галіна фізікі, якая вывучае рух электраправодных газаў і вадкасцей (вадкіх металаў, электралітаў, плазмы) ва ўзаемадзеянні з магнітным полем. Да асн. пытанняў М.г. адносяць даследаванні ўмоў раўнавагі магн. поля з электраправодным асяроддзем, цячэнняў у магн. полі, магнітадынамічных хваль, знаходжанне ўмоў устойлівасці раўнаважных канфігурацый і цячэнняў.
Тэарэт. аснова М.г. — ураўненні гідрадынамікі з улікам эл. токаў і магн палёў у асяроддзі і Максвела ўраўненні. У асяроддзях 3 вял. праводнасцю (гарачая плазма) і (або) вял. памерамі (астрафіз. аб’екты) да звычайнага газадынамічнага ціску дадаецца магн. ціск і магн. нацяжэнне, што прыводзіць да з’яўлення т.зв. альвенаўскіх хваль. М.г. тлумачыць таксама з’явы касм. фізікі: зямны і сонечны магнетызм, паходжанне магн. палёў у Галактыцы, храмасферныя ўспышкі на Сонцы, Магн. буры і інш. Як самаст. навука М.г. сфармулявана ў 1940-х г. шведскім фізікам і астрафізікам Х.Альвенам, які прадказаў новы від хваль, характэрных для добраправоднага асяроддзя ў магн. полі. З 1960-х г. даследаванні па М.г. значна пашырыліся за кошт узнікнення новых відаў вадкіх асяроддзяў, што ўзаемадзейнічаюць з магн. палямі і маюць уласную намагнічанасць (магн. вадкасці і магнітарэалагічныя суспензіі).
На Беларусі даследаванні па М.г. магн. вадкасцей і магнітарэалагічных суспензій вядуцца ў Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН Беларусі, БПА. Розныя эфекты, што вывучаюцца М.г., знайшлі выкарыстанне ў інж. практыцы (стварэнне магнітагідрадынамічных генератараў, МГД-помпаў, ракетных рухавікоў, магчымае ажыццяўленне кіроўнага тэрмаядзернага сінтэзу і інш.).
Літ.:
Альвен Х., Фельтхаммар К.-Г. Космическая электродинамика: Пер. с англ. 2 изд. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗО́ННАЯ ХІ́МІЯ,
раздзел хіміі, які вывучае атамныя сістэмы, дзе ядро атама заменена інш. дадатнай часціцай (напр., μ+-мюонам, пазітронам) або электрон заменены інш. адмоўнай часціцай (напр., μ− мюонам, π−- ці K−-мезонам). Узнікла ў 1960-я г. ў сувязі з даследаваннямі хім. рэакцый, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні мюонаў з рэчывам. З дапамогай М.х. атрымліваюць даныя аб размеркаванні электроннай шчыльнасці, крышталічнай і магн. структуры рэчыва, механізме і скорасці хім. рэакцый.
Асн. кірункі даследаванняў у М.х.: π−- і μ− М.х., вывучэнне паводзін μ+-мюона ў рэчыве і рэакцый мюонія. У π−- М.х. асн. з’яўляецца рэакцыя перазарадкі π−-мезона на пратонах π− + p → n + π0, імавернасць якой залежыць ад зараду ядра атама, з якім злучаны вадарод, тыпу сувязі паміж атамамі вадароду і інш., што дае магчымасць адрозніць хімічна звязаны вадарод ад свабоднага вадароду. У аснове μ−- М.х. ляжыць вымярэнне энергій і інтэнсіўнасцей асобных ліній у рэнтгенаўскіх спектрах мезаатамаў. Асаблівасці рэнтгенаўскага выпрамянення μ−-атамаў дазваляюць вызначыць элементны састаў узору, а таксама відхім. злучэння гэтых элементаў. μ+-мюон і мюоній па сутнасці з’яўляюцца мечанымі атамамі, за рухам якіх можна сачыць ад моманту нараджэння да моманту распаду. Напр., лакальныя магн. палі ў крышталях узаемадзейнічаюць са спінам мюона і змяняюць карціну яго прэцэсіі, што дазваляе вывучаць характарыстыкі ўнутраных магн. палёў. На аснове вывучэння рэакцый мюонію робяць высновы аб рэакцыях атамарнага вадароду.
