1) план размяшчэння войск для вядзення бою або караблёў на месцы стаянкі ці ў атрадным плаванні;
2) пісьмовы загад войскам на бой або на марш у рускай арміі 18—19 ст.;
3) састаўная частка прававой нормы, якая вызначае абавязкі ўдзельнікаў судовага працэсу.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ЛЬВО́ЎСКА-САНДАМІ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
стратэгічныя наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) па вызваленні Зах. Украіны і Паўд.-Усх. Польшчы 13.7—29.8.1944 у Вял.Айч. вайну. 1-му Укр. фронту (налічваў 1,2 млн.чал., 13,9 тыс. гармат і мінамётаў, каля 2,2 тыс. танкаў і самаходных артыл. установак, каля 3 тыс. самалётаў) процістаяла ням.-фаш. групоўка армій «Паўн. Украіна» (ген.-палк. І.Гарпе), якая мела больш за 600 тыс.чал. (з часцямі тылу 900 тыс.чал.), 6,3 тыс. гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 700 самалётаў. Сав. камандаванне планавала нанесці 2 моцныя ўдары па праціўніку і прарваць яго фронт на 2 напрамках. На 1-м этапе аперацыі (13—27 ліп.) сав. войскі прарваліся на Рава-Рускім і Львоўскім напрамках, акружылі і ліквідавалі 8 дывізій ворага, фарсіравалі р. Сан, вызвалілі гарады Рава-Руская, Львоў, Перамышль, Станіслаў (цяпер Івана-Франкоўск), прасунуліся на гал. напрамку на 200—220 км. На 2-м этапе (28 ліп. — 29 жн.) войскі 1-га Укр. фронту дзейнічалі на Сандамірскім напрамку, 29 ліп. — 1 жн. фарсіравалі р. Вісла, 3 жн. захапілі плацдарм на Пд ад г. Сандамір. Адбіўшы шэраг контратак і контрудараў ням.войск, сав. часці да 30 жн. пашырылі і паглыбілі (да 75 км па фронце і да 60 км у глыбіню) плацдарм, стварылі перадумовы для будучага наступлення на Сілезскім напрамку (гл.Вісла-Одэрская аперацыя 1945). У час Л.-С.а. сярод інш. воінаў вызначыліся афіцэры-беларусы А.Ц.Краўцоў, І.І.Якубоўскі і інш.
Літ.:
Полушкин М.А. На Сандомирском направлении: Львовско-Сандомирская операция: (июль—авг. 1944). М., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ ВАЕ́ННЫ,
часовае збудаванне для пераправы войск, тэхнікі і вайск. грузаў цераз перашкоды (раку, канал, роў і інш.). Узводзяць у ходзе баявых дзеянняў сіламі мостабуд. часцей з дапамогай спец. машын і механізмаў на шляхах руху, манеўраў, падвозу ці эвакуацыі. Паводле прызначэння М.в. бываюць аўтадарожныя, чыг., пешаходныя, сумяшчальныя; паводле канструкцыі — высака-, нізка- і падводныя, на жорсткіх апорах, зборна-разборныя шматразовага выкарыстання, камбінаваныя, механізаваныя, наплаўныя масты і інш.
Вядомы з глыбокай старажытнасці. Напр., у 5 ст. да н.э. наплаўныя масты пабудаваны персамі цераз праліў Басфор і р. Дунай у час вайны са скіфамі; у 1 ст. да н.э. мост на палях даўж. 600 м цераз р. Рэйн узведзены ў час паходу Юлія Цэзара на германцаў. Першы ў Кіеўскай Русі М.в. ў 12 ст. будавалі цераз р. Дняпро; у 14—17 ст. такія масты наладжвалі цераз Нёман, Зах. Дзвіну і інш. ў час войнаў, якія вяліся ў ВКЛ. У пач. 17 ст. ў нідэрландскай арміі з’явіліся пантонныя паркі (гл. таксама Пантон), у Расіі — у 18 ст.; шырока выкарыстоўваліся ў час вайны 1812 франц. і рас. войскамі, у т. л. на тэр. Беларусі. Хуткае ўзвядзенне 26 11.1812 двух М.в. (даўж. каля 110 м, шырыня больш за 3,5 м) цераз р. Бярэзіну дазволіла Напалеону пазбегнуць поўнага знішчэння ўсёй арміі, выратаваць гвардыю і значную частку баяздольных войск. У 1-ю сусв. вайну ў англ. арміі ствараліся спец. масты для праходу танкаў на полі бою. У 2-ю сусв. вайну сав. войскі будавалі пераважна наплаўныя і нізкаводныя, для пераадолення шырокіх рэк (Дняпро, Нёман, Вісла і інш.) наводзілі камбінаваныя і высакаводныя масты.
