метад муз. мыслення, які характарызуецца шматбаковым, філас.-абагульненым раскрыццём маст. канцэпцыі ў няўхільным руху, развіцці, узаемадзеянні муз. вобразаў.
Паняцце «С.» набыло пашырэнне пераважна ў сав.муз. навуцы і ў музыказнаўстве ўсх.-еўрап. краін. Уведзена Б.Асаф’евым як вызначэнне безупыннасці муз. свядомасці, калі ніводны элемент не мысліцца і не ўспрымаецца незалежным сярод астатніх. У станаўленні С. як гіст. катэгорыі асаблівае значэнне мае муз. мастацтва 18—19 ст., у якім, паводле Асаф’ева, адкрышталізавалася канфліктнае дыялектычнае развіццё («ідэя С.») і санатная форма («выразнік С.»). Эвалюцыя муз. мыслення ў 20 ст. абумовіла паглыбленне асаф’еўскай тэорыі С. У даследаваннях М.Араноўскага, Ю.Халопава і інш. найважнейшым крытэрыем С. вызначаецца прысутнасць развітога аўтаномна-муз. мыслення, якое рэалізуецца і за межамі дыялектычнай санатнай логікі ва ўмовах новага нетрадыц. муз. матэрыялу і прыёмаў яго развіцця (сімфоніі П.Булеза, С.Губайдулінай, В.Лютаслаўскага, А.Месіяна, К.Пендарэцкага, В.Сільвестрава, А.Шнітке і інш).
У бел. музыцы асваенне метаду С. пачалося ў 19 ст. (сімф. уверцюры С.Манюшкі, канцэрты М.Ельскага). У 1920—30-я г. сфарміраваліся асн. тыпы нац. С.: жанрава-быт., героіка-эпічны і драм. (М.Аладаў, В.Залатароў, Я.Цікоцкі, М.Чуркін); у 1940—50-я г. — далейшае паглыбленне і развіццё гэтых традыцый (Аладаў, А.Багатыроў, П.Падкавыраў, Р.Пукст). Пачатак 1960-х г. адзначаны сцвярджэннем востраканфліктных сімф. канцэпцый філас., лірыка-псіхал., драм. характару, пошукамі новых сродкаў выразнасці, пашырэннем сувязей з разнастайнымі з’явамі сучаснай муз. культуры. Навізной вобразнага зместу, муз. мовы, драматургіі і формы вылучаюцца сімфоніі Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, Дз.Смольскага. На мяжы 1980—90-х г. наглядаецца фарміраванне новых тэндэнцый нац. С., што выявілася ў пашырэнні семантычнага поля сімфоніі, актыўным сінтэзе жанраў, асіміляцыі прыкмет канцэртнай, камернай, кантатна-аратарыяльнай музыкі, звароце да новых сродкаў кампазіцыі, засваенні тэхнікі калажу і полістылістыкі (Смольскі, М.Мдывані, Ф.Пыталеў, Г.Гарэлава, У.Дамарацкі, У.Дарохін, В.Кузняцоў, А.Хадоска і інш.).
Літ.:
Асафьев Б. (Игорь Глебов). Пути в будущее // Мелос. СПб., 1918. Вып. 2;
Яго ж. Симфонизм как проблема современного музыкознания // Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера. Л., 1926;
Яго ж. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974;
Степанцевич К.И. О некоторых новых тенденциях в белорусском симфонизме 60-х — первой половины 70-х гг. // Вопросы музыкознания. Мн., 1981;
Холопов Ю. О понятии «симфонизм» // Б.В.Асафьев и сов. музыкальная культура. М., 1986;
Арановский М.Г. Симфонические искания. Л., 1979;
Яго ж. Симфония и Время // Русская музыка и XX в. М., 1997;
Савицкая О.П. Вопросы становления и развития жанра симфонии в Беларуси // Науч. тр.Бел. гос. академии музыки Мн., 2001. Вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА МАЛЫ́Х ФОРМ, дробная пластыка,
скульптурныя творы невял. памераў, якія выконваюць пераважна дэкаратыўныя (часам рытуальныя) функцыі; разнавіднасць скульптуры. Пашырана ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Вырабляецца таксама мастацкай прамысловасцю і нар.-маст. промысламі з керамікі, металу, косці, каменю, шкла, пластмасы і інш. Да С.м.ф. належаць жанравыя статуэткі, настольныя партрэтныя выявы, разнастайныя віды цацак, а таксама манеты, медалі, гемы. Творы дробнай пластыкі выкарыстоўваюць у стварэнні пэўнага эстэт.-эмацыянальнага асяроддзя, вызначаюцца выразнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, выяўленнем пластычных і дэкар. магчымасцей матэрыялу. С.м.ф. зарадзілася ў эпоху палеаліту і звязана з вераваннямі і працоўнай дзейнасцю (знаходкі ў пячоры Мас-д’Азіль у Францыі, Вілендорф у Аўстрыі, Мальце і Бурэце ў Сібіры і інш.). На тэр. Беларусі вядома з эпохі неаліту: касцяныя і драўляныя фігуркі людзей, качак, коней са стаянак Крывіна (гл.Галоўск), Асавец. Да жал. веку адносяцца гліняныя фігуркі жывёл мілаградскай культуры з гарадзішчаў Гарошкаў, Мохаў. З прыняццем хрысціянства вял. пашырэнне ў 11—13 ст. набылі каменныя і касцяныя абразкі з рэльефнымі выявамі святых. Узоры быт. пластыкі вядомы з 12—13 ст. С.м.ф. 14—16 ст. характарызуецца цеснай сувяззю з маст. ліццём (крыжы і абразкі, знойдзеныя ў Магілёве, Мінску і інш.). З 16—17 ст. пашырана медальернае мастацтва, развіццю якога спрыяла дзейнасць Віленскага манетнага двара. У 19—пач. 20 ст. рысамі стылю мадэрн вызначаліся Керамічныя статуэткі і дэкар. вазы В.Бубноўскага. У анімалістычным жанры працаваў жывапісец Г.Вейсенгоф, у рэаліст. манеры выкананы партрэты-барэльефы Я.Драздовіча (Я.Пачопкі, М.Машары, А.Грыневіча і інш.), амаль ва ўсіх цэнтрах ганчарства выраблялі гліняныя цацкі (майстры В. і П. Ланеўскія, І.Данілевіч), у многіх — дэкар. пасудзіны (майстры В.Кузьміцкі, Ф.Дзудзакевіч, А.Петрашкевіч, Я.Ступкевіч). Мела пашырэнне драўляная цацка. У 1940-я г.нац. каларытам вылучаліся работы М.Філіповіча. У 2-й пал. 20 ст. ствараецца сюжэтная пластыка ў фарфоры, шамоце, гліне (мастакі У.Андрыянаў, М.Бяляеў, Г.Гаркуноў, М.Звярко). У анімалістычным жанры працавалі Л.Багданаў, Ф.Зільберт, Т.Мацвеенка, Т.Паражняк. Багаццем пластычных вырашэнняў вылучаецца гутная пластыка нар. майстроў Р.Багінскага, Т.Лінкевіча, С.Раўдвеэ. У традыцыях нар. глінянай скульптуры працуе М.Пушкар. Своеасаблівыя дэкар. пласты, плакеткі, сувенірныя медалі ствараюць М.Байрачны, А.Зіменка, Л.Талбузін. У кераміцы працуюць М.Балюк, Т.Васюк, М.Кляцкоў, А.Концуб, У.Церабун і інш. С.м.ф. стала вядучай у творчасці самадз. майстроў-разьбяроў А.Міхеенкі (Полацк), А.Пупко (Івянец), В.Альшэўскага і М.Ерафеева (Мінск), Г.Асіпковай (Чашнікі), Б.Васількова (Гомель), С.Жыголкіна (Віцебск), С.Шаўрова (Орша). Гл. таксама Скульптура драўляная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКІ РАЁН.