Літ.:
Кириллов-Угрюмов В.Г., Никитин Ю.П., Сергеев Ф.М. Атомы и мезоны. М., 1980;
Евсеев В.С., Мамедов Т.Н., Роганов В.С. Отрицательные мюоны в веществе. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЧ,
найбольшае возера на Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Вілія, на Нарачана-Вілейскай нізіне, на выш. 165 м. Пл. 79,6 км², даўж. 12,8 км, найб.шыр. 9,8 км, найб.глыб. 24,8 м, даўж. берагавой лініі 41 км. Аб’ём вады 710 млн.м³. Пл. вадазбору 199 км². Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр і нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу, акруглай формы, асіметрычная. Сфарміравалася ў час утварэння Свянцянскіх град у перыяд паазерскага зледзянення. Схілы на Пн і ПнУвыш. 45—50 м, утвораны адгор’ямі Свянцянскіх град, сугліністыя і супясчаныя. На Пд да возера прымыкае больш спадзістая Паўд.-Нарачанская града. Берагі пераважна нізкія, акумулятыўныя, з пясчанымі пляжамі, пясчана-галечнымі валамі (выш. да 1 м) і камяністымі косамі, месцамі забалочаныя, тарфяныя. На Пн і ПнУ абразіўныя берагі са стромымі абрывамі і мысамі (выш. 2—11 м). Каля паўн.-ўсх. берага востраў (пл. 6,2 га) — помнік прыроды (рэдкія звяры і птушкі, гнездаванне вял. крахаля — ахоўны від). Дно возера адносна роўнае (сярэдні нахіл 1°), на У больш складанай будовы (нахіл 5—6°), з чаргаваннем узгорыстых, градава-ўзгорыстых і плоскіх участкаў, месцамі мяліны. Паверхня дна глыб. да 2 м займае 17% пл. возера, да 5 м — 36%, больш за 20 м — 1,8%. Прыбярэжная водмель пясчаная, часткова заіленая, каля стромкіх берагоў галька і валуны. Глыбакаводная ч. выслана крэменязёмістымі і карбанатнымі сапрапелямі, глініста-пясчанымі адкладамі. Паўвостраў Наносы (канчаецца касой) падзяляе Н. на паўн.-зах. Малы плёс (глыб. да 18 м) і паўд.-ўсх. Вялікі плёс (глыб. 24,8 м). Ваганні ўзроўню за год да 35 см, у асобныя гады да 70 см. Сярэдні ледастаў 127 сутак (снеж.—красавік). Таўшчыня лёду 50—60 см, макс. да 90 см. Макс.т-ра прыпаверхневага слоя вады 22 °C у канцы ліп. — пач. жніўня. Зімовыя т-ры ў тоўшчы вады 2,5 °C. Вада насычана кіслародам, мінералізацыя да 250 мг/л, празрыстасць 7—9 м, колернасць 5—7°. Мезатрофнае. Упадаюць 17 ручаёў (Пронькі, Купа, Антонізберг, Сіманы і інш.) і пратока Скема з воз. Мястра, выцякае р.Нарач. Поўная змена вады адбываецца за 10 гадоў. Жыўленне: 62% ападкі, каля 29% паверхневае, каля 9% падземнае. Асн.ч. расходу вады (56%) — сцёк па р. Нарач. Іхтыяфауна рапушкава-сігавая, уключае 19 абарыгенных відаў. Прамысл. зарыбленне (еўрапейскі вугор, амурскі сазан, судак, сіг, пелядзь, сярэбраны карась і інш.). Гняздоўі птушак (лебедзь-шыпун, малая крачка, скапа, малая паганка) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. З 1946 вядуцца гідраметэаралагічныя назіранні і маніторынгавыя даследаванні (Гідрабіялагічная станцыя БДУ). На берагах курорт Нарач, біял. заказнікі Некасецкі і Пасынкі, на паўд.-ўсх. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, помнік прыроды — геал. агаленне Студзянец. У сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем пагаршаецца экалагічны стан Н.: памяншаецца празрыстасць вады, павялічылася колькасць фітапланктону, інтэнсіўна развіваюцца сіне-зялёныя водарасці, павялічваецца колькасць фасфатных злучэнняў у вадзе, развіваецца ачаг шыстаматознага цэркарыёзу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зігза́г, ‑а, м.
1. Ламаная лінія. Маланкі паласавалі ўжо неба і ўдоўж і ўпоперак, яны нагадвалі і белыя шаблі, і блакітныя стрэлы, і зігзагі, і дугі.Хадкевіч.//перан. Рэзкае адхіленне ад асноўнага напрамку ў палітыцы, дзейнасці, быце і пад. [У. Бранеўскі] адлюстроўвае ў сваёй творчасці зігзагі лёсу сваёй краіны.Пестрак.