У 2-й пал. 20 ст. атрымалі развіццё маставыя і мостабуд. сродкі, прызначаныя для ўзвядзення М.в. ў сціслыя тэрміны.
Да арт.Мост ваенны. Навядзенне пантоннага моста цераз р. Нёман у час вучэнняў. 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСТУПЛЕ́ННЕ,
асноўны від баявых дзеянняў войск. Вядзецца на сушы, моры, у паветры ў форме баёў, бітваў і аперацый. Гал. мэта — разгром праціўніка і авалоданне важнымі рубяжамі (аб’ектамі, раёнамі мясцовасці); дасягаецца паражэннем непрыяцеля ўсімі наяўнымі сродкамі, атакай, прарывам яго абароны, ліквідацыяй або ўзяццем у палон жывой сілы, захопам зброі, ваен. тэхнікі і інш. Можа весціся на праціўніка, што ў абароне, або які наступае (гл.Сустрэчны бой) ці адступае (гл.Праследаванне). Разнавіднасцю Н. з’яўляецца контрнаступленне. Пераход у Н. можа ажыццяўляцца з непасрэднага судакранання з праціўнікам або з ходу. Пры наяўнасці ў праціўніка адкрытых флангаў выкарыстоўваюцца абход і ахоп. У залежнасці ад маштабу, мэт і колькасці сіл і сродкаў Н. можа мець стратэгічнае, аператыўнае або тактычнае значэнне.
Спосабы Н. мяняліся пад уздзеяннем развіцця сродкаў узбр. барацьбы, якаснай змены асабовага складу і арганізацыі войск Н. як форма баявых дзеянняў вядома з глыбокай старажытнасці, калі барацьба вялася халоднай зброяй. У сярэднявеччы (11—15 ст.) адбываліся змены ў тактыцы Н.: удары з флангаў і тылу, акружэнне, выкарыстанне засадных палкоў і інш. Са з’яўленнем агнястрэльнай зброі і яе ўдасканаленнем (14—18 ст.) еўрап. арміі перайшлі да лінейнай тактыкі дзеянняў на полі бою. Пасля франц. рэвалюцыі 1789—99 і войнаў канца 18 — пач. 19 ст. з’явілася новая тактыка Н., заснаваная на спалучэнні калон і рассыпнога строю, манеўру і агню як сродку падрыхтоўкі атакі. У 1-ю сусв. вайну ў Н. выкарыстоўвалася тактыка прарыву суцэльнага фронту абароны. У 2-ю сусв. вайну ажыццяўляліся наступальныя аперацыі груп франтоў, франтавыя. армейскія наступальныя аперацыі. З сярэдзіны 1950-х г. пасля аснашчэння ўзбр. сіл ядз. зброяй (гл.Ракетна-ядзерная зброя) значна павялічылася магчымасць адначасовага паражэння праціўніка на вял. глыбіню, выраслі размах і тэмпы Н.
У сучасных умовах са з’яўленнем высокадакладнай зброі наземнага і паветр. базіравання, удасканаленнем інш. сродкаў паражэння істотна памяняўся часавы і прасторавы размах Н., якое набыло паветр.-наземны і паветр.-касм. характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗРА́ДКАміжнароднай напружанасці,
тэндэнцыя да паляпшэння міжнар. адносін у свеце, найперш паміж краінамі з супрацьлеглымі сац.-паліт. сістэмамі (СССР, сацыяліст. краіны — члены Варшаўскага дагавора 1955 і інш., з аднаго боку, ЗША і іх саюзнікі па НАТО і інш. з другога), якая стала этапам развіцця міжнар. адносін у 1970—79 і 1986—91. Выклікана пераважна меркаваннямі самазахавання чалавецтва, якому пагражала гібель у выпадку глабальнай ядзернай вайны. Гал. элементы Р. — адыход ад «халоднай вайны», мірнае вырашэнне міжнар. праблем і канфліктаў, неўмяшанне ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. У 1970-я г. Р. праявілася ў пагадненні паміж СССР і ЗША аб прынцыпах узаемаадносін (1972) і ў шматлікіх сав.-амер. перагаворах аб раззбраенні; у сістэме дагавораў аб прызнанні непарушнасці дзярж. межаў у Еўропе (паміж Польшчай і ФРГ у 1970, ГДР і ФРГ у 1972, Чэхаславакіяй і ФРГ у 1973 і інш.), у падпісанні Заключнага акта нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (1975), пагадненняў аб навук.-тэхн. і культ. супрацоўніцтве і інш. У той жа час не спынялася супрацьстаянне паміж капіталіст. і сацыяліст. сістэмамі; ЗША і СССР працягвалі гонку ўзбраенняў, умешваліся ў справы інш. дзяржаў. Ўварванне сав.войск у Афганістан у канцы 1979 прывяло да ажыўлення «халоднай вайны» з боку ЗША і НАТО, а на рубяжы 1970—80-х г. да фактычнага спынення Р. Шэраг крокаў па аднаўленні Р. распачаты з прыходам да ўлады ў СССР М.С.Гарбачова і перабудовай (з 1985): абвяшчэнне сав. праграмы ліквідацыі ядзернай зброі да 2000, сав.-амер. дагаворы па абмежаванні стратэг. наступальных узбраенняў, вывад сав.войск з Афганістана (1989) і інш. У канцы 1980 — пач. 90-х г., у сувязі з распадам СССР і сацыяліст. сістэмы, тэрмін «Р.» выйшаў з ужытку, бо знікла глабальнае супрацьстаянне супрацьлеглых сац.-паліт. сістэм, на змякчэнне якога была пераважна накіравана палітыка Р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯ́СЦІЦКІЯ БАІ́ 1812.
Адбыліся 30 ліп. — 1 жн. каля в. Клясціцы і на шляху Полацк—Себеж (цяпер тэр. Расонскага і Полацкага р-наў) паміж рус. 1-м пях. корпусам П.Х.Вітгенштэйна (каля 23 тыс.чал., 108 гармат) і франц. 2-м корпусам Ш.Удзіно (37—40 тыс.чал., 114 гармат) у вайну 1812. Авангард Удзіно 20 ліп. пачаў пераправу цераз Зах. Дзвіну каля г. Дзісна. Вітгенштэйн, корпус якога размяшчаўся на правым беразе, абмежаваўся партыз. дзеяннямі атрада Я.П.Кульнева на левым беразе і 26 ліп. адвёў свае гал. сілы да Росіцы. Войскі Удзіно 26 ліп. занялі Полацк і працягвалі наступленне на Себеж; 30 ліп. іх перадавыя часці дасягнулі в. Клясціцы. Вітгенштэйн, разумеючы, што гэтым яму будзе адрэзана магчымасць адыходу на Пскоў і Пецярбург, вырашыў прарвацца да себежскага шляху. Ён сканцэнтраваў свае войскі на р. Свольна каля в. Кацярынава (цяпер Марачкова) і высунуў уперад па дарозе на Клясціцы авангард пад камандаваннем Кульнева. 30 ліп. пасты абодвух бакоў сустрэліся на лясной дарозе на З ад в. Якубова, і пачаліся авангардныя баі. Атакі дывізіі ген. К.Ж.Леграна былі адбіты. Увечары на дапамогу рус. авангарду прыбыў Вітгенштэйн з егерскай брыгадай Фралова і павёў атаку на левы фланг французаў. На дапамогу Леграну падышла 8-я пях. дывізія ген. Ж.А.Вердзье, якая нанесла беспаспяховы ўдар па цэнтры рус.войск. За ноч Вітгенштэйн сцягнуў да Якубова ўсе свае сілы, апрача кав. рэзерву, і дасягнуў прыкладнай колькаснай роўнасці з французамі. На світанні 31 ліп. французы адбілі ўдар па ключавым пункце сваёй пазіцыі, атакавалі цэнтр і левы фланг Вітгенштэйна, аднак былі спынены артыл. агнём. Вітгенштэйн атакаваў французаў і прымусіў Удзіно адступаць у бок Клясціц. Контратака рэзерву Удзіно забяспечыла бесперашкодны адыход яго 2-га корпуса на левы бераг р. Нішча, войскі пачалі адступаць на рубеж р. Дрыса. Рус. войскі занялі Клясціцы, а авангард Кульнева пачаў праследаваць французаў. Пад вечар французы перайшлі Дрысу і сталі лагерам у раёне в. Белае (цяпер Азіна). Кульнеў таксама пераправіўся цераз Дрысу і размясціў свой атрад на Пд ад в. Сівошына. Група франц.войск пад камандаваннем Леграна ў ноч на 1 жн. скрытна падышла да размяшчэння рускіх і раптоўным кав. і штыкавым ударам адкінула іх. Рус. авангард быў амаль цалкам знішчаны, некалькі соцень чалавек узяты ў палон; Кульнеў смяротна паранены. З раніцы дывізія Вердзье працягвала праследаваць рэшткі атрада Кульнева. Вітгенштэйн заняў моцную пазіцыю каля в. Галоўчыцы паміж лесам і р. Нішча, абышоў флангі і ўдарыў па цэнтры французаў. Вердзье адступіў у бок Сівошына. 2 жн. Удзіно пачаў адвод сваіх часцей да Полацка. За тры дні баёў страты з абодвух бакоў склалі па 4—5 тыс.чал. К.б. былі першай у ходзе вайны перамогай рус.войск над большымі сіламі праціўніка. У выніку гэтых баёў французы перайшлі да абароны на ўсім паўн. стратэгічным флангу, пагроза для камунікацый Вітгенштэйна была ліквідавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
знак, -а, мн. -і, -аў, м.
