здабыўная галіна рыбнай прамысловасці. Сыравінная база — прыродныя рэсурсы акіянаў, мораў, азёр, рэк, вадасховішчаў і сажалак (рыба, малюскі, марскія млекакормячыя, ракападобныя і інш.). Падзяляецца на прамысл. і аматарскае, а па месцы здабычы рыбы і морапрадуктаў — на марское, далёкае ад берагоў, марское прыбярэжнае і азёрна-рачное. Прамысл. Р. грунтуецца на вывучэнні рыбных запасаў, біял. асаблівасцях аб’ектаў промыслу, раёнаў лоўлі, міграцыі рыб і марскіх жывёл. Адзін з найстарэйшых відаў чалавечай дзейнасці. Да эпохі палеаліту і неаліту адносяцца вынаходствы рыбалоўных прылад (кручкі, гарпуны, восці і інш.). З развіццём сельскай гаспадаркі Р. ператварылася ў дапаможную галіну. Формы, спосабы і прылады стараж. Р. амаль усе вядомы і ў наш час. Развіццё прадукцыйных сіл паступова ператварыла здабычу рыбы і морапрадуктаў у промысел, а потым і ў прамысловае Р. Асн. частку ўлову дае акіянскае і марское Р. ў межах кантынент. шэльфа. Да сярэдзіны 20 ст. прыкладна 75% улову прыпадала на паўн.ч.Сусв. акіяна, але ўжо ў 1970-я г. цэнтр Р. перамясціўся ў трапічныя раёны і Паўд. паўшар’е. Матэрыяльна-тэхн. базу складае рыбапрамысл. флот, рыбалоўныя парты, прадпрыемствы па вытв-сці прылад, сродкаў вытв-сці і іх рамонце. Гал. месца належыць тралаваму лову. Выкарыстоўваюцца таксама кашальковы, дрыфтэрны і ярусны лоў. Для павышэння эфектыўнасці распрацаваны метады ўздзеяння на рыбу святлом, электрычнасцю, хім. прэпаратамі і інш. Спалучэнне рыбных помпаў з тралам і нератам прывяло да распрацоўкі гідрамеханізаванай лоўлі бесперапыннага дзеяння. Касм. назіранні дазволілі пашырыць лоўлю ва ўсіх морах і акіянах. У марскім Р. існуюць аўтаномныя і экспедыцыйная формы арганізацыі лоўлі. Неабмежаваная лоўля рыбы і здабыча морапрадуктаў адмоўна адбіваецца на стане сыравінных рэсурсаў, таму парадак лоўлі і здабычы ў адкрытым моры вызначаецца міжнар. пагадненнямі, а ў тэр. водах — нац. заканадаўствам. Значныя страты наносяць браканьерская лоўля рыбы і здабыча марской жывёлы.
У 1998 у свеце вылаўлена 117,2 млн.т рыбы, ракападобных і малюскаў, у т. л. 30,9 млн.т у сажалках і пры выкарыстанні інш. метадаў штучнага развядзення. 10 краін, дзе найб. развіта Р., вылавілі 78,1 млн.т, у т. л. Кітай 38 млн.т, Японія 6 млн.т, Індыя і ЗША па 5,2 млн.т, Расія 4,5 млн.т, Інданезія і Перу па 4,4 млн.т, Чылі 3,6 млн.т, Тайланд 3,5 млн.т, Нарвегія 3,3 млн.т. Ад 1 да 2 млн.т штогод вылоўліваюць Паўд. Карэя, Ісландыя, Філіпіны, Данія, Мексіка, Малайзія, Іспанія, Аргенціна, Бангладэш, Вялікабрытанія, В’етнам, Канада, Тайвань. Значная здабыча (ад 0,5 да 1 млн.т) у Бразіліі, Эквадоры, Францыі, Італіі, Марока, Нідэрландах, Новай Зеландыі. Пакістане, Сенегале, ПАР, Венесуэле і Турцыі. Унутрыкантынент. дзяржавы арганізуюць Р. (акрамя ўнутр. вадаёмаў) у моры на зафрахтаваных або сваіх суднах. У спарт. і рэкрэацыйных мэтах з дапамогай ручных прылад (вуды, спінінгі, перамёты, дарожкі і інш.) развіваецца аматарскае Р.
На Беларусі Р. ажыццяўляюць рыбакамбінаты, сажалкавыя рыбгасы, азёрна-таварныя гаспадаркі, рыбзаводы і інш. Ва ўнутраных вадаёмах Беларусі ўлоў рыбы склаў 13,6 тыс.т (1998). Абмежавана лоўля рыб, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (сцерлядзь, ручаёвая стронга, звычайны харыус, рыбец, вусач).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫБЕ́ЦКІ АЎТАНО́МНЫ РАЁН, Тыбет (кіт. Сіцзан-Цзычжыюй),
нацыянальна-адм. адзінка Кітая ў межах Тыбецкага нагор’я. Пл. 1221 тыс.км². Нас. каля 2,6 млн.чал. (2001), жывуць тыбетцы і кітайцы. Адм. ц. — г.Лхаса. У рэльефе пераважаюць слабаўзгорыстыя або плоскія раўніны і адносна кароткія горныя хрыбты пераважна шыротнага або субшыротнага напрамку (выш. да 6 тыс.м) з шырокімі і плоскімі водападзеламі, з пакатымі схіламі. Праяўленні вулканізму і сейсмізму. Ёсць радовішчы золата, касітэрыту, поліметал. руд, каменнага вугалю, соды і інш. Клімат суровы і сухі. На ўскраінах вытокі Хуанхэ, Янцзы, Меконга, Салуіна, Брахмапутры, Інда. Шмат бяссцёкавых салёных азёр. Пераважаюць ландшафты высакагорных халодных пустынь і паўпустынь. Характэрна нізкарослая зрэджаная травяністая і паўхмызняковая расліннасць. З галін эканомікі пераважае сельская гаспадарка. У далінах і на горных схілах сеюць галазёрны ячмень, авёс, гарох, грэчку. Меншае значэнне маюць пшаніца і рыс (на ПдУ), бульба, рэпа, бручка, цыбуля. Садоўніцтва (яблыня, груша). Адгонная жывёлагадоўля (які, авечкі, козы, коні, аслы, мулы). У земляробчых раёнах гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Невял. здабыча кам. вугалю, солі, золата. Некалькі ГЭС. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, лесапільныя, цагельныя, фармацэўтычныя, тэкстыльныя. Транспарт пераважна аўтамаб. і ўючны.
