ЗО́ЛАК (Янка) (сапр.Даніловіч Антон Міхайлавіч; н. 14.11.1912, в. Лучнікі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Брат Алеся Змагара. Скончыў Мінскі педтэхнікум (1935). З 1935 працаваў настаўнікам у школах Бабруйскага р-на, адначасова вучыўся ў Аршанскім настаўніцкім ін-це. У пач.Айч. вайны вярнуўся ў родную вёску, выкладаў у школе, працаваў у акр. аддзеле самапомачы і ў рэдакцыі «Газэты Случчыны». У 1944 выехаў у Германію, з 1952 жыве ў ЗША. Першы верш надрукаваў у 1930. Абсяг яго паэзіі часу выгнання — вершы роздуму, суму па страчанай Беларусі і маладосці, прысвечаныя каханню, прыгажосці прыроды, гумарыстычныя. Аўтар зб-каў «За чужы грэх» (1958), «Агонь душы» (1979), аповесцей «Т.Д.Ч.» і «Ціхі Стаў».
Тв.:
Творы. Т. 1—2. [Б.м.], 1979—81;
Вятрыска з радзімай краіны: Зб.выбр.тв.Мн., 1996.
Л.С.Савік.
Літ.:
Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́С ((Jooss) Курт) (12.1.1901, г.Васеральфінген, Германія — 29.5.1979),
нямецкі артыст балета, балетмайстар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў экспрэсіянізму ў танцы. Вучыўся ў Вышэйшай муз.школе ў Штутгарце (1919—21). З 1921 з Р. фон Лабанам працаваў у т-рах Мангейма і Гамбурга, балетмайстрам дзярж.т-ра ў Мюнстэры. Арганізатар (1927) і кіраўнік (1949—68) аддзялення танца «Фолькванг-шуле», адначасова балетмайстар трупы «Фолькванг-балет» у Эсене. У 1933 са сваёй трупай «Бале Іос» эмігрыраваў у Англію, адкрыў там уласную школу. Як балетмайстар-наватар стварыў танц. драму новага тыпу, сінтэзаваў танец мадэрн з тэхнікай класічнага танца і драм. пантамімы. Сярод лепшых пастановак: «Зялёны стол» на муз. Ф.Коэна (1932, 1-я прэмія на міжнар. конкурсе харэографаў у Парыжы), «Блудны сын» Коэна (1933), «Кампанія на заезным двары» на муз. Л.Бетховена—Кука (1943), «Пандора» Герхарда (1974). Творчасць І. зрабіла вял. ўплыў на развіццё харэаграфічнага мастацтва многіх краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКІ (Восіп Міхайлавіч) (9.1.1801, г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. — 21.10.1878),
гісторык, адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расіі. Акад. Пецярбургскай АН (1847), праф. (1834). Скончыў Свіслацкую гімназію (1817), Віленскі ун-т (1821). З 1821 выкладаў у Віленскай гімназіі. У 1825 арыштаваны за ўдзел у тайных т-вах, высланы ў Казань, дзе ва ун-це вывучаў усх. мовы. У 1829—30 наведаў Манголію і Кітай. З 1833 выкладаў у Казанскім ун-це, заг. першай у Еўропе кафедры манг. мовы. У 1855—60 рэктар Казанскага ун-та. З 1862 у Варшаве, выкладаў усеаг. гісторыю ў Гал.школе (з 1869 ўн-т). Аўтар прац «Кароткая граматыка мангольскай кніжнай мовы» (1835), «Мангольская хрэстаматыя» (т. 1—2, 1836—37), «Мангольска-руска-французскі слоўнік» (т. 1—3, 1844—49, Дзямідаўская прэмія Пецярбургскай АН) і інш.