Размешчаны на Пд Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 17,4 тыс.чал. (2001), гарадскога 47,7%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Слаўгарад. Уключае 83 сельскія нас. пункты, 6 сельсаветаў: Васькавіцкі, Гіжэнскі, Кабінагорскі, Каменкаўскі, Лапаціцкі, Свенскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС: амаль уся тэр. (акрамя крайніх паўн. і паўн.-зах. частак) забруджана радыенуклідамі да 15 Кі/км². Насельніцтва ў выніку масавай міграцыі за 1985—95 паменшала на 8 тыс. чал.
Тэр. раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны (крайняя Пн) і Чачорскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, 85% яе на выш. 130—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 2 км на ПдЗ ад в. Кульшычы). Агульны нахіл паверхні з Пн на Пд Цэнтр і паўд.-ўсх.ч. раёна заняты далінамі рэк Сож і Проня. Глыб. расчлянення на схілах далін да 10—15 м/км². Карысныя выкапні: торф, даламіты, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -7,5 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 605 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сут. Найб.р. Сож з прытокамі Проня з Растой, Крупкай і Тросліўкай, Пясчанка, Касалянка з Пацэяй, Ельня, Галуба, Каменка, Якушоўка; на Зр. Баброўка (прыток р. Дняпро), на Пн р Хоцінка (прыток р. Раста). Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (49,9%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,7%), поймавыя (алювіяльныя, 10,6%). Пад лесам 37% тэрыторыі, найб. лясныя масівы на ПдУ раёна. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, асінавыя; трапляюцца шэраальховыя, дубовыя, чорнаальховыя, ясянёвыя, таполевыя і інш. Штучныя насаджэнні — каля 22%, пераважна хваёвыя. Пад балотамі 3% тэр. У межах раёна ахоўны тарфянік Тупніцкае; помнікі прыроды рэсп. значэння — Блакітная крыніца ў в. Кліны і мясц. значэння — лістоўніца каля в. Улукі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 57,9 тыс.га, з іх асушаных 14,1 тыс.га. На 1.1.2002 у раёне 14 калгасаў, 1 саўгас-камбінат, 3 фермерскія гаспадаркі.
Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы) і харч. (цэльнамалочныя прадукты, масла, сыр, сушаная садавіна і агародніна, макаронныя і кандытарскія вырабы) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Рагачоў—Слаўгарад—Крычаў, Магілёў—Слаўгарад, Слаўгарад—Карма і інш. Суднаходства па р. Сож. У раёне 7 сярэдніх, 10 базавых, 1 пач. школа, дзіцячая школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, ПТВ, 12 дашкольных устаноў, 22 клубы, 20 б-к, 1 бальніца, 3 амбулаторыі, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: мемарыяльная капліца і помнік (1908) у гонар перамогі рус. войск над шведскімі ў 1708 каля в. Лясная, парк (пач. 20 ст.) у в. Свенск. Выдаецца газ. «Ленінскае слова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́Н, Султанат Аман,
дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс.км. Нас. 1,9 млн.чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г.Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).
Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн.т), прыродны газ (283 млрд.м³), медная (20 млн.т) і хромавая (2 млн.т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.
Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.
Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст.тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн.т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд.амер.дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн.т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд.м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд.прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс.км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд.амер.дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд.амер.дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЫ́ МОЗГ,
пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.
Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт.Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга;эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.
У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцый вял. паўшар’яў, марфал. і функцыян. злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць у спінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважнанерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважнанерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр.сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл.Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш.Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л.мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв. сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.
Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗКА,
жанр фальклору, апавядальны твор, які грунтуецца на займальным вымысле (дзейнічаюць незвычайныя героі, адбываюцца незвычайныя падзеі), а ідэйна-мастацкі змест звязаны з грамадскім, сямейным і вытв. побытам. У казачным вымысле адлюстроўваюцца маральныя і сац. погляды нар. мас, іх ідэалы, што процістаяць несправядліваму грамадскаму ладу, мары, што пераўзыходзяць дасягнутае ў падпарадкаванні сіл прыроды і ў стваральнай працы. Таленавітыя казачнікі перадаюць К. з вуснаў у вусны (нярэдка на працягу стагоддзяў). К. вызначаюцца багаццем жанравых разнавіднасцей і маст. сродкаў. У іх арганічна спалучаюцца традыцыйнае і новае, устойлівае і імправізацыйнае, нацыянальнае і міжнароднае, майстэрства слова і выканання.
Вытокі казачнага эпасу — у рэчаіснасці дакласавага грамадства. Асобныя казачныя сюжэты фарміраваліся ў розныя эпохі, таму ўтрымліваюць своеасаблівыя гіст. напластаванні. К. мае большы, чым іншыя жанры фальклору, арэал пашырэння і глыбокія разгалінаваныя ў этнічных адносінах гіст. карані. Яна творча ўзаемадзейнічае з многімі інш.фалькл. жанрамі — міфамі, легендамі, паданнямі, эпічнымі песнямі, баладамі, анекдотамі, замовамі, прыказкамі і прымаўкамі. Падабенства казачнай творчасці многіх народаў свету абумоўлена агульнымі сац. заканамернасцямі іх жыцця і мае тыпалагічны характар. З развіццём міжнар.культ. сувязей ідзе ўзаемаабмен вуснымі і літаратурна апрацаванымі К. на розных мовах, і гэты працэс на працягу тысячагоддзяў назіраецца ў сусв. дыяпазоне. Творчае асваенне нар. казачнікамі іншанацыянальнага фальклору залежыць ад сучаснай ім нац. рэчаіснасці і традыцый.
