МЕЛО́ДЫЯ (ад грэч. melōdia спевы, напеў, песня, мелодыя),
асноўны выразны сродак музыкі, у якім у непарыўным адзінстве суіснуюць гукавышынны (уласна меладычны), рытмічны і ладавы бакі. Канкрэтныя мелодыі валодаюць таксама тэмбравай, рэгістравай, дынамічнай і агагічнай выразнасцю. Інтанацыйная прырода М. (гл.Інтанацыя) надае ёй нац., жанравую, часткова сац. характэрнасць, збліжае з чалавечай мовай, што выяўляецца ў гукавым вырашэнні, асэнсаванай расчлянёнасці на матывы («словы»), фразы і сказы, у яе змястоўнай і камунікатыўнай функцыях. Цэласнасць, пластычнасць і злітнасць М. як найважнейшага сэнсавага кампанента музыкі забяспечвае аб’яднанне ў ёй характэрных інтанацый (пытання, воклічу, сцвярджэння і інш.) з агульнымі формамі паступеннага меладычнага руху. Суадносіны гэтых момантаў вызначаюцца стылем і жанрам М., яе прыналежнасцю да пэўнага тыпу — рэчытатыўна-дэкламацыйнага, арыёзнага, кантыленнага. Вакальная першааснова М. (залежнасць ад дыхання і галасавога апарата) выяўляецца ў асаблівасцях яе структуры і дынамічнага разгортвання, уласцівых вак. і інстр. мелодыцы, розным стылям, жанрам і меладычным тыпам. Гэта — хвалевая будова («меладычнае дыханне») і натуральнае ўзмацненне дынамікі пры пераходзе ў верхні рэгістр, а пры зыходным руху і вяртанні ў першапачатковы рэгістр — яе аслабленне. Выразнасць канкрэтнай М. ў многім залежыць ад віду меладычнай хвалі (прамой ці зваротнай), яе працягласці, размяшчэння кульмінацыйнага пункта — у пачатку (т.зв. «вяршыня-крыніца», у высокай ступені ўласцівая ўсх.-слав. песеннасці), сярэдзіне або ў канцы хвалі, а таксама ад рытмічнай і ладавай арганізацыі, але перш-наперш ад інтанацыйнага зместу. У нар. і прафес. музыцы аднагалосая М. нярэдка выступае ў тэрцовых, секставых і інш. дубліроўках. У фальклоры найб. пашырана тэрцовая ўтора, у прафес. музыцы — разнастайныя акордавыя згушчэнні, што ўтвараюць свайго роду шматгалосую мелодыю. Роля М. неаднолькавая ў поліфаніі, гамафоніі, манодыі. У поліфаніі М. адначасова спалучаецца з інш. раўнапраўнымі ёй галасамі. У гамафонных творах М. — вядучы голас, утварае першы план на фоне гарманічнага суправаджэння. У манадычных стылях нар., стараж. культавай, класічнай музыкі народаў Усходу М. — адзіны і паўнацэнны носьбіт маст. зместу. Прафес. музыка 20 ст. характарызуецца выключнай разнастайнасцю меладычных стыляў, у якіх адлюстраваны заканамернасці архаічных фальклорных слаёў і сучасныя складаналадавыя, новамадальныя, дадэкафонныя і інш. структуры. У бел. музыказнаўстве асн. ўвага даследаванняў скіравана на выяўленне меладычных асаблівасцей бел.нар. музыкі і іх ператварэнне ў прафес. музыцы ў крыніцу нац. спецыфікі.
Літ.:
Мазель Л.А. О мелодии. М., 1952;
Ручьевская Е. Мелодия сквозь призму жанра // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;
Корчмар Л.О. Учение о мелодии в XVIII в. // Вопросы теории музыки. М., 1970. Вып. 2;
Арановский М.Г. Синтаксическая структура мелодии. М., 1991;
Елатов В.И. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;
Титова Т.А. О современных аспектах термина «мелодия» // Вопросы методологии современного музыкознания. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАФІ́ЗІКА (ад грэч. «Meta ta phisica» пасля фізікі),
1) частка, галіна філасофіі, прысвечаная гал. абстрактным праблемам чалавечага быцця і пазнання. Тэрмін «М.» паходзіць ад назвы зборніка філас. прац Арыстоцеля, якія складалі «першую філасофію», г.зн. лічыліся ўласна філас. працамі і паводле свайго прадмета адрозніваліся ад «фізікі» як навукі аб свеце канкрэтных рэчаў і з’яў. У працэсе эвалюцыі М. паступова траціла сувязь з рэчаіснасцю і накіроўвала намаганні на абстрактны пошук нейкай агульнай першаснай асновы ўсяго існага незалежна ад акрэсленых форм яго існавання ў прасторы і часе. Панаванне метафіз. поглядаў характэрна для сярэдневяковай філас. думкі, калі М. прэтэндавала на месца асобай «навукі» аб звышпачуццёвай сутнасці свету і абгрунтоўвала думку пра яго боскае паходжанне. Адыход ад элементаў аб’ектыўных ведаў аб чалавеку і яго прыродным і сац. асяроддзі, а таксама канструяванне штучных уяўленняў аб свеце прывялі да ператварэння М. ў схаластыку. Зацікаўленасць грамадства ў навук.філас. асэнсаванні рэчаіснасці і дасягненнях прыродазнаўчых навук суправаджалася вызваленнем філасофіі ад метафіз. падыходаў. Аб’ект метафіз. разважанняў быў абмежаваны выключна з’явамі, якія былі недаступныя чалавечаму вопыту і атаясамліваліся з звышпрыродным пачаткам. Элементы М. ёсць у некат. кірунках сучаснай філасофіі, у сцвярджэннях пра існаванне «вышэйшай», г.зн. звышпачуццёвай рэчаіснасці, пра немэтазгоднасць і немагчымасць навук. пазнання сутнасці прыродных і грамадскіх працэсаў.
