ВО́РЦАЛЬ ((Worcell) Станіслаў Габрыэль) (26.3.1799, с. Сцяпань Ровенскай вобл., Украіна — 3.2.1857),
польскі рэвалюцыянер-дэмакрат, сацыяліст-утапіст. Скончыў Крамянецкі ліцэй (1819). Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, пасля яго задушэння эмігрыраваў у Вялікабрытанію. У 1835 адзін з арганізатараў (пазней гал. ідэолаг) грамады «Грудзёндз», што ўваходзіла ў склад арг-цыі «Люд польскі». У 1840 разам з І.Лялевелем удзельнічаў у стварэнні арг-цыі «Аб’яднанне польскай эміграцыі», якая выступала за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай. Пасля Кракаўскага паўстання 1846 большасць чл. «Аб’яднання», у т. л. і Ворцаль, уступіла ў Польскае дэмакратычнае таварыства (ПДТ). У 1847 выбраны ў кіруючы орган ПДТ «Цэнтралізацыя». Філас. і грамадскія погляды Ворцаля сфарміраваліся пад уплывам франц.сацыяліст. думкі, гал. чынам сен-сіманізму. У працы «Аб уласнасці» (1854) выклаў сваё ўяўленне пра ідэальнае грамадства, у якім прыватную ўласнасць замяняла калектыўная, знікала разыходжанне паміж інтарэсамі асобы і грамадства. Ідэі Ворцаля паўплывалі на светапогляд рэвалюцыянераў-дэмакратаў, у т. л. В. і К.Каліноўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННАЯ ТЭО́РЫЯ,
сістэма поглядаў, паводле якой сярэдневяковая вотчына ў Зах. Еўропе разглядалася як вызначальны інстытут, у сац.-эканам., паліт. і культ. жыцці сярэднявечча. Зарадзілася ў ням. гістарыяграфіі ў канцы 18 — пач. 19 ст., сфарміравалася ў 1870—80-я г. Прыхільнікі вотчыннай тэорыі даказвалі, што буйная вотчына поўнасцю паглынула ўсе астатнія формы землекарыстання і да 13—14 ст. у рамках вотчыны існавала гармонія інтарэсаў феадалаў і сялян. Частка прадстаўнікоў вотчыннай тэорыі (ням. даследчыкі К.Т.Інама-Штэрнег, К.Лампрэхт, рус. П.Г.Вінаградаў і інш.) спалучала яе з асобнымі прынцыпамі абшчыннай тэорыі, звязваючы ўзнікненне вотчыны з працэсам ператварэння свабодных земляробаў-абшчыннікаў у феад.-залежных сялян і прызнаючы істотную розніцу паміж эпохай ранняга сярэднявечча і перыядам сталых феад. адносін. Група вучоных (Н.Д.Фюстэль дэ Куланж у Францыі, Ф.Сібам у Вялікабрытаніі) адмаўляла існаванне свабоднай абшчыны ў мінулым і разглядала вотчыну з уласцівай ёй залежнасцю земляроба ад уласніка зямлі як адзін з найпершых ін-таў чалавецтва. Да сярэдзіны 20 ст. вотчынная тэорыя страціла сваё значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ ЎСХО́ДНІХ ЗЯМЕ́ЛЬ (Zarząd Cywilny ziem Wshodnich),
орган улады пры Гал. камандаванні польск. арміі на занятай ёю тэр. Беларусі і Літвы ў 1919—20. Пачало фарміравацца ў адпаведнасці з дэкрэтам нач. Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскага ад 8.2.1919. Рада міністраў Польшчы 8.3.1919 ператварыла Літ.-Бел. дэпартамент Мін-ва замежных спраў у Дэпартамент па справах Усх. зямель на чале з грамадз. камісарам Л.Калянкоўскім; у час наступлення на Вільню (лют. 1919) ген. камісарам назначаны Е.Асмалоўскі. Упраўленне размяшчалася ў Вільні, мела ў Варшаве прадстаўніцтва на чале з графам С.