прыстасаванне, якое пераўтварае фіз. велічыню, што вымяраецца або рэгулюецца, у сігнал (звычайна электрычны) для далейшай перадачы, апрацоўкі ці рэгістрацыі. Адна з асн. частак сродкаў вымяральнай тэхнікі, сістэм аўтаматыкі і тэлемеханікі. Тэрмін «вымяральны пераўтваральнік» уведзены стандартам замест тэрміна «датчык».
Параметры, якія ўспрымаюцца вымяральным пераўтваральнікам, бываюць механічныя (намаганне, перамяшчэнне, скорасць, вібрацыя), гідраўлічныя і пнеўматычныя (ціск, расход), аптычныя (сіла святла), цеплавыя (т-ра), электрычныя (напружанне і ток), радыеактыўныя. Выходныя сігналы падзяляюцца на электрычныя і пнеўматычныя (часам гідраўлічныя), амплітудныя, часаімпульсныя, частотныя і фазавыя, аналагавыя (неперарыўныя) і лічбавыя (дыскрэтныя). Вымяральны пераўтваральнік складаецца з аднаго (напр., тэрмапара, тэнзометр) або з некалькіх элементарных пераўтваральнікаў, найважнейшы з якіх — адчувальны элемент. Пераўтваральнікі злучаюцца па каскаднай, дыферэнцыяльнай і кампенсацыйнай схемах. Найб. Пашыраны маштабныя і функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі. Маштабныя (напр., дзялільнікі частаты і напружання, трансфарматары вымяральныя) мяняюць маштаб велічыні, якая вымяраецца, без змены яе фіз. прыроды. Гэтыя вымяральныя пераўтваральнікі пашыраюць межы вымярэнняў сродкамі вымяральнай тэхнікі. Функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі (напр., тэрмарэзістары, фотаэлементы) пераўтвараюць велічыню той ці іншай фіз. прыроды ў функцыянальна звязаны з ёй сігнал (звычайна электрычны). Такімі вымяральнымі пераўтваральнікамі можна вымяраць разнастайныя неэл. велічыні. Асобны клас складаюць аперацыйныя вымяральныя пераўтваральнікі, якія выконваюць над велічынямі пэўныя матэм. аперацыі (інтэграванне, дыферэнцыраванне і інш.). Асн. характарыстыкі вымяральных пераўтваральнікаў: від функцыянальнай залежнасці паміж уваходнай і выходнай велічынямі, адчувальнасць і парог адчувальнасці, хібнасць.
У.М.Сацута.
Вымяральны пераўтваральнік: а — тэмпературы (1, 2 — тэрмаэлектроды); б — ціску (1 — мембрана, 2 — газ або вадкасць); в — акустычны (1 — мембрана, 2 — вугальны парашок); г — нахілу (1 — электроды, 2 — электраліт); д — вызначэння канцэнтрацыі кіслаты ў растворы (1 — электроды, 2 — электрамагніт, 3 — рычаг, 4 — клапан).Схема палярызацыйнага валаконна-аптычнага вымяральнага пераўтваральніка ціску, акустычных ваганняў і лінейных паскарэнняў: 1 — крыніца аптычнага выпрамянення (AB); 2 — валаконныя светлаводы; 3 — палярызатар AB; 4 — аптычны адчувальны элемент (прызма); 5 — мембрана; 6 — аналізатар AB; 7 — прыёмнік AB.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ЦІСК, акцэнт,
выдзяленне ў маўленні асобных элементаў мовы — складоў або слоў. Паводле асн. сродкаў выдзялення Н. бывае дынамічны (экспіраторны), колькасны і музычны. Пры дынамічным Н. элемент выдзяляецца памацненнем і павелічэннем напружанасці вымаўлення, пры колькасным — падаўжэннем выдзеленага элемента, пры музычным — павышэннем або паніжэннем тону голасу на выдзеленым элеменце. Націскны элемент часта выдзяляецца адначасова рознымі спосабамі. Бел. мове ўласцівы дынамічна-колькасны Н. Паводле элемента, які выдзяляецца, Н. бывае слоўны (выдзяляецца адзін склад у слове),
сінтагматычны, або тактавы (аб’ядноўвае словы сказа ў сінтагмы), фразавы, або лагічны (узмацняе сэнсавую нагрузку таго ці інш. слова ў сказе). Слоўны Н. бывае фіксаваны (заўсёды на адным складзе ад пачатку або ад канца слова, напр., у польск. мове на перадапошнім складзе) і свабодны (прыпадае на розныя склады ў словах, у бел. мове «ка́са» і «каса́»), Фіксаваны і свабодны Н. бывае рухомы (у розных формах аднаго слова або ў розных словах, утвораных ад аднаго кораня, пераходзіць з аднаго склада на другі) і нерухомы (заўсёды на адным складзе). Бел. лексіцы ўласцівыя рухомы («капа́ць — вы́капаць») і нерухомы («тво́р — тво́раў») Н. Апрача асноўнага, у некат. мовах бывае пабочны Н. (у бел. мове толькі ў складаных словах: «ле́санарыхто́ўка»). Службовыя словы самастойнага Н. не маюць і ў якасці ненаціскных складоў прымыкаюць да наступнага ці папярэдняга слова. У першым выпадку яны называюцца праклітыкамі («за⌒морам», «без⌒грошай»), а ў другім — энклітыкамі («знайшоў⌒жа», «прачытаць⌒бы»). Слоўны Н. адыгрывае значную ролю ў рытмічнай структуры вершаванай мовы. Н. вывучае фанетыка і акцэнталогія.
