УЭ́ЛІНГТАН, Велінгтан (Wellington) Артур Уэлслі (Wellesley; 1.5.1769, г. Дублін, Ірландыя — 14.9.1852),
брытанскі палкаводзец, дзярж. дзеяч і дыпламат. Герцаг Уэлінгтан (1814), фельдмаршал (1813). Вучыўся ў Ітанскім арыстакратычным каледжы і ваен. школе ў г. Анжэ (Францыя). З 1787 у брыт. арміі. Удзельнік ваен. дзеянняў супраць рэв. Францыі ў 1794—95. У 1796—1805 у Індыі, камандаваў брыт. войскамі пры заваяванні княства Майсур і Маратхскіх княстваў. З 1806 у Англіі, дэп. парламента ад Торы. У 1807—08 дзярж. сакратар па справах Ірландыі. У 1808—13 галоўнакаманд. саюзнымі англа-партуг. войскамі ў вайне супраць напалеонаўскай Францыі на Пірэнейскім п-ве. У 1814 брыт. пасол у Францыі пры двары Людовіка XVIII. У 1815 каманд. англа-галандскай арміяй, якая разам з прускай арміяй ген.-фельдмаршала Г.Л.Блюхера нанесла вырашальнае паражэнне Напалеону I у бітве пры Ватэрлоо. У 1815—18 галоўнакаманд. саюзнымі акупац. войскамі ў Францыі. Удзельнік Венскага кангрэса 1814—15, Ахенскага 1818 і Веронскага 1822 кангрэсаў. У 1826 падпісаў у Пецярбургу англа-рас. пратакол аб адносінах да падзей у Грэцыі. У 1827—52 галоўнакаманд. брыт. арміяй, адначасова прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі (1828—30), міністр замежных спраў (1834—35), міністр без партфеля (1841—46).
т. 16, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́РАВЫ,
сям’я рускіх цыркавых артыстаў — клоунаў і дрэсіроўшчыкаў.
Анатоль Леанідавіч (6.12.1865, Масква —21.1.1916). Артыстычную дзейнасць пачаў як клоун, з 1880 гастраліраваў па Расіі, Еўропе, у 1915 выступаў у Мінску. Стварыў сатырычна-публіцыстычную клаунаду з дрэсіраванымі жывёламі.
Уладзімір Леанідавіч (6.7.1863, Масква — 3.8.1934), засл. арт. Рэспублікі (1927). Брат А.Л.Дурава. На арэне з 1885. Выступаў як клоун-сатырык і дрэсіроўшчык. Распрацаваў навук. метад дрэсіроўкі, заснаваны на гуманных адносінах да жывёл. У 1912 стварыў у Маскве звярынец (цяпер Куток імя У.Дурава).
Уладзімір Рыгоравіч (16.4.1909, г. Варонеж — 14.3.1972), нар. арт. СССР (1967). Унук А.Л.Дурава. У выступленнях спалучаў сатыр. клаунаду з паказам дрэсіраваных жывёл.
Юрый Уладзіміравіч (12.1.1910, Масква — 22.2.1971), нар. арт. СССР (1971). Унук У.Л.Дурава. У цырку з 1937. Выступаў з вялікай групай розных жывёл, спалучаў дрэсіроўку з сатыр. нумарамі.
Наталля Юр’еўна (н. 13.4.1934, Масква), нар. арт. СССР (1989). Дачка Ю.У.Дурава. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага (1956). У 1956—59 дрэсіроўшчык Кутка У.Дурава, у 1963—73 — «Саюздзяржцырка». З 1978 маст. кіраўнік Тэатра звяроў імя У.Дурава. Аўтар аповесцей і апавяданняў на тэмы цырка. Дзярж. прэмія СССР 1987.
У цырку працуюць і інш. прадстаўнікі сям’і Д.
т. 6, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Падве́й 1 ’дух, які круціцца ў ветры, прыносіць разбурэнні і незвычайныя хваробы; хвароба, якая здараецца, калі прахопіць скразняком, параліч’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ’скразняк’ (Сцяшк. Сл.), ’хвароба’ (ТС), ’прастуда, параліч’ (Касп., Гарэц., Інстр. II), пудві́й ’тс’ (Нар. лекс., стол.), ’ліха, бяда’ (Жд. 2). Укр. підві́й ’від хваробы ад ветру’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад падвеяць < веяць. У семантычных адносінах параўн. яшчэ ве́транка (гл.).