Гісторыя. Ядро тыбецкага народа — плямёны цянаў, якія ў 6—5 ст. да н.э. перасяліліся ў Тыбет, дзе змяшаліся з абарыгенамі. У пач. 7 ст.н.э. адзін з князёў — Намры аб’яднаў пад сваёй уладай б.ч. тыбецкіх плямён. Яго сын Сранцзангамба стварыў адзіную Тыбецкую дзяржаву, якая дасягнула найб. росквіту пры Тысангдэцэне (755—791). У 787 дзярж. рэлігіяй стаў будызм. У сярэдзіне 9 ст. Тыбецкая дзяржава распалася на шэраг княстваў, у якіх узмацніўся ўплыў будыйскіх манастыроў і духавенства (лам). У канцы 14 — пач. 15 ст. манах Цзанкаба заснаваў секту Гэлуг-ба (жоўтакапялюшнікаў), з якой вылучылася асобная плынь у будызме — ламаізм. Кіраўнік секты Гэлут-ба з 16 ст. носіць тытул далай-лама. У сярэдзіне 17 ст. 5-ы далай-лама пры дапамозе войск Айрацкага ханства ўсталяваў уладу над усім Тыбетам і стварыў тэакратычную дзяржаву. у якой далай-ламы мелі духоўную і свецкую ўладу. У 1732 дынастыя Цын, якая кіравала ў Кітаі, прымусіла далай-ламу прызнаць вярх. сюзерэнітэт Кітая. У жн. 1904 экспедыцыйны брыт. атрад захапіў сталіцу Тыбета г. Лхаса і кіт. ўрад быў вымушаны прызнаць Тыбет зонай уплыву Вялікабрытаніі. У час Сіньхайскай рэвалюцыі 1911—13 Тыбет стаў фактычна незалежным ад цэнтр.кіт. улад. Пасля ўтварэння Кіт.Нар. Рэспублікі (КНР, 1949) вял. сход прадстаўнікоў Тыбета абвясціў 4.11.1949 незалежнасць Тыбета. Але ўрад КНР не пагадзіўся з гэтым і ў 1950 пачаў прасоўванне ўглыб Тыбета. 23.5.1951 прадстаўнікі 14-га далай-ламы (Тэндзін Г’ятсо) падпісалі з уладамі КНР пагадненне пра пераход Тыбета пад юрысдыкцыю КНР пры захаванні яго аўтаноміі. У 1954 Індыя адмовілася ад усіх правоў і прывілеяў у Тыбеце. Палітыка кіт. улад у Тыбеце выклікала ў 1959 паўстанне, якое падаўлена кіт. войскамі. Далай-лама уцёк у Індыю, дзе стварыў урад Тыбета ў выгнанні. У 1965 створаны Тыбецкі аўт. раён.
Літ.:
Богословский В.А. Очерк истории тибетского народа. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮМЕ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў Зах. Сібіры, у Рас. Федэрацыі. Утворана 14.8.1944. Пл. 1435,2 тыс.км². Нас. 3272,2 тыс.чал. (2002), гарадскога 77%. Цэнтр — г.Цюмень. Буйныя гарады: Сургут, Ніжнявартаўск, Нефцеюганск, Табольск, Новы Урэнгой, Нягань, Ішым. У складзе вобласці Ханты-Мансійская аўтаномная акруга і Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга.
Тэр. вобласці ў межах Зах.-Сіб. раўніны. Пераважае плоскі рэльеф. Самыя нізкія ўчасткі (50—100 м) у цэнтр.ч. (Кондзінская і Сярэдняобская нізіны) і на Пн (Ніжняобская, Надымская, Тазаўская нізіны). На З — усх. схілы Паўн., Прыпалярнага і Палярнага Урала, на У — Ніжнеенісейскае і Верхнятазаўскае ўзв., ва ўнутр.ч. — Сібірскія Увалы. Карысныя выкапні: нафта і газ (адпаведна 64% і 91% запасаў Расіі; Зах.-Сіб. нафтагазавая правінцыя), буры вугаль, жал. і хромавыя руды, марганец, фасфарыты, золата, барыт, буд. матэрыялы. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -17 да -29 °C, ліп. ад 4 да 18 °C. Ападкаў 220—600 мм за год. На Пн пашырана шматгадовая мерзлата. Гал. рака Об з Іртышом; Надым, Пур, Таз. Шмат азёр. Глебы пераважна падзолістыя і тарфяна-балотныя, на Пн тундравыя, на Пд чарназёмна-лугавыя, па далінах рэк алювіяльныя. Большую ч. лясоў вобласці складае тайга (хвоя, піхта, кедр, елка, лістоўніца). На Пн расліннасць тундравая і лесатундравая, на Пд лесастэпавая. Пад лесам 21% тэр.Вял. плошчы забалочаных і саланчаковых лугоў. Запаведнікі: Верхнятазаўскі, Малая Сосьва, Юганскі.