2) Метад мыслення, які супрацьстаіць дыялектыцы. У гэтым сэнсе паняцце М. ўпершыню выступае ў філасофіі Г.Гегеля, дзе метафіз. падыход да рэчаў і з’яў у адрозненне ад дыялектычнага лічыцца абмежаваным і не дазваляе раскрыць іх супярэчнасці, а таксама паказаць працэс развіцця паняццяў, таму што абапіраецца на канчатковыя адназначныя высновы. Паводле Гегеля. М. з’яўляецца недастатковай, але ў той жа час неабходнай умовай працэсу пазнання. Выкарыстанне ў навуцы метафіз. метаду з гіст. пункту гледжання было апраўданым у 17—18 ст., калі навука займалася збіраннем фактаў і расшчапляла прыроду на асобныя часткі. У 2-й пал. 19—20 ст. назіраецца негатыўнае стаўленне вучоных да М., што тлумачыцца пераходам навукі да абагульнення набытых навук. звестак, пранікненнем у глыбіню аб’ектаў пазнання і даследаваннем заканамерных сувязей паміж імі. Метафіз. метад абсалютызуе знешняе ўзаемадзеянне паміж аб’ектамі і ў той жа час недаацэньвае ўнутр. вытокі развіцця, у першую чаргу супярэчлівасць саміх аб’ектаў. На працягу 20 ст. М. як метад пазнання выступае ў некаторых кірунках сучаснай філасофіі (фенаменалогія, экзістэнцыялізм, рэалізм), а таксама ў тэалогіі.
Літ.:
Аристотель. Метафизика // Соч.М., 1976. Т. 1;
Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);
Вартофский М. Эвристическая роль метафизики в науке: Пер. с англ. // Структура и развитие науки М., 1978;
Исторические типы философии. М., 1991;
Мир философии. Ч. 1—2. М., 1991;
Boeder H. Topologie der Metaphysik. Freiburg-München, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЕ КІНО́,
від кінамастацтва, які папулярызуе навук., тэхн. і культуралагічныя веды. Як спалучэнне маст. і навук. якасцей арганічна аб’ядноўвае канкрэтна-пачуццёвыя і лагічныя формы пазнання.
Першыя фільмы Н.-п.к. былі відавыя («Вывяржэнне вулкана Этна», 1909, Францыя; «На Волзе», 1912, Расія) і вузка навук. («Жыццё матылькоў», 1911, Італія; «Інфузорыя», 1912, Расія). У 1925 у структуру фільма ўпершыню ўключаны навук. эксперымент («Механіка галаўнога мозга», рэж. У.Пудоўкін). Пазней сфарміравалася шырокая тэматычная структура, спецыфічныя пазнавальная і сац. функцыі Н.-п.к. Вылучыліся фільмы прыкладнога (навучальнае, н.-д. кіно) і папулярызатарскага (кіналекцыі, кінаманаграфіі і інш.) кірункаў, паводле тэматыкі — прыродазнаўчыя, мастацтвазнаўчыя, экалагічныя, фільмы-партрэты дзеячаў навукі і культуры і інш.Вял. ўклад у развіццё Н.-п.к. студый «Кіеўнавукфільм» (фільмы «Мова жывёл», 1967; «Сем крокаў за гарызонт», 1968; «Ці думаюць жывёлы?», 1970, Дзярж. прэмія СССР 1972; усе рэж. Ф.Собалеў) і «Цэнтрнавукфільм» («Альтэрнатыва», рэж. Б.Загражскі, 1975; «Генетыка і мы», 1978; «Хто пабудзіць аксалотля?» і «Мадэль», 1981; усе рэж. А.Саканян).
На Беларусі Н.-п.к. здымалі з сярэдзіны 1920-х г. («Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва рэж. М.Лявонцьеў). Фільмы 1940—50-х г. папулярызавалі веды аб родным краі, у 1960-я г. здымалі пераважна пазнавальныя стужкі, у 1970—80-я г. — фільмы пра нар. гаспадарку, ахову прыроды, тэхн. прагрэс і інш. Былі пашыраны тэхніка-прапагандысцкія фільмы, якія здымаліся па заказу і мелі прыкладны характар. Асобны кірунак склалі фільмы этнагр.-фалькл. тэматыкі (пераважна па сцэнарыях 3 Мажэйкі), якія знаёмілі з абрадамі беларусаў, У 1961—90 выходзіў кіначасопіс «Навука і тэхніка БССР». Н.-п.к. стваралі Мінская студыя кінахронікі, кінастудыя «Беларусьфільм» (1944—61), студыя «Летапіс». З сярэдзіны 1990-х г. Н.-п.к. здымаюць «Беларускі відэацэнтр» і студыя «Экафільм». У тэматыцы пераважаюць культуралагічныя і гіст. фільмы, сфарміравалася мадэль мастацтвазнаўчага фільма. Сярод лепшых бел.навук.-папулярных фільмаў: «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (рэж. Б.Сарахатунаў, В.Іванчанка), «Прытча пра кола і біясферу» (рэж. І.Пікман, абодва 1974), «Усё пачынаецца з зямлі» (1983), «Хто выправіць памылку Дземетры?» (1984, Гран-пры на 12-м Міжнар. фестывалі фільмаў і тэлевізійных праграм у г. Острава, Чэхаславакія, 1985), «Час сеяць» (1985), «Сцэны з жыцця эліты» (1987, усе рэж. А.Рударман), «Куфэрак старажытнасцей» (рэж. В.Моракава), «Цымбальныя званы» (рэж. А.Канеўскі, абодва 1988), «Аркадзь Смоліч» (1992), «Адвечныя званы» (1993, абодва рэж. Ю.Лысятаў), «Абразы Беларусі» (1993, рэж. Ю.Гарулёў), «Усяслаў Чарадзей» (рэж. У.Кавалёў), «Полацкія лабірынты» (рэж. С.Гайдук, абодва 1994), «Арганы Беларусі» (1995, рэж. М.Жданоўскі), «Ад прадзедаў спакон вякоў» (1996, рэж. Гарулёў), «Жыві ў свабодзе» (1998, рэж. С.Пятроўскі) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА (ад грэч. systēma складзенае з частак),
