ЛІНЕ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

сістэма, працэсы ў якой задавальняюць суперпазіцыі прынцыпу і апісваюцца лінейнымі ўраўненнямі. Л.с. — ідэалізаваная мадэль рэальнай сістэмы. Спрашчэнні, якія прыводзяць дадзеную сістэму да Л.с., наз. лінеарызацыяй.

Да Л.с. адносяць усе віды суцэльных асяроддзяў (газ, вадкасць, цвёрдае цела, плазму) пры распаўсюджванні ў іх хваль малой амплітуды, вагальныя сістэмы з ваганнямі паблізу стану раўнавагі. напр., маятнікі пры малых амплітудах ваганняў, спружыны пры дэфармацыях у межах Рука закона, эл. вагальныя контуры і ланцугі, параметры якіх не залежаць ад прыкладзенага напружання.

Розныя па прыродзе Л.с. часта падпарадкоўваюцца аднолькавым дыферэнцыяльным ўраўненням, што дае магчымасць вывучаць іх агульныя ўласцівасці, напр., развіваць агульную тэорыю ваганняў і хваль у Л.с. і праводзіць іх мадэліраванне, у т. л. на ЭВМ.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ ГРАМА́ДСТВА,

тып развітога грамадства, якое базіруецца на буйной машыннай вытв-сці, рэалізацыі дасягненняў навукі ў вытв. і інш. сферах дзейнасці, агульнанац. сістэмы гаспадаркі і развітым рынку. Тэрмін увёў А.​Сен-Сімон. У распрацоўку тэорыі І.г. пэўны ўклад зрабілі сацыёлагі А.​Конт, К.​Маркс, Э.​Дзюркгейм, М.​Вебер, П.​Сарокін. Найб. пашырэнне і папулярнасць канцэпцыя атрымала ў 1950—70-я г. (Ж.​Фурасцье, Р.​Арон, Д.​Бел, У.​Ростаў, Дж.​Голбрэйт, Р.​Дарэндорф, А.​Тофлер і інш.). Характэрная асаблівасць сучаснага І.г. — перамяшчэнне насельніцтва з сельскай гаспадаркі і прам-сці ў сферу паслуг. У сацыяльна-паліт. сферы І.г. характарызуецца развіццём сістэмы грамадз. правоў, сац. партнёрства, узмацненнем значнасці заканадаўчага і рэальнага забеспячэння правоў чалавека.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 7, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦЭ́ЛЫ (лац. micella памяншальнае ад mica крошка, крупінка),

сальваціраваныя часцінкі дысперсных фаз у калоідных сістэмах. Складаюцца з ядра — складанага комплексу з многіх тысяч атамаў, малекул ці іонаў дысперснай фазы, і процііонаў, якія абкружаюць ядро і ўтвараюць падвойны электрычны слой. Колькасць дадатных і адмоўных зарадаў у гэтым слоі аднолькавая, таму М. ў адрозненне ад часцінак — электранейтральныя. Сярэдні памер М. 10​−3—10​−7см.

Ліяфільныя мікрагетэрагенныя сістэмы, у якіх дысперснай фазай з’яўляюцца М. паверхнева-актыўных рэчываў, размеркаваныя ў вадкім дысперсійным асяроддзі наз. міцэлярнымі сістэмамі. Наяўнасцю М. абумоўлена мыйнае дзеянне такіх сістэм (напр., водных раствораў мылаў). Міцэлярныя сістэмы выкарыстоўваюць для рэгулявання змочвання, стабілізацыі пен, эмульсій, суспензій. Гл. таксама Залі.

У.​С.​Камароў.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЦАРО́ВІЧ ((Balcerowicz) Лешак) (н. 19.1.1947),

польскі дзярж. дзеяч, эканаміст. З 1970 выкладчык, з 1992 праф. Гал. гандлёвай школы ў Варшаве. У 1989—91 віцэ-прэм’ер і міністр фінансаў. Аўтар праграмы стабілізацыі гаспадаркі і перабудовы эканам. сістэмы Польшчы (план Бальцаровіча).

