ВІТАЛІ́ЗМ (ад лац. vitalis жыццёвы),

кірунак у біялогіі, які сцвярджае наяўнасць у арганізмах асобнай нематэрыяльнай жыццёвай сілы, якая адсутнічае ў нежывых целах. Прыхільнікі віталізму адмаўляюць трактоўку жыцця як сукупнасці фіз., хім. і мех. з’яў і разглядаюць яго як якасна своеасаблівую, аўтаномную з’яву, невытлумачальную без прыцягнення нематэрыяльных фактараў.

Карані віталізму ў першабытным анімізме (адушаўленні ўсіх цел прыроды). Элементы яго прысутнічаюць ва ўяўленнях ант. філосафаў (Платона, Арыстоцеля). Як цэласнае вучэнне сфарміраваўся ў 17—18 ст. у форме канцэпцыі «душы», што кіруе жыццём арганізмаў (галанд. вучоны Я.Б. ван Гельмант, ням. ўрач Г.​Э.​Шталь). Новая хваля віталізму — неавіталізм, што ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.​Дрыш і інш.), адмаўляла тэорыю Ч.​Дарвіна і проціпастаўляла ёй сцверджанне аб непазнавальнай жыццёвай сутнасці («энтэлехіі»), якая кіруе жыццёвымі працэсамі і забяспечвае іх развіццё. У 20 ст. ідэі віталізму ўвасобіліся ў шэрагу антыдарвінісцкіх канцэпцый эвалюцыі (псіхаламаркізм Э.​Копа, «творчая эвалюцыя» К.Бергсона і інш.).

Літ.:

Кремянский В.И. Структурные уровни живой материи. М., 1969;

Яблоков А.В., Юсуфов А.Г. Эволюционное учение: (Дарвинизм). 3 изд. М., 1989.

В.​В.​Грычык.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТЭ (Сяргей Юльевіч) (29.6.1849, Тбілісі — 13.3.1915),

рускі дзярж. дзеяч. Граф (1905), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1893). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1870). У лют.жн. 1892 міністр шляхоў зносін, у 1892—1903 міністр фінансаў. Пры Вітэ значна вырас уплыў дзяржавы на эканоміку (падтрымка асобных груп прадпрымальнікаў, некаторых галін прам-сці — горназдабыўной і металургічнай, вінакурэння, чыг. буд-ва і інш.). Гал. мерапрыемствы Вітэ — вінная манаполія (1894), грашовая рэформа (1897), рус.-кіт. дагавор аб буд-ве і эксплуатацыі Кіт.-Усх. чыгункі (1896), рэформа гандл.-прамысл. падаткаабкладання (1898), спроба рэфармаваць гандл.-прамысл. заканадаўства. Са жн. 1903 старшыня Кабінета міністраў. У час рус.-яп. вайны 1904—05 у неспрыяльных міжнар. абставінах дамогся заключэння Портсмуцкага мірнага дагавора з Японіяй (1905). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад кіраўніцтвам Вітэ складзены Маніфест 17 кастрычніка 1905, адначасова апублікаваны яго даклад з праграмай рэформаў. Узначальваў (да Крас. 1906) рэфармаваны Савет міністраў. Аўтар мемуараў, якія змяшчаюць багаты фактычны матэрыял.

Тв.:

Воспоминания. Т. 1—3. М., 1960;

Избр. воспоминания, 1849—1911 гг. М., 1991.

т. 4, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ЛІЗ (ад грэч. analysis раскладанне),

спосаб (прыём) навук. пазнання праз мысленнае ці рэальнае расчляненне аб’екта пазнання (прадмета, з’явы, працэсу) на часткі і асэнсаванне іх узаемасувязі. Працэс аналізу — састаўная частка, першая ступень навук. даследавання. Канчатковы вынік — разуменне структуры аб’екта, які вывучаецца. Калі аб’ект з’яўляецца прадстаўніком пэўнага класа прадметаў, аналіз аднаго з іх дае магчымасць уявіць структуру ўсяго класа. Вынікі аналізу служаць матэрыялам для наступных ступеняў навук. пазнання — абстракцыі, абагульнення, параўнання і інш. Аналіз — рухальная сіла ў выяўленні законаў, якім падпарадкоўваецца аб’ект даследавання. Карэктнасць аналізу правяраецца процілеглым яму прыёмам — сінтэзам. Калі пры гэтым выяўляецца супярэчнасць, аналіз паўтараецца з вылучэння новых гіпотэз аб структуры і ўласцівасцях састаўных частак аб’екта вывучэння. Калі паўторны аналіз паказаў неадольнасць супярэчнасцяў, то для выяўлення структуры аб’екта неабходны новы падыход. У логіцы сістэмны аналіз выкарыстоўваецца з часоў Арыстоцеля. Са з’яўленнем сімвалічнай логікі, кібернетыкі і семіётыкі выпрацавана найб развітая форма лагічнага аналізу — пабудовы фармалізаваных моў.