Гал. галіна прам-сці — нафтагазаздабыўная. На долю Ц.в. прыпадае 66% здабычы нафты (198 млн.т, 1998) і 92% здабычы газу (542 млрд.м³) Расіі. Асн. цэнтры нафтаздабычы — Сургут, Ніжнявартаўск, Нефцеюганск, Урай, газаздабычы — Надым, Урэнгой, Новы Урэнгой, Ямбург, Мядзведжае. Перспектыўны раён здабычы газу — п-аў Ямал. Нафтаперапрацоўка ў Цюмені, Табольску, газаперапр. з-ды на базе спадарожнага нафтавага газу ў Мураўленцы, Вынгапуры, Наябрску, Ніжнявартаўску. Вытв-сць электраэнергіі 64,8 млрд.кВт∙гадз (1999) на ДРЭС (Сургуцкая 1 і 2, Ніжнявартаўская, Урэнгойская) і ЦЭЦ (Цюменская і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (акумулятарныя батарэі, дрэваапр. і металарэзныя станкі, нафтаапаратура, буравое, геолагаразведачнае абсталяванне і інструменты, с.-г. машыны, рачныя судны, суднарамонт), хім. (сінт. каўчук, смолы) і хім.-фармацэўтычная, лясная і дрэваапр. (фанера, драўнянастружкавыя пліты, мэбля), лёгкая (аўчынна-футравая, тэкст., абутковая, дывановая), харч., у т. л. рыбная прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. С.-г. ўгоддзі займаюць 3374,1 тыс.га, у т. л. ворныя землі 1504,2 тыс.га. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, авёс, ячмень), тэхн. і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Больш за 64% кошту с.-г. прадукцыі прыпадае на малочна-мясную жывёлагадоўлю. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак; на Пн — аленегадоўля. Зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, пясец, норка). Пушны промысел (собаль, пясец, андатра). Даўж. чыгунак 2451 км, аўтадарог ’з цвёрдым пакрыццём 9361 км (2000). Гал. чыгункі Цюмень—Табольск—Сургут—Наябрск—Новы Урэнгой, Цюмень—Омск, Транссібірская магістраль (на Пд); аўтадарогі Цюмень—Табольск, Цюмень—Ішым. Суднаходства па рэках Об, Іртыш, Табол, Тура і інш. 14 аэрапортаў. Магутная сетка трубаправодаў. Нафтаправоды Сургут—Наваполацк, Усць-Балык—Курган—Альмецьеўск, Ніжнявартаўск—Самара—Унеча—Мазыр—Брэст—Еўропа, газаправоды Урэнгой—Масква, Урэнгой—Памары—Ужгарад; прадуктаправод Усць-Балык—Табольск. Бальнеагразевы курорт Вял. Тараскуль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА.
Рэльеф тэр. Беларусі, размешчанай у зах. частцы Рускай раўніны, характарызуецца перавагай плоскіх і спадзістахвалістых раўнін і нізін, рачных далін і градава-ўзгоркавых комплексаў рознага памеру і канфігурацыі. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 345 м (г. Дзяржынская) на Мінскім узвышшы да 80 м у даліне Нёмана каля мяжы з Літвой. Сярэдняя вышыня паверхні Беларусі 160 м над узр. мора. Большасць узвышшаў, на якія прыпадае 1/3 тэрыторыі, размешчана ў зах. і цэнтральнай частцы краіны і мае абсалютныя вышыні 200—300 м.
Глыбіня расчлянення паніжаных міжрэччаў звычайна не перавышае 5 м, на прыўзнятых раўнінных тэрыторыях павялічваецца да 5—10 м, на ўзвышшах да 10—40 м і больш. У шэрагу выпадкаў ваганні вышыні могуць быць да 50—100 м (за кошт эразійнага ўрэзу).
Густата расчлянення (даўжыня эразійнай сеткі на 1 км²тэр.) на нізінах складае 0—0,2 км/км², на больш прыўзнятых раўнінах — да 0,3—0,5 км/км², на схілах краявых град і каля буйных рачных далін 1—2, радзей 3—3,5 км/км².
Рэльефаўтваральнымі з’яўляюцца пераважна адклады чацвярцічнага перыяду (уласна ледавіковыя марэны, патокава-ледавіковыя і азёрна-ледавіковыя). Магутнасць іх вагаецца ад некалькіх метраў да 300 м і больш (у сярэднім 75—80 м). Ступень дэнудацыйнага пераўтварэння, марфалагічныя асаблівасці і ўзрост рэльефу змяняюцца ў напрамку з Пн на Пд.
У паўн. частцы пераважае ледавіковы рэльеф паазерскага зледзянення з мноствам азёр (каля 3 тыс.), бяссцёкавых катлавін, плоскіх забалочаных нізін, акаймаваных і падзеленых групамі ўзгоркаў і сістэмамі звіліста-разгалінаваных краявых град. Абсалютныя вышыні вагаюцца пераважна ад 120—170 м на нізінах і раўнінах да 250 м у межах узвышшаў і град.
У цэнтральнай частцы рэгіёна рэльеф дэнудаваны, пераважна ледавіковы сожскага ўзросту. Развіта сістэма краявых узвышшаў і платопадобных раўнін, якія з’яўляюцца часткай водападзелу басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў.
Абсалютныя вышыні дасягаюць 200—250 м і больш. На Пд пашыраны дэнудаваны рэльеф сожскага і дняпроўскага ўзросту, а таксама алювіяльны і азёрна-алювіяльны рэльеф паазерска-галацэнавага ўзросту. Абсалютныя вышыні 120—185 м, зрэдку перавышаюць 200 м. Найбольш нізкія ўзроўні зямной паверхні на ўсёй тэр. рэгіёна прыстасаваны да рачных далін, самыя буйныя з якіх працягваюцца на сотні кіламетраў, з’яўляюцца па сутнасці інтразанальнай катэгорыяй рэльефу. Рэкі Беларусі належаць да басейнаў Чорнага (дрэніруецца 58% тэр. краіны) і Балтыйскага мораў. У далінах буйных рэк Чарнаморскага басейна звычайна вылучаюцца 2—3-узроўневая пойма і 2 надпоймавыя тэрасы, у рэк Балтыйскага басейна — 2—3-узроўневая пойма, 2—3 цыклавыя надпоймавыя тэрасы і некалькі лакальных тэрасавых узроўняў (да 8—9 у Нёмана).