Гісторыя і геагр. становішча Беларусі вызначылі яе ролю пасрэдніка паміж рус., укр., польск. і прыбалт. культ. традыцыямі. Гэта выявілася і ў багацці бел. казачнага рэпертуару, у разнастайнасці варыянтаў сюжэтаў. Ва ўмовах патрыярхальнага побыту бел. сялянства К. заняла адно з гал. месцаў сярод фалькл. жанраў і дасягнула высокага маст. ўзроўню. Выдатныя нар. казачнікі (Рэдкі, П.Гаспадароў, Х.Азёмша) выступалі як папулярныя майстры слова, філосафы, публіцысты. Бытаванне К. у бел. вёсцы было звязана з наладжваннем попрадак, са звычаем расказваць фалькл. творы ў піліпаўскі пост і ў калядныя вечары. У наш час вусная казачная традыцыя паступова затухае пад уплывам усеагульнай адукаванасці, пашырэння маст. л-ры, сродкаў масавай камунікацыі. Хоць адзначаюцца і факты казкатворчасці, запісы новых тэкстаў К. Вусная К. прадаўжае існаваць пераважна ў сямейным асяроддзі. Найб. поўна асаблівасці казачнай творчасці раскрываюцца ў чарадзейных казках. Фантастычнае праламленне ў іх рэальных з’яў, імкненняў і мараў не вымагае веры ў дзівоснае, але яно пастаянна мроіцца ў творчым уяўленні расказчыка і слухачоў. Казкі пра жывёл фантастычныя ў той меры, у якой жывёлы ў нар. вобразных уяўленнях дзейнічаюць у жыццёвай сферы. Паэтыка незвычайнага ў сацыяльна-бытавых казках вызначаецца сюжэтным завастрэннем быт. сітуацый у драматычным (навелістычныя казкі) ці ў анекдатычным (анекдатычныя, сатырычныя К.) плане. Фантастыка легендарных казак найчасцей абумоўлена вобразамі бога, святых, анёлаў, чарцей, а таксама тым, што дзеянне ў іх разгортваецца на зямлі і на «тым свеце». Маральная скіраванасць такіх К. пазбаўлена рэліг. дыдактызму і стасуецца з сац. сатырычнай завостранасцю. Па меры распаду патрыярхальнага побыту і росту класавых супярэчнасцей у бел.нац. рэпертуары большала значэнне сац.-бытавых К., героям якіх уласціва сац. канкрэтнасць, кампазіцыі — свабода і дынамічнасць, стылю — размоўная натуральнасць і прастата. У кожнага народа ёсць К., не зафіксаваныя ў інш. народаў. У бел. чарадзейных К. нямала сюжэтаў, якія не маюць адпаведнікаў у суседзяў. Бел.нар. К. вядомы пераважна па зборніках 19 і 20 ст. У серыі «Беларуская народная творчасць» выйшла 5 кніг К. Бел.нар. К. перакладзены на многія мовы. К., апрацаваныя пісьменнікамі ці створаныя імі паводле матываў, у духу народных, наз. літаратурнымі К. Бел.нар. К. апрацоўвалі ў 1-й пал. 19 ст. Я.Баршчэўскі, А.Глінскі, у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. — Ф.Багушэвіч, К.Каганец, Ядвігін Ш. Сярод літ. К. бел. пісьменнікаў вылучаюцца творы Я.Коласа, З.Бядулі, У.Дубоўкі, А.Якімовіча, М.Танка, М.Лужаніна, У.Караткевіча, У.Ягоўдзіка і інш.Літ. К. робяць зваротны ўплыў на фалькл. творчасць, і сувязь нар. К. з літаратурай становіцца ўсё больш цеснай.
Публ.:
Романов Е.Р. Белорусский сборник. Т. 1, вып. 3—4, 6. Витебск;
Могилев, 1887—91, 1901;
Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1. СПб., 1891;
Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 2. СПб., 1893;
Сержпутовский АК. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911;
Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Казкі і легенды роднага краю. Мн., 1960; Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963; Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі. Мн., 1971; Чарадзейныя казкі. Ч. 1—2. Мн., 1973—78; Сацыяльна-бытавыя казкі. Мн., 1976; Беларускі казачны эпас. Мн., 1976; Беларускія народныя казкі. 2 выд.Мн., 1986; Казкі ў сучасных запісах. Мн., 1989; Federowski M. Lud białoruski. T. 1—3. Kraków, 1897—1903; Belorussische Volksmárchen. Aufl. 10. Berlin, 1980.
Літ.:
Савченко С.В. Русская народная сказка: (История собирания и изучения). Киев, 1914;
Пропп В.Я. Морфология сказки. 2 изд. М., 1969;
Я г о ж Исторические корни волшебной сказки. Л., 1946;
Ягож. Русская сказка. Л., 1984;
Мелетинский Е.М. Герой волшебной сказки. М., 1958;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́З (паходжанне слова, магчыма, звязана з хецкім «каз-каз» — назва народа, які жыў на паўд. беразе Чорнага м),
тэрыторыя паміж Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі ад Кума-Маныцкай упадзіны да паўд. часткі Армянскага нагор’я. У межах К. частка Расіі, Азербайджан, Арменія, Грузія, частка Турцыі і Ірана. Пл. больш за 500 тыс.км². Вылучаюць Паўн. К., Перадкаўказзе і Закаўказзе. У цэнтры — горная сістэма Вял. К., якая падзяляецца на Зах. К. (да Эльбруса), Цэнтр. К. (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. К. (на У ад Казбека). Вял. К. цягнецца ад Таманскага п-ва да Апшэронскага на 1500 км, шыр. 160—180 км. Восевую частку К. складаюць Галоўны, або Водападзельны, і Бакавы хрыбты, з вяршынямі больш за 5000 м (г. Эльбрус — 5642 м, Дыхтау — 5203 м, Шхара — 5068 м, Казбек — 5033 м). На Пн ад восевай зоны перадавыя хрыбты — Скалісты, Пашавы, Церскі, на Пд — Бзыбскі, Кадорскі, Рачынскі. Хрыбты Вял. К. вызначаюцца альпійскімі формамі рэльефу або маюць характар куэстаў. Рэльеф Перадкаўказзя раўнінны; у яго зах.ч. Кубана-Прыазоўская нізіна, ва ўсходняй — Прыкаспійская нізіна, паміж імі Стаўрапольскае ўзв. з выш. да 831 м. У цэнтры і на З Закаўказзя — сярэднягорны рэльеф; горныя хрыбты Малога К. (выш. да 3724 м, г. Гямыш) і Армянскае нагор’е (выш. да 5165 м, г.Вял. Арарат). На ПнЗ размешчана Калхідская, на У — Кура-Араксінская нізіны, на ПдУ — Ленкаранская нізіна і складкавыя Талышскія горы (выш. да 2492 м). Тэр. К. знаходзіцца ў межах Альпійскай складкавай вобласці. Утварэнне горнай сістэмы пачалося ў мезазоі, у кайназоі адбылося падняцце і фарміраванне горнага рэльефу, у антрапагене ў выніку амаладжэння гор склалася сучасная араграфічная структура К. Горныя хрыбты Вял. К. і масівы Малога К. складзены пераважна з палеазойскіх гранітоідаў. Пашыраны таксама юрскія, мелавыя, палеагенавыя адклады. Армянскае нагор’е ўкрыта вулканічнымі пародамі неагенавага і чацвярцічнага часу. Нізіны Перадкаўказзя і Калхідская нізіна характарызуюцца шырокім развіццём неагенавых і палеагенавых кантынентальных і марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта (Баку, Грозны, Майкоп), газ (Краснадарскі і Стаўрапольскі краі), жалеза (Дашкесан), вальфрам і малібдэн (Тырныауз), цынк, свінцовыя руды (Садон), буд. матэрыялы (граніт, габра, мармур, туф, базальт, андэзіт, вапняк). Шмат мінер. крыніц. К. размешчаны на мяжы ўмеранага і субтрапічнага кліматычных паясоў. Хрыбты Вял. К. перашкаджаюць пранікненню халодных паветр. мас у Закаўказзе і цёплых субтрапічных у Перадкаўказзе. Сярэдняя т-растудз. ў Перадкаўказзі ад -2 °C да -5 °C, у Закаўказзі 3—6 °C. Летам на Зах. К. уплываюць вільготныя паветр. масы Атлантыкі і Міжземнамор’я, на Усх. К. — сухія кантынентальныя масы ўнутр. абласцей Еўразіі. Сярэдняя т-раліп. ад 23—24 °C на З да 25—29 °C на У. На схілах Вял. К. вышынная кліматычная пояснасць. Сярэдняя т-растудз. на выш. 2000 м каля -8 °C, жн. (самы цёплы месяц) 13 °C. Вышэй — высакагорны клімат з вял. вільгаццю і нівальны клімат вяршынь. Гадавая колькасць ападкаў у Перадкаўказзі 200—800 мм, на ЗВял. К. і Калхідскай нізіне больш за 1500 мм, у хрыбтах Малога К. і Армянскім нагор’і 400—800 мм, на Кура-Араксінскай нізіне 200—400 мм. У гарах Вял. К. каля 2000 ледавікоў (агульная пл. 1428 км²); буйнейшыя — Дыхсу, Безенгі, Караугом, Цанер. Рэкі належаць да бас. Чорнага (Рыёні, Інгуры), Каспійскага (Церак, Кура, Самур) і Азоўскага (Кубань) мораў. Рэкі парожыстыя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння, суднаходныя ў ніжнім цячэнні. Шмат невял. азёр; буйныя — Ван, Севан, Урмія. Глебава-расліннае покрыва і жывёльны свет К. разнастайныя. На З Перадкаўказзя стэпавыя і лесастэпавыя ландшафты, на У — паўпустынныя, кавыльныя і ціпчаковыя стэпы на чарназёмах і палыновыя групоўкі на светла-каштанавых глебах. У межах Вял. К. выразная вышынная занальнасць, дзе вылучаюцца горна-лясная, горна-лугавая і гляцыяльна-нівальная зоны. Унізе схілаў Зах. К. дубовыя лясы на шэрых лясных глебах (на Пн) і рэліктавыя шыракалістыя на дзярнова-карбанатных глебах (на Пд) пераходзяць у грабава-букава-дубовыя лясы на бурых лясных глебах; на выш. 1200—1500 м ялова-піхтавыя лясы на дзярнова-карбанатных глебах. На выш. 2200 м — субальпійскія і альпійскія лугі на горна-лугавых тарфяністых глебах, вышэй 2750—3200 м — ледавікі. Ніжнюю ч. гор Усх. К. займаюць стэпы на горна-лугавых глебах, у лясной зоне арыднае рэдкалессе або хмызняковыя субтрапічныя зараснікі на горных карбанатных глебах, потым грабава-дубовыя лясы, вышэй хваёвыя лясы і горныя стэпы, якія пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі і снежнікі на выш. 3700—4200 м. У Закаўказзі субтрапічнае глебава-расліннае покрыва. На Калхідскай нізіне пашыраны балоты і альховыя лясы на забалочаных падзолістых і тарфяна-балотных глебах. Каля перадгор’яў іх змяняюць рэліктавыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У цэнтры Кура-Араксінскай нізіны палыновыя і салянкавыя паўпустыні на шэразёмах, у перадгор’ях стэпавыя групоўкі і арыднае рэдкалессе на шэра-карычневых і карычневых глебах. На Армянскім нагор’і расліннасць горна-Стэпавая і горна-лугавая на чарназёмах і каштанавых глебах. Схілы Малога К. і Талышскіх гор маюць вышынную пояснасць, блізкую да паўд. схілаў Вял. К., толькі ў Талышскіх тарах горна-лясны пояс гірканскага (азіяцкага) тыпу. Жывёльны свет Перадкаўказзя прадстаўлены пераважна грызунамі (суслік, палёўка, тушканчык, пясчанка). Вял. К. населены ляснымі і высакагорнымі жывёламі (алень, дзік, зубр, буры мядзведзь, куніца, вавёрка, муфлон); ёсць эндэмічныя віды (тур, каўказскі цецярук, улар). Фауна Кура-Араксінскай нізіны блізкая да сярэднеазіяцкай (джэйран, дзікабраз, тушканчык, пясчанка), на Армянскім нагор’і — заходнеазіяцкага тыпу (малаазіяцкі суслік, хамяк, сляпыш, горная курапатка). На тэр. К. 20 запаведнікаў, у т. л. Каўказскі, Тэбердзінскі, Рыцынскі, Дыліжанскі. К. — адзін з найб. курортных раёнаў (Каўказскія Мінеральныя Воды, група курортаў на Чарнаморскім узбярэжжы ад Анапы да Батумі). Цэнтр турызму і альпінізму, горналыжнага спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМ, Аўтаномная Рэспубліка Крым. Размешчана на Крымскім п-ве, у складзе Украіны. Пл. 27 тыс.км². Нас. 2192,6 тыс.чал. (1995), гарадскога 70%. Сярэдняя шчыльн. 81 чал. на 1 км², найб. густа заселены ўзбярэжная і перадгорная часткі рэспублікі. Жывуць рускія (63,9%), украінцы (24,6%), крымскія татары, беларусы, яўрэі і інш. Сталіца — г.Сімферопаль. Найб. гарады: Севастопаль, Керч, Еўпаторыя, Ялта, Феадосія, Джанкой. Аб прыродзе гл. ў арт.Крымскі паўвостраў, Крымскія горы, Паўднёвы бераг Крыма.
