ПАЛА́ТА, 1) назва прадстаўнічых органаў ці іх асобных састаўных частак (напр., Нац. сход Рэспублікі Беларусь складаецца з 2 П. — П. прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі).

2) Назва некат. дзярж. ці грамадскіх арг-цый і ўстаноў (напр., Кніжная П., Гандлёва-прамысловая П.).

3) У дарэв. Расіі судовыя П. — органы па разглядзе грамадз. і крымінальных спраў (уведзены суд. рэформай 1864).

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМО́РСКІЯ А́ЛЬПЫ (франц. AlpesMaritimes, італьян. Alpi Marittime),

паўднёвая частка Зах. Альп у Італіі і Францыі. Даўж. каля 150 км. Выш. да 3297 м (г. Арджэнтэра). Паўд. адгор’і стромка спускаюцца да Лігурыйскага м., утвараюць узбярэжжа Рыўеры. У ніжніх ч. схілаў характэрны міжземнаморскія хмызнякі, рэдкастойныя дубовыя і хваёвыя лясы, вышэй — мяшаныя і хваёвыя лясы, субальпійскія лугі. Нац. парк Меркантур (Францыя).

т. 13, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́БІН (Іван Ільіч) (29.1.1954, хутар Раздоры Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1993),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1976). Працаваў на радыё, у выд-ве «Юнацтва», рэдакцыях газет, настаўнічаў. Друкаваўся з 1971. Зб-кі вершаў і паэм «Над вечнасцю гнязда» (1984), «Вянок надзеі» (1990), «Набытак» (1992) прасякнуты любоўю да роднага краю, клопатам пра адраджэнне роднай культуры, мовы, нац. спадчыны і самасвядомасці.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЮ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сукупнасць эканам., прававых і арганізац. мерапрыемстваў дзярж. органаў, цэнтр. банкаўскіх і фінансавых устаноў у сферы валютных адносін з мэтай уздзеяння на плацежны баланс, валютныя курсы, канкурэнтаздольнасць нац. вытв-сці; састаўная частка эканам. палітыкі краіны. Валютная палітыка бывае бягучая і доўгатэрміновая. Бягучая мае на мэце аператыўнае рэгуляванне валютна-рыначнай кан’юнктуры і дзейнасці валютнага рынку, забеспячэння ўпарадкаванага функцыянавання механізмаў нац. і сусв. валютных сістэм; ажыццяўляецца пераважна ў 2 формах: дыскантнай (змена ўліковай стаўкі працэнта для ўздзеяння на аб’ём крэдыту ў краіне, тэмпы інфляцыі, стан плацежнага балансу і валютны курс) і дэвізнай (рэгуляванне валютнага курсу з дапамогай валютнай інтэрвенцыі і валютных абмежаванняў). Мэта доўгачасовай валютнай палітыкі — ажыццяўленне структурных змен у міжнар. валютным механізме (роля золата, рэзервовых валют, СДР і інш. лікавых адзінак у міжнар. разліках, рэжым валютных парытэтаў і курсаў і інш.); рэалізуецца перагаворамі краін на рэгіянальным узроўні і міждзяржаўнымі (найперш у межах міжнар. валютнага фонду).

В.​Ф.​Дашкевіч.

т. 3, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ЎСКАЯ ((Wasilewska) Ванда Львоўна) (21.1.1905, Кракаў — 29.7.1964),

