агле́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; заг. агледзь; зак., каго-што.

1. Акінуць позіркам, разгледзець з усіх бакоў. Агледзеў майстар камень ды выкаваў з яго споднік для млынавых жорнаў. Якімовіч. // Пазнаёміцца, разглядаючы прадмет за прадметам. За дзень звяно ў сталіцы На вуліцах і пляцах Агледзела святліцы, Тэатры і палацы. Аўрамчык.

2. Заглянуць усюды, шукