у міжнародным праве асобы, што ўваходзяць у асабовы склад узбр. сіл і апалчэння, партызаны, удзельнікі руху Супраціўлення, якія ў часваен. канфлікту трапілі пад уладу варожай дзяржавы. Рэжым ваеннапалонных вызначаны Гаагскімі канвенцыямі 1899 і 1907 аб законах і звычаях вайны, а таксама Жэнеўскай канвенцыі 1949, удзельнікам якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Абыходжанне з ваеннапалоннымі пры ўсіх абставінах павінна быць гуманнае, без дыскрымінацыі. Замах на жыццё і фізічную недатыкальнасць ваеннапалонных, на іх чалавечую годнасць не дапускаецца. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць ваеннаслужачых за дрэннае абыходжанне з ваеннапалоннымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗО́К,
лёгкія выязныя сані ў беларусаў і інш.слав. народаў. Вядомы са стараж. часоў. Знешні выгляд і форма вазка залежалі ад заможнасці і сац. прыналежнасці іх уладальнікаў. Утульны, дэкаратыўна аздоблены кузаў меў звычайна козлы для вазніцы, яго абшывалі лубам або тонкімі дошкамі, у заможнай шляхты абівалі знутры сукном, высцілалі футрам, часам вазок быў з закрытым ці паўзакрытым верхам. Сяляне нярэдка замест вазка выкарыстоўвалі развалкі, паверх якіх у задняй частцы мацавалі трохбаковую рашотчатую спінку («драбінку») або плецены паўкош. У сельскай мясцовасці карыстаюцца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КАР ((Wakar) Алексы) (17.1.1898, г. Самара, Расія — 25.8.1966),
польскі вучоны-эканаміст. У часням.-фаш. акупацыі Польшчы (1939—45) удзельнічаў у нелегальнай дзейнасці Вышэйшай гандл. школы, з 1945 праф., з 1946 рэктар гэтай школы. У 1948—50 рэктар Акадэміі паліт. навук, з 1948 — праф. Вышэйшай школы планавання і статыстыкі. Пачаў навук. дзейнасць як прыхільнік Лазанскай школы ў палітэканоміі, якая імкнулася абгрунтаваць выкарыстанне матэматыкі ў эканоміцы. У перадваенны перыяд даследаваў праблемы канкурэнцыі, цэн і знешняга гандлю, у пасляваенны — аптымальнага планавання і сістэмы кіравання сацыяліст. эканомікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСКІ́ў раслін,
адна- або шматклетачныя вырасты эпідэрмісу. Розныя па форме, памерах і будове. Ахоўваюць расліны ад ваганняў т-ры і страты вільгаці (характэрна для высакагорных і пустынных раслін), назапашваюць ваду ў час засухі, служаць для абароны ад шкоднікаў і хвароб, распаўсюджвання пладоў і насення (напр., у адуванчыка, бавоўніку, таполяў). Кручкападобныя валаскі ўтрымліваюць сцёблы лазячых раслін на апоры (напр., у хмеля, фасолі). Каранёвыя валаскі і валаскі-лускавінкі эпіфітаў служаць для паглынання вады і глебавых раствораў. Залозістыя валаскі — органы выдзялення, якія выпускаюць эфірныя алеі або стрававальныя сокі (у насякомаедных раслін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БІНА КА́ША,
у беларусаў абрадавая страва на радзінах. Каша з прасяных, ячных або грэцкіх круп на малацэ, з яйкамі, мёдам, цукрам, маслам, якую варыла бабка-павітуха. Бабіну кашу падавалі пад канец святочнага абеду, калі пачынаўся «торг» за яе. Пасля «торгу» гаршчок з бабінай кашай заставаўся ў самага шчодрага (звычайна гэта быў кум) госця. Ён разбіваў гаршчок на шчасце нованароджанаму і частаваў усіх кашай на чарапку. У наш час на радзінах замест бабінай кашы па традыцыі ў гаршку падаюць цукеркі, пячэнне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІ́ДЫЯ (ад грэч. basidion фундамент),
орган палавога споранашэння ў базідыяльных грыбоў. Утвараецца на канцах дыкарыятычных гіфаў з двух’ядровых клетак. Бываюць: аднаклетачныя (холабазідыі), складзеныя з дзвюх частак (гетэрабазідыі), падзеленыя на 4 клеткі папярочнымі перагародкамі (фрагмабазідыі, або склерабазідыі). У прымітыўных відаў узнікаюць непасрэдна на міцэліі або пры прарастанні спец. клетак (тэліяспораў), у больш высокаарганізаваных — на паверхні ці ў сярэдзіне пладовых цел. На кожнай з іх экзагенна развіваюцца па 2—4 базідыяспоры. У час развіцця базідыя нагадвае сумку. У базідыі завяршаецца палавы працэс — зліваюцца ядры дыкарыёна і дыплоіднае ядро рэдукцыйна дзеліцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКА́С (Gallinago gallinago),
птушка сямейства бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе і паўн. частках Азіі. На Беларусі звычайны пералётны від. Жыве каля вады, на балотах і прырэчных лугах, забалочаных узлесках.