Першасны выгляд зямной паверхні на значнай частцы тэр. Беларусі відазменены, а месцамі і поўнасцю знішчаны пазнейшымі эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі і асабліва тэхнагеннай дзейнасцю. Створаныя чалавекам формы (кар’еры, дамбы, катлаваны, адвалы і інш.) часта па сваіх памерах супастаўныя з формамі натуральнага рэльефу, а па сумарнай плошчы займаюць 4—5% усёй тэр. краіны. Інтэнсіўнае антрапагенавае ўздзеянне на зямную паверхню прыводзіць да знікнення многіх характэрных форм рэльефу (озы, камы, краявыя ледавіковыя грады і інш.), і гэта робіць вельмі актуальнай дзейнасць па абгрунтаванні і вылучэнні геамарфалагічных помнікаў прыроды, заказнікаў і запаведнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛОТАЗНАЎСТВА
Пачатак развіццю балотазнаўства на Беларусі дала экспедыцыя І.І.Жылінскага па асушэнні балот Палесся (1873—98). Яе ўдзельнік Г.І.Танфільеў апісаў расліннасць палескіх балот і распрацаваў іх першую класіфікацыю. У 1875 В.В.Дакучаеў апублікаваў працу «Па пытанню асушэння балот увогуле і ў прыватнасці аб асушэнні Палесся». У 1911 арганізавана Мінская балотная станцыя (з 1930 — Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі, з 1957 — Бел.НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1993 — Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства). У 1912—15 у Мінску выдаваўся часопіс «Болотоведение». Супрацоўнікі БСГА А.Д.Дубах і Х.А.Пісаркоў даследавалі ў 1926—29 прырост сфагнавых імхоў і торфу. Балотную расліннасць вывучалі В.С.Палянская, З.М.Дзянісаў, В.А.Міхайлоўская, гісторыю развіцця і геагр. пашырэнне асобных тыпаў балот даследаваў У.С.Дактуроўскі, стратыграфію тарфяных пакладаў — С.М.Цюрэмнаў. У 1925—30 закладзены асновы акультурвання балот (А.Т.Кірсанаў, М.Ф.Лебадзевіч, А.Ф.Флёраў). У 1934 арганізаваны Ін-т торфу (з 1990 — Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі). У 1934 складзена першая карта балот Беларусі, распрацавана класіфікацыя тарфяных радовішчаў (Л.Я.Лепін). У 1940 выдадзены «Кадастр тарфяных радовішчаў БССР».
Пасля Вял.Айч. вайны пачалося інтэнсіўнае вывучэнне і буйнамаштабнае выкарыстанне торфу на энергетычныя і с.-г. мэты. У 1953 выдадзена праца «Тарфяны фонд Беларускай ССР» з картай. Вывучаліся заканамернасці фарміравання радовішчаў торфу, праводзілася ацэнка іх рэсурсаў, ствараліся спец. рэсурсныя заказнікі тарфяной сыравіны. Праведзена паглыбленае вывучэнне стратыграфіі тарфяных радовішчаў (С.Г.Беленькі), узросту балот Беларусі (С.М.Цюрэмнаў, М.І.Нейштат, А.П.Підоплічка і інш.), механізму забалочвання азёр (А.П.Підоплічка, М.А.Канойка). Складзена карта расліннага покрыва Беларусі, дзе адзначаны балотныя супольніцтвы рознага генезісу (Дз.С.Голад). Прапанавана новая класіфікацыя тарфяных пакладаў на аснове іх прыродна-гіст. эвалюцыі (А.Г.Дубавец).
З 1990-х г. развіваецца новы кірунак балотазнаўства — балотаводства, мэта якога — выкарыстанне прыродных рэсурсаў балот без парушэння балотаўтваральнага працэсу. Вылучаны 4 кірункі балотаводства: экалагічны (выкарыстанне балот у экалагічных мэтах, аднаўленне парушаных балот), агранамічны (вырошчванне балотных ягадных, лек. і меданосных культур), энергатэхналагічны (вырошчванне хуткарослых раслін на балотах для атрымання біямасы ў тэхн. і энергетычных мэтах), культурна-рэкрэацыйны (выкарыстанне балот як аб’ектаў турызму, навукі і інш.). Распрацаваны «Схема рацыянальнага выкарыстання і аховы тарфяных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010 г.» і аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма «Тарфяны фонд Рэспублікі Беларусь» (І.Г.Танавіцкі з супрацоўнікамі). Абгрунтавана неабходнасць дзярж. аховы балот і тарфяных радовішчаў; надання ім статусу ўгоддзяў міжнар. значэння з уключэннем у склад аб’ектаў Сусветнай прыроднай спадчыны; складзены Чырвоны спіс балот Беларусі, які ўключае 230 балот.
Літ.:
Смоляк Л.П., Рубан Н.Н. Сравнительная продуктивность болот Полесья. Мн., 1983;
Смеловский В.Е. Выработанные торфяные месторождения и их использование. Мн., 1988;
Тановицкий И.Г., Обуховский Ю.М. Антропогенные изменения торфяно-болотных комплексов. Мн., 1988;
Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений // Твердые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992;
Лиштван И.И. Развитие химических наук и наук о земле в Республике Беларусь // 70 лет Национальной академии наук Беларуси. Мн., 2000;
Основные итоги исследований в области генезиса, использования и охраны болот и торфяных месторождений Республики Беларусь // Природопользование. Мн., 2002. Вып. 8;
Биосферно совместимое использование лесных и болотных экосистем. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКІ БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у паўночнай частцы Беларусі, на тэр. Докшыцкага і Лепельскага р-наў Віцебскай і Барысаўскага р-на Мінскай абласцей. Засн. ў 1925 для аховы і развядзення каштоўных, рэдкіх і тых, што знікаюць, птушак і звяроў, асабліва баброў (на час стварэння тут была адзіная на З Беларусі калонія). З 1979 запаведнік набыў статус біясфернага паводле Праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». У 1993 уключаны Саветам Еўропы ў сетку біягенетычных запаведнікаў. Пл. 90,6 тыс.га, у т. л. абсалютна запаведнай зоны 81 тыс.га, ахоўная зона вакол запаведніка 33 тыс.га. Займае ч. Верхнебярэзінскай ніз. ўздоўж верхняга цячэння р. Бярэзіна (бас. Дняпра) з 30 прытокамі. Адм.-гасп. цэнтр у в. Домжарыцы Лепельскага р-на.