Літ.:
Міхнюк У.М., Шалькевіч В.Ф. Усходазнаўца Восіп Кавалеўскі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДО́ЎСКІ (Дзмітрый Мікалаевіч) (5.9.1866, г. Пераслаўль-Залескі Яраслаўскай вобл., Расія — 9.2.1943),
расійскі мастак, педагог. Засл. дз. маст. РСФСР (1929). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1892—96, 1900—02) у П.Чысцякова і І.Рэпіна, школе А.Ажбе ў Мюнхене (1896—1900). З 1907 праф., з 1911 правадз.чл. Пецярбургскай АМ. Выкладаў у Пецярбургскай АМ (1903—18), маск. Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—30) і інш. Майстар кніжнай ілюстрацыі (малюнкі да «Каштанкі» А.Чэхава, 1903; «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1907—12; «Рускіх жанчын» М.Някрасава, «Рэвізора» М.Гогаля, абедзве 1922; «Пятра I» А.М.Талстога, 1932). Аўтар карцін, акварэлей, малюнкаў, прысвечаных эпосе Пятра I, пушкінскаму часу, дзекабрыстам («На Сенацкай плошчы», 1927, і інш.). Працаваў як тэатр. мастак у маск. Малым т-ры.
Тв.:
Об искусстве: Воспоминания, статьи, письма. М., 1960.
Літ.:
Подобедова О.И. Д.Н. Кардовский. М., 1957.
Дз.Кардоўскі. Ілюстрацыя да «Рэвізора» М.В.Гогаля. 1922.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЮХ (Пётр Васілевіч) (8.3.1910, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.7.1994),
бел. спявак (бас). Скончыў курсы льнаводства ў Вілейцы, да 1939 працаваў на Баранавіцкім ільнокамбінаце. У 2-ю сусв. вайну ў арміі Андэрса. З 1945 як стыпендыят 2-га корпуса Войска Польскага вучыўся ў АМ у Рыме. Незвычайная шырыня дыяпазону голасу, яго моц і тэмбравая афарбоўка дазвалялі яму па-майстэрску выконваць вядучыя басовыя партыі ў операх «Дон Карлас» Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно, «Мефістофель» А.Бойта, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага і інш. Выступаў у Італіі, здзейсніў турнэ па Еўропе. З 1950 у ЗША, потым у Канадзе. У 1958—85 саліст хору данскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.Жарава (ЗША). Выкладаў спевы ва ўласнай школе ў Нью-Йорку, у Гамбургу (Германія). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыме (1957). У 1975 наведаў Беларусь. Сябраваў з Р.Шырмай, Я.Брылём, А.Бажко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КШЭ́НЕК, Кршэнек (Křenek) Эрнст (23.8.1900, Вена — 22.12.1991), аўстрыйска-амерыканскі кампазітар, педагог. Вучыўся ў Акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва ў Вене (з 1916), у Вышэйшай школе музыкі ў Берліне (1920—23). З 1937 у ЗША, праф. шэрагу ун-таў і каледжаў. У 1920-я г. зазнаў уплыў Б.Бартака, І.Стравінскага, П.Хіндэміта, як оперны кампазітар быў пад уплывам экспрэсіянізму. оперы «Скачок праз цень» (паст. 1924), «Джоні найгравае» (паст. 1927) з элементамі джаза і атанальнай муз. структурай. З 1930-х г. шырока выкарыстоўваў дадэкафонію, серыяльнасць (гумарыстычная тэлеопера «Разлічана і прайграна», 1961). З 1950-х г. адзін з вядучых прадстаўнікоў муз.авангарда (тэлеопера «Чароўнае люстэрка», 1966). Пісаў электронную музыку, карыстаўся алеаторыкай. Аўтар 17 опер, 3 балетаў, аперэт, 5 сімфоній (1923—50), канцэртаў для інструментаў з аркестрам і інш.; кніг «Аб новай музыцы» (1937), «Эцюды аб кантрапункце» (1940), аўтабіяграфіі (1948) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МЕНСКАЯ ШКО́ЛА-КАМУ́НА,
доследна-паказальная прац. школа ў в. Лемень Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ. Існавала ў 1920—24. Засн.бел. педагогамі М.М.Лепяшынскім і М.І.Кернажыцкім. Працягвала традыцыі Ліцвінавіцкай школы-камуны. Выкладаліся рус. мова і л-ра, франц. мова, гісторыя, грамадазнаўства, палітэканомія, фізіка, хімія, прыродазнаўства, псіхалогія, логіка, гігіена, фіз. культура. У школе спалучалася навучанне з прадукцыйнай с.-г. працай. Прац. навыкі набываліся ў працэсе самаабслугоўвання. Школа мела гаспадарку і майстэрні (сталярная, слясарная, шавецкая, пераплётная і інш.), дзе працавалі навучэнцы, а таксама метэаралагічную станцыю. Было развіта вучнёўскае самакіраванне. Дзейнічалі камісіі: прац., гігіенічная, культ.-масавая, харч., гаспадарчая. Працавалі гурткі — літ., драм., маст. самадзейнасці, с.-г., спартыўныя. Школа выпусціла каля 150 чал. Сярод яе выхаванцаў акад.АН Беларусі П.Ф.Ракіцкі, чл.-кар.АН Беларусі І.В.Гутараў, кампазітар І.І.Любан і інш.