цэласная сукупнасць узаемазвязаных элементаў. У якасці С. разглядаюцца сукупнасць рэчаў, уласцівасцей і адносін, складаныя аб’екты, часткі прыроднага і тэхнагеннага асяроддзя, якія характарызуюцца шматузроўневасцю і іерархічнасцю пабудовы: напр., горныя С., С. рэк, азёр, мораў, жывёльнага і расліннага свету, С. гарадоў і інш. Адрозніваюць матэрыяльныя і ідэальныя С. Да матэрыяльных адносяць С. ўсіх узроўняў арганізацыі і форм руху матэрыі, уключаючы С. жывой і нежывой прыроды, С. эканам., паліт., прававых і інш. грамадскіх адносін. Ідэальныя С. ўключаюць канкрэтныя, якія складаюцца з пачуццёвых вобразаў і выяўляюцца, напр., у творах мастацтва, і абстрактныя, якія ўваходзяць у склад гіпотэз, тэорый і інш. С. падзяляюць таксама на адкрытыя і закрытыя, статычныя і дынамічныя, жорсткадэтэрмінаваныя і імавернасныя, натуральныя і штучныя і інш. Усім тыпам С. уласціва пэўнае падабенства характарыстык. Элементы С. могуць быць аднародныя і неаднародныя па сваіх якасцях. Комплексы разнародных элементаў у С. з’яўляюцца падсістэмамі. Элементы С. адносна самастойныя, што выяўляецца ў захаванні сваіх якасцей пры змене структуры С. і магчымасці пераходу ў інш. С. Самастойнасць элементаў залежыць ад ступені складанасці С.: чым больш складаная С., тым мацней узаемазалежныя элементы. Цэласнасць С. забяспечваецца яе структурай — устойлівым, упарадкаваным спосабам сувязі паміж элементамі. Структура С. складаецца ў працэсе ўзаемадзеяння элементаў і адказвае за ўзнаўленне С. і яе адаптацыю да ўмоў асяроддзя. Змены ў асяроддзі прыводзяць да пераўтварэння структуры С., а часам да замены папярэдніх элементаў якасна новымі (гл.Ізамарфізм і гомамарфізм). С. характарызуюцца 3 тыпамі ўласцівасцей: субстратнымі, інтэгратыўнымі і функцыянальнымі. Субстратныя ўласцівасці (маса, памер, матэрыяльны састаў) абумоўлены матэрыяльным складам С., інтэгратыўныя — залежаць ад спосабу сувязі паміж элементамі, функцыянальныя — вызначаюць функцыі С. ў знешнім асяроддзі.
Першыя ўяўленні пра С. як аснову ўпарадкаванасці і цэласнасці быцця ўзніклі ў ант. філасофіі. Б.Спіноза, Г.Лейбніц і прадстаўнікі навук. сістэматыкі 17—18 ст. прапаноўвалі прыродазнаўчыя сістэмна-анталагічныя канцэпцыі светабудовы. Прынцыпы сістэмнай прыроды ведаў у ням. класічнай філасофіі распрацоўвалі І.Кант, Ф.Шэлінг, Г.Гегель. У 2-й пал. 19—20 ст. даследаваліся спецыфіка тэарэт. ведаў як С. (неакантыянства), метады пабудовы лагічных і фармалізаваных С. (неапазітывізм). Сістэмныя даследаванні праводзяцца ў межах агульнай тэорыі сістэм і спец. тэорый: сістэмнага падыходу, сістэмнага аналізу, сістэматэхнікі, кібернетыкі, сінергетыкі і інш.
Літ.:
Системные исследования. М., 1969;
Морозов В.Д., Морозов В.В. Диалектика: системы и развитие. Мн., 1978;
Аверьянов А.Н. Системное познание мира. М., 1985;
Система. Симметрия. Гармония. М., 1988;
Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ.М., 1991;
Князева В.Н., Курдюмов С.П. Законы эволюции и самоорганизации сложных систем. М., 1994;
Спицнадель В.Н. Основы системного анализа. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУРАЛІ́ЗМ,
кірунак у сацыягуманітарных навуках 20—21 ст., арыентаваны на выяўленне структуры грамадства і культуры і структурных узаемазалежнасцей паміж іх кампанентамі; сукупнасць тэарэтыка-метадалагічных падыходаў да сацыялагічнага і культуралагічнага аналізу грамадства і культуры, іх структурных узаемадзеянняў і асаблівасцей. Першапачаткова быў распрацаваны ў лінгвістыцы (гл.Структурная лінгвістыка), пазней пашырыўся ў этнаграфіі, антрапалогіі, сацыялогіі, псіхалогіі, культуралогіі і інш. Разглядае культуру і грамадства як сукупнасць знакавых сістэм (мова, навука, мастацтва, рэлігія, міфалогія, звычаі і інш.), якія апасродкуюць узаемаадносіны чалавека і соцыуму. Мэта структурнага аналізу пэўнага аб’екта — пошук унутр. заканамернасцей яго пабудовы, якія вызначаюць яго абстрактна-родавыя ўласцівасці і прыкметы. Структуралісты даследуюць усе з’явы, даступныя эмпірычнаму вопыту, як «эпіфеномены» (знешняе выяўленне глыбінных унутр. структур), імкнуцца гуманіт. ведам надаць статус дакладных навук, што абумоўлівае стварэнне строгага фармалізаванага паняційнага апарату С., схільнасць да лагічных і матэм. формул, выкарыстанне тлумачальных схем і табліц.