2. Пра тое, што мае форму ламанай лініі. Сярэбраныя стужкі на канфедэратцы і зігзагі на каўняры ў Збігнева былі зашмальцаваны.Карпюк.//Від жалезнай бараны з папярочнымі перакладзінамі ў форме ламанай лініі.
3.узнач.прысл.зігза́гам, зігза́гамі. Утвараючы ламаную лінію, пакідаючы след ламанай лініі. Міма нас праплывае вуж. Галава яго прыўзнята над вадой, а цела звіваецца зігзагам.В. Вольскі.Шыбы вагонаў былі ўсыпаны дажджавымі кроплямі, якія зігзагамі сцякалі на зямлю.Гурскі.
[Фр. zigzag з ням.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэлефо́н, ‑а, м.
1.Від электрасувязі, які дае магчымасць весці вусную размову паміж абанентамі, аддаленымі адзін ад другога на далёкую адлегласць. Гаварыць па тэлефоне. □ Неяк увечары пазваніў па тэлефоне сын маіх знаёмых Толік і запытаў, ці не магла б я даць яму якую-небудзь цікавую кніжку.Бяганская.
2. Электраакустычны апарат для перадачы І прыёму моўнай інфармацыі. Міжгародні тэлефон. Палявы тэлефон. □ Пятрэнка, а за ім Казімір з Ірынкай, прайшлі ў маленькі дырэктарскі кабінет, дзе на сцяне над сталом вісеў тэлефон.Краўчанка.// Нумар тэлефоннага апарата. Дакладны бяру тэлефон, Дакладны ведаю Адрас.Барадулін.
•••
Тэлефон-аўтамат — тэлефонны апарат з механічнай сістэмай аплаты тэлефонных размоў; таксафон.
Абарваць тэлефонгл. абарваць.
Вісець на тэлефонегл. вісець.
Сядзець на тэлефонегл. сядзець.
[Ад грэч. tēle — далёка і phōnē — гук.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
МАЗА́ІКА (франц. mosaïque, італьян. mosaico ад лац. musivum літар. прысвечанае музам),
выява ці ўзор, складзены з кавалачкаў розных форм рознакаляровых натуральных камянёў, смальты, керамікі, дрэва (гл.Маркетры) і інш. і замацаваны ў слоі вапны, цэменту, воску і інш.; відманументальнага мастацтва. М. выкарыстоўваецца для ўпрыгожвання твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва, радзей для стварэння станковых карцін. Існуюць 2 тыпы мазаічных твораў: з маленькіх кубікаў смальты ці каменю (тэхніка, вядомая з часоў антычнасці, т.зв. рымская М.) і з тонкіх пластоў рознакаляровых мармураў і яшмы, выразаных і складзеных па контурах выявы, т.зв.фларэнтыйская мазаіка. Набор М. можа быць простым (выяву адразу набіраюць на слой цэменту ці масцікі) і адваротным (кавалачкі М. наклейваюць пярэднім бокам уніз на малюнак, выкананы на тканіне, кардоне, заліваюць цэментам, потым блок пераносяць у патрэбнае месца паверхні, якая дэкарыруецца). Блізкія да М. інкрустацыя, інтарсія.
Найб. стараж.М. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Росквіту дасягнула ў ант. і візант. мастацтве, Італіі, Стараж. Русі і інш. У краінах ісламу з 13—14 ст. развіваецца маёлікавая М., якой упрыгожвалі парталы пабудоў і купалы маўзалеяў. У 18 ст. ў Расіі М.Ламаносаў адрадзіў тэхніку смальтавай М. У 1870-я г.бел. мастак Н.Сілівановіч стварыў мазаічнае пано «Тайная вячэра» ў Ісакіеўскім саборы ў Пецярбургу. Шырока вядомы М. буйных мастакоў канца 19 — пач. 20 ст.: В.Васняцова, Р.Гутуза, А.Дайнекі, Г.Клімта, Ф.Лежэ, І.Рабіновіча, Д.Рыверы, Д.Сікейраса, Б.Тальберга, М.Урубеля, Х.Эрні, архітэктара А.Гаўдзі і інш.