Гісторыя. К. — адзін з найб.стараж. раёнаў засялення чалавекам Усх. Еўропы, тут выяўлены палеалітычныя стаянкі Кіік-Каба, Стараселле. З канца 2-га тыс. да н.э. ён заселены кімерыйцамі, у 1-м тыс. да н.э. — і таўрамі (адсюль яго стараж. назва Таўрыя), з 8—7 ст. да н.э. — скіфамі. У 6—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы К. стараж. грэкі заснавалі калоніі Феадосія, Керкінітыда (цяпер г.Еўпаторыя), Пантыкапей, Херсанес Таўрычаскі. Каля 480 да н.э. — 4 ст.н.э. ў раёне Керчанскага п-ва існавала Баспорская дзяржава. У 1-й пал. 3 ст.н.э. ў К. урываліся готы, у 375 — гуны. З 4—5 ст. адбывалася экспансія Візантыі. У 12—13 ст. населены грэкамі, армянамі, нашчадкамі аланаў, печанегаў і інш. У 13 ст. заваяваны манголамі і ўключаны ў Залатую Арду. З 1440-х г. існавала самаст.Крымскае ханства (з 1475 васал і саюзнік Асманскай імперыі). У 1687 і 1689 адбыліся паходы ў К. рас. войска на чале з кн. В.В.Галіцыным (яму дапамагалі ўкр. казакі пад кіраўніцтвам гетмана І.Самайловіча, потым І.С.Мазепы). Правал паходаў стаў адной з гал. прычын падзення ў Расіі ўрада Соф ’і Аляксееўны — Галіцына. У ходзе рус.-тур. вайны 1768—74 заняты рас. войскамі. У 1783 далучаны да Расіі, тут засн. яе Чарнаморскі флот (з 19 ст.гал. база — г.Севастопаль). Асн. месца баёў у Крымскую вайну 1853—56. З 2-й пал. 19 ст.паўд. ўзбярэжжа К. выкарыстоўваецца як курортная зона. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на з’ездзе мясц. татараў у Сімферопалі створаны пастаянны орган іх аўтаноміі — Цэнтр. выканаўчы к-т, падпарадкаваны Часоваму ўраду. Потым была створана Крымская рэспубліка, у снеж. 1917 у Бахчысараі на курултаі (з’ездзе) крымскіх татараў прынята канстытуцыя. Пасля заключэння Брэсцкага міру 1918 бальшавікі абвясцілі тут Таўрычаскую сав. рэспубліку, не прызнаную Германіяй. Яе войскі акупіравалі К. і ўтварылі крымскі ўрад на чале з ген. М.Сулейманам Сулькевічам. У 1919—20 адзін з цэнтраў белагвардзейскага руху на чале з генераламі А.І.Дзянікіным, П.М.Урангелем. З 1921 у складзе РСФСР існавала Крымская аўтаномная сав.сацыяліст. рэспубліка. У 1941—44 К. акупіраваны ням.-фаш. і рум. войскамі, вызвалены ў выніку Крымскай аперацыі 1944. 20.5—1.7.1944 крымскія татары, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з немцамі, прымусова дэпартаваны ў Сярэднюю Азію (Узбекістан). У 1945 скасавана аўтаномія, К. стаў вобласцю РСФСР. У 1954 перададзены ў склад Украіны. Паводле канстытуцыі Украіны 1996 атрымаў статус аўт. рэспублікі. У студз. 1999 уступіла ў дзеянне канстытуцыя К.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — харчасмакавая (вінаробная, плодаагароднінакансервавая, эфіраалейная і інш.). Вінаробства (вытв-сць высакаякасных марачных і шампанскіх він) на прадпрыемствах у Ялце, Севастопалі, Алушце, Судаку, Феадосіі, Сімферопалі. Развіты перапрацоўка рыбы (Керч, Ялта, Еўпаторыя, Севастопаль), садавіны і агародніны (Сімферопаль, Джанкой, Бахчысарай, Севастопаль), вытв-сць ружавага, лавандавага, шалфейнага алеяў (Сімферопаль, Бахчысарай, Алушта, Судак, Ніжнягорскі), тытуню (Ялта, Сімферопаль, Феадосія), мясная, малочная і мукамольная галіны прам-сці. Камбікормавая прам-сць. Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі жалезарудны камбінат у раёне г. Керч), прыроднага газу (п-аў Тарханкуцкі, Джанкой). На базе мясц.жал. руд працуе Керчанскі металургічны камбінат. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці буйнатанажных марскіх танкераў, суднарамонце (Керч, Севастопаль), вытв-сці абсталявання для харч. прам-сці, прылад (Севастопаль), тэлевізараў (Сімферопаль), трактарных прычэпаў (Джанкой), пад’ёмна-трансп. абсталявання (Феадосія). Хім.прам-сць працуе на солях Сіваша і ліманных азёр (Сакскі хім., Краснаперакопскі бромавы, Крымскі двухвокісу тытану і содавы з-ды). У Сімферопалі з-д пластмас і быт. хіміі. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці вырабляюць трыкатаж, тканіны, абутак, скургалантарэю (Сімферопаль, Севастопаль, Феадосія, Керч, Бахчысарай). Вытв-сць сувеніраў. Пераважна на мясц. сыравіне працуе прам-сцьбуд. матэрыялаў (Феадосія, Севастопаль, Керч, Белагорск). Дрэваапр. з-ды ў Севастопалі, Бахчысараі. мэблевая ф-ка ў Феадосіі. Сімферопальская, Севастопальская і Камыш-Бурунская ДРЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, вінаграду, садавіны, ягад, агародніны, малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пасяўная пл, каля 0,5 млн.га, пераважна ў Стэпавым К., дзе значныя масівы арашальных зямель (гл.Паўночна-Крымскі канал). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза, рыс), тэхн. (сланечнік, соя), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Збор (тыс.т, 1995): збожжа — 1505, агародніны — 225, бульбы — 332. Асн. плошчы вінаграднікаў і садоў у перадгорнай і цэнтр. частках К. Эфіраалейныя культуры і тытунь вырошчваюць на паўд. узбярэжжы і ў перадгор’ях. У стэпавых раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, у перадгор’ях — малочна-мяснога. Развіты птушкагадоўля, авечкагадоўля, свінагадоўля. Вытв-сць мяса ў 1995—93 тыс.т. Даўж. чыгунак 644 км. Гал. чыгункі Севастопаль—Сімферопаль—Джанкой, Краснаперакопск—Джанкой—Феадосія—Керч. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 7 тыс.км. Тралейбусная лінія Сімферопаль—Ялта. Паромная пераправа звязвае Керч з Паўн. Каўказам. Марскія парты: Феадосія, Керч, Севастопаль, Ялта, Еўпаторыя. К. — адзін з буйнейшых курортных раёнаў Украіны. Курорты: Ялта, Алупка, Алушта, Гурзуф (Паўд. бераг К.), Феадосія, Еўпаторыя, Сакі; буйны цэнтр турызму.