1. Метка, прадмет, якім абазначаецца, выражаецца што-н.
Знакі адрознення (умоўныя абазначэнні на форменным адзенні, якія паказваюць род войск, званне і пад.). Знакі ўзнагароды (пра ордэны, медалі). Грашовы з. (крэдытны білет). З. паштовай аплаты (марка).
2. Знешняе сведчанне, прымета чаго-н.
Знакі ўвагі.
Нядобры з.
Маўчанне — з. згоды.
3. Жэст, рух, якім сігналізуюць, паведамляюць што-н.
Падаць з. галавой.
◊
Пад знакамчаго (высок.) — кіруючыся якой-н. ідэяй, якім-н. імкненнем.
Пад знакам барацьбы за міжнародную бяспеку.
У знакчаго — як сведчанне, доказ чаго-н., выяўляючы, паказваючы што-н.
У знак памяці.
У знак пратэсту.
|| прым.зна́кавы, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.; спец.).
Знакавая сістэма (сістэма знакаў як сродак камунікацыі ў 2 знач.; спец.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ВЕРНЭ́ (Vernet),
сям’я франц. жывапісцаў 18—19 ст.
Жазеф (Клод Жазеф; 14.8.1714, г. Авіньён, Францыя — 3.12.1789), пейзажыст. Вучыўся ў свайго бацькі Антуана і інш. Працаваў у Італіі і Парыжы. У найб. вядомай серыі яго твораў «Парты Францыі» (1753—63) традыцыі класічнага пейзажа К.Ларэна спалучаюцца з рысамі перадрамантызму. Карл (Антуан Шарль Арас; 14.8.1758, г. Бардо, Францыя — 27.11.1836), сын і вучань Жазефа. Поспех яму прынеслі карыкатуры на моды часоў Дырэкторыі; у гады імперыі — афіцыйны жывапісец-баталіст, гістарыёграф напалеонаўскай арміі. Арас (Эміль Жан Арас; 30.6.1789, Парыж — 17.1.1863), гіст. жывапісец і баталіст. Сын і вучань Карла. Дырэктар Франц. Акадэміі ў Рыме (1829—35), працаваў у Парыжы, Рыме, Пецярбургу (1836, 1842—43). Творы: «Напалеон праводзіць агляд сваіх войск у Цюільры», «Апафеоз Напалеона», «Мамелюк» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз шляхты ў ВКЛ супраць палітыкі абсалютызму, што намагаўся ўвесці ў Рэчы Паспалітай кароль Аўгуст II Моцны. Створана 23.3.1716 на шляхецкім з’ездзе ў Вільні. Яе маршалкам выбраны ашмянскі харунжы К.Сулістроўскі. Віленская канфедэрацыя далучылася да Тарнагродскай канфедэрацыі, якая патрабавала вываду саксонскіх войск з Рэчы Паспалітай. Падтрымалі Віленскую канфедэрацыю войска ВКЛ, магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэр. ўсёй Рэчы Паспалітай. 3.11.1716 пры пасрэдніцтве рас. дыпламатаў паміж каралём і абедзвюма канфедэрацыямі падпісана пагадненне, паводле якога саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада караля абмежавана (не меў права пачынаць вайну без згоды сейма, арыштоўваць шляхціца без суда, раздаваць пасады чужаземцам і некатолікам), а правы шляхты пашыраліся (пацверджана права ліберум вета, абмежавана вайсковая ўлада гетманаў). Пагадненне зацверджана Нямым сеймам 1717.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ III АРА́НСКІ (Willem van Oranje; 14.11.1650, г. Гаага, Нідэрланды — 19.3.1702),
статхаўдэр (правіцель) Нідэрландаў [1672—1702], кароль Англіі, Шатландыі і Ірландыі [1689—1702]. Ва ўмовах пагрозы англа-франц. інтэрвенцыі прызначаны ў 1672 галоўнакаманд., пазней пажыццёвым статхаўдэрам. Стварыў антыфранц. кааліцыю (герм. імператар і брандэнбургскі курфюрст, пазней далучыліся Іспанія і Данія), прымусіў Людовіка XIV вывесці войскі з Нідэрландаў і заключыць мір (1678). У перыяд т.зв. Слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. ў арт.Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя) запрошаны апазіцыяй (вігамі) на англ. трон. У 1689—97 на чале войск новай антыфранц. кааліцыі змагаўся з Людовікам XIV у Фландрыі; у выніку заключанага ў 1697 міру Францыя прызнала яго каралём Англіі.
Садзейнічаў развіццю англ. парламентарызму: пры ім прыняты «Біль аб правах» (1689), Акт аб 3-гадовым парламенце (1694), Акт аб пераходзе прастола ў спадчыну (1701).