Рэльеф пераважна раўнінны, з невял. ўзвышшамі і ўзгоркамі ў паўн.-ўсх. і зах. частках і нізінамі на Пд. Клімат умерана цёплы, вільготны. У межах запаведніка больш за 50 невял. забалочаных рэк і ручаёў, перагароджаных бабровымі плацінамі. Р. Сергуч (Бузянка) — найб. левы прыток р. Бярэзіна — ч. пабудаванай з дапамогай ням. інжынераў у канцы 18 — пач. 19 ст.Бярэзінскай воднай сістэмы, якая дазволіла звязаць рэкі бас. Балтыйскага і Чорнага м. і аднавіць т.зв.гіст. шлях «з варагаў у грэкі». Яе рэчышча ў розных месцах расшырана, выраўнавана і канчаецца Сергуцкім каналам, працягласць якога 9 км. З канца 19 ст.гасп. значэння гэта сістэма не мае. Шмат азёр, найб. Палік, Вольшыца, Плаўна, Домжарыцкае, Манец. Рэкі і азёры займаюць 2,3% тэр. запаведніка, адкрытыя балоты — 10,3%. Есць вял. балотныя масівы (Домжарыцкае каля 10 тыс.га, Каралінскае 7 тыс.га, Жары 4,8 тыс.га і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя, ва ўпадзінах і катлавінах тарфянабалотныя. Забалочаных і балотных глеб каля 60% глебавага покрыва Частыя выхады на паверхню марэнных адкладаў з валунамі і пясчана-галечных утварэнняў. Расліннасць разнастайная, пераважна лясная, лугавая і балотная, спалучае рысы цемнахвойных паўд.-таежных і шыракалістых лясоў. Пад лесам 83,3% тэр., пераважаюць хваёвыя (45,4% лесаўкрытай пл.) і бярозавыя (24,4%) лясы, трапляюцца чорнаальховыя (16,4%), яловыя (10,8%), асінавыя (1,1%), дубовыя (0,5%). У паўд.ч. запаведніка зберагліся унікальныя ясянёвыя і чорнаальхова-ясянёвыя дрэвастоі (0,4%), некаторыя маюць узрост да 160—170 гадоў. Пад лугамі 1,4% тэр. У флоры 780 відаў сасудзістых раслін, больш за 200 відаў мохападобных, шмат відаў грыбоў, лішайнікаў і водарасцяў. У фауне каля 52 відаў млекакормячых, 217 птушак, 8 земнаводных, 5 паўзуноў, 34 віды рыб. Больш за 200 паселішчаў баброў. Каля 1 тыс. баброў вывезена з запаведніка для рассялення ў інш. рэгіёны. Водзяцца лось, воўк, высакародны алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, рысь, ліс, барсук, выдра, лясная куніца, тхор, еўрап. і амер. норкі, гарнастай, ласка і інш., з Белавежскай пушчы завезены зубры. Гняздуюцца рэдкія драпежныя птушкі (арол-беркут, малы падворлік, скапа, барадатая няясыць, філін і інш.), а таксама чорны бусел і шэры журавель. Трапляюцца чорны каршун і белая курапатка. Шмат баравой дзічыны.
Бярэзінскі біясферны запаведнік — адзінае месца ў паўн. і цэнтр.ч. Беларусі, дзе прыродныя раслінныя комплексы захаваліся амаль у некранутым стане, каля 30 відаў раслін і 10 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу. Дзейнічае ў сістэме глабальнага маніторынгу, мае станцыю па назіранні і кантролі за станам навакольнага асяроддзя. З’яўляецца н.-д. і прыродаахоўнай установай, базай для стажыроўкі спецыялістаў у галіне аховы прыроды і запаведнай справы. Працуе музей прыроды, школа экалагічнага выхавання, станцыя фонавага маніторынгу.
Літ.:
Заповедники Прибалтики и Белоруссии. М., 1989;
Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993.
Г.У.Вынаеў.
Да арт.Бярэзінскі біясферны запаведнік. 1. Цэнтральная сядзіба. 2. Адмірал. 3. Бусел чорны. 4. Кажан двухкаляровы. 5. Бабёр. 6. Алень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
У цэнтры еўрап. часткі Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 47 тыс.км². Нас. 6517 тыс.чал. (1998, з Масквой 14 816 тыс.чал.), гарадскога 80% (з улікам нас. Масквы 91%). Цэнтр — г.Масква. Найб. гарады: Падольск, Люберцы, Мыцішчы, Каломна, Электрасталь, Серпухаў, Хімкі, Каралёў, Балашыха. Разам з Масквой М.в. утварае Маскоўскі сталічны рэгіён.
Прырода. Размешчана ў цэнтры Усх.-Еўрап. раўніны, у міжрэччы Волгі і Акі. Рэльеф пераважна раўнінны. На З і Пн Смаленска-Маскоўскае ўзв. (выш. да 310 м) з узгорыстай часткай — Клінска-Дзмітраўскай градой (выш. да 285 м). Паўд.ч. займае Маскварэцка-Окская раўніна, паўд.-ўсх. — забалочаная Мяшчорская нізіна. Карысныя выкапні: торф, фасфарыты, шкловыя пяскі, вогнетрывалая гліна, жвір, вапнякі. Ёсць крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -10 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў 450—650 мм за год. Густая рачная сетка. Гал. рэкі — Ака (з прытокамі Пратва, Нара, Лапасня, Цна, Асётр) і Масква (з прытокамі Руза, Істра, Яўза, Пахра), Клязьма. На Пн прытокі Волгі — Дубна, Лама. Больш за 350 азёр, у т. л. Сянежскае, Трасценскае, Святое. На канале імя Масквы і р. Масква шэраг вадасховішчаў (Істрынскае, Мажайскае, Клязьмінскае і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пн і ў Мяшчорскай нізіне балотныя, на Пд светла-шэрыя і чарназёмныя ападзоленыя, па далінах рэк алювіяльныя. Каля 40% тэрыторыі М.в. занята мяшанымі лясамі, асн. масівы на З і У вобласці. Лесапаркавы ахоўны пояс, рэкрэацыйная зона. Прыокска-тэрасны запаведнік, нац. парк Ласіны Востраў.