Асновы С. ў вывучэнні сацыякульт. з’яў закладзены К.Леві-Стросам, які пры даследаванні першабытнай культуры аб’яднаў лінгвістычны, семіятычны, этнаграфічны і філас. падыходы і сцвярджаў, што асн. кампаненты соцыуму (шлюб, рытуалы, рэліг. вераванні, міфы і інш.) з’яўляюцца своеасаблівымі мовамі, якія неабходна вывучаць пры дапамозе структурнага метаду. Яго ідэі развіваў Р.Барт, які выкарыстоўваў структурны аналіз пры вывучэнні з’яў сучаснага еўрап. грамадства. Даследаванне бессвядомага ў чалавека на аснове С. прапанаваў Ж.Лакан, які звярнуў увагу на падабенства паміж структурамі мовы і механізмамі ўздзеяння бессвядомага; ён лічыў, што С. змяняе ўласцівы папярэднім філас. і сацыялагічным кірункам суб’ектацэнтрызм «дэцэнтраваннем». М.П.Фуко сцвярджаў, што індывідуумы не павінны разглядацца ў якасці суб’ектаў гісторыі, і абвясціў «смерць суб’екта» як вынік стварэння «двайнікоў» чалавека асн. феноменамі сучаснага грамадства; ён лічыў, што для адраджэння індывід. свабоды чалавека неабходна дэструкцыя сац. структуры і пошук пэўных альтэрнатыў. Новы этап у развіцці С. (постструктуралізм) звязаны з даследаваннямі Ж.Дэрыды, Ж.Дэлёза, Ф.Гватары, Ж.Бадрыяра, Ю.Крысцевай, Ж.Ф.Ліятара (Францыя); Дж.Х.Мілера, Х.Блума, П. дэ Мана (ЗША) і характарызуецца крытычным стаўленнем да рацыянальнага тлумачэння з’яў рэчаіснасці, рэлятывізмам і скептыцызмам.
Літ.:
Мулуд Н. Современный структурализм: Размышления о методе и философии точных наук: Пер. с фр.М., 1973;
Автономова Н.С. Философские проблемы структурного анализа в гуманитарных науках. М., 1977;
Клименкова Т.А. От феномена к структуре. М., 1991;
Фуко М. Слова и веши: Археология гуманит. Наук: Пер. с фр. СПб., 1994;
Реале Дж., Антисери Д. Западная философия от истоков до наших дней: Пер. с итал. Т. 4. СПб., 1997;
Эко У. Отсутствующая структура;
Введение в семиологию: Пер. с итал. СПб., 1998;
Французская семиотика: От структурализма к постструктурализму: Пер. с фр.М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ ГАСПАДА́РКА,
сукупнасць нац. гаспадарак усіх краін свету, іх эканам. узаемасувязей і ўзаемаадносін, уключаючы знешні гандаль, вываз капіталу, міграцыю рабочай сілы. Эканам. сувязі паміж рознымі рэгіёнамі і краінамі свету пачалі складвацца ў старажытнасці (Індыя, Кітай, Егіпет, Грэцыя, Рым). У сярэднія вякі праз гандаль актыўна пачалі наладжваць міжнар.эканам. адносіны Партугалія, Італія (Генуя, Венецыя), Іспанія, Вял. Ноўгарад. Але з-за адсутнасці дастатковых сродкаў зносін, нязначнага ўдзелу грошай (пераважаў натуральны тавараабмен) міжнар.эканам. сувязі мелі эпізадычны, абмежаваны характар. З’яўленне ў канцы 18 ст. буйной машыннай вытворчасці, трансп. сістэм і камунікацый значна павялічыла вываз і продаж за мяжу тавараў. Эканам. сувязі пачалі набываць стабільны, дынамічны характар. Замест часовых рэгіянальных пачаў складвацца сусветны рынак. Капіталіст.спосаб вытворчасці напачатку эканам., а потым паліт. і ваен. сродкамі разбурыў феад. замкнёнасць мясц. рынкаў, змяніў структуру таварных патокаў, стварыў эканам. ўмовы рухомасці тэхнікі, тэхналогій, міграцыі рабочай сілы. Для шэрагу прамыслова-развітых. краін узнікла неабходнасць набываць сыравіну, паліва, матэрыялы ў інш. краінах. Гандлёва-эканам. сувязі дапаўняюцца вытв. і фін.-эканам., ствараецца інтэрнац. адзінства капіталу і эканам. жыцця, развіваецца міжнародны падзел працы. Такім чынам, на базе сусв.капіталіст. гаспадаркі і па законах яе развіцця ў канцы 19 ст. стварылася С.г. У перыяд яе станаўлення ў сферу міжнар. падзелу працы ўваходзілі таксама зоны каланіяльнага панавання і краіны, дзе захоўваліся феад. адносіны. Пасля 1917 у сістэму С.г. ўвайшлі СССР і інш.сацыяліст. краіны; у выніку распаду каланіяльнай сістэмы — краіны, якія сталі на шлях развіцця. Апошнія ў большасці ўваходзілі ў сістэму капіталіст.вытв. адносін, але разнастайная і спецыфічная ўнутр.структура іх эканомік вылучала гэтыя краіны ў самаст. групу. Да пач. 1990-х г. сістэма С.г. падзялялася на капіталіст., сацыяліст. і краін, якія развіваюцца; у ёй панаваў дух саперніцтва і супрацьстаяння. Узніклі буйныя рэгіянальныя аб’яднанні па супрацоўніцтве ў эканам., сац. і культ. сферах: Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (1949), Еўрапейская эканамічная супольнасць (1957), Бенілюкс (1958), Еўрапейская асацыяцыя свабоднага гандлю (1960), Асацыяцыя дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (1967) і інш. Перамены, якія ў апошнія гады адбываюцца ў б.