Падве́й 2 ’расліна падвей шыракалісты, Eriophorum latifolium Норре’ (ТСБМ, Кіс.), ’драсён змяіны, Polygonum bistorta L.’ (Бейл). Да падвей 1, таму што Eriophorium latifolium Hoppe у народнай медыцыне выкарыстоўваецца для лячэння падвею (БСЭ, 7, 601). Мабыць, аналагічную матывацыю можна прыняць і для драсёну, які таксама з’яўляецца лекавай раслінай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
спец, ‑а, м.
Разм.
1. Прадстаўнік інтэлігентнай прафесіі, спецыяліст (ужывалася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі да сярэдзіны 20‑х гадоў у адносінах да выхадцаў з непралетарскага асяроддзя). Турбіну манціравалі замежныя спецы. Гроднеў. Бацька, вялікі спец, інжынер, які прыехаў у Расію яшчэ да імперыялістычнай вайны і астаўся жыць пасля рэвалюцыі, хацеў, каб адзіная яго дачка стала ўрачом. Навуменка.
2. Вельмі дасведчаны ў чым‑н. чалавек, майстар сваёй справы. Прыходзіць, стомленая за дзень, мая суседка, кабардзінка з Нальчыка, спец па віну. Лось. [Іван:] — Як ты лічыш, хто нам соткі ўзарэ — баба, Вольга, Лявонка? А можа ты? Ты ж на ўсё спец. Паўлаў. // Іран. Лоўкі, хітры, пранырлівы чалавек. Тавару дастаць усякага .. [Віктар] спец. І ніколі не пратаргаваўся яшчэ. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КО́БРЫНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
феадальнае зямельнае ўладанне, падпарадкаванае каралю, «сталовы маёнтак» у ВКЛ у 16—18 ст. Фактычна ўзнікла ў 1519 як староства, аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформлена ў 1532. У адм. адносінах уваходзіла спачатку ў Падляшскае, з 1566 — у Брэсцкае ваяв. Канчаткова К.э. як «сталовае ўпаданне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 у выніку падзелу паміж дзярж. і каралеўскім скарбам. У 16—17 ст. К.э. валодалі каралевы Бона Сфорца, Ганна Ягелонка, Канстанцыя Аўстрыйская. На 1563 у К.э. было каля 77 тыс. дзес. зямлі, у т. л. 89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын (Пружаны), мяст. Гарадзец. З пач. 18 ст. К.э. збліжаецца з Брэсцкай, яны разам выступаюць у інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі. Пасля 1757 узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў: Кобрынскага, Вежыцкага, Гарадзецкага, Закросніцкага, Ліцвінкаўскага, Іласкага, Тэвельскага і Чаравачыцкага. Ваен. дзеянні, агульны гасп. заняпад прывялі да скасавання ў 1766 самакіравання. Рэарганізацыя К.э. ў 1768 станоўчых вынікаў не дала. У 1795 К.э. ўвайшла ў склад Рас. імперыі. Яе землі з сялянамі былі падараваны, часткова прададзены прыватным асобам.
Л.Р.Казлоў.
т. 8, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́НЫ, рачныя даліны,
адмоўныя, лінейна выцягнутыя формы рэльефу з агульным нахілам ад вярхоўяў да нізоўяў, утвораныя ў выніку размыўнай (эразійнай) дзейнасці цякучай вады; многія маюць тэктанічнае паходжанне. Папярочны профіль рачных Д. у залежнасці ад стадыі развіцця геал. будовы мясцовасці і інш. фактараў можа мець V-, U-, скрыне-, карытападобную і інш. формы; пачатковая форма Д. — яры і лагчыны. Д. звычайна ўключаюць рэчышча, пойму, тэрасы, схілы, каля вусця часам фарміруюцца дэльты або конусы вынасу.
