АПЫЛЕ́ННЕ,

перанос пылку на рыльца песціка (у пакрытанасенных) або на семязавязь (у голанасенных) раслін. Папярэднічае апладненню. Адрозніваюць 2 біял. тыпы апылення: самаапыленне (перанос пылку ў межах адной кветкі — аўтагамія або з інш. кветак той жа расліны — гейтанагамія) і перакрыжаванае (перанос пылку з кветак інш. раслін). Самаапыленне менш пашырана, трапляецца ў некаторых дзікарослых (напр., дзьмухавец, ястрабок) і культурных (ячмень, пшаніца, гарох, фасоля) раслін; у некаторых відаў адбываецца ў нераскрытых кветках (клейстагамія). Перакрыжаванае апыленне больш прагрэсіўнае (аб’ядноўваюцца розныя геномы, у выніку ўтвараецца гетэразіготнае, больш жыццяздольнае патомства). Пылок можа пераносіцца ветрам (анемафілія), вадой (гідрафілія), насякомымі (энтамафілія), птушкамі (арнітафілія) і інш. У селекцыі і раслінаводстве шырока выкарыстоўваюць штучнае апыленне.

т. 1, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ГЕН Мікалай Аляксандравіч (24.3.1895, в. Лахта, цяпер у межах Санкт-Пецярбурга — 20.5.1969),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-лейт. (1943). Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу (1929). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У ліп. 1941 153-я стралк. дывізія пад яго камандаваннем утрымлівала абарону на падыходзе да Віцебска (гл. Віцебска абарона 1941), з 22 ліп. да вер. 1941 знішчыла каля 200 танкаў, 56 гармат, шмат інш. тэхнікі і жывой сілы праціўніка. За стойкасць у гэтых баях і ў Смаленскай бітве дывізія адна з першых удастоена наймення «гвардзейскай». Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́ЖНЯЯ ТУНГУ́СКА,

рака ў Эвенкійскай аўт. акрузе і Іркуцкай вобл. Расіі, правы прыток р. Енісей. Даўж. 2989 км, пл. басейна 473 тыс. км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага пласкагор’я. У верхнім цячэнні (да вусця р. Ілімпея) — у шырокай даліне, у рэчышчы шмат перакатаў. У ніжнім цячэнні частыя азёрападобныя расшырэнні (да 20—25 км). Пры перасячэнні трапаў месцамі цячэ ў цяснінах. Шмат парогаў. Гал. прытокі: Ілімпея, Таймура, Учамі (злева), Кочэчум, Віві, Тутанчана (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 3420 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Суднаходная ў час паводкі да г.п. Тура. У вусці — прыстань Туруханск.

т. 11, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў канцы 18 ст. і ў 1920—40. Створаны ў 1793 у межах Мінскай губ. Рас. імперыі. Цэнтр — г. Нясвіж. Скасаваны 12.12.1796. Зноў утвораны 29.7.1920 у Мінскай губ. БССР. Уключаў 12 валасцей: Гавязнянскую, Гарадзейскую, Грыцэвіцкую, Клецкую, Ланскую, Магільнянскую, Пацейкаўскую, Свержанскую, Сіняўскую, Сноўскую, Цімкавіцкую, Цялядавіцкую. 6.8.1920 да павета далучаны Жухавіцкая і Мірская вол. Навагрудскага пав. З 18.3.1921 у складзе Польшчы, за выключэннем Магільнянскай вол., частак Пацейкаўскай, Цімкавіцкай і Цялядавіцкай вал. З 3.12.1939 у БССР, у Баранавіцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, утвораны Нясвіжскі раён, часткі тэр. павета адышлі ў Ганцавіцкі, Капыльскі, Клецкі, Навагрудскі, Стаўбцоўскі і Уздзенскі р-ны.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭНС ЖЫЦЦЯ́ чалавека,

філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае прыроду вышэйшых маральных якасцей, выяўляе сацыяльна значную каштоўнасць чалавечага існавання. У межах натурфіласофіі С.ж. атаясамліваюць з імкненнем атрымаць максімум задавальненняў і асалоды (геданізм), пошукам асабістай выгады і карысці (утылітарызм), жаданнем быць шчаслівым (эўдэманізм). Трансцэндэнтная традыцыя дапускае пошук С.ж. па-за яе межамі і звязана з выяўленнем вышэйшай асабістай існасці, далучэнне да якой надае сэнс існаванню чалавека. Крыніцай і пунктам адліку тут выступае Бог ці іншы ўсеагульны надпрыродны духоўны пачатак — дух, ідэя і інш. У рэчышчы хрысц. традыцыі (каталіцызм, праваслаўе) С.ж. вызначаецца асн. запаветамі і каштоўнасцямі, выкладзенымі ў Бібліі і іншых свяшчэнных кнігах. У пратэстантызме, акрамя аўтарытэту Бібліі, важнае значэнне надаецца паўсядзённай працы ў межах свайго прызвання, асвечанага Богам, і аскетычнаму ладу жыцця. У тэорыі кармы чалавек перажывае, адпрацоўвае кармічныя праграмы, самарэалізуецца і павышае асабісты эвалюцыйны ўзровень шляхам адухаўлення матэрыі — творчасці з мэтай дасягнуць найвышэйшага ўзроўню, перарваць ланцуг пераўтварэнняў і выйсці з кругавароту зямнога жыцця. У рус. філасофіі канца 19 — пач. 20 ст. праблема С.ж. разглядалася як сацыяльная, грамадская (П.​Л.​Лаўроў, М.​К.​Міхайлоўскі і інш.); духоўна-маральная, асабістая (В.​В.​Розанаў, У.​С.​Салаўёў і інш.); сінтэз боскага і чалавечага (Я.​М.​Трубяцкой і інш.). Разнастайнасць падыходаў да вызначэння С.ж. звязана з праблемай маральнага выбару і свабоды.