сацыяліст. краінах, змянілі ўзаемаадносіны ў С.г. Пашырыліся эканам. кантакты, паглыбіўся міжнар. падзел працы, узмацніліся інтэграцыйныя працэсы ў эканоміцы. З’явіліся новыя эканам. аб’яднанні: Еўрапейскі саюз (1993), Сусветная гандлёвая арганізацыя (1995) і інш. З 1.1.2002 некаторыя еўрап. краіны перайшлі на адзіную валюту еўра. Аднак у канцы 20 ст. палітыка некаторых эканам. развітых краін, накіраваная на захаванне існуючага стану размеркавання і выкарыстання сусв. прыродных рэсурсаў, значна замарудзіла інтэграцыйныя працэсы. Гэтая палітыка выклікала негатыўную рэакцыю з боку многіх краін Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі, а таксама часткі насельніцтва развітых краін, што выяўляецца, у прыватнасці. у руху антыглабалістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКАНАДАЎСТВА АБ СУДАЎЛАДКАВАННІ.
Асн. прававы акт, які вызначае суд. сістэму, — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. У ёй замацаваны прынцыпы ажыццяўлення правасуддзя, парадак арганізацыі і кампетэнцыя судоў і канстытуцыйнага кантролю за іх дзейнасцю. Паводле Канстытуцыі судовая ўлада ў рэспубліцы належыць судам, якія арганізуюцца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі, а суддзі пры ажыццяўленні правасуддзя незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону. На аснове прынятай у 1992 Канцэпцыі суд.-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь выдадзены шэраг нарматыўных прававых актаў, накіраваных на рэарганізацыю органаў суд. улады.
Законам «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» ад 30.3.1994 вызначаны мэты ўтварэння Канстытуцыйнага суда, яго склад, парадак фарміравання, паўнамоцтвы суддзяў, падставы для датэрміновага спынення, прыпынення і адстаўкі суддзяў. Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 вызначаны задачы і прынцыпы дзейнасці судоў, парадак іх утварэння і прызначэння суддзяў на пасады, падставы для спынення паўнамоцтваў суддзі і для яго адстаўкі, меры арганізац. і матэрыяльна-тэхн. забеспячэння дзейнасці судоў, замацавана роўнасць грамадзян перад законам і судом, права грамадзян на суд. абарону, недатыкальнасць суддзяў і недапушчальнасць умяшання ў іх дзейнасць. Законам «Аб гаспадарчых судах у Рэспубліцы Беларусь» ад 9.12.1998 вызначаны функцыі гасп. судоў у ажыццяўленні правасуддзя ў галіне гасп. (эканам.) адносін, сістэма і структурагасп. судоў, парадак назначэння на пасаду суддзяў, органы самакіравання суддзяў гасп. судоў, а таксама задачы службы суд. выканаўцаў, якая функцыянуе на аснове Палажэння аб службе судовых выканаўцаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 30.1.1998 (у рэд. пастановы ад 28.6.2000).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4.12.1997 зацверджана Палажэнне аб кваліфікацыйнай атэстацыі і кваліфікацыйных класах суддзяў судоў Рэспублікі Беларусь, паводле якога ацэньваюцца ўзровень ведаў і ўмення прымяняць іх пры ажыццяўленні правасуддзя, дзелавых якасцей суддзі і адпаведнасць яго патрабаванням заканадаўства. Прысваенне кваліфікацыйных класаў, паніжэнне ў кваліфікацыйным класе і пазбаўленне кваліфікацыйнага класа ажыццяўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Парадак прыцягнення суддзі да дысцыплінарнай адказнасці вызначаны ў Палажэнні аб дысцыплінарнай адказнасці суддзяў судоў Рэспублікі Беларусь, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4.12.1997. Рашэнне аб накладанні дысцыплінарнага спагнання выносіць кваліфікацыйная калегія суддзяў, якая дзейнічае на аснове Палажэння аб кваліфікацыйных калегіях суддзяў судоў Рэспублікі Беларусь, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 4.12.1997. На 1-м з’ездзе суддзяў Рэспублікі Беларусь 5.12.1997 прыняты Кодэкс гонару суддзі Рэспублікі Беларусь, які ўстанаўлівае этычныя правілы паводзін суддзяў.
Літ.:
Мартинович И.И., Пастухов М.И. Судебно-правовая реформа в Республике Беларусь: Суд присяж. и др. нововведения в законодательстве о судоустройстве. Мн., 1995;
Бибило В.Н. Судоустройство. Мн., 2001;
Яго ж. Судебная власть в уголовном судопроизводстве. Мн., 2001;
Богданов Е.В. Проблемы теории и практики реализации судебной власти в форме проведения. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛЬНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.
