзь. Гроднеў. У кожнага з.. хлопцаў быў сякі-такі скарбік: у каго цесна звязаны клумак пад пахаю, у каго торбачка з хлебам. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)