Літ.:

Смысл жизни: Антология. М., 1994;

Змысл жизни в русской философии: Конец XIX — нач. XX в. СПб., 1995;

Ничипозов Б.В. Введение в христианскую психологию: Размышления священника-психолога. М., 1994;

Франк С.Л. Духовные основы общества. М., 1992.

С.​Н.​Зень.

т. 15, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДЗІ́ЦКІ Аляксей Кузьміч (н. 2.5.1934, в. Пугачова, цяпер у межах г. Брэст),

бел. крытык. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1956). Працаваў у дзіцячым доме, сакратаром райкома камсамола, журналістам на Брэстчыне. З 1962 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1966 у Дзяржкамдруку Беларусі, з 1972 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1959. Аўтар кніг дыялогаў, інтэрв’ю, гутарак пра л-ру («Дыялогі», 1968; «Сустрэчы», 1972; «Вачыма сяброў», 1977; «Сябрына», 1986; «Гутаркі», 1988); літ.-знаўчых прац («Пра майстэрства дэталі», 1969, «Творчасць Івана Шамякіна», 1971). Выступае ў жанры малой прозы. Складальнік біягр. даведнікаў «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» (1981), «Беларускія пісьменнікі (1917—1990)» (1994).

Я.​Р.​Лецка.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛЕЎ МОХ, Булеўскае балота,

у Беларусі, у Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. і Салігорскім р-не Мінскай вобл., у вадазборы р. Случ і воз. Чырвонае. Нізіннага (93%) і мяшанага (7%) тыпаў. Балота перасякаюць Даманавіцкі і Беладаманавіцкі каналы. Пл. 27,9 тыс. га, у межах прамысл. Пакладу 18,5 тыс. га. Глыб. торфу да 6 м, сярэдняя 1,7 м. Першапачатковыя запасы торфу 52,8 млн. т. Ёсць паклады сапрапелю магутнасцю да 5 м, агульныя запасы 13 млн. м³. Асушаная частка выкарыстоўваецца пад ворыва, сенажаць, здабываецца торф. На астатняй тэр. рэдкія лясы з бярозы, хвоі, ёсць багун, асокі, хвошч, трыснёг; мохавае покрыва са сфагнавых і гіпнавых імхоў.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́,

рака ў Беларусі, у Кіраўскім, Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл. і Жлобінскім, Светлагорскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 100 км. Пл. вадазбору 1230 км² у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 0,8—1 км. Пойма (у вярхоўі асушаная і разараная) шыр. ад 0,5 да 1,5 км. Рэчышча каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—3 м, у ніжнім цячэнні нізкія. Асн. прытокі: Рылейка, Беліца, Вял. Вязанка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с, 52% гадавога сцёку прыпадае на вясну. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ г.п. Кіраўск.

Рака Ала ў Бабруйскім раёне.

т. 1, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́РСТКАСЦЬ канструкцыі,

уласцівасць канструкцыі (цела) супраціўляцца дэфармацыі. Залежыць ад геам. характарыстык папярочнага сячэння элементаў канструкцыі і фіз. уласцівасцей матэрыялу (модуляў пругкасці).

У абсалютна цвёрдага цела (ідэальны выпадак) Ж. бясконца вялікая, у гумы — вельмі малая. Большасць канструкцыйных матэрыялаў па Ж. займаюць прамежкавае становішча. Пры простых дэфармацыях у межах Гука закону Ж. вызначаецца як здабытак модуля пругкасці на тую ці іншую характарыстыку папярочнага сячэння элемента (плошчу, восевы момант інерцыі і інш.). Паняцце Ж. шырока выкарыстоўваецца пры рашэнні задач супраціўлення матэрыялаў. У авіяцыі і ракетнай тэхніцы часта ўлічваюць удзельную Ж. — адносіны Ж. да шчыльнасці матэрыялу. Велічыня, адваротная Ж., наз. падатлівасцю.

І.​І.​Леановіч.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎСКАЯ СТА́ЧКА 1885,

забастоўка рабочых на прадзільнай ф-цы Ц.​Марозава ў мяст. Нікольскае (цяпер у межах г. Арэхава-Зуева Маскоўскай вобл., Расія) 19—29.1.1885. Выклікана зніжэннем зарплаты і вял. штрафамі (да 50 % заробку). Удзельнічала каля 8 тыс. чал. Стачка задушана ўзбр. сілай.

Больш за 600 чал. арыштавана. Следства выявіла карціну злоўжыванняў фабрыканта. У маі 1886 суд прысяжных у г. Уладзімір апраўдаў 33 удзельнікаў стачкі, у т. л. кіраўнікоў. М.с. паўплывала на выданне ўрадам 15.6.1886 закона аб штрафах, які абмяжоўваў іх памер і накіроўваў штрафныя сумы на агульныя патрэбы саміх рабочых, змяшчаў і інш. ўступкі рабочым.

Літ.:

Пробуждение: К 100-летию Морозовской стачки. М., 1984.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)