польская і савецкая пісьменніца, грамадскі дзеяч. Жонка А.Карнейчука. Скончыла Ягелонскі ун-т (1927). У 1934—37 у складзе Гал. рады Польскай сацыяліст. сацыяліст. партыі; удзельнічала ў дзейнасці Лігі аховы правоў чалавека і грамадзяніна. Адзін з арганізатараў антыфаш. Кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. З 1939 у СССР. Заснавала і ўзначальвала ў 1943—46 Саюз польскіх патрыётаў; нам. старшыні Польскага К-та нац. вызвалення (1944). Пісала на польскай мове. Дэбютавала вершамі (1921). Аўтар публіцыстычна-рэпартажных аповесцей «Аблічча дня» (1934), «Зямля ў ярме» (1938), рамана «Радзіма» (1935) аб жыцці рабочых і сялян у Польшчы ў міжваенны перыяд. Трылогія «Песня над водамі» (1940—51, Дзярж. прэмія СССР 1952) пра нац.-вызв. рух на Валыні. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвяціла аповесць «Радуга» (1942, Дзярж. прэмія СССР 1943). Сярод інш. твораў аповесць «Проста каханне» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946), кнігі для дзяцей, зб-кі публіцыстыкі.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1954—55.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 4, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЁРЭШМАРЦІ ((Vörösmarty) Міхай) (1.12.1800, г. Капальнашньек, Венгрыя — 19.11.1855),

венгерскі паэт, драматург, крытык. Прадстаўнік венг. рамантызму. Зрабіў значны ўклад у стварэнне нац. венг. т-ра. Скончыў філас. і юрыд. ф-ты Будапешцкага ун-та. Яго першая эпічная паэма «Уцёкі Залана» (1825) праз усхваленне гераізму і баявога духу продкаў абуджала нац.-патрыят. пачуцці. У паэмах «Чароўная даліна», «Паўднёвы востраў» (абедзве 1826), «Руіны» (1830) адчувальны адыход у свет чыстай фантазіі, чароўнай казкі. У эпічнай паэме «Два суседскія замкі» (1831) феад. мінуўшчына. Аўтар драм «Крывавае вяселле» (1833), «Цылеі і Хунядзі» (1844), камедыі «Тайны вуалі» (1834). Захапленне фальклорам узбагаціла яго творы (драм. казка «Чонгар і Цюндзе», 1830, балада «Прыгожая Ілонка», 1833). Вершы 1830-х г. прасякнуты грамадз. і патрыят. матывамі, 1840-х г.філас. роздумам. Вітаў венг. рэвалюцыю 1848, яе паражэнне прывяло да душэўных пакут і цяжкай хваробы. Зрабіў уплыў на фарміраванне венг. літ. мовы. Верш «Стары цыган» (1854) пераклаў на бел. мову А.​Зарыцкі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1956.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУСЛА́ЎСКІ ((Bogusławski) Войцех) (9.4.1757, б. маёнтак Глінна каля Познані, Польшча — 23.7.1829),

польскі рэжысёр, акцёр драмы і оперы (бас), драматург, педагог, тэатр. дзеяч. Заснавальнік прафес. нац. драм. і муз. т-ра. У 1783, 1790—94, 1799—1814 дырэктар трупы «Нацыянальныя акцёры» (цяпер Тэатр Нарадовы) у Варшаве, дзе ставіў творы замежных (У.​Шэкспір, Мальер, П.​Бамаршэ) і польск. драматургаў («Вяртанне дэпутата» Ю.​Нямцэвіча, 1791), а таксама свае п’есы («Генрых VI на паляванні», 1792, і інш.). У 1785 арганізаваў т-р у Вільні, з якім гастраляваў па Польшчы, Галіцыі, зах. правінцыях Расіі. З 1811 выкладаў у арганізаванай ім драматычнай школе (Варшава). Аўтар лібрэта і пастаноўшчык першай нац. камічнай оперы «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» Я.​Стэфані (1794). Выступаў у драм. (Кароль Лір, Гамлет у аднайм. п’есах Шэкспіра) і оперных (Аксур у аднайм. оперы А.​Сальеры, Бардас у «Уяўны цуд...») спектаклях.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 250;

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 226, 235.