Літ.:
Івашуціч Я.М. Націск у дзеяслоўных формах сучаснай беларускай мовы. Мн., 1981;
Бірыла М.В. Націск назоўнікаў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1986;
Дыбо В.А. Славянская акцентология. М., 1981;
Касевич В.Б. Фонологические проблемы общего и восточного языкознания. М., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ага́ ’так’ (Шат., Гарэц., Нас.), агы ’тс’ (КСТ), укр.ага, рус.ага, польск.aha, чэш.aha, славац.aha, балг.аха, славен.aha. Тлумачэнне інтэрвакальнага г як другаснага (Шанскі, 1, А, 37) не пераконвае. Больш верагодна ага < а‑га. Тут а‑ мае сваю першасную выклічнікавую функцыю, другі элемент выкарыстоўваецца таксама самастойна. Параўн. га? — ага. Параўн. таксама чэш.ano ’так’ (< a‑no). Няпэўнай здаецца старая сувязь з адпаведнымі формамі іншых еўрапейскіх моў (гл. Слаўскі, 1, 23).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Анагды́сь, ана́дысь, анагдай, анодысь, анада́сь, ано́гды, анадо́е ’пазаўчора, гэтымі днямі’ (Яруш., Шпіл., Касп., Жд., Бяльк.). Гэтыя прыслоўі ўтвораны з займеннікавага элемента *он‑ (*оно‑) ’той’, каранёвага элемента ‑(г)д‑, які мае часавае значэнне, элемента канчатка, што цяпер успрымаецца (як, дарэчы, і ‑гд‑) як суфіксальны элемент (гл. Шуба, Прыслоўе, 60), часціцы -сь. Сюды ж паводле першых дзвюх частак адносіцца і анагдо́вень, анагдо́вінь ’тс’ (Касп.), але апошняя частка гэтых прыслоўяў няясная, магчыма, ад займенніка овъ.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЕ́ТРАЗЬу архітэктуры,
элемент купальнай канструкцыі, які забяспечвае пераход ад квадратнай у плане падкупальнай прасторы да акружнасці купала ці яго барабана; адзін з асн. канструкцыйна-маст. элементаў візант. і стараж.-рус. архітэктуры. Вядомы ў архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму і інш. На Беларусі ветразі з’явіліся ў мураванай культавай архітэктуры 11—12 ст. (Полацкі Сафійскі сабор, Гродзенская Барысаглебская царква). Існуюць 2 асн. іх разнавіднасці: у выглядзе сферычных трохвугольнікаў (павернуты вяршыняй уніз, выкарыстоўваюцца пры пераходзе ад чацверыкоў да круглага ў плане купала або барабана) і плоскіх трохвугольнікаў (пры пераходзе да васьмерыкоў).