На Беларусі смальтавая М. вядома з 12 ст. (аздабленне пабудоў Верхняга замка і храма-пахавальні Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў г. Полацк Віцебскай вобл., Ніжняй царквы ў Гродне). М. пач. 20 ст. зберагліся ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы, фамільнай пахавальні князёў Святаполк-Мірскіх у г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., будынку пазямельна-сял. банка ў Віцебску. М. з розных матэрыялаў шырока выкарыстоўваецца з 1960-х г.: інтэр’еры Палаца культуры тэкстыльшчыкаў (1963, Г.Вашчанка), кінатэатра «Партызан» (1967, М.Данцыг, Б.Няпомняшчы), кампазіцыі на Кургане Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (1969, А.Бембель), «Беларусь партызанская» на фасадзе гасцініцы «Турыст» (1973, А.Кішчанка), у афармленні станцый метрапалітэна «Маскоўская» (У.Стальмашонак, В.Даўгала), «Інстытут культуры» (В.Чайка, С.Катовіч; абедзве 1984), на фасадзе царквы Усіх смуткуючых радасць (1998, В.Барабанцаў) — усе ў Мінску; на тарцах дамоў у мікрараёне Усход у Мінску (1977—78, Кішчанка), г. Наваполацк Віцебскай вобл. (1981, У.Новак і інш.), Брэсце (1985) і г. Салігорск Мінскай вобл. (1986, 1997, усе У.Крываблоцкі), трыпціх на фасадзе індустр.-пед. тэхнікума ў г. Пінск Брэсцкай вобл. (1984, У.Самсонаў) і інш.
А.М.Пікулік.
Мазаіка з выявай нацюрморта. Старажытны Рым. 2 ст. н.э.Да арт.Мазаіка. Сімяон Полацкі. Мазаічная выява ў Баранавіцкім Пакроўскім саборы. Паводле кардона АМ.Васняцова. Пач. 20 ст.Да арт.Мазаіка. Дзмітрый Салунскі з Міхайлаўскага Залатаверхага сабора ў Кіеве. Фрагмент. Пач. 12 ст.В.Барабанцаў. Мазаіка над уваходам у царкву Усіх смуткуючых радасцей у Мінску. 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСПЯ́НСКІ ((Wyspiański) Станіслаў) (15.1.1869, г. Кракаў, Польшча — 28.11.1907),
польскі драматург, паэт, мастак, тэатр. дзеяч. Вучыўся жывапісу, вывучаў філасофію і л-ру ў Кракаве і Парыжы. Чл.т-ва мастакоў «Мастацтва» (з 1897). Праф. Кракаўскай акадэміі выяўл. мастацтваў (з 1906). У 1898—1905 мастак-дэкаратар і рэжысёр Кракаўскага т-ра (ажыццявіў 1-ю пастаноўку «Дзядоў» А.Міцкевіча). Выспянскі-драматург быў прыхільнікам вагнераўскага (які сінтэзаваў розныя мастацтвы) т-ра, развіваў традыцыі польск. рамантычнай драмы, зведаў уплыў антычнай трагедыі. Філас. асэнсаванне тэмы лёсу, супрацьстаяння яму ў драмах на антычныя сюжэты «Мелеагр», «Пратэсілай і Лаадамія» (абедзве 1899), а таксама ў «Праклёне» (1899) і «Суддзях» (1907), напісаных паводле рэальных падзей. У п’есах пра паўстанне 1830 «Варшавянка» (1898), «Лістападаўская ноч» (1904), а таксама «Легіён» (1900), драм. трылогіі «Вяселле» (1901, найб. значны твор Высоцкага) — нац.-паліт. праблематыка, філас. інтэрпрэтацыя польск. рэчаіснасці праз супастаўленне з гіст. мінулым. Аўтар драм «Баляслаў Смелы» (1903), «Зыгмунт Аўгуст» (не скончана), рапсода «Казімеж Вялікі» (1900) і інш. Уплыў Высоцкага на сваю творчасць зазнаў Я.Купала.
У выяўл. мастацтве Высоцкі імкнуўся захаваць нац. каларыт у рамках стылю «мадэрн». Стварыў паэтычныя і выразныя па манеры малюнка партрэты і пейзажы ў тэхніцы пастэлі (аўтапартрэты, каля 1900—02; «Аленка і кветкі», 1902; «Партрэт Элізы Парэнскай», «Від на пагорак Касцюшка», абодва 1905), драм.-экспрэсіўных, маляўнічых эскізаў вітражоў (для францысканскага сабора і касцёла на Вавелі ў Кракаве, 1896—1906). У афармленні кніг дасягнуў дэкар. адзінства шрыфту і мяккага стылізаванага расліннага арнаменту. Выконваў эскізы касцюмаў і дэкарацый да ўласных спектакляў у Кракаўскім т-ры («Варшавянка», «Вызваленне», «Баляслаў Смелы»), эскізы мэблі, тканін, вырабаў з металу, афармлення інтэр’ераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯЦЕ́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,
выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; віднароднага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г. шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, а таксама пляценне карункаў у Расіі.