Літ.:

Пузиков П.Д. Анализ и синтез — от мысли к вещи. Мн., 1969;

Андреев М.Д. Диалектическая логика. М., 1985;

Hintikka J., Remes U. The method of analysis. Dordrecht;

Boston, 1974.

В.​М.​Пешкаў.

т. 1, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНАСТЫЦЫ́ЗМ (ад грэч. agnōstos недаступны пазнанню),

філасофскае вучэнне, паводле якога немагчыма пазнанне аб’ектыўнага свету, яго сутнасці і заканамернасці развіцця, дасягненне абсалютнай ісціны; крайняя форма скептыцызму. Роля навукі абмяжоўваецца толькі пазнаннем з’яў. Тэрмін уведзены ў 1863 англ. прыродазнаўцам Т.​Гекслі. Ідэі агнастыцызі прасочваліся яшчэ ў ант. філасофіі (Пратагор, сафісты). Найб. паслядоўна агнастыцызм прадстаўлены ў вучэннях Д.Юма і К.Канта. Юм лічыў, што ўсё пазнанне звязана толькі з вопытам і прынцыпова не выходзіць за яго межы, а таму нельга меркаваць пра адносіны паміж вопытам і рэальнасцю. Кант абгрунтоўваў агнастыцызм увядзеннем і размежаваннем паняццяў «рэч у сабе» (недасягальная для пазнання) і «рэч для нас» (у працэсе пазнання якой утвараецца вобраз гэтай рэчы). Пазнаючы вобраз, розум імкнецца пазнаць і «рэч у сабе», але гэта яму не ўдаецца, паколькі ён валодае магчымасцямі толькі для пазнання вобраза рэчы, таму розум канчаткова заблытваецца ва ўзаемна супярэчлівых выказваннях аб прадмеце (антыноміях), якія дапускаюць пераканаўчае лагічнае абгрунтаванне. Агнастыцызм параджаецца абсалютызацыяй, празмерным адасабленнем і проціпастаўленнем тэорыі і практыкі, пазнання і рэчаіснасці, суб’екта і аб’екта пазнання. Разнавіднасцю агнастыцызму з’яўляецца іерогліфаў тэорыя, неапазітывізм, экзістэнцыялізм і інш.

М.​В.​Анцыповіч.

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Адбыўся 14—22.1.1935 у Мінску; 787 дэлегатаў з рашаючым і 180 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР; даклады аб стане і развіцці жывёлагадоўлі, стане і задачах аховы здароўя ў БССР.

Праходзіў ва ўмовах узмацнення культу асобы Сталіна і актыўнага складвання камандна-адм. сістэмы, што вяло да пэўнага адрыву рашэнняў з’езда ад жыцця, перабольшвання дасягнутых поспехаў, недаацэнкі цяжкасцяў і недахопаў. Паставіў нерэальную задачу перавыканаць план 2-й пяцігодкі. Сярод дасягненняў адзначаны адмена картачнай сістэмы на прадукты харчавання, канчатковая перамога калгаснага ладу ў рэспубліцы. З’езд звярнуў увагу на дрэнную работу большасці жывёлагадоўчых саўгасаў і калгасных фермаў, ухваліў дзярж. план развіцця жывёлагадоўлі. Зроблены змены і дапаўненні да Канстытуцыі БССР, абвешчана абавязковая сіла пастаноў і заканадаўчых актаў СССР на тэр. Беларусі.

Выбраў ЦВК БССР (215 чл.), 72 дэлегаты на 7-ы з’езд Саветаў СССР і 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет нацыянальнасцяў ЦВК СССР. Старшынёй ЦВК БССР абраны А.​Р.​Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — М.​М.​Галадзед.