Даўж. цела 27—29 см, маса 100—125 г. Апярэнне карычнявата-бурае з вохрыстымі стракацінамі, брушка белае. Дзюба доўгая, прамая. У час такавання самец выдае гукі, падобныя да бляяння барана (адсюль нар. назва баранчык, козка). Гнёзды на купінах высцілае сухімі сцяблінкамі. Нясе 3—5 стракатых яец. Корміцца чарвямі, слімакамі, жукамі, лічынкамі насякомых, карэньчыкамі травяністых раслін. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНАГЛО́С (Balanoglossus),
род паўхордавых жывёл класа кішачнадыхальных. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, на дне мораў. Доўгі час іх адносілі да чарвей; рус. вучоны А.А.Кавалеўскі даказаў (1867), што яны бліжэй да хордавых жывёл, шэраг прыкмет збліжае іх з ігласкурымі і паганафорамі. Найб. вядомы баланаглос клавігерус.
Даўж. 3—250 см (Balanoglossus gigas). Цела чэрвепадобнае, складаецца з 3 аддзелаў — хабатка, каўнерыка і тулава. Маюць шчэлепы (2 рады), якія пранізваюць стрававод. Раздзельнаполыя, Balanoglossus proliferans можа размнажацца палавым і бясполым (дзяленнем) спосабамі. Кормяцца дробнымі жывёламі, расліннымі рэшткамі і інш.арган. рэчывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛЬЦАР ((Balzer) Освальд Мар’ян) (23.11.1858, г. Ходараў Львоўскай вобл., Украіна — 11.1.1933),
польскі гісторык. Чл. Кракаўскай АН (1888). Вучыўся ў Львоўскім і Кракаўскім ун-тах (1878—81). З 1887 праф. польскага права Львоўскага ун-та. З 1891 дырэктар Львоўскага краявога архіва. Заснавальнік (1901) Польскага навук.т-ва ў Львове, рэдактар (1891—94) час. «Kwartalnik Historyczny» («Гістарычны штоквартальнік»). Аўтар прац па гісторыі дзяржавы і права Польшчы і ВКЛ. Прадстаўнік т.зв. эвалюцыйнай тэорыі ўтварэння дзяржаўнасці, імкнуўся даказаць паходжанне польскай дзяржаўнасці непасрэдна з радавых адносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АНДЫ́НА»,
(«Ondyna druskienickich źródeł», «Ундзіна друскеніцкіх крыніц»), літаратурна-гістарычны і медыцынскі часопіс. Выходзіў у 1844—46 на польск. мове раз на месяц у час курортнага сезона (крас. — снеж.) у Друскеніках (цяпер Друскінінкай, Літва). У літ. аддзеле пераважала белетрызаваная проза. Лейтматывам паэт. твораў («Сеймікі павятовыя» К.Буйніцкага) была ідэалізацыя мінулага, крытыка арыстакратыі. У гіст. аддзеле былі змешчаны артыкулы Т.Нарбута («Аб імёнах жонак вял. князя літоўскага Альгерда», «Заўвагі наконт аўтэнтычнасці падаравання Вітаўта трокскаму манастыру»), В.Мацэёўскага («Бібліятэка шляхецкая і валасная польскага грамадзяніна 16 ст.») і інш.