эпі́граф, ‑а, м.

1. У старажытных грэкаў — надпіс на помніку.

2. Выслоўе, кароткая цытата, якая змяшчаецца ў пачатку твора ці асобнага раздзела і з’яўляецца своеасаблівым аўтарскім тлумачэннем асноўнай ідэі твора. «Не шукай ты шчасця, долі на чужым, далёкім полі» — паўторыць Колас Купалавы радкі ў эпіграфе да навелы-алегорыі «Хмарка», дзе будзе асуджаць вандроўніцтва па-за межамі роднага кутка. Навуменка.

[Грэч. epigraphē — надпіс.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дамалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

Закончыць маляванне чаго‑н. Дамаляваць партрэт. // перан. Закончыць апісанне, абмалёўку чаго‑н. □ — Мне здаецца, трэба дапісаць, дамаляваць тое месца, дзе.. герой падымаецца на гераічны ўчынак. Мележ. // перан. У думках дапоўніць, аднавіць што‑н. Паэт, няхай сабе абагулена, стварыў выразны сацыяльны тып, і наша ўяўленне дамалюе рысы, якіх бракуе ў індывідуальным абліччы героя. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асфа́льт, ‑у, М ‑льце, м.

1. Прыродная або штучная чорная смалістая маса, якая выкарыстоўваецца ў некаторых галінах прамысловасць і якой пакрываюць дарогі, тратуары. Тхнула смалістым вод[а]рам, ішлі дымы... Людзі мяшалі кіпучы асфальт. Чорны. [Хлопцы] падняліся на ўзвышша, адтуль была відаць пакрытая асфальтам дарога. Гурскі.

2. Дарога, тратуар, пакрытыя такой масай. Ледзь чутна шасцяць па асфальце таксі. Навуменка. Асфальт скончыўся. Далей пайшла брукаваная шаша. Корбан.

[Ад грэч. ásphaltos — горная смала.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́блака, ‑а; мн. воблакі і аблокі, ‑аў; н.

1. Вялікая маса згусцелай вадзяной пары ў атмасферы. Кучавыя воблакі. □ У разрыве шэра-цёмных воблакаў мільгнуў серабрысты кружок месяца. Навуменка. Ляціце, арлы-сокалы, За сінія аблокі, Нясіце словы Леніна Да ясных зор высокіх. Русак.

2. чаго. Клуб лёгкіх часцінак (пылу, дыму і інш.) у паветры. Воблака пылу. □ Воблака шызага дыму паплыло па алешніку. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адця́ць, адатну, адатнеш, адатне; адатнём, адатняце; зак., што.

Адсячы, адрэзаць. Пчолы ўраз сабралі сілы Ды адцялі шэршню крылы. Калачынскі. / у безас. ужыв. Суджана хлапцу: быў малым — дурным, падсадзіў пальцы ў сячкарню, дык яму іх адцяла. Кулакоўскі. Беспрацоўны пры немцах тэлеграфіст Сіла Прохаравіч, якому адцяла нагу гадоў дваццаць назад, калі ён яшчэ ездзіў кандуктарам, узяўся за такую невысокую плату грэць і падносіць ваду. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кватарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Часова жыць у каго‑н., наймаючы кватэру, памяшканне. Нават у дзедавай хаце кватараваў начальнік чырвоных, камандзір батальёна, чым дужа ганарыўся дзед Талаш. Колас. Дзесяцігодку Веньямін канчаў у мястэчку, за дванаццаць вёрст ад роднай вёскі. Кватараваў у знаёмых настаўнікаў. Навуменка.

2. Размяшчацца, быць на пастоі (пра войска). Артылерыйскі полк, які кватараваў у нашым гарадку, застаўся верным стаўцы. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кры́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм.

1. Века, накрыўка. Усхадзілася на чайніку крышка, заскакала, забразгацела. Лынькоў. Віктар са злосцю ляпнуў крышкай чамадана. Асіпенка.

2. у знач. вык. Смерць, канец. Нехта сказаў: — Калі бомба пацэліць у дом, то тут усім крышка... Арабей.

•••

І крышка — і кончана, і ўсё тут. — Надзя, налі нам піва, і крышка, — просіць Атрошчанка. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зялёнка ​1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Ядомы грыб з пласціністай зялёнай шапкай. Міця па-ранейшаму ходзіць у лес. Цяпер па зялёнкі, самыя познія, апошнія грыбы восені. Навуменка.

зялёнка ​2, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм. Вадкасць зялёнага колеру на спірце з антысептычнымі ўласцівасцямі для змазвання скуры. Апёкі на твары пачарнелі, едкая зялёнка распаўзлася да вушэй. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бульката́ць, ‑коча; незак.

1. Бурліць, бурна кіпець (пра вадкасць). Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы. Брыль. Стала ціха, ціха, і ў гэтую цішыню велічна, як з нябыту ў вечнасць, ліўся, шумеў, булькатаў горны паток. Быкаў.

2. безас. Ствараць глухія перарывістым гукі пры захворванні горла, грудзей. У горле чалавека нешта булькатала, і пры кожным выбуху ён капаў тварам зямлю. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бясцэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае вельмі вялікую вартасць, вельмі дарагі, вельмі каштоўны. Бясцэнны скарб. □ Баракаў убачыў валы, порах, гарматы, узброеных людзей, а ў камяніцы бясцэнныя габелены, .. карціны. Караткевіч. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас. // перан. Дарагі, мілы; цудоўны. Бясцэнны друг. □ У характары Драгуна бясцэнная якасць, — што б ні здарылася, не губляе гумару. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)