Галоўнай задачай крымінальнага заканадаўства з’яўляецца абарона міру і бяспекі чалавека, яго правоў і свабод, уласнасці, правоў юрыд. асоб, прыроднага асяроддзя, грамадскіх і дзярж. інтарэсаў, канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь і ўстаноўленага правапарадку ад злачынных замахаў, а таксама прадухіленне такіх замахаў і выхаванне грамадзян у духу выканання заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Грунтуецца на прынцыпах законнасці, роўнасці грамадзян перад законам, непазбежнасці пакарання, справядлівасці і гуманізму. Складаецца з нарматыўна-прававых актаў, што ўстанаўліваюць падставы і прынцыпы крымін. адказнасці, вызначаюць, якія грамадска небяспечныя дзеянні прызнаюцца злачынствамі і якія пакаранні прадугледжваюцца за іх учыненне, а таксама падставы вызвалення ад крымін. адказнасці і пакарання.
Гал. крыніца крымін. заканадаўства — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і нормы міжнар. права, а асн. заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы крымін. права, — Крымінальны кодэкс (КК) Рэспублікі Беларусь, прыняты 9.7.1999 і ўведзены ў дзеянне 1.1.2001. Ён замяніў КК 1960, які меў шэраг палажэнняў, што супярэчылі агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнар. права ў галіне абароны правоў чалавека (напр., крымін. адказнасць за парушэнне пашпартных правіл, прыватнапрадпрымальніцкую дзейнасць і камерцыйнае пасрэдніцтва, адказнасць за антысав. агітацыю і прапаганду). У новым КК праведзена строгая дыферэнцыяцыя крымін. адказнасці, забяспечана адпаведнасць крымін.-прававых забарон умовам рыначнай эканомікі, створана база для барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. КК складаецца з Агульнай і Асаблівай частак.
Нормы Агульнай часткі ўтрымліваюць асн. палажэнні аб злачынстве і крымін. адказнасці. У ёй вызначаюцца задачы і прынцыпы крымін. заканадаўства, парадак яго дзеяння ў часе, паняцці злачынства і яго віды, падстава крымін. адказнасці, падрыхтоўка да злачынства і замах на яго, саўдзел у злачынстве, паняцце крымін. адказнасці і формы яе рэалізацыі, віды пакаранняў, падстава і ўмовы вызвалення ад крымін. адказнасці і пакарання. Асобна рэгламентуюцца пытанні крымін. адказнасці непаўналетніх. Асаблівая частка дае вычарпальны пералік дзеянняў, якія прызнаюцца злачынствамі, і памераў пакарання за іх учыненне. Яна складаецца з раздзелаў, нормы якіх групуюцца зыходзячы з аб’екта абаронных грамадскіх адносін: «Злачынствы супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенныя злачынствы», «Злачынствы супраць чалавека», «Злачынствы супраць уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці», «Злачынствы супраць экалагічнай бяспекі і прыроднага асяроддзя», «Злачынствы супраць грамадскай бяспекі і здароўя насельніцтва», «Злачынствы супраць грамадскага парадку і грамадскай маралі», «Злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі», «Злачынствы супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання», «Злачынствы супраць ваеннай службы». Структура Асаблівай часткі адлюстроўвае новую іерархію сац. каштоўнасцей: спачатку ідуць нормы, якія забяспечваюць крымін.-прававую абарону чалавека, потым грамадства і толькі потым дзяржавы. Цяпер найб. каштоўным аб’ектам абароны становіцца не дзяржава і яе інтарэсы, а чалавек, яго жыццё, здароўе, свабода, гонар і годнасць, уласнасць. Зыходзячы з гэтага, будуецца сістэма санкцый Асаблівай часткі КК.
Літ.:
Уголовное право. Общая часть. Мн., 2002;
Уголовное право Республики Беларусь. Особенная часть. Мн., 2002;
Комментарий к Уголовному кодексу Республики Беларусь. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАТАЛОГІЯ
Даследаванні па дэрматалогіі на Беларусі пачаліся ў 19 ст.Бел. ўрачамі апісана крапіўніца (Л.Багушэвіч), герпес (А.Ланіеўскі), фізіялагічныя асаблівасці скуры (Я.І.Рэмізаў), класіфікаваны хваробы скуры (І.Каржанеўскі) і інш. Станаўленне і развіццё дэрматалогіі як навукі звязаны з заснаваннем у 1923 кафедры дэрматавенералогіі на мед. факультэце БДУ і стварэннем скурна-венералагічнага НДІ (1932—88). Арганізацыя і станаўленне дэрматалагічнай службы адбывалася пад кіраўніцтвам В.Ю.Мранговіуса, А.П.Комава, А.Я.Пракапчука і інш. Заснавальнік бел. школы дэрматавенеролагаў — А.Я.Пракапчук. Паспяхова развіваўся навук. кірунак па вывучэнні патамарфалогіі дэрматозаў, гістахімічных парушэнняў у скуры пры псарыязе (Н.А.Жураўская, Я.С.Пеўзнер, Пракапчук). У наш час даследаванні па дэрматалогіі вядуцца ва ўсіх мед.ВНУ краіны, Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Даследавана электронна-мікраскапічная структура нармальнай і паталагічна змененай скуры (Пракапчук, А.Ц.Сасноўскі, Л.Р.Фёдарава), узбуджальнікаў скурных хвароб (Пракапчук, П.Ф.