М.Касакоўскім. Адм. прастора «Усх. зямель» падзялялася на 3 акругі: Віленскую, Брэсцкую, Валынскую, пасля захопу Мінска (жн. 1919) утворана і Мінская акруга. Акругі падзяляліся на паветы на чале са старастамі. Адміністрацыя ўпраўлення камплектавалася ў асн. з мясц. палякаў, пераважна нацыянал-дэмакр. арыентацыі. Летам 1920, разам з адступаючым польск. войскам, упраўленне эвакуіравалася ў г. Быдгашч, дзе спыніла сваё існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЭЗІЯ́НСТВА (Cartesius ад латынізаванага імя Дэкарта—Картэзій),
кірунак у філасофіі і прыродазнаўстве 17—18 ст., тэарэт. крыніцай якога былі ідэі франц. філосафа Р.Дэкарта. Дуалістычнае адзінства матэрыяліст. і ідэаліст. ідэй у філасофіі Дэкарта прывяло да раздзялення яго паслядоўнікаў на матэрыялістаў (Ж.Раго, П.Рэжы, Б.Фантэнель, Э.Леруа, Ж.Ламетры) і ідэалістаў (І.Клаўберг, А.Гейлінкс, Н.Мальбранш). Матэрыялісты адстойвалі ідэю матэрыяльнасці свету і магчымасці яго аб’ектыўна-пачуццёвага пазнання, паўплывалі на фарміраванне ідэй франц.Асветніцтва, на развіццё навук. фізіялогіі, шэрагу фіз. і матэм. ідэй. Ідэалісты адстойвалі ідэю перманентнага ўмяшання Бога ў свет матэрыяльных і духоўных з’яў (аказіяналізм). Дэкартаўскае вучэнне пра метад пазнання атрымала сваё развіццё ў працах Б.Паскаля, які схіляўся да янсенізму і вагаўся паміж рацыяналізмам і скептыцызмам, ставіў веру вышэй за розум. Лагічныя ідэі Дэкарта развіты ў вучэннях А.Арно і П.Ніколя («Логіка, ці Мастацтва мысліць», 1662). У сучаснай філасофіі ідэі К. сустракаюцца ў фенаменалогіі, экзістэнцыялізме і нек-рых плынях рацыяналіст. Філасофіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСА́ТКІНА (Людміла Іванаўна) (н. 15.5.1925, с. Новае Сяло Вяземскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
расійская актрыса. Засл. арт. Расіі (1956), нар.арт.СССР (1975). Скончыла Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1947), у 1982—94 выкладала ў ім (з 1986 праф.). З 1947 актрыса Цэнтр.т-раРас. Арміі. Стварыла больш за 60 рознахарактарных вобразаў: Мар’я Антонаўна («Рэвізор» М.Гогаля), Марфінька («Абрыў» паводле І.Ганчарова), Анечка («Акіян» А.Штэйна), Савіна («Элегія» П.Паўлоўскага), Ніла Сніжко («Барабаншчыца» А.Салынскага), Кавалёва («Кавалёва з правінцыі» І.Дварэцкага), Кручыніна («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), каралева Лізавета («Ваша сястра і палонніца» Л.Разумоўскай). Знялася ў кіна- і тэлефільмах: «Утаймавальніца тыграў» (1955), «Выклікаем агонь на сябе» (1964), «Помні імя сваё» (1975, Дзярж. прэмія Расіі 1976), «Утаймаванне свавольніцы» (1961, 1-ы прыз «Залатая німфа» на 2-м Міжнар. фестывалі тэлефільмаў у Монтэ-Карла), «Маці Марыя» (1982), «Дарогі Ганны Фірлінг» (1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАЛА́ПС,
працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.
У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя ад хім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.
