РЭФЛЕ́КСЫ (ад лац. reflexus адлюстраваны),

рэакцыі арганізма, якія выконваюцца нерв. сістэмай у адказ на ўздзеянне знешніх або ўнутр. раздражняльнікаў. Біял. значэнне Р. — падтрымка функцыян. цэласнасці жывога арганізма і пастаянства яго ўнутр. асяроддзя (гамеастаз), а таксама забеспячэнне эфектыўнага ўзаемадзеяння арганізма з вонкавым асяроддзем (адаптыўныя паводзіны). Структурны механізм Р. — рэфлекторная дуга, эвалюц. папярэднікі — рэакцыі тыпу трапізмаў і таксісаў. Утварэнне асобных нерв. клетак, што ўзаемадзейнічалі адна з адной шляхам сінаптычных кантактаў, спрыяла ўзнікненню Р., далейшае развіццё якіх у форме інстынктаў, безумоўных рэфлексаў і ўмоўных рэфлексаў звязана з паяўленнем і ўскладненнем ц. н. с. У нармальных умовах Р. аб’ядноўваюцца (інтэгруюцца) у складаныя рэфлекторныя акты і маюць пэўную біял. накіраванасць. Інтэграцыя дасягаецца механізмамі каардынацыі — адначасовай дынамікі ўзбуджэння і тармажэння нейронаў адпаведных нерв. утварэнняў. Ускладненне інтэгратыўнай дзейнасці ц. н. с. і яе структурнай дыферэнцыяцыі — аснова эвалюцыі адаптыўных паводзін і прыстасаванасці відаў да ўмоў існавання.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМБІЁЗ (ад грэч. symbiōsis сумеснае жыццё),

сумеснае існаванне арганізмаў (сімбіёнтаў) розных сістэматычных груп. Тэрмін увёў ням. батанік Г.А. дэ Бары (1879). Бывае аблігатны С., калі 1 з арганізмаў (ці 2) знаходзяцца ў цеснай залежнасці ад другога і самастойнае існаванне немагчыма, і факультатыўны С. — калі кожны з арганізмаў пры адсутнасці партнёра можа жыць самастойна. Па характары адносін паміж партнёрамі выдзяляюць тыпы (формы) С.: каменсалізм, мутуалізм, паразітызм. Паміж імі магчымы пераходы, шэраг градацый і пераходных станаў.

Асновай для ўзнікнення С. могуць быць трафічныя (кармленне аднаго з партнёраў за кошт другога нявыкарыстанымі рэшткамі корму, прадуктамі стрававання або яго тканкамі), прасторавыя (пасяленне на паверхні або ўнутры цела другога, сумеснае выкарыстанне норак, домікаў, ракавін) і інш. тыпы ўзаемаадносін. С. можа быць на ўзроўні шматклетачных арганізмаў і асобных клетак (унутрыклетачны С.). У адносіны С. могуць уступаць расліны з раслінамі, расліны з жывёламі, жывёлы з жывёламі, расліны і жывёлы з мікраарганізмамі, мікраарганізмы з мікраарганізмамі.

т. 14, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

інтусусцэ́пцыя

(ад лац. intus = унутр + susceptio = прыманне на сябе)

разрастанне абалонак раслінных клетак у выніку ўкаранення новых малекул цэлюлозы і протапекціну (параўн. апазіцыя​2 2).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

зігаспо́ра

(ад гр. zygon = пара, двое + спора)

спора, якая ўтвараецца ў выніку зліцця дзвюх аднолькавых па знешняму выгляду палавых клетак у некаторых водарасцяў і грыбоў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гіпадэ́рма

(ад гіпа- + -дэрма)

1) слой эпітэлію ў членістаногіх жывёл, які ляжыць непасрэдна пад хіцінавым покрывам;

2) слой клетак, размешчаных пад эпідэрмісам многіх вышэйшых раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аміло́ід

(ад гр. amylon = крухмал + -оід)

1) шклопадобнае рэчыва бялковага характару, якое ўтвараецца ў тканках арганізма пры амілаідозе-;

2) запасная клятчатка ў абалонках клетак насення.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ві́русы

(лац. virus = яд)

найдрабнейшыя арганізмы, здольныя пранікаць у пэўныя жывыя клеткі і размнажацца толькі ўнутры гэтых клетак; узбуджальнікі заразных хвароб чалавека, жывёл і раслін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

га́нглій

(гр. ganglion = пухліна)

1) вузел нервовых клетак і валокнаў, акружаны злучальнатканкавай абалонкай;

2) невялікая пухліна са студзяністым змесцівам (кіста), якая развілася з сустаўнай сумкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нулісо́мія

(ад лац. nullus = нізкі + сома)

адсутнасць у храмасомным наборы клетак арганізма якой-н. пары гамалагічных храмасом у норме, уласцівай дадзенаму віду; прыватны выпадак анеуплаідыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

стэрэата́ксій

(ад стэрэа- + гр. taksis = упарадкаванае размяшчэнне)

метад увядзення электродаў у тканкі мозгу для рэгістрацыі электрычных патэнцыялаў нервовых клетак, а таксама раздражнення або разбурэння іх.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)