Смольскі). Вывучаны мікрафлора скуры чалавека (Н.І.Чарнаморцава), фізіка-хім. ўласцівасці скуры пры псарыязе і мікозах ступняў (Комаў, Панкратаў), утрыманне макра- і мікраэлементаў і ферментаў у структуры скуры ў антагенезе (М.З.Ягоўдзік і інш.). Ацэнены стан імуннага статуса пры псарыязе, пузырчатцы, піядэрміях і інш. (У.П.Адаскевіч, У.М.Козін, Комаў, Э.І.Федаровіч), вызначана роля метабалічных працэсаў у патагенезе туберкулёзу скуры, псарыязу, экзэмы, атапічнага нейрадэрміту (Л.І.Гакінаева, Козін, Пеўзнер, Пракапчук, Ягоўдзік і інш.). Метад лячэння чырвонай ваўчанкі акрыхінам, створаны Пракапчуком, атрымаў сусветнае прызнанне. Даказаны негатыўны ўплыў хранічнага танзіліту на цячэнне псарыязу, экзэмы і інш. дэрматозаў (П.М.Лявоненка, Л.П.Цімафеева і інш.), прамянёвага ўздзеяння і стэроідных гармонаў на цячэнне кандыдозаў (А.Д.Паповіч, Ф.А.Хоміч). Вывучаны клініка і механізмы развіцця туберкулёзу скуры (Ф.І.Іванкова, Пеўзнер), экзэмы і атыпічнага дэрматыту (Адаскевіч, Лявоненка, Цімафеева і інш.), себарэі і лімфом скуры (Ю.Ф.Каралёў), пузырчаткі (Яўгодзік і інш.), прафес. пашкоджанняў скуры (І.І.Багдановіч, Л.Г.Барабанаў, Мранговіус, С.У.Федаровіч і інш.). Распрацаваны метады лячэння дэрматозаў ультрагукам (Л.І.Багдановіч), нейрадэрматозаў іголкарэфлексатэрапіяй (Адаскевіч), дэрматозаў лекавымі травамі (У.Ф.Корсун) і інш. Поспехі айч. дэрматалогіі ў дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы грыбковых хвароб, піядэрмітаў значна знізілі ўзровень гэтых хвароб у параўнанні з 1960-мі гадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛКІ́, пратэіны,
прыродныя высокамалекулярныя арган. рэчывы, малекулы якіх складаюцца з астаткаў амінакіслот. Адзін з асн.хім. кампанентаў абмену рэчываў і энергіі жывых арганізмаў. Абумоўліваюць іх будову, гал. адзнакі, функцыі, разнастайнасць і адаптацыйныя магчымасці, удзельнічаюць ва ўтварэнні клетак, тканак і органаў (структурныя бялкі), у рэгуляцыі абмену рэчываў (гармоны), з’яўляюцца запасным пажыўным рэчывам (запасныя бялкі). Складаюць матэрыяльную аснову амаль усіх жыццёвых працэсаў: росту, стрававання, размнажэння, ахоўных функцый арганізма (гл.Антыцелы, Імунаглабуліны, Таксіны), утварэння генет. апарату і перадачы спадчынных прыкмет (нуклеапратэіды), пераносу ў арганізме рэчываў (транспартныя бялкі), скарачэнняў мышцаў, перадачы нерв. імпульсаў і інш.; ферменты бялковай прыроды выконваюць у арганізме спецыфічныя каталітычныя функцыі, выключна важнае значэнне ў рэгуляцыі фізіял. працэсаў маюць бялкі.-гармоны. Сінтэзуюцца бялкі з неарган. рэчываў раслінамі і некат. бактэрыямі. Жывёлы і чалавек атрымліваюць гатовыя бялкі з ежы. З прадуктаў іх расшчаплення (пептыдаў і амінакіслот) у арганізме сінтэзуюцца спецыфічныя ўласныя бялкі, дзе яны няспынна разбураюцца і замяняюцца зноў сінтэзаванымі. Біясінтэз бялкоў ажыццяўляецца па матрычным прынцыпе з удзелам ДНК, РНК, пераважна ў рыбасомах клетак і інш. Паслядоўнасць амінакіслот у бялках адлюстроўвае паслядоўнасць нуклеатыдаў у нуклеінавых к-тах. Паводле паходжання і крыніц атрымання бялкоў падзяляюцца на раслінныя, жывёльныя і бактэрыяльныя, паводле хім. саставу — на простыя (некан’югіраваныя) — пратэіны і складаныя (кан’югіраваныя) — пратэіды. Простыя складаюцца з астаткаў амінакіслот, што злучаны паміж сабою пептыднай сувяззю (—NH—CO) у доўгія ланцугі — поліпептыды, складаныя — з простага бялку, злучанага з небялковым арган. ці неарган. кампанентам непептыднай прыроды, т.зв.прастэтычнай групай, далучанай да поліпептыднай часткі. Сярод складаных бялкоў паводле тыпу прастэтычнай групы вылучаюць нуклеапратэіды, фосфапратэіды, глікапратэіды, металапратэіды, гемапратэіды, флавапратэіды, ліпапратэіды і інш. У састаў бялкоў уваходзіць ад 50 да 6000 і больш астаткаў 20 амінакіслот, што ўтвараюць складаныя поліпептыдныя ланцугі. Амінакіслотны састаў розных бялкоў неаднолькавы і з’яўляецца іх важнейшай характарыстыкай, а таксама мерай харч. каштоўнасці. Паслядоўнасць амінакіслот у кожным бялку вызначаецца паслядоўнасцю монануклеатыдных буд. блокаў у асобных адрэзках малекулы ДНК. Вядома амінакіслотная паслядоўнасць некалькіх соцень бялкоў (напр., адрэнакортыкатропнага гармону чалавека, рыбануклеазы, цытахромаў, гемаглабіну і інш.). Парушэнні амінакіслотнай паслядоўнасці ў малекуле бялку выклікаюць т.зв.малекулярныя хваробы. Амінакіслотную паслядоўнасць поліпептыднага ланцуга для малекулы гармону інсуліну ўстанавіў англ. біяхімік Ф.Сэнгер (1953). Звесткі пра колькасць адрозненняў у амінакіслотных паслядоўнасцях гамалагічных бялкоў, узятых з розных відаў арганізмаў, выкарыстоўваюць пры складанні эвалюцыйных картаў, якія адлюстроўваюць паслядоўныя этапы ўзнікнення і развіцця пэўных відаў арганізмаў у працэсе эвалюцыі.