Літ.:
На переднем крае астрофизики: Пер. с англ.М., 1979;
Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 11—18 ст. у г.Заслаўе Мінскай вобл. Размяшчаўся на беразе р. Свіслач. Меў форму прамавугольніка (пл. каля 1,5 га). Першапачатковыя ўмацаванні пабудаваны на рубяжы 11—12 ст.Найб. значныя перабудовы праводзіліся ў 2-й пал. 13, у 14, 16 і, магчыма, у пач. 17 ст. Зафіксаваны сляды аднаўленчых работ пасля нападаў на горад у 1127 і 1434. У выніку ўсіх перабудоў вышыня вала да канца 16 ст. дасягала 8—9,5 м. Па вуглах замка размяшчаліся 4 бастыёны, 5-ы, паўкруглай формы, захаваўся каля паўд. курціны. Ад горада замак аддзяляўся шырокім ровам. З канца 16 ст.тэр. вакол замка была заліта вадой штучнага возера, утворанага з дапамогай плацін на рэках Свіслач і Чарніца, і замак ператварыўся ва ўмацаванне астраўнога тыпу. З 16 ст. тут размяшчалася рэзідэнцыя ўладальнікаў горада. У 1676 зах. палова замка перададзена Заслаўскаму кляштару дамініканцаў. У 18 ст. З.з. страціў сваёваен. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ,
дзяржава, якая склалася ў 1-й пал. 13 ст. ў выніку мангольскіх заваяванняў. Створана Чынгісханам і яго пераемнікамі. Перад смерцю Чынгісхан падзяліў дзяржаву паміж сынамі Джучы, Джагатаем, Угедэем і Тулуем. У 1229 вял. курултай — з’езд манг. знаці абраў вял. ханам Угедэя [1229—41], які заснаваў сталіцу М.і. — г. Каракарум на р. Архон. Пасля яго М.і. правілі сын Гуюк [1246—48] і сын Талуя Мункэ [1251—59]. Пры Мункэ М.і. ўключала Манголію, Паўд. Кітай, Карэю, Цэнтр. Азію, Закаўказзе, Іран, Афганістан і падпарадкоўвала сабе б.ч. зямель б. Кіеўскай Русі (гл.Мангола-татарская няволя на Русі) Адсутнасць унутр. адзінства абумовіла хуткі распад імперыі. Пасля смерці Мункэ пачалася барацьба за ўладу паміж яго братамі. Адзін з іх — Хубілай — абвясціў у 1260 сябе вял. ханам, пасля чаго ад М.і. пачалі адпадаць зах. улусы — Джучы (гл.Залатая Арда), Хулагу-хана (гл.Хулагуідаў дзяржава) і інш. Пасля заваявання Кітая Хубілай у 1280 заснаваў дынастыю Юань. Пасля выгнання ў 1368 манголаў з Кітая М.і. спыніла сваё існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́МФІ́С (грэч. Memphis, егіп. Менефер ад назвы паселішча каля піраміды фараона Піопі I),
старажытнаегіпецкі горад на левым беразе Ніла (каля сучасных пасёлкаў Бедрахейн і Міт-Рахіне на. ПдЗ ад Каіра). Засн. ў пач. 3-га тыс. да н.э.Менесам пад назвай Белыя сцены (ад аднайм. крэпасці). У перыяд Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) рэзідэнцыя фараонаў, буйны рэліг., паліт., культ. і рамесніцкі цэнтр Егіпта; захаваў сваёэканам. значэнне і пасля пераносу сталіцы ў Фівы (перыяд Сярэдняга царства). Набыў важнае стратэг. значэнне ў перыяд Новага царства ў сувязі з паходамі егіп. цароў у Сірыю і Палесціну. У перыяд элінізму з узнікненнем г.Александрыя (4 ст. да н.э.) страціў былое значэнне. Захаваліся руіны храма бога Пта (3-е тыс. да н.э.), сфінкс эпохі Новага царства, Серапеум (эліністычны час), 2 калосы Рамсеса II (13 ст. да н.э.). Некропалі М. з пірамідамі і грабніцамі цароў і знаці знаходзяцца паблізу сучасных Гізы, Сакары і інш.