М.​П.​Касцюк.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАКЛА́СНАЕ ПАЧАТКО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА навучальная ўстанова ў Рас. імперыі. На Беларусі першыя аднакласныя пачатковыя вучылішчы існавалі пры манастырах каталіцкіх ордэнаў. Паводле Статута для прыходскіх вучылішчаў 1807 для дзяцей бедных рамеснікаў і сялян ствараліся аднакласныя пачатковыя вучылішчы з адным настаўнікам, якія мелі 6-месячны тэрмін навучання. Вучэбныя планы абмяжоўваліся практычнымі мэтамі. Паводле Статута 1828 дзейнасць аднакласных пачатковых вучылішчаў мела саслоўны характар. «Часовыя правілы для народных школ...» 1863 дазвалялі прыём у аднакласныя пачатковыя вучылішчы дзяцей усіх саслоўяў і веравызнанняў; выкладалі Закон Божы, рус. мову, першыя чатыры дзеянні арыфметыкі, спевы. У сярэдзіне 1870-х г. на Беларусі было 50 аднакласных пачатковых вучылішчаў (36 з іх мелі жан. змены), у пач. 1890-х г. — 70 з 2-гадовым тэрмінам навучання. Паводле «Палажэння аб царкоўных школах праваслаўнага веравызнання» (1902) існавалі аднакласныя пач. школы царк. ведамства з 3-гадовым тэрмінам навучання (гл. Царкоўнапрыходскія школы). З павелічэннем ролі земстваў (1911) аднакласныя пачатковыя вучылішчы царк. ведамства не вытрымалі канкурэнцыі з земскімі школамі, дзе даваліся больш глыбокія веды, і сталі пераходзіць на земскае ўтрыманне (Віцебская, Магілёўская, Мінская губерні).

С.​В.​Снапкоўская.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НАЯ ЯЎРЭ́ЙСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (АЯСРП),

яўрэйская нац. партыя сацыяліст. арыентацыі ў Расіі ў 1917—20. Утворана на аб’яднаным з’ездзе Сацыялістычнай яўрэйскай рабочай партыі і Сіянісцка-сацыялістычнай партыі (ліп. 1917). Зыходная ідэя партыі — стварэнне самастойнага яўр. грамадства ў дыяспары на аснове нац.-паліт. аўтаноміі. Прадугледжвала скліканне экстэрытарыяльных парламентаў (соймаў), якія павінны вырашаць усе пытанні яўр. жыцця ў дыяспары. Канчатковая праграмная мэта — стварэнне ў Палесціне «нацыянальнага ачага» як «асобнага яўрэйскага сацыялістычнага грамадства». Абапіралася на дэмакр. інтэлігенцыю, рамеснікаў і некат. рабочых. Аб’ядноўвала каля 5 тыс. чал. (1917). Кіраўнікі Ш.​Ківін, Н.​Уфрыхціч, М.​Гутман і інш. На Беларусі вяла барацьбу з Бундам за паліт. ўплыў, але паступова эвалюцыяніравала ў яго бок. У 1917—18 супрацоўнічала з Беларускай радай, Беларускай сацыялістычнай грамадой. Удзельнічала ў стварэнні Народнага сакратарыята Беларусі. Падтрымала абвяшчэнне БНР. Ва ўмовах змагання супраць польскіх інтэрвентаў зблізілася з бальшавікамі, і яе члены ўвайшлі ў склад СНК Літ.-Бел. ССР (май 1919). ЦК партыі падтрымаў рэзалюцыю XII канфер. Бунда (Масква, крас. 1920) аб тым, што патрабаванне нац.-культ. аўтаноміі траціць сэнс пры сац. рэвалюцыі. Злілася з Бундам.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ ФЕАДАЛІ́ЗМУ», «Белоруссия в эпоху феодализма»,

зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі ад стараж. часоў да 1861. Падрыхтаваны Ін-там гісторыі АН БССР і Архіўным упраўленнем пры СМ БССР (т. 1—4, Мн., 1959—79). Матэрыялы для зборніка запазычаны з інш. выданняў, значная частка (асабліва за 17—19 ст.) выяўлена ў архівах; апублікаваны на рус. і стараж.-бел. мовах, некаторыя дакументы — у перакладах з польск. і лац. моў.