В.Багуслаўскі.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С»

(«Biełarus»),

штотыднёвая грамадска-паліт., літ.-маст. і рэліг.-асветная каталіцкая газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 13(26).1.1913 да 30.7(12.8).1915 у Вільні на бел. мове, друкавалася лацінкай. Была разлічана пераважна на каталіцкую частку бел. сялян і інтэлігенцыі. Рэдактары-выдаўцы: А.​І.​Бычкоўскі, з № 5 за 1914 Б.​А.​Пачопка. Друкавала артыкулы на эканам., паліт. і с.-г. тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы. Асаблівасць бел. адраджэнскай ідэі ў газ. «Беларус» — адзінства нац. культуры, асветы і хрысціянскай веры. Арыентавалася на сац. гармонію і вясковы, сялянскі лад жыцця, не прымала класавай барацьбы і сацыяліст. ідэі. Выступала за паступовае вырашэнне асн. сац. праблем праз асвету на роднай мове, выкарыстанне прагрэс. метадаў гаспадарання. У 1-ю сусв. вайну займала памяркоўную «патрыятычную» і «абарончую» пазіцыі, заклікала дапамагаць салдацкім сем’ям. Друкавала літ. творы А.​Гаруна (пад псеўд. А.​Сумны), А.​Паўловіча, А.​Зязюлі, Г.​Леўчыка, К.​Сваяка і інш.

У.​М.​Конан.

Газета «Беларус». Вільня. 9.1.1914.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (БРА),

нелегальная рэвалюцыйна-дэмакр. арг-цыя нац.-вызв. характару ў Зах. Беларусі ў 1922—23. Вылучылася ў пач. 1922 з левага крыла Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і ў ліп. 1922 аформілася ў самаст. арг-цыю. У шэрагу дакументаў называлася Бел. рэв. партыя, Бел. камуніст. партыя. Арг-цыі БРА існавалі ў Вільні, Навагрудку, Пружанах, Баранавічах, Слоніме, Нясвіжы, Нова-Свянцянску, Лідзе, Валожыне, Свіслачы, Ваўкавыску і аб’ядноўвалі каля 300 чл. (1923); мела некалькі соцень спачуваючых. У ЦК БРА уваходзілі П.​Корчык (І.​К.​Лагіновіч), А.​У.​Канчэўскі, Л.​І.​Родзевіч (А.​Сталевіч), А.​Р.​Капуцкі. Друкаваны орган — газ. «Вольны сцяг». БРА стаяла на пазіцыях класавай барацьбы, падтрымлівала дыктатуру пралетарыяту, выступала за канфіскацыю памешчыцкай зямлі, сац. і нац. вызваленне працоўных, уз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Знаходзілася ў пастаянным кантакце з ЦК Камуніст. рабочай партыі Польшчы. Прызнаўшы асн. праграмныя і тактычныя прынцыпы Кампартыі, 30.12.1923 прыняла рашэнне пра самароспуск і ўступленне ў КПЗБ.

І.​Ф.​Дзяшко.

т. 2, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДКЕ́ВІЧ (Барбара Эдмундаўна) (2.12.1886, маёнтак Глухавец Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ. — 21.8.1937),

дзеяч рэв. руху ў Польшчы, гісторык. Скончыла Брусельскі (Новы) ун-т (1912). Чл. Польскай партыі сацыялістычнай (ППС, 1904—06), Варшаўскага і Лодзінскага к-таў ППС-лявіцы (1908—09, 1912—13), замежнай секцыі ППС-лявіцы. За ўдзел у рэв. руху ў 1906 і 1909 арыштавана. З 1913 у Пецярбургу. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Польскім нац. камісарыяце пры Наркамнацы РСФСР. З 1918 кіраўнік польскай секцыі Магілёўскага губ. аддзела нар. асветы, выкладчык на курсах чырв. камандзіраў у Смаленску, кіраўнік польскіх паліткурсаў пры штабе Зах. фронту, з 1921 кіраўнік сектараў Камуніст. ун-таў імя Свярдлова і нац. меншасцяў Захаду (КУНМЗ), нам. вучонага сакратара Наркамасветы РСФСР. З 1926 выкладчык у Камуніст. ун-це Беларусі. З 1931 навук. супрацоўнік польскага сектара, вучоны сакратар Ін-та польскай пралетарскай культуры АН БССР, дацэнт кафедры ўсеаг. гісторыі КУНМЗа. Даследавала гісторыю развіцця прам-сці і фарміравання пралетарыяту, рэв. руху ў Польшчы. Рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1956.

У.​М.​Міхнюк.

т. 3, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)