Агульны хім. састаў бялкоў (у % у пераліку на сухое рэчыва): C — 50—55, O — 21—23, N — 15—18, H — 6—7,5, S — 0,3—2,5, P — 1—2, і інш. Малекулярная маса ад 5 тыс. да 10 млн. Большасць бялкоў раствараецца ў вадзе і ўтварае малекулярныя растворы. Па форме малекул адрозніваюць бялкі фібрылярныя (ніткападобныя) і глабулярныя (згорнутыя ў кампактную структуру сферычнай формы); па растваральнасці ў вадзе, растворах нейтральных соляў, шчолачах, кіслотах і арган. растваральніках вылучаюць альбуміны, гістоны, глабуліны, глютэліны, праламіны, пратаміны і пратэіноіды. Бялкі маюць кіслыя карбаксільныя і амінныя групы, таму ў растворах яны амфатэрныя (маюць уласцівасці асноў і к-т). Пры гідролізе яны распадаюцца да амінакіслот; пад уплывам розных фактараў здольныя да дэнатурацыі і каагуляцыі, уступаюць у рэакцыі акіслення, аднаўлення, нітравання і інш. Пры пэўных значэннях pH у растворах бялкоў пераважае дысацыяцыя тых ці інш. груп, што надае ім адпаведны зарад і выклікае рух у электрычным полі — электрафарэз. Структура бялкоў характарызуецца амінакіслотным саставам, парадкам чаргавання амінакіслотных астаткаў у поліпептыдных ланцугах, іх даўжынёй і размеркаваннем у прасторы. Адрозніваюць 4 парадкі (узроўні) структуры бялкоў: першасную (лінейная паслядоўнасць амінакіслотных астаткаў у поліпептыдным ланцугу), другасную (прасторавая, найчасцей спіральная прасторавая канфігурацыя, якую прымае сам поліпептыдны ланцуг), трацічную (трохмерная канфігурацыя, якія ўзнікае ў выніку складвання або закручвання структур другаснага парадку ў больш кампактную глабулярную форму) і чацвярцічную (злучэнне некалькіх частак з трацічнай структурай у адну больш буйную комплексную праз некавалентныя сувязі). Найб. устойлівая першасная структура бялкоў, іншыя лёгка разбураюцца пры павышэнні т-ры, рэзкім змяненні pH асяроддзя і інш. уздзеяннях (дэнатурацыя бялкоў), што вядзе да страты асн.біял. уласцівасцяў. Фарміраванне прасторавай канфігурацыі малекул бялку вызначаецца наяўнасцю ў поліпептыдных ланцугах вадародных, дысульфідных, эфірных і салявых сувязяў, сіл Ван дэр Ваальса і інш. Уласцівасці бялкоў залежаць ад іх хім. будовы і прасторавай арганізацыі (канфармацыі). Наяўнасць некалькіх узроўняў арганізацыі Б. забяспечвае іх вял. разнастайнасць у прыродзе (напр., у клетках бактэрыі Escherichia coli каля 3000 розных бялкоў, у арганізме чалавека больш за 50 000). Кожны від арганізмаў мае ўласцівы толькі яму набор бялкоў, па якім ён можа быць індэнтыфікаваны. Органы і тканкі жывых арганізмаў маюць розную колькасць бялкоў (у % да сырой вагі); 6,5—8,5 у крыві, 7—9 у мозгу, 16—18 у сэрцы, 18—23 у мышцах, 10—20 у насенні злакаў, 20—40 у насенні бабовых, 1—3 у лісці большасці раслін. Па харч. каштоўнасці бялкі падзяляюць на паўнацэнныя (маюць усе амінакіслоты, неабходныя жывёльнаму арганізму для сінтэзу бялкоў сваіх тканак) і непаўнацэнныя (у складзе малекул няма некаторых амінакіслот). Сутачная патрэба дарослага чалавека ў бялках 100—120 г. Арганізм расходуе ўласныя бялкі, калі ў ежы іх менш за норму. Многія прыродныя бялкі і бялковыя ўтварэнні выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., для вырабу скуры, шэрсці, натуральнага шоўку, казеіну, пластмасаў і інш.), медыцыне і ветэрынарыі (як лек. сродкі і біястымулятары, напр., інсулін пры цукр. дыябеце, сываратачны альбумін як заменнік крыві, гама-глабулін для прафілактыкі інфекц. захворванняў, бялкі-ферменты для лячэння парушэнняў абмену рэчываў, гідралізатары бялкоў для штучнага жыўлення). Для атрымання пажыўных і кармавых бялкоў выкарыстоўваюць мікрабіял. сінтэз. Вядуцца даследаванні па штучным сінтэзе бялковых малекул (штучна сінтэзаваны фермент рыбануклеаза і інш.). Бялкі — адзін з гал. аб’ектаў даследаванняў біяхіміі, імуналогіі і інш. раздзелаў біял. навукі.
Літ.:
Бохински Р. Современные воззрения в биохимии: Пер. с англ.М., 1987;
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Гершкович А.А. От структуры к синтезу белка. Киев, 1989;
Овчинников Ю.А. Химия жизни: Избр. тр.М., 1990.
У.М.Рашэтнікаў.
Да арт.Бялкі. Малекула бялку міяглабіну: 1 — агульны выгляд; 2 — структурная схема.