КАРЫЯЛІ́С (Coriolis) Густаў Гаспар (21.5.1792, Парыж — 19.9.1843),

французскі фізік і інжынер. Чл. Парыжскай АН (1836). Вучыўся ў Політэхн. школе, дзе і працаваў з 1816 (з 1838 дырэктар). Навук. працы па механіцы. Незалежна ад інш. увёў паняцце работы і сфармуляваў тэарэму аб кінетычнай энергіі (1826). Пры даследаванні складанага руху цела (1829) выявіў наяўнасць Карыяліса сілы і Карыяліса паскарэння, на аснове чаго пабудаваў тэорыю адноснага руху (1831—35). Яго даследаванні спрыялі стварэнню дынамікі машын.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНА́ЗЫ, фосфатрансферазы,

ферменты класа трансфераз, што каталізуюць рэакцыі пераносу фасфарыльнага астатку ад адэназінтрыфосфарнай кіслаты (АТФ), радзей ад інш. нуклеазідтрыфасфатаў, на субстраты. Удзельнічаюць у фасфарыліраванні нізкамалекулярных злучэнняў (глюкоза, вітаміны) і бялкоў. Рэакцыі пераносу К.

ажыццяўляюць з затратай энергіі АТФ (неабарачальныя рэакцыі) і без затраты (абарачальныя рэакцыі). Прысутнічаюць ва ўсіх жывых клетках і адыгрываюць значную ролю ў рэгуляцыі абмену рэчываў. Вядома каля 200 К. Вызначэнне актыўнасці крэацінкіназы ў сываратцы крыві выкарыстоўваюць у дыягностыцы інфаркту міякарда і міяпатый.

т. 8, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПО́ТКА Ігнат Анатолевіч (27.6. 1899—18.3.1968),

бел. вучоны ў галіне отарыналарынгалогіі. Праф. (1940). Скончыў мед. ф-т БДУ (1926). З 1930 у Мінскім мед. ін-це (з 1932 заг. кафедры). З 1937 дырэктар Ленінградскага НДІ вуха, горла, носа і маўлення. Навук. працы па біял. уплыве прамянёвай энергіі на арганізм, рэнтгенадыягностыцы рака і склеромы гартані, танзіліце.

Тв.:

Острый и хронический тонзиллит. Их осложнения и связь с другими заболеваниями. Л., 1963 (разам з В.​Ю.​Лакоткінай).

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАНУКЛЕАТЫ́ДЫ,

арганічныя злучэнні, якія складаюцца з азоцістай асновы (пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу (рыбозы або дэзоксірыбозы) і астатку фосфарнай к-ты. М. — манамеры, структурныя адзінкі нуклеінавых кіслот. Адрозніваюцца па азоцістай аснове. Лёгка ўтвараюцца пры гідролізе дэзоксірыбануклеінавай і рыбануклеінавай к-т у прысутнасці нуклеаз. Да М. адносяцца, напр., адэназінмонафасфат, гуаназінмонафасфат і інш. Прысутнічаюць у клетках у свабодным выглядзе, адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў; уваходзяць у састаў каферментаў і з’яўляюцца рэчывамі-акумулятарамі энергіі. Гл. таксама Нуклеатыды.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯЦІ́ЛЬНАСЦЬ ЗО́РКІ,

магутнасць выпрамянення зоркі. Роўная поўнай энергіі, якая выпрамяняецца зоркай за адзінку часу. Вымяраецца звычайна ў адзінках свяцільнасці Сонца, а таксама ў абс. зорных велічынях.

Поўная свяцільнасць Сонца 3,86∙10​26 Вт, свяцільнасць зорак 10​33—10​20 Вт. Поўная С.з. з нулявой зорнай велічынёй — 2,72∙10​28 Вт. Акрамя поўнай адрозніваюць С.з. ў пэўным спектральным інтэрвале, напр., візуальная С.з. (святлоаддача ў бачнай частцы спектра), фатаграфічная (у інтэрвале 0,33—0,49 мкм) і інш.