Літ.:
Лукша У. Непаўторныя вобразы Крыма: Замалёўкі з натуры. [Маладзечна]. 1997;
Якобсон А.Л. Крым в средние века. М., 1973;
Кессельбреннер Г.Л. Крым: Страницы истории. М., 1994;
Крымская АССР (1921—1945). Симферополь, 1990;
Басов А.В. Крым в Великой Отечественной войне, 1941—1945. М., 1987;
Канапацкі І. 50-я ўгодкі гвалтоўнага выгнання татар з Крыма // Байрам. 1994. № 2;
Старченков Г. Превратности судьбы (Крым) // Азия и Африка сегодня. 1997. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РЫС,
эпічны жанр, які сінтэзуе заканамернасці навук. і маст. пазнання. Рэальны факт і вобраз суіснуюць у Н. як цэлае двухадзінства публіцыст. зместу і формы. Спецыфіка Н. выяўляецца ў аператыўнасці асвятлення надзённых праблем сучаснасці, выразнасці грамадскай пазіцыі аўтара. Для Н. характэрны свабода жанрава-кампазіцыйнай будовы, жанравая разнастайнасць (Н. падарожны, партрэт, эсэ, аналітычны і інш.).
Пачаткам Н. лічаць «Сентыментальнае падарожжа па Францыі і Італіі» Л.Стэрна (Лондан, 1768). Рускі Н. развіваецца з 2-й пал. 18 ст. (А.Радзішчаў, М.Карамзін). У гэтым жанры выступалі У.Даль, Дз.Грыгаровіч, А.Пушкін, М Гогаль, М.Някрасаў, І.Тургенеў, М Салтыкоў-Шчадрын. М.Мамін-Сібірак, Л.Талстой, М.Ляскоў, У.Караленка, А.Чэхаў, В.Верасаеў, М.Памялоўскі, В.Сляпцоў, Ф.Рашэтнікаў, М.Лявітаў, Г.Успенскі, У.Гіляроўскі і інш.Вял. роля ў развіцці Н. ў сав. л-ры належыць М.Горкаму, А.Серафімовічу, Дз.Фурманаву, Л.Рэйснер, М.Шагінян, М.Кальцову, В.Авечкіну, Б.Агапаву, Я.Дорашу, Г.Радаву, Г.Траяпольскаму, Ю.Казакову, В.Пяскову, М.Міхайлаву і інш.
Вытокі бел. Н. — у палемічнай л-ры 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. («Трэнас» М.Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча і інш.). Зараджэнне Н. як жанру ў бел. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. (краязнаўчыя нататкі П.Шпілеўскага, У.Сыракомлі). Фрагменты Н. ёсць у этнагр. працах П.Шэйна, Е.Раманава, М.Нікіфароўскага (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.). Зрух у развіцці Н. абумоўлены ўзнікненнем першых легальных нац. выданняў (газ. «Наша доля», «Наша ніва», 1906). Пачынальнікі Н. — першапраходцы новай бел. л-ры: Ядвігін Ш. («Лісты з дарогі», 1910), Я.Купала («Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры», 1910), Цётка («З дарогі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», абодва 1914), М.Багдановіч («З летніх уражанняў», 1916), Я.Колас («З румынскага фронту», 1917), М.Гарэцкі («На імперыялістычнай вайне», 1914—19, апубл. 1926). Паскоранае развіццё Н. адбывалася ў 1920-я — пач. 1930-х г. На старонках перыяд. і асобных выданняў (каля 30 кніг) адлюстраваны рэв. пераўтварэнні ў жыцці вёскі і горада: «1200 вёрст па Беларусі» М.Чарота (1924), «Падарожжа на новую зямлю» М.Зарэцкага (1929), «Па сонечным шляху» В.Сташэўскага (1930), «Наступ на горны» Ц.Гартнага (1932), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.Галавача (1934) і інш. З Н. выступалі Я.Колас, К.Чорны, Я.Скрыган, М.Лынькоў, З.Бядуля, Э.Самуйлёнак, П.Броўка, П.Глебка, Х.Шынклер, С.Баранавых, У.Мяжэвіч, Ю.Лявонны і інш. У Вял.Айч. вайну публіцыстыка цэнтр. і армейскага друку (творы К.Чорнага, К.Крапівы, Я.Купалы, Я.Коласа, Лынькова) адлюстроўвала характэрнае ў жыцці фронту, тылу, акупіраванай тэр. Беларусі. У пасляваен. час апублікаваны цыкл Н. «Шляхамі вайны» Лынькова (1945), «У родных лясах» Г.Шчарбатава (1946), «Пульс жыцця» (1949) і «Дзённік сувязіста» (1957) Шынклера і інш. Набыткі Н. 1950—60-х г., пераважна «вясковага», вызначаны арыентацыяй на праўдзівы паказ жыцця; «Светлы шлях» (1958) і «Зямныя вузлы» (1965) І.