Гаспадарка. М.в. эканамічна цесна звязана з Масквой. Па ўзроўні развіцця прам-сці яна саступае толькі Маскве і С.-Пецярбургу. Асн. галіна прам-сці — машынабудаванне (энергетычнае, цяжкае, транспартнае, станкабудаванне, эл.-тэхн., прыладабудаванне і інш.), прадстаўлена вытв-сцю катлоў для цеплавых электрастанцый, пракатнага абсталявання, металарэзных станкоў, вагонаў метрапалітэна, грузавых і пасаж. вагонаў, цеплавозаў, аўтобусаў, легкавых аўтамабіляў, сіласаўборачнай тэхнікі, швейных машын, фотаапаратаў, аптычнай і быт. тэхнікі, кабельнай прадукцыі і інш. Развіты ваенна-прамысл. комплекс (аэракасмічная, радыёэлектронная прам-сць, вытв-сць зброі, боепрыпасаў). Вял. значэнне для машынабудавання мае пераробная металургія (вытв-сць высакаякаснай сталі і пракату). Энергетыка працуе пераважна на прывазным паліве (Кашырская, Шатурская ДРЭС, Люберацкая, Маскоўская ЦЭЦ, Загорская ДАЭС і інш.). Вытв-сць электраэнергіі 22 млрд.кВт∙гадз (1996). Самая старая галіна лёгкай прам-сці — тэкстыльная; выраб баваўняных, шарсцяных, шаўковых тканін (каля 10% агульнарас. вытв-сці). Развіты трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, дывановая галіны. Хім.прам-сць (вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў, сернай к-ты, сінт. смол, пластмасы, хім. валакна і нітак, гумавых вырабаў, лакаў і фарбаў). Прам-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шыфер, жалезабетонныя канструкцыі, азбестацэментныя трубы). Вытв-сць фарфора-фаянсавых і шкляных вырабаў, мэблі, буд. дэталей, паперы, паліграф. прадукцыі. Шэраг прадпрыемстваў харч. прам-сці. Маст. промыслы (кераміка, размалёўка драўляных шкатулак, метал. падносаў і інш.) у Фядоскіне, Гжэлі, Жоставе і інш. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Пл.с.-г. угоддзяў 1880 тыс.га, у т. л. пад ворывам 1504 тыс.га. Вядучая галіна — жывёлагадоўля (малочнага і малочна-мяснога кірунку), свіна-, птушка-, авечка- і козагадоўля. У раслінаводстве гал. месца займае вытв-сць кармоў (каля 3/5 пасяўных плошчаў). Пасевы пшаніцы, жыта, ячменю, аўса, бульбы, агародніны, у т. л. у закрытым грунце. Кветкаводства і вырошчванне грыбоў. М.в. мае густую сетку ўсіх відаў транспарту; 11 радыяльных чыг. магістралей у напрамку ад Масквы, 13 аўтадарог, Маскоўская кальцавая аўтадарога. Суднаходства па рэках Ака, Масква і па канале імя Масквы. Рачныя парты: Дубна, Серпухаў, Каломна, Васкрасенск. 4 аэрапорты: Шарамецева (міжнар.), Дамадзедава, Унукава, Быкова. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды да Масквы ад Разані і Яраслаўля, газаправоднае кальцо Серпухаў—Васкрасенск—Нагінск—Дзмітраў—Валакаламск—Серпухаў. Курорты Дорахава, Цішкава, Міхайлаўскае. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ РАЁН.
На ПнЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,8 тыс.км². Нас. 33,3 тыс.чал. (1998), гарадскога 36%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Міёры. Уключае г.Дзісна, 497 сельскіх населеных пунктаў, 11 сельсаветаў: Даўгінаўскі, Дварнасельскі, Завуццеўскі, Мікалаёўскі, Новапагосцкі, Павяцкі, Перабродскі, Туркоўскі, Узмёнскі, Чэраскі, Язненскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана ў межах плоскай Полацкай нізіны, паўн.-зах.ч. — на адгор’ях Браслаўскай грады. 80% тэрыторыі на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 211 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Пераброддзе). Агульны нахіл паверхні з Пд на Пн да даліны р.Зах. Дзвіна. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна з Авутай, Волта, Мёрыца, Вята, Друйка. Шмат азёр. Найб. з іх: Абстэрна, Ельня, Набіста, Важа, Орцы, Вялікае Язна, Ілава, Мёрскае, Шчоўна, Чэрас. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (49,9%), дзярнова-падзолістыя (34%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (9,2%). Пад лесам 26,5% тэр. раёна. Лясныя ўчасткі размеркаваны раўнамерна, пераважна з хвоі, елкі, бярозы, чорнай вольхі, трапляюцца асінавыя, шэраальховыя, дубовыя, ясянёвыя. Пад балотамі 16,6% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы Ельня, Мох, Стрэчна, Буянава, Кіслаўскае 2-е. Заказнікі гідралагічныя рэсп. значэння — Ельня і Балота Мох, мясц. значэння — Жада (Стрэчна), Пожанькі, Жарсцвянка, Крупаўшчына, Ліпаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Дуброва чыстая ў Язненскім лясніцтве; мясц. значэння — астравы Гарадзішча і Церанцейка, валун каля в. Кублішчына, крыніца «Святая вада» каля в. Вісяты.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 84,3 тыс.га, з іх асушаных 33,5 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 23 калгасы, 3 саўгасы, 40 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, ільнаводства; вырошчваюць рапс, кармавыя буракі, бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя, каўбасныя, малочныя вырабы, кансервы садавіна-агароднінныя, рыбныя і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно), камбікормавай, дрэваапр. (піламатэрыялы) прам-сці. Па тэр.. раёна праходзяць: чыгунка Друя—Варапаева; аўтадарогі Браслаў—Полацк, Верхнядзвінск—Шаркаўшчына, Дзісна—Лужкі, Дзісна—Германавічы; нафта- і нафтапрадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія). Суднаходства па Зах. Дзвіне. У раёне 17 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач. школ, школа-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, 24 дашкольныя ўстановы, 35 дамоў культуры і клубаў, 42 б-кі, 4 бальніцы, амбулаторыя, 2 паліклінікі, 33 фельч.