1-ы том (ад стараж. часоў да сярэдзіны 17 ст.) змяшчае матэрыялы пра развіццё феадалізму, феад. раздробленасць, утварэнне ВКЛ, уніі з Польшчай. Матэрыялы 2-га тома (сярэдзіна 17 — 18 ст.) прысвечаны вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, сац.-эканам. і культурнаму развіццю Беларусі, паліт. і рэлігійным рухам. 3-і том (канец 18 — 1-я пал. 19 ст.) змяшчае дакументы аб падзелах Рэчы Паспалітай і сац.-эканам. становішчы Беларусі, 4-ы том (1-я пал. 19 ст.) — пра вайну 1812, палітыку рас. улад на Беларусі, нац.-вызв. рух, культуру Беларусі.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 3, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ НАГЛЯ́Д,

сістэма мерапрыемстваў па забеспячэнні дзярж. кантролю за выкананнем правіл, нормаў і інструкцый, распрацоўкай і правядзеннем прафілактычных мер па тэхніцы бяспекі і ахове нетраў. У Рэспубліцы Беларусь горны нагляд ажыццяўляецца К-там па нагляду за бяспечным вядзеннем работ у прам-сці і атамнай энергетыцы Мін-ва па надзвычайных сітуацыях і ахове насельніцтва ад вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (Праматамнагляд) і яго структурнымі падраздзяленнямі. Горны нагляд устанаўліваецца за горнымі работамі, звязанымі са здабычай карысных выкапняў, надземнымі трансп. і гідратэхн. збудаваннямі, работамі па геал. вывучэнні нетраў, перапрацоўкай мінер. сыравіны, аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем, геал.-маркшэйдэрскім кантролем. Органы горнага нагляду маюць правы: прыпыняць работы па выкарыстанні нетраў у выпадках парушэння правіл і нормаў па бяспечным вядзенні работ і ахове нетраў; спыняць самавольнае карыстанне нетрамі; даваць абавязковыя для выканання ўказанні аб ліквідацыі парушэнняў; расследаваць абставіны і прычыны аварый і прымаць па іх выніках адпаведныя рашэнні; накладваць адм. спагнанні на службовых асоб і грамадзян за парушэнні горнага заканадаўства ці перадаваць матэрыялы ў органы пракуратуры. Парадак ажыццяўлення горнага нагляду рэгламентуецца Палажэннем, зацверджаным пастановай урада Беларусі 13.10.1995.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІМЕТРЫ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,

від разведачнай геафізікі, заснаваны на вымярэннях анамальных гравіметрычных паказчыкаў Зямлі. Выкарыстоўваецца для вывучэння будовы зямной кары, пошуку і разведкі карысных выкапняў. Дае магчымасць выяўляць разломы ў зямной кары (гл. Глыбінны разлом) і вылучаць структуры, недаступныя вывучэнню звычайнымі геал. метадамі. Уключае гравіметрычную здымку, інтэрпрэтацыю анамалій і пабудову гравіметрычнай мадэлі аб’екта. Бывае наземная, марская (надводная, падводная, донная), падземная, аэра- і касмічная. Выконваецца гравіметрамі. Імі вымяраюць адносныя значэнні сілы цяжару. Вынікі гравіметрычнай разведкі «прывязваюцца» да апорных пунктаў дзярж. гравіметрычнай сеткі. Маштаб здымкі вызначаецца яе мэтамі і ўмовамі правядзення работ: для рэгіянальных даследаванняў 1:200 000 — 1:500 000; пры пошуках нафтагазаносных структур 1:50 000; у шахтах і свідравінах 1:500 і інш. На падставе агульнай гравіметрычнай разведкі вылучаюцца раёны, перспектыўныя для пошуку карысных выкапняў, і асобныя геал. структуры, дзе магчыма размяшчэнне нафтавых, газавых і рудных радовішчаў. Па выніках агульнай гравіметрычнай разведкі праводзяцца дэталёвыя пошукі, пры якіх аналізуюцца лакальныя анамаліі сілы цяжару для атрымання адказаў аб элементах і ўмовах залягання анамаліяўтваральных аб’ектаў. Гравіметрычная разведка выконваецца звычайна ў комплексе з магніта-, электра- і сейсмаразведкай.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)