старажытнае прыстасаванне для кідання кап’я, якое павялічвала далёкасць палёту, сілу і меткасць кідка. Вядомы з позняга палеаліту, асабліва ў абарыгенаў Аўстраліі, Акіяніі, Амерыкі і Паўн.-Усх. Азіі. Уяўляў сабой драўляную палку ці дошку (прамавугольнай ці мечападобнай формы, шыр. 5—12 см, даўж. 30—150 см) з жалабком і ўпорам для дрэўка кап’я. Трапляліся і ў выглядзе раменнай пятлі. Паверхню К. ўпрыгожвалі разьбой, інкрустацыяй, часам фарбавалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЗІЯ (ад позналац. corrosio раз’яданне) у геалогіі, 1) разбурэнне горных парод або частковае растварэнне мінералаў у выніку хім. (растваральнага) дзеяння прыродных вод. Вада, у якой звычайна растворана пэўная колькасць двухвокісу вугляроду, асабліва моцна ўздзейнічае на вапнякі і інш. лёгкарастваральныя пароды, што можа выклікаць утварэнне розных форм карставага рэльефу (гл.Карст).
2) Раз’яданне, растварэнне і аплаўленне магмай або постмагматычнымі растворамі раней раскрышталізаваных мінералаў і горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛА́ЧНАЕ ПРА́ВА,
вырашэнне спрэчак адзінаборствам або сілаю зброі, характэрнае для правапарадку эпохі феад. раздробленасці. Асабліва было пашырана ў Германіі ў 11—13 ст., наз. Faustrecht. З дапамогай К.п. больш моцныя феадалы навязвалі сваю волю больш слабым, часта захоплівалі іх землі, маёмасць, сялян. Часам выкарыстоўвалася і пры вырашэнні суд. спрэчак. У Зах. Еўропе па меры ўзмацнення судоў роля К.п. рэзка знізілася. У шырокім сэнсе слова К.п. — права моцнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДЭМАГРАФІ́ЧНЫ ВЫ́БУХ»,
рэзкае паскарэнне тэмпаў росту насельніцтва ў 1950—60-х г. у краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі, якія пачалі хутка развівацца. Абумоўлены зніжэннем смяротнасці, асабліва дзіцячай, пры захаванні высокай нараджальнасці. Апераджальны рост насельніцтва краін, якія развіваюцца (у іх пражывае больш за 50% насельніцтва свету), ператварыла «Д.в.» у гэтых краінах у фактар сусветнага значэння, а сац.-эканам. праблемы іх развіцця прынялі характар глабальных праблем чалавецтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВА́Р,
магнітны сплаў жалеза з 36% нікелю. Мае малы тэмпературны каэф. лінейнага расшырэння (1,5∙10−6К−1) пры т-ры ад -80 да 100 °C. Атрыманы ў 1896 у Францыі. Выкарыстоўваюць для вырабу дэталей вымяральных прылад вельмі высокай дакладнасці. Разнавіднасці І. — суперінвар (64% жалеза, 32% нікелю і 4% кобальту) з асабліва нізкім тэмпературным каэф. лінейнага расшырэння і нержавейны І. (54% кобальту, 37% жалеза і 9% хрому).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСЕ́ЙСМЫ (ад мікра... + грэч. seismos ваганне, землетрасенне),
пругкія ваганні зямной паверхні. М. першага роду (перыяд 2—10 с), асабліва інтэнсіўныя на астравах і марскіх берагах, узнікаюць ад дзеяння тайфунаў і цыклонаў; другога роду (перыяд 0,1—0,001 с) — ад змены атмасфернага ціску, уздзеяння ветру на зямную паверхню, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў, работы транспарту, марскога прыбою і інш. Амплітуда М. ад доляў мікрона да соцень мікронаў, звычайна некалькі мікронаў.