Дуброўскага, «Ключы ад Сезама» (1964) і «Дзівасіл» (1968) В.Палтаран. Урбаністычная тэма прадстаўлена ў У.Дадзіёмава, А.Кулакоўскага, В.Мысліўца, Э.Ялугіна і інш. Н. пашырыў свае геагр. абсягі: «Вачыма друга: Польскі дзённік» (1956) і «На другім баку планеты» (1960) Я.Брыля, «Ліпень у дарозе» І.Мележа (1956), «За акіянам» Лынькова (1962), «Казкі янтарнай краіны» У.Караткевіча (1963), «Два месяцы ў Нью-Йорку» І.Шамякіна (1964), «Эль Махрыб» В.Вольскага (1965) і інш. Атрымала развіццё тэндэнцыя паглыблення гістарызму ў Н.: «Зямля маіх продкаў» Б.Сачанкі (1964), «Акно, расчыненае ў зіму» (1969) і «Па зялёную маланку» (1970) Я.Сіпакова, «Зямля пад белымі крыламі» Караткевіча, «Астравеччына, край дарагі» А.Мальдзіса (абодва 1977) і інш. Аналітычны Н. 1970—80-х г. адзначыў непаўторнасць творчай індывідуальнасці публіцыстаў: «Гамоніць Палессе» (1977) і «Час сеяць і час жаць» (1982) Дуброўскага, «Дыханне» (1977), «Далёка наперадзе» (1981) і «На маёй далоні — лінія ракі» (1987) А.Казловіча, «Час гаспадароў» М.Герчыка (1983), «Чорны хлеб» В.Праскурава (1984), «Дайсці да ладу» (1985) і «Вясковыя дыспуты» (1987) В.Якавенкі, «Хлеб і мужнасць» Л.Левановіча (1987) і інш. Ідэйна-тэматычны змест Н. 1990-х г. вызначаны працэсамі сац.-эканам. і псіхал. перабудовы, творчай пераарыентацыяй і адпаведна наяўнасцю альтэрнатыўных пазіцый, поглядаў, пераважна па праблемах дзярж. будаўніцтва, нац. адраджэння — далейшага развіцця бел. мовы і культуры.
Тэма першага плана ў Н. — экалогія і дэмаграфія Беларусі пасля Чарнобыльскай катастрофы: «Сталі воды горкімі» В.Гігевіча і А.Чарнова (1991), «Калі б ды каб жа» Казловіча (1994), «Чарнобыль. Дзесяць гадоў пасля» Якавенкі (1996), «Вяртанне ў радыяцыю» Левановіча (1997), зб. «Лісты да жывых. Дайджэст газеты «Набат» (1999) і інш. Тэма аховы духоўных скарбаў спадчыны, уздыму культуры, маральнага аздараўлення сучаснага грамадства ў кн. нарысаў «Крыж на зямлі і поўня ў небе» В.Карамазава (1991), «Расплата: Сямейная хроніка» У.Глушакова (1993), «Зерне да зерня» (1996), «Хто мы, адкуль мы...» (кн. 1—2, 1996—98) А.Марціновіча, «Гаснуць вулканы» Дуброўскага (1997), «Палескія вандроўнікі» Г.Пашкова (1998), у дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995) і Н. «Падранкі» (1999) У.Ліпскага і інш. На матэрыяле мінулага ў Н. розных форм і памераў асэнсоўваюцца надзённыя праблемы дэмакратызацыі і гуманізацыі жыцця: «Памяць» (1988) і «Народжаны перамагаць» (1998) С.Паўлава, «Без эпітафіі» Ялугіна (1989), «Такія сінія снягі» (1988) і «Зона маўчання» (1990) С.Грахоўскага і інш.
Публ.:
Беларускі савецкі нарыс. Т. 1—2. Мн., 1977.
Літ.:
Журбина Е. Искусство очерка. М., 1957;
Шкраба Р. Цэлы свет // Шкраба Р. Скарбы. Мн., 1973;
Юрэвіч У. Нарыс — гэта даследаванне // Юрэвіч У. Абрысы. Мн.. 1976;
Стральцоў Б. Публ шыстыка: Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;
Лысенка А.Ф. Нарыс // Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс. Мн., 1971;
Яе ж. Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;
Яе ж. З трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гг.Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЙЗА́Ж (франц. paysage ад pays мясцовасць, краіна),
від, адлюстраванне якой-небудзь мясцовасці; адзін з асн. жанраў (і асобны твор) выяўл. мастацтва. Адлюстроўвае рэальную або ўяўную мясцовасць, эмац. адносіны чалавека да прыроды, светапогляд мастака. Часта з’яўляецца фонам у творах інш. жанраў (партрэт, нацюрморт, бытавы, батальны і інш.). У працэсе развіцця П. вылучыліся яго асобныя віды: ландшафтны, гарадскі, вясковы, марына, арх., індустрыяльны, гіст. і інш.