т. 2, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДДЗЕ́Л у геалогіі, самае буйное падраздзяленне геал. сістэмы, якое мае планетарнае пашырэнне; адзінка агульнай стратыграфічнай шкалы. Аб’ядноўвае адклады, што ўтварыліся на працягу геал. эпохі. Кожны аддзел адасабляецца па характэрных рэштках выкапнёвай фауны і флоры і падзяляецца на ярусы.

т. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАМО́ЖНЫЯ МО́ВЫ,

штучныя знакавыя сістэмы, якія спецыяльна ствараюцца для камунікацыі ва ўмовах, калі сродкаў натуральных моў недастаткова ці карыстацца імі цяжка або немагчыма. Д.м. падзяляюцца на 2 асн. класы: міжнар. мовы-пасрэдніцы, або штучныя мовы, і інфармацыйныя мовы.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАТЭРАПІ́Я,

метад фізіятэрапіі, заснаваны на выкарыстанні ў лекавых мэтах пераменнага нізкачастотнага магнітнага поля. Мясц. ці агульнае ўздзеянне магнітным полем мае супрацьзапаленчы, абязбольваючы і спазмалітычны эфект. М. выкарыстоўваюць пры хваробах апорна-рухальнага апарата, органаў стрававання, мышцаў, перыферычнай нерв. сістэмы.

т. 9, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВЫ КРУПЕ́Ц,

геалагічнае агаленне, у вёсцы Новы Крупец Добрушскага р-на Гомельскай вобл., на ручаі Крупка; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Уключае шэра-зялёныя дробназярністыя кварцава-глаўканітавыя пяскі харкаўскай світы палеагенавай сістэмы, якія намножыліся ў мелкаводным басейне.

т. 11, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́КАЦЬ,

старажытная мера (адзінка) даўжыні. Вызначаўся даўжынёй рукі ад канца сярэдняга ці вял. пальца да лакцявога згіну. Л. карысталіся на Беларусі і ў Расіі да ўвядзення метрычнай сістэмы мер. 1 Л. = 0,3044 сажня = 0,9135 аршына = 14,5 вяршка = 0,6497 м.

т. 9, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́КСВЕЛА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,

статыстычная заканамернасць, якая вызначае размеркаванне па скарасцях (або імпульсах) малекул сістэмы, што знаходзіцца ў стане тэрмадынамічнай раўнавагі (пры ўмове, што паступальны рух малекул падпарадкоўваецца законам класічнай механікі). Выведзена Дж.К.Максвелам (1859) для аднаатамных газаў і пашырана на мнагаатамныя газы рас. вучоным М.​М.​Піраговым (1885).

М.р. па модулях скорасці малекул ідэальнага газу вызначаецца формулай dn = 4πh ( m / 2πkT ) 3/2 exp (− m v2 / 2kT ) v2 dv , дзе dn — сярэдняя колькасць малекул у адзінцы аб’ёму сістэмы, якія маюць модулі скорасці ў інтэрвале ад v да v+dv, n — поўная колькасць малекул у адзінцы аб’ёму сістэмы, m — маса адной малекулы, Tабс. т-ра, k = 1,38∙10​−23 Дж/К — пастаянная Больцмана. Паводле М.р. вызначаюцца сярэдняя арыфметычная < v > = 8kT πm , сярэдняя квадратычная < v > кв = 3kT m і найб. імаверная v ім = 2kT m скорасці малекул газу. М.р. атрымала эксперым. пацвярджэнне ў доследах з малекулярнымі пучкамі, з’яўляецца асновай класічнай статыстыкі (гл. Больцмана статыстыка). З дапамогай М.р. пабудаваны тэорыі вязкасці, цеплаправоднасці, электраправоднасці і інш. малекулярна-кінетычных з’яў.

А.​І.​Болсун.

Максвела размеркаванне.

т. 9, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)