Літ.:
Народная адукацыя і педагагічная навука ў Беларусі (1917—1945). Мн., 1993. С. 46—54.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСКО́ЎСКІ (Юльян) (псеўд.БандурыстКарабіч, Ю. Карабіч, Марцін Мізэра; 1826, в. Новая Жосна Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1888),
польскі і бел. пісьменнік, журналіст. Паходзіў са шляхты герба «Кораб», адсюль адзін з псеўданімаў Карабіч. Адукацыю атрымаў у бернардзінскай школе (відаць, у Будславе). Працаваў канцылярыстам у Вільні. Удзельнічаў у вызв. руху. У 1849 эмігрыраваў. Жыў у Лондане, дзе ў 1855 напісаў рамант. паэму «У чужой старане», у якой паэтызаваў родны край. З 1860 у Вільні. Выдаў зб. «Беларускі бандурыст» (1861), прасякнуты патрыят. пачуццямі, пратэстам супраць сац. прыгнёту (верш «Сірата»), напоўнены беларусізмамі. Аповесць «У Амерыку па золата» (1888) пра цяжкое жыццё эмігрантаў з Польшчы і Беларусі. У арт. «Слова пра песню» (1882) выявіў добрае веданне бел. мовы і фальклору, змясціў тэксты бел. вершаў «Зямелька мая» і «Пад дуду» (відаць, аўтарскія).
Літ.:
Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. Мн., 1994. С. 148—161.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁЛЬ ((Maillol) Арыстыд Жазеф Банавенцюр) (8.12.1861, Баньюль-сюр-Мер, Францыя — 27.9.1944),
французскі скульптар. Вучыўся жывапісу ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1882—86). Зазнаў уплыў П.Гагена. Быў блізкі да групы «Набі». З 1890-х г. займаўся скульптурай (невял. станковыя творы ў стылі мадэрн). У сталы перыяд творчасці імкнуўся да абагульненасці вобразаў і архітэктанічнай яснасці аб’ёмна-пластычных мас, дасягаў велічнай гармоніі магутных форм і плаўнасці ліній сілуэта. Увасабляў пераважна аголеныя жаночыя фігуры як сімвал чалавечай прыгажосці і дасканаласці: «Міжземнамор’е» (1902—05), «Ноч» (1902—09), «Флора» (1911), «Іль-дэ-Франс» (1920—25), «Венера з каралямі» (1930). Аўтар манументаў у гонар А.Бланкі (1906), П.Сезана (1912), К.Дэбюсі (1935) і інш. Майстар дробнай пластыкі, займаўся таксама гравюрай і літаграфіяй. Мастацтва М. паўплывала на многіх скульптараў 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Яўген Сямёнавіч) (н. 8.3.1922, с. Новаўкраінка Херсонскай вобл., Украіна),
расійскі акцёр і кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1974). Вучыўся ў кінаакцёрскай школе пры Кіеўскай кінастудыі (1940—41). З 1946 акцёр Цюменскага, Новасібірскага т-раў, у 1952—68 у Малым т-ры. Сярод роляў: Фердынанд («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Нязнамаў, Цяляцьеў («Без віны вінаватыя», «Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Ніл («Мяшчане» М.Горкага) і інш. Зняўся ў фільмах «Родная кроў» (1964), «Дзеля жыцця на зямлі» (1974) і інш. Паставіў фільмы, у большасці якіх выконваў гал. ролі: «Цыган» (1967), «Любоў зямная» (1975), «Лёс» (1979), «Асабліва важнае заданне» (1981), «Перамога» (1985), «Чаша цярпення» (1990), «Любіць па-руску» (1995), «Любіць па-руску 2» (1996), «Любіць па-руску 3» (1999) і інш. Мастацтва М. адметнае адкрытым тэмпераментам, грамадзянскасцю, яснасцю кінамовы. Дзярж. прэмія Расіі 1974. Дзярж. прэмія СССР 1979.