т. 14, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАБІЛІЗА́ЦЫІ-ЛАБІЛІЗА́ЦЫІ З’Я́ВА ў оптыцы,

змена ўстойлівасці электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул. Адбываецца ў выніку абмену вагальнай энергіяй паміж узбуджанымі малекуламі ў газавай фазе з малекуламі пабочных газаў пры іх сутыкненнях з захаваннем электроннай энергіі ўзбуджэння. Выяўляецца па зменах эфектыўнасці, працягласці, а таксама спектраў флуарэсцэнцыі малекул. Адкрыта М.​А.​Барысевічам і рас. фізікам Б.​С.​Непарэнтам (1955). Адкрыццё С.-л.з. садзейнічала стварэнню лазераў на пары арган. злучэнняў. Выкарыстоўваецца ў спектраскапіі, люмінесцэнцыі, фотахіміі, лазернай фізіцы.

т. 15, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ ПАВЕ́РХНЯ,

ізаэнергетычная паверхня ў прасторы імпульсаў квазічасціцы, што адпавядае пэўнаму значэнню Фермі энергіі. Аддзяляе вобласць занятых электронных станаў, энергет. спектр якіх вызначаецца Фермі—Дзірака размеркаваннем (адсюль назва), ад вобласці, дзе пры абсалютным нулі т-ры электронаў няма. Бывае адкрытая (неперарыўна праходзіць праз усю прастору квазіімпульсаў) і замкнутая (распадаецца на поласці, кожная з якіх размяшчаецца ў элементарнай ячэйцы гэтай прасторы). Тапалагічная структура Ф.п. абумоўлівае асаблівасці электронных характарыстык металаў (цеплаёмістасці, электраправоднасці, магн. успрымальнасці і інш.).

т. 16, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ-ГАЗ,

газ з часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў), якія падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы (адсюль назва). Да Ф.-г. адносяць электроны ў металах і паўправадніках, нуклоны ў цяжкіх атамных ядрах і інш. Ф.-г., які складаецца з неўзаемадзейных часціц, наз. ідэальным. Пры абсалютным нулі тэмпературы ўсе часціцы яго запаўняюць квантавыя станы з энергіяй, якая не перавышае Фермі энергіі, станы з энергіяй, большай за энергію Фермі, застаюцца не запоўненымі (поўнае квантавае выраджэнне Ф.-г.).

т. 16, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ—ДЗІРА́КА РАЗМЕРКАВА́ННЕ, размеркаванне Фермі,

функцыя размеркавання па ўзроўнях энергіі тоесных часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў) пры ўмове, што ўзаемадзеянне паміж імі можна не ўлічваць. Вызначае ўласцівасці ідэальнага квантавага газу (гл. Фермі-газ), які падпарадкоўваецца Фермі—Дзірака статыстыцы.

Паводле Ф.—Дз.р. сярэдняя колькасць ni = 1/(e​(Ei−μ)/kT + 1), дзе i — набор квантавых лікаў, што характарызуюць стан часціцы, k — Больцмана пастаянная, T — абс. т-ра газу, μ — хімічны патэнцыял. Гл. таксама Бозе—Эйнштэйна размеркаванне.

т. 16, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХВАЛЯВО́Д,

канал адвольнай формы ў неаднародным асяроддзі, уздоўж якога могуць распаўсюджваюцца хвалі. Для акустычных хваль (гукавых) Х. — трубы, слаі паветра і вады; электрамагнітных — радыёхваляводы, святлаводы: сейсмічных хваль — верхнія слаі мантыі Зямлі.

Акустычным Х. можа служыць труба з гукаадбівальнымі сценкамі, радыёхваляводам — полая або часткова запоўненая дыэлектрыкам метал. труба ці стрыжань з дыэлектрыка. Найб. пашыраны радыёхваляводы і святлаводы, якія выкарыстоўваюцца як лініі перадачы эл.-магн. энергіі або эл. сігналаў ад аднаго аб’екта да другога.

т. 16, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)