Асн. працэсы ў развіцці Д. — глыбінная і бакавая эрозія, акумуляцыя адкладаў. Профіль Д. амаль заўсёды асіметрычны, што абумоўлена геал. будовай, нахілам паверхні, Карыяліса сіламі, дзеяннем грунтавых вод і інш. У плане Д. маюць клінападобную, меандрычную, пацеркападобную, прамалінейную, каленчатую форму. У вярхоўі Д. звычайна замыкаюцца схіламі, утвараючы вадазборную варонку, ледавіковы цырк (у гарах) або застаюцца адкрытымі і пераходзяць у вярхоўе суседніх Д. У адносінах да распасцірання структур і горных хрыбтоў вылучаюць падоўжныя (сінклінальныя, антыклінальныя, монаклінальныя, скідавыя Д. і Д.-грабены), папярочныя і дыяганальныя. Калі Д. праразае горны хрыбет ці ўзвышша, на ўсю шырыню ўтвараецца скразная даліна, або Д. прарыву. Паводле марфалогіі адрозніваюць горныя Д. (глыбокія і нешырокія са стромкімі схіламі) і раўнінныя Д. (звычайна шырокія, з нязначнымі нахіламі, глыбінёй і стромкасцю схілаў). Памеры залежаць ад мінулай ці сучаснай дзейнасці цякучай вады. Найб. значныя Д. пашыраны ў раёнах з вял. колькасцю ападкаў.
На Беларусі Д. займаюць каля 10% тэр. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і с.-г. культуры, да іх прымеркаваны шматлікія меліярац. сістэмы.
Л.У.Мар’іна.
т. 6, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГА АРА́БСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (ЛАД),
міжнар. арганізацыя, засн. ў 1945 на канферэнцыі ў Каіры (Егіпет) прадстаўнікамі Ірака, Саудаўскай Аравіі, Лівана, Егіпта, Сірыі, Трансіарданіі (з 1950 Іарданія), Йемена (з 1962 Йеменская Араб. Рэспубліка; з 1990 у складзе Йеменскай Рэспублікі, ЙР). Пазней да Лігі далучыліся Лівія (1953), Судан (1956), Марока (1958), Туніс (1958), Кувейт (1971), Алжыр (1962), Нар.-Дэмакр. Рэспубліка Йемен (з 1990 у складзе ЙР), Аман (1971), Аб’яднаныя Араб. Эміраты (1971), Бахрэйн (1971), Катар (1971), Маўрытанія (1973), Самалі (1974), Джыбуці (1977). З 1964 права дарадчага голасу маюць прадстаўнікі Палесціны. Мэта арг-цыі — садзейнічаць умацаванню эканам., паліт. і культ. адносін паміж арабскімі краінамі. Вышэйшы орган — Савет Лігі, складаецца з кіраўнікоў і прэм’ер-міністраў араб. краін ці упаўнаважаных. Штаб-кватэра ў Каіры. Ліга прызнана ААН як рэгіянальная арг-цыя і мае пастаяннае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Йорку. Эфектыўнасць рашэнняў Савета Лігі зніжаецца абавязковасцю іх выканання толькі тымі краінамі, якія за іх галасавалі. У ходзе Блізкаўсходняга канфлікту Ліга заняла крайне адмоўную пазіцыю ў адносінах да Ізраіля, каардынуючы палітыку супрацьстаяння яўр. дзяржаве. У 1979 за заключэнне Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў Егіпет быў выключаны з Лігі (адноўлены ў 1989), а штаб-кватэра Лігі перанесена ў Туніс (да 1990). Сур’ёзны раскол у Лізе адбыўся ў час Кувейцкага крызісу 1990—91, калі адны араб. краіны падтрымалі Кувейт, другія — Ірак. У галіне навук.-тэхн. супрацоўніцтва створана сумесная сістэма сувязі — АРАБСАТ. Дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы: Араб. фонд эканам. і сац. развіцця, Араб. арг-цыя па пытаннях асветы, культуры і навукі і інш.
т. 9, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пакале́нне, ‑я, н.
1. Сваякі адной ступені роднасці ў адносінах да агульнага продка. У Аляксееўцы так ужо вялося спакон веку: дадуць каму мянушку — лічы на ўсё жыццё, а то і на другое ці трэцяе пакаленне пяройдзе. Пальчэўскі. [Дзед:] — У нашым родзе сем пакаленняў займалася дрэсіроўкай птушак, паляваннем. Беразняк. // Патомства. — А ведаеш, дзядзька, у тваіх сыноў народзіцца слаўнае пакаленне. Не падобнае на нас. Чорны.