-ак. пункты, санаторый. Гіст.-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Галомысла; сядзіба (1810—20-я г.) у в. Дзедзіна, царква (сярэдзіна 19 ст.) і касцёл (1-я пал. 20 ст.) у в. Ідолта, Мікалаеўская царква (канец 19 ст.) у в. Калінавая, сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Камянполле, Троіцкая царква (пач. 20 ст.) у в. Кублішчына, Троіцкая царква (1774) і сядзіба (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) у в. Лявонпаль, царква (пач. 20 ст.) у в. Ніўнікі, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Новы Пагост, Пакроўская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Сцефанполле, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Узмёны, Крыжаўзвіжанская царква (1864—67) у в. Цвеціна, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Чэрасы, Праабражэнская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Язна. За 0,8 км ад в. Лявонпаль па дарозе на г. Верхнядзвінск, помнік гісторыі — мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 — асн. закона Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Выдаецца газ. «Сцяг працы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФАЛО́ГІЯ (грэч. mithologia ад mithos паданне + ...логія),
сукупнасць міфаў, стараж. апавяданняў, якія ў фантаст. форме абагульнена адлюстроўваюць жыццё прыроды і людзей: будову Сусвету, паходжанне Зямлі, раслін, жывёл, уяўленні аб гераічных учынках, высокіх чалавечых пачуццях, каханні, вернасці і інш. М. часта знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з рэлігіяй. Гал. яе героямі выступаюць багі. М. ўзнікла ў эпоху абшчынна-радавога развіцця грамадства. Ва ўзнікненні міфаў вял. ролю адыгралі раннія рэліг. ўяўленні — фетышызм, татэмізм, анімізм, магія. Міфалагічныя вобразы эпохі матрыярхату характарызаваліся нязграбнымі формамі (напр., шматгаловыя злыя пачвары). У эпоху патрыярхату зарадзіліся ўяўленні пра гераічных асоб, якія перамагалі злыя сілы. З пераходам людзей да аселага жыцця ўзмацніліся ўяўленні пра адзінства роду, пачаў складвацца культ продкаў і з’явіліся міфы аб продках. Спробы разабрацца ў будучыні прывялі да ўзнікнення эсхаталагічнай М. У раннякласавай абшчыне М. стала алегарычнай формай выражэння рознага роду рэлігій.
Навук. падыход да вывучэння М. ўзнік у эпоху Адраджэння. Аднак да 18 ст. ў Еўропе вывучалася пераважна ант. М. У 18 ст.гіст. тлумачэнне М. даў італьян. філосаф Дж.Віка. Рамантызм узмацніў цікавасць да М.; пачалося збіранне і пераказванне нар. паданняў, казак і міфаў, стала складвацца міфалагічная шкала, якая тлумачыла міфы як крыніцу нац. культуры. У рамках міфалагічнай школы ў сярэдзіне 19 ст. ўзнік шэраг тэорый: салярна-метэаралагічная вытлумачвала міфы як алегорыю астр. з’яў; тэорыя «ніжэйшай міфалогіі» разглядала міфы як адлюстраванне звычайных з’яў жыцця; прыхільнікі анімістычнай тэорыі лічылі, што міфы — вынік пераносу ўяўленняў аб чалавечай душы на ўсю прыроду; пашыраная ў 19 ст.гісторыка-філалагічная тэорыя разглядала міф як пераасэнсаванне стараж. магічных абрадаў. Асабліва багатая М. была ў стараж. грэкаў (міфы пра Зеўса, Афрадыту, Праметэя і інш.). Даволі развітымі былі М. ў Стараж. Егіпце, Індыі, Міжрэччы, Кітаі і інш. Старажытнаслав. М., што зарадзілася ў праславянскія (да сярэдзіны 1-га тыс. в.э.) часы, дыферэнцыравалася па меры рассялення славян у Цэнтр. і Усх. Еўропе. Паводле функцый герояў і характару іх сувязей з калектывам у слав. М. вылучаюць некалькі ўзроўняў. Вышэйшы іх узровень характарызуецца найб. абагульненым тыпам функцый багоў, іх сувяззю з афіц. культам. Да яго адносяць Перуна, Вялеса і інш., якія ўвабралі ў сябе ваен. і гасп.-прыродную функцыі. Да больш нізкага ўзроўню адносяць багоў, звязаных з гаспадаркай і абрадам, а таксама багоў, што ўвасаблялі цэласнасць замкнёных невял. калектываў (Род, Чур і інш.). Элементы наступнага ўзроўню характарызуюцца большай абстрагаванасцю функцый (Доля, Ліха, Праўда, Смерць, Злыдні і інш.). Да ніжэйшага ўзроўню адносяць класы індывідуалізаванай нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаных з прасторай ад дома да лесу (дамавікі, лесавікі, русалкі, вадзянікі і інш.). У бел. М. пашыраны міфы пра дрэвы (дуб, бярозу, рабіну, явар, каліну), кветкі (зязюльчыны слёзы, папараць-кветку), птушак (зязюлю, бусла, ластаўку, салаўя, дзятла, варону), паходжанне асобных рэк, балот, азёр, узгоркаў і інш., міфалагічныя паданні пра волатаў і курганы-валатоўкі. Багата міфаў, звязаных з Купаллем, з агульнаслав. божаствамі (Перун, Жыжаль, Вялес) і з божаствамі, звязанымі з земляробчым календаром (Зюзя, Ярыла, Цаца, Лёля, Лада, Цёця, Жыцень і інш.).