На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл.Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш.Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як віддэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв. аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.Агафоненка, К.Арцёменка, А.Белановіч, С.Галанчанка, В.Гаўрылюк, Л.Главацкая, М.Кулак, Н.Ліцюк, Л.Лось, У.Лук’янец, Г.Сапун, Л.Скрыпнічэнка, В.Сташкевіч, Т.Федаркова і інш.
Літ.:
Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;
Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.Да арт.Пляценне мастацкае. Т.Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.Да арт.Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЗЕЛЯЧЭ́ННЕ, пелоідатэрапія, пелатэрапія,
выкарыстанне гразей лячэбных (пелоідаў) у лек. і прафілакт. мэтах на гразевых і інш.курортах, у водагразелячэбніцах санаторыяў, прафілакторыяў, фізіятэрапеўт. аддзяленнях і кабінетах бальнічных і амбулаторна-паліклінічных устаноў; відфізіятэрапіі. Робяць гразелячэнне агульнае (ванны лячэбныя) і мясцовае (аплікацыі, кампрэсы і інш.). Спалучаецца з бальнеатэрапіяй, медыкаментозным лячэннем, масажам, лячэбнай фізкультурай і інш. відамі тэрапіі. Адна з разнавіднасцей гразелячэння — электрагразелячэнне (гальвана-, дыятэрма-, індуктагразелячэнне).
Гразелячэнне ўзнікла з нар. вопыту лек. выкарыстання прыродных гразей (вулканічных, ліманных, тарфяных). Навук. абгрунтаванне атрымала ў пач. 19 ст. ў працах О.Лібрайха, К.Гродэля, Ш.Дзюран-Фардэля, Ч.Фругоні, Л.Дэвота, М.А.Ажэ. У 20 ст. гразелячэнне — пашыраная форма фізіятэрапіі хвароб органаў апоры і руху, гінекалагічных, некат. сасудзістых і нерв., траўмаў, трафічных язваў, ран і інш. Сапрапелевыя арган. асадкавыя гразі прэсных азёр ёсць на Беларусі (азёры Дрэвіца, Судабле, Сяргееўскае і інш.); шырока выкарыстоўваюцца тарфяныя гразі.
Тэрапеўт. ўздзеянне гразелячэння рэалізуецца гал. чынам праз рэфлекторна-гумаральныя (нерв. і эндакрынную сістэмы) уплывы на розныя органы. Шматразовасць працэдур гразелячэння па пэўнай схеме забяспечвае сумацыю лек. эфекту. Гразелячэнне станоўча ўплывае на абмен рэчываў, кроваўтварэнне, функцыі ўнутр. органаў, мае заспакаяльнае дзеянне, павышае тонус вегетатыўнай нерв. і рэактыўнасць імуналагічнай сістэм, прыгнятае алергічныя рэакцыі, стымулюе працэсы аднаўлення тканак. Асабліва эфектыўнае гразелячэнне пры хранічных запаленчых захворваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-РЫ́МСКАЯ БАРАЦЬБА́,
від спартыўнай барацьбы, у якім выкарыстоўваюцца кідкі, пераводы, перавароты і інш. прыёмы, але забараняюцца захваты праціўніка ніжэй пояса, прыёмы з дапамогай ног, падножкі і інш. Спаборніцтвы праводзяцца на спец. дыване памерам 8×8 м. Спартсмены падзяляюцца на вагавыя катэгорыі. Схватка складаецца з 3 перыядаў па 3 мін кожны, з мінутнымі перапынкамі для адпачынку. Паядынак праходзіць у «стойцы» або «партэры» (калі адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях, на баку, у «мосце»).
Сучасная грэка-рымская барацьба зарадзілася ў Францыі, дзе ў 1880 сфармуляваны першыя афіц. правілы. З канца 19 ст. пашырылася ў многіх краінах свету. З 1896 (за выключэннем 1900 і 1904) у праграме Алімпійскіх гульняў, з 1928 праводзяцца чэмпіянаты Еўропы, з 1950 — свету. З 1912 дзейнічае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА).
На Беларусі барацьба, падобная да грэка-рымскай барацьбы, вядома з даўніх часоў як барацьба «на крыжы». У 1914 у Мінску праведзены 1-ы чэмпіянат гораду сярод барцоў-аматараў. Сярод бел. спартсменаў найб. поспехаў дасягнулі А.Караваеў (чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1960, свету 1958, 1961), У.Зубкоў (чэмпіён свету 1971, 1973—75), І.Каныгін (чэмпіён свету 1981, 1983, Еўропы 1980, 1982—83, 1985), С.Дземяшкевіч (уладальнік Кубка свету 1988, чэмпіён свету 1991, 1993).