2. Людзі блізкага ўзросту, якія жывуць у адзін час. Маладое пакаленне. □ Калі ж стане маё пакаленне сівым, — мы тады маладым гэты сцяг аддадзім. А. Вольскі. К мэце, што вызначыў Ленін, Вашыя сцежкі ляглі, Веку майго пакаленне, Камуністычнае племя, — Моцная соль зямлі! Звонак. // Сукупнасць людзей з аднолькавымі інтарэсамі, поглядамі. Пакаленне рэвалюцыянераў. □ Ён, Камлюк, не належаў да пакалення старых бальшавікоў. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяшчо́та, ‑ы, ДМ ‑шчоце, ж.
1. Поўнае задавальненне чыіх‑н. жаданняў, капрызаў. Руды ў пяшчоце дый у ласцы: Штодзень тры разы бульбы ў ражцы Даюць яму, ды ’шчэ й з мукою. Крапіва.
2. Пачуццё ласкі, замілавання, мяккасці ў адносінах да каго‑, чаго‑н. Мацярынская пяшчота. □ [Кіру] ахапіла такая пяшчота, што, убачыўшы бацьку.., яна абвіла яго шыю і пачала цалаваць у шчокі, у нос, у лоб. Карпаў. Агорнуты пяшчотаю да дзяўчыны, .. [Іван] адхіліў ад яе галавы навіслыя сцябліны маку, адагнаў беленькага .. матыля, які ўсё прымерваўся сесці на яе валасы. Быкаў. Чаго ж цяпер так хвалюе яе [Ганну] апошняя пяшчота цяпла, згалеласць палёў, смутак асенніх дзён? Мележ.
3. толькі мн. (пяшчо́ты, ‑чот). Учынкі, словы, якімі выказваюцца пачуцці ласкі, замілавання. Карызна ў бурныя пяшчоты пераліваў сваё, прывезенае з раёна, узрушэнне. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
СЛО́НІМСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На З Беларусі, у паўд. ч. Гродзенскай і паўн. ч. Брэсцкай абласцей; у складзе Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай на Пн, Ваўкавыскім і Навагрудскім узвышшамі на З і У (аддзелена ад іх далінамі рэк Зальвянка і Шчара), Баранавіцкай раўнінай на Пд. Найб. выш. 228 м. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 65 км, шыр. да 42 км. Пл. каля 2 тыс. км².
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву Беларускай антэклізы. У рэльефе фундамента вылучаюцца Слонімскі купал і Зальвянская брахіантыкліналь. Найб. магутнасці платформавага чахла (300—350 м) прымеркаваны да паўд. і зах. схілаў Бел. антэклізы, найменшыя (150 м) — да купалападобных падняццяў. Чахол складзены з адкладаў верхняга пратэразою, мелавога, палеагенавага і неагенавага ўзросту. Даантрапагенавая паверхня моцна парэзаная (амплітуда расчлянення да 100 м). Трапляюцца ледавіковыя лагчыны з адзнакамі днішча да -20 м. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць да 160 м) вылучаны 4 гарызонты (нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі). Фарміраванне С.ў. адбылося пад уплывам дняпроўскага ледавіка (перапрацоўка глыбокіх адорвеняў мелавых, палеагенавых і раннеантрапагенавых адкладаў), сучасны рэльеф створаны сожскім зледзяненнем.
Рэльеф С.ў. буйнаўзгорысты і градава-ўзгорысты. У цэнтры спадзістая слабахвалістая раўніна. Грады выцягнуты з ПнЗ на ПдУ, сярод іх вылучаны Залацееўскі пояс град і Косаўская града. Рэльеф моцна тэхнагенна пераўтвораны. Карысныя выкапні: гліны лёгкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. На З С.ў. дрэніруецца правымі прытокамі р. Зальвянка (Трасцянка, Іванаўка), на Пд і У — левымі прытокамі р. Шчара (Грыўда, Шэя, Валобрынка, Бяроза, Луконіца, Сіпа). У межах узвышша воз. Бяздоннае. Частка былых азёрных катлавін ператварылася ў нізінныя балоты. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, слаба- і сярэднеападзоленыя, алювіяльныя поймавыя, па паніжэннях і лагчынах намыўныя пераўвільготненыя. Пад лесам каля 28% тэрыторыі. Лясы захаваліся асобнымі масівамі. Найб. пашыраны лясы шыракаліста-яловыя, ялова-грабавыя, дубровы з ясенем, вязам і клёнам, ельнікі з дамешкам дубу, грабу і ліпы, хвойнікі баравыя і субаравыя з дамешкам елкі, дубу.
В.М.Фядзеня.
т. 15, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)