Літ.:
Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;
Евсюков В.В. Мифы о Вселенной. Новосибирск, 1988;
Грейвс Р. Мифы Древней Греции: Пер. с англ.М., 1992;
Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;
Асов А.И. Мифы и легенды древних славян. М., 1998;
Легенды и мифы Древней Греции и Древнего Рима. СПб., 1998;
Котерелл А. Мифология: Энцикл. справ.: Пер. с англ.Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТЫ́ННЫЯ ЗО́НЫ,
прыродныя зоны сушы, у натуральных ландшафтах якіх пераважаюць пустыні. Распасціраюцца ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, субтрапічных і трапічных паясах абодвух паўшар’яў Зямлі. Асобна вылучаецца арктычных пустыняў зона. Агульная плошча пустынь складае 31,4 млн.км² (каля 22% сушы Зямлі).
П.з. ўмеранага пояса займаюць участкі ў Паўн. Амерыцы ў міжгорных катлавінах нагор’я Вял. Басейн на Пн ад 38—40°паўн. ш., у Еўразіі — паўд.ч. Прыкаспійскай нізіны, плато Усцюрт, ч. Туранскай нізіны, Казахскага драбнасопачніка, паўн.ч.тэр., прылеглай да Куньлуня і Наньшаня, Джунгарскую катлавіну і катлавіну Вял.Азёр у Манголіі (шыр. зоны да 700—800 км). Арэал іх распасцірання перарваны горнымі сістэмамі Цянь-Шаня і Джунгарскага Алатау. Большая ч. зоны прадстаўлена пясчанымі пустынямі. Паміж Каспійскім і Аральскім морамі, на плато Усцюрт — друзаватая гіпсаваная, у межах Тургайскага плато — гліністая, у зах.ч. Прыбалхашша — глініста-камяністая пустыні. Клімат кантынент., з гарачым летам і халоднай марознай зімой. Сярэднія т-ры ліп. 22—32 °C, макс. да 50 °C, студз. ад -7 да -15 °C, мінім. да -48 °C. Гадавая сума ападкаў 100—200 мм, у асобных месцах Сярэдняй Азіі — да 10 мм. Паверхня П.з. атрымлівае сонечнай радыяцыі 500—630 кДж/см² (120—150 ккал/см²) за год. П.з. субтрапічных паясоў распасціраюцца на Пн Афрыкі, уздоўж паўд. ўзбярэжжа Міжземнага м.; у Азіі — асобнымі арэаламі на Пд Сярэдняй Азіі (на Пд ад 40°паўн. ш.), унутры Іранскага нагор’я, уключаны плямамі ў паўпустыні на Пн Сірыі і Ірака, ахопліваюць высакагорныя халодныя пустыні Усх. Паміра і Тыбета; у Паўн. Амерыцы займаюць паўд.ч.Вял. Басейна, пустыню Махаве, паўн.ч. Мексіканскага нагор’я; у Аўстраліі — паўд. раёны мацерыка; у Паўд. Афрыцы пашыраны на плато і ў міжгорных упадзінах Вял. Кару, у Паўд. Амерыцы прымеркаваны да ўсх. схілаў і падножжаў Анд, дзе чаргуюцца з паўпустынямі. Клімат П.з. рэзка засушлівы, з гарачым летам і халаднаватай зімой. Сярэднія т-ры самага халоднага месяца рэдка бываюць ніжэй за 0 °C, а самага цёплага — ніжэй за 20—25 °C. У Паўн. Амерыцы (Даліна Смерці), у адным з самых гарачых месц на Зямлі, т-ра паветра дасягае 56,7 °C. Высакагорныя пустыні Паміра і Тыбета маюць халодны кантынент. клімат. Сярэднія т-ры летам 10—15 °C, зімой ад -15 да -20 °C. Гадавая сума ападкаў 50—200 мм. Выпаральнасць 1500—2000 мм. Сумарная сонечная радыяцыя складае 670—750 кДж/см² (160—180 ккал/см²) за год. П.з. трапічных паясоў размешчаны ва ўнутраных раёнах і зах. (прыакіянічных) сектарах амаль усіх мацерыкоў. Найб. плошчы займаюць у Афрыцы (пустыні Сахара, Калахары, Наміб), у Азіі (пустыні Аравійскага п-ва і пустынныя раёны ў Індыі і Пакістане), у Аўстраліі (Вял. Пясчаная пустыня і Вял. пустыня Вікторыя). У Паўн. і Паўд. Амерыцы П.з. выцягнуты ўздоўж зах. ускраін (Каліфарнійскі п-аў, Мексіканскае нагор’е, схілы Анд). Клімат засушлівы, з мяккай цёплай зімой (сярэднія т-ры студз. 20—25 °C). Ваганні тэмператур ад -3—5 °C да 50—60 °C, паверхня глебы можа награвацца да 90 °C. Ападкаў выпадае 50—100 мм за год, у асобных раёнах ападкі не выпадаюць на працягу некалькіх гадоў. У пустынях прыакіянскіх сектараў ападкаў больш за 100 мм за год. Выключнай сухасцю вызначаюцца прыакіянскія пустыні Наміб і Атакама. Воблачнасць амаль адсутнічае. Сонечная радыяцыя пустынь трапічных паясоў дасягае найб. значэнняў на Зямлі — 750—920 кДж/см² (180—220 ккал/см²) за год. Пустынныя землі выкарыстоўваюцца шляхам развіцця аазіснага земляробства, арашэння, качавой жывёлагадоўлі. Глебы, расліннасць і жывёльны свет гл. ў арт.Пустыня.