Адлюстраванне прыроды вядома з эпохі неаліту. Матывы П. вядомы ў насценных размалёўках і рэльефах Стараж. Усходу (Егіпет, Вавілонія), мастацтве Стараж. Грэцыі і Рыма, краін Д. Усходу. У 7—8 ст.самаст. значэнне набыў у мастацтве Кітая, у 12—13 ст. стаў адным з вядучых жанраў. У еўрап. мастацтве сярэднявечча элементы П. пераважна пазначалі месца дзеяння, выконвалі сімвалічную ці дэкар. ролю ў адлюстраванні рэліг.-міфалагічнай прасторы. У эпоху Адраджэння цэнтр. вобразам у П. стала адлюстраванне зямнога свету як адухоўленай з’явы, у якой касмічнае пераважае над тапаграфічна-канкрэтным. Мастакі вывучалі натуру, распрацоўвалі прынцыпы перспектыўнай пабудовы прасторы (Джарджоне, Джота ды Бандоне, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Тыцыян у Італіі, М.Груневальд, А.Дзюрэр, Л.Кранах у Германіі, А.Альтдорфер, П.Брэйгель, Х. ван дэр Гус у Нідэрландах, Эль Грэка ў Іспаніі і інш.). У канцы 16 — пач. 17 ст. пад уплывам маньерызму ўзмацніліся эмацыянальнасць і падкрэсленая ідэалізацыя прыроды (А.Карачы ў Італіі); у мастацтве барока пераважала адлюстраванне стыхійнага буяння прыроды, падкрэсленая надуманасцю і наяўнасцю фантаст. элементаў (П.П.Рубенс у Фландрыі, А.Маньяска ў Італіі). Як самаст. жанр П. вылучыўся ў 2-й пал. 17 ст. ў творчасці Я. ван Гоена, Я. ван Ройсдала, С. ван Ройсдала, Рэмбранта ў Нідэрландах, К.Ларэна, Н.Пусэна ў Францыі і інш. і стаў носьбітам высокага этычнага зместу. У 18 ст. пашырыўся тонкалірычны (Ф.Гвардзі) і відавы гарадскі (Каналета, Б.Белота) П. У П. 1-й пал. 19 ст. пераважалі тэндэнцыі рамантызму (К.Д.Фрыдрых, Л.Рыхтэр у Германіі, У.І.Кох у Аўстрыі, У.Цёрнер у Вялікабрытаніі). Зацвердзілася розніца паміж накідам, эцюдам і завершаным П.-карцінай, з’явіліся элементы пленэру, сістэма валёраў і інш. Станаўленне і росквіт рэаліст. П. адбыўся ў 19—20 ст. ў творчасці К.Каро, Г.Курбэ, Ж.Ф.Міле (Францыя), Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), А.Менцэля (Германія), І.Айвазоўскага, А.Бенуа, Л.Бродскай, І.Грабара, А.Дайнекі, А.Куінджы, І.Левітана, Г.Ніскага, В.Паленава, М.Рэрыха, А.Саўрасава, В.Сярова, І.Шышкіна (Расія), М.Сар’яна (Арменія), А.Жмуйдзінавічуса (Літва) і інш. Плённа развіваўся ў творчасці мастакоў інш. стыляў і кірункаў. непасрэднасць пленэрных П. імпрэсіяністаў (П.Банар, К.Манэ, Э.Манэ, К.Пісаро, А.Сіслей у Францыі), драматычна выразныя, эмацыянальна завостраныя П. экспрэсіяністаў (О.Какошка ў Аўстрыі), эмац., дэкар.-плоскасныя П. постімпрэсіяністаў (П.Гаген, П.Сезан у Францыі, В. ван Гог у Нідэрландах) і інш.
У бел. мастацтве элементы П. вядомы з 15 ст. (мініяцюры Радзівілаўскага летапісу). Значнае месца адведзена П. ў гравюрах выданняў Ф.Скарыны («Навухаданосар цар вавілонскі здабывае Іерусалім», 1518; «Руф, прабаба цара Давідава падбірае каласы за жняцы», 1519), жывапісным творы «Бітва пад Оршай» (каля 1515). У графіцы 2-й пал. 16—17 ст. П. набыў самаст. гучанне: гравюры з адлюстраваннем гар. панарам Гродна, Полацка, Вільні, Бабруйска, Брэста, Рэчыцы, Нясвіжа, Трокаў, Коўна, Клецка (у т. л. Т.Макоўскага), замкаў і палацаў (гравюры М.Цюнта), акварэль «Аблога Полацка 29.8.1579» С.Пахалавіцкага і інш. У жанры П. шмат працаваў А.Тарасевіч (12 аркушаў «Поры года», 1672). У 17—18 ст. элементы П. трапляюцца ў іканапісе («Праабражэнне», 1648; «Пакроў», 1649; «Успенне, 1650; клеймы абраза «Параскева з жыціем», 1659; «Пакланенне вешчуноў» басценавіцкага майстра, 1723—28; «Мікола», 1751), манум. жывапісе (размалёўкі Аршанскага Куцеінскага Богаяўленскага манастыра, 17 ст; фрэскі касцёлаў кармелітаў у Бельчыцах, Мсціславе і Магілёве, 18 ст.) і дэкар.-прыкладным мастацтве (у шпалерах Нясвіжскай, Карэліцкай і Слонімскай мануфактур). Як самаст. жанр П. пачаў складвацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. і да сярэдзіны 19 ст. эвалюцыяніраваў ад класіцызму праз рамантызм да праяў рэалізму. У 19 — пач. 20 ст. да П. звярталіся К.Альхімовіч, В.Бялыніцкі-Біруля, А. і І. Гараўскія. С.Жукоўскі, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Н.Орда, Ю.Пэн, К.Русецкі, Ф.Рушчыц, Я.Сухадольскі, І.Трутнеў і інш. У 20 ст. ў П. развіваўся пераважнарэаліст. кірунак. Сярод найб. значных прадстаўнікоў І.Ахрэмчык, Бялыніцкі-Біруля, В.Волкаў, І.Гембіцкі, Я.Драздовіч, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, Л.Лейтман, С.Лі, М.Сеўрук, М.Станюта, А.Тычына (1920—50-я г.), А.Бархаткоў, У.Басалыга, Я.Батальёнак, Г.Вашчанка, В.І.Вярсоцкі, В.Грамыка, М.Данцыг, М.Ісаёнак, К.Качан, А.Кроль, У.Лагун, З.Літвінава, А.Малішэўскі, А.Марачкін, Л.Марчанка, У.Маскоўскіх, П.Масленікаў, Г.Паплаўскі. У.Пасюкевіч, М.Селяшчук, Г.Скрыпнічэнка, В.Сумараў, І.Рэй, В.Цвірка, Л.Шчамялёў (1950—90-я г.) і інш.
Літ.:
Федоров-Давыдов А. Русский пейзаж XVIII — начала XIX в. М., 1953;
Яго ж. Советский пейзаж. М., 1958;
Яго ж. Русский пейзаж конца XIX — начала XX в. М., 1974;
Мальцева Ф. Мастера русского реалистического пейзажа. Вып. 1—2. М., 1953—59;
Виноградова Н.А. Китайская пейзажная живопись. М., 1972;
Калитина Н. Французская пейзажная живопись, 1870—1970. Л., 1972;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Беларускі пейзажны жывапіс: [Альбом]. Мн., 1982;
Никулина О.Р. Природа глазами художника. М., 1982.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Пейзаж. С. ван Ройсдал. Рачны пейзаж. 1646.Да арт.Пейзаж. І.Левітан. Вясна — вялікая вада. 1897.Да арт.Пейзаж. В.Цвірка. Прыпяць. Вясна. 1966.Да арт.Пейзаж. В.Грамыка. Раніца туманная. 1974.Да арт.Пейзаж. В.Вярсоцкі. Ліпеньскія навальніцы. 1975.