скарыфіка́тар

(англ. scarificator, ад лац. scarificare = надрэзваць, выдрапваць)

1) машына для скарыфікацыі 1;

2) сельскагаспадарчая прылада для скарыфікацыі 2;

3) мед. прылада для правядзення насечак на скуры ў час прышчэпак (воспы і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

каранда́ш, ‑а, м.

Прылада для пісьма, чарчэння, малявання ў форме тонкай палачкі з графітавым або іншым сардэчнікам; аловак. Просты карандаш. Хімічны карандаш. Каляровыя карандашы. Маляваць карандашом.

•••

Браць (узяць) на карандаш гл. браць.

[Ад цюрк. кара — чорны і таш, даш — камень.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трапе́цыя, ‑і, ж.

1. Чатырохвугольнік з дзвюма паралельнымі і дзвюма непаралельнымі старанамі.

2. Гімнастычная прылада, якая складаецца з перакладзіны, падвешанай на двух тросах. [Янук] сніў толькі залітую святлом арэну, турнікі і трапецыі. Асіпенка.

[Ад грэч. trapeza — стол.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕКТО́ГРАФ (ад гекта... + ...граф),

простая друкавальная прылада для размножвання тэкстаў і ілюстрацый. Дзеянне заснавана на здольнасці застылай жэлаціна-гліцэрынавай масы ўспрымаць спец. (гектаграфскае) чарніла, якім выконваюцца тэксты і ілюстрацыі, а потым перадаваць іх (пры прыцісканні) на лісты паперы. На гектографе можна атрымаць да 100 адбіткаў. Вынайдзены рус. вынаходнікам М.​І.​Алісавым у 1869.

т. 5, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРААКУСТЫ́ЧНЫ МАЯ́К,

стацыянарная падводная прылада, якая выпрамяняе гукавыя (акустычныя) сігналы з мэтай арыентавання суднаў, глыбакаводных апаратаў і інш. Мае генератар гукавых ваганняў, узмацняльнік магутнасці, электраакустычны выпрамяняльнік, механізм кіравання сігналамі, сінхранізавальную прыладу, крыніцу электрасілкавання. Устанаўліваюць на дне мора, на метал. апорах ці на якары (на зададзенай глыбіні). Далёкасць дзеяння гідраакустычнага маяка каля 20 км.

т. 5, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЕР (галанд. boeier),

1) лёгкая кабіна ці платформа з парусамі на трох каньках (лыжах, пнеўмаколах). Кіраванне робіцца заднім каньком (лыжай, колам) і парусам. Скорасць руху перавышае 100 км/гадз. Выкарыстоўваецца як спарт. прылада (гонкі на буерах па лёдзе), для перавозкі грузаў.

2) Невял. аднамачтавае пласкадоннае паруснае судна для ўстаноўкі буёў і швартоўных бочак (устар.).

Буер.

т. 3, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНСАМЕ́Р,

прылада для вымярэння радыяцыйнага балансу. Найб. пашыраны балансамер тэрмаэлектрычны, прыёмная частка якога — 2 тонкія медныя пласцінкі; зачэрненая паверхня адной павернута ўгару і ўспрымае радыяцыю ад Сонца і атмасферы, паверхня другой павернута для Зямлі і адзначае выпрамяненне зямной паверхні і адбітую радыяцыю. Тэрмаэлементы фіксуюць розніцу т-р паміж пласцінкамі, што дае магчымасць вызначаць радыяцыйны баланс.

т. 2, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТРО́Н,

прылада, якая складаецца з крыніцы святла (святловыпрамяняльны дыёд), аптычна спалучанай з прыёмнікам святла (фотарэзістар, фотадыёд, фотатранзістар і інш.). Элементы аптрона змешчаны ў агульным корпусе, алегарычна ізаляваны. У аптроне выконваецца прамое і адваротнае электронна-аптычнае пераўтварэнне. Выкарыстоўваецца для сувязі паміж асобнымі вузламі электронных прылад, напр. у выліч. і вымяральнай тэхніцы і аўтаматыцы.

т. 1, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАТРО́Н,

электравакуумная прылада, у якой кінетычная энергія электронаў пераўтвараецца ў энергію звышвысокачастотнага поля адкрытага рэзанатара. Тэорыя распрацавана сав. фізікам Ф.​С.​Русіным (1966). Выкарыстоўваецца як высокастабільны генератар эл.-магн. ваганняў міліметровага і субміліметровага дыяпазонаў з нізкім узроўнем шумаў. Асн. параметры: даўж. хвалі 0,1—100 мм, выхадная магутнасць да 10 Вт, перастройка частаты да 30%.

т. 1, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНКЛІНА́ТАР (ад лац. inclino нахіляю),

прылада для вымярэння нахілення магнітнага. Непасрэднае вымярэнне нахілення робяць стрэлачным І. (мае магн. стрэлку з гарыз. воссю вярчэння, якая праходзіць праз цэнтр цяжару стрэлкі) і індукцыйным І. (дзеянне заснавана на ўзнікненні эдс або току індукцыі ў шпулі, якая верціцца ў магн. полі Зямлі). Ёсць таксама І. феразондавыя і інш.

т. 7, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)