У драўляным дойлідстве Беларусі 17—19 ст. вядомы ветразі сферычныя, плоскія нахіленыя, гарыз. (кансольна-бэлечныя); прамыя (пры пераходзе чацверыка ў васьмярык) і адваротныя (пры пераходзе васьмерыка ў чацвярык; Рубельская Міхайлаўская царква і Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЦА́ЦІ ((Buzzati) Дзіна) (16.10.1906, г. Белуна, Італія — 28.1.1972),
італьянскі пісьменнік. Адзін з майстроў апавядання ў італьян. і еўрап. л-ры 20 ст. Вядомасць прынеслі раман «Тартарская пустыня» (1940) і зб. апавяданняў «Сямёра пасланцоў» (1942), у якіх рэха філасофіі (твораў К.Ясперса, М.Хайдэгера, Ж.П.Сартра) і рэальнасці часоў 2-й сусв. вайны. Зацікаўленасць Буцаці экзістэнцыяльнымі пытаннямі, сувязь з праблематыкай твораў Ф.Кафкі адчувальныя ў зб-ках апавяданняў «Страх у Ла Скала» (1949), «Падзенне Баліверны» (1954), «60 апавяданняў» (1958), аповесці «Павялічаны партрэт» (1960) і інш. Непакой, адчуванне абсурднасці існавання і подыху смерці — асн. рысы светапогляду яго персанажаў. Падзеі, на першы погляд рэальныя, у творах Буцаці захоўваюць элемент фантастычнага, ірэальнага. Аўтар кніг для дзяцей, п’ес, оперных лібрэта. Займаўся жывапісам і маст. крытыкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМЕ́ТР (ад грэч. optos бачны + ...метр),
оптыка-механічная прылада для найб. дакладных вымярэнняў лінейных памераў дэталяў. З дапамогай аптыметра вызначаюць памер у межах шкалы (абс. метады вымярэння) ці параўноўваюць лінейны памер з канцавой мерай даўжыні або з эталонам (адносны метад). Пераўтваральны элемент аптыметра — рычажна-аптычнае прыстасаванне: рычажная перадача — рухомае люстэрка і пераўтваральнік — аўтакаліматар. Бываюць верт. і гарызантальныя; з акулярам або з праекцыйным экранам. Цана дзялення да 0,2 мкм, межы вымярэнняў да 500 мм. Аптыметр забяспечваецца зменнымі прыстасаваннямі для вымярэнняў сярэдняга дыяметра разьбы, даўжыняў канцавых мер, спец. галоўкай для вымярэнняў адтулін дыяметрам ад 1 да 13,5 мм, праекц. насадкай для акулярных трубак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РКА (ад лац. arcus дуга, выгін),
у архітэктуры крывалінейнае перакрыцце праёма ў сцяне ці прасторы паміж 2 апорамі (слупамі, калонамі, пілонамі і г. д.).
Каменныя аркі ўпершыню з’явіліся ў архітэктуры Стараж. Усходу. Пашыраны ў ант. Рыме, важны арх.-канструкцыйны і дэкар.элемент у архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму. Робяць аркі з каменю, жалезабетону, металу, цэглы, дрэва. Паводле формы крывой адрозніваюць аркі: паўкруглыя, ці паўцыркульныя (найб. пашыраны від), спічастыя (характэрны для стылю готыкі), падковападобныя (пашыраны ў архітэктуры араб. краін), кілепадобныя (у выглядзе какошніка), шматлопасцевыя, паўзучыя (з апорамі рознай вышыні) і інш. У сучасным буд-ве аркі выкарыстоўваюць як нясучыя элементы пралётных збудаванняў, мастоў, пуцеправодаў. Гл. таксама Аркада, Аркатура, Аркбутан.
Аркі: 1 — паўцыркульная; 2 — з замковым каменем; 3 — спічастая; 4 — трохлопасцевая.Аркі брамы Кальварыйскага касцёла ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФАПАБУДАВА́ЛЬНІК,
прыстасаванне для аўтаматычнага вычэрчвання графічнай (ці алфавітна-лічбавай) інфармацыі на папяровыя, плёначныя або інш. носьбіты запісу. Бываюць буйна- (памеры да 2×6 м) і малагабарытныя, вектарныя і растравыя, планшэтныя, барабанныя і ролікавыя, эл.-мех. (найб. пашыраныя), эл.-статычныя, струменныя і інш.
Графічная інфармацыя непасрэдна ад ЭВМ (ці з прамежкавых носьбітаў інфармацыі, напр.магн. дыскаў) узнаўляецца сімваламі (неперарыўнымі лініямі, штрыхамі, кропкамі і інш.) у адна- і шматколерным выкананні. Пішучы элемент перамяшчаецца з дапамогай крокавых або серварухавікоў. Дакладнасць узнаўлення ліній да 0,005 мм, скорасць вычэрчвання да 5 м/с, раздзяляльная здольнасць да 20 ліній на міліметр. Выкарыстоўваецца як знешняе прыстасаванне вываду даных з ЭВМ, у аўтаматызаваных сістэмах праектавання, машына- і прыладабудаванні, метэаралогіі, картаграфіі і інш. На Беларусі сям’я графапабудавальнікаў «ІТЭКАН» распрацавана Ін-там тэхн. кібернетыкі Нац.АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОШ (польск. grosz, ням. Groschen ад лац. denarius grossus цяжкая манета),
1) буйная сярэбраная манета. Выраблялася з 1172 у Італіі, з 1266 у Францыі, стала метралагічным і якасным эталонам для гроша некат. дзяржаў Паўн. і цэнтр. Еўропы. Каля 1300 выраб пачаты ў Багеміі, каля 1337 — у Польшчы, каля 1339 — у Саксоніі, з 1329 — у Венгрыі, з 1535 — у ВКЛ (гл.Грош літоўскі). З 18 ст. біліся і медныя грошы.
2) Лікава-грашовае паняцце ў ВКЛ і Польшчы ў 14—16 ст., Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. 3) Манета і элемент грашовай сістэмы каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі (1815—50), міжваеннай Рэчы Паспалітай (1924—39), Генеральнай губ. (1939—44).
4) Сучасная разменная манета Польшчы (1/100 злотага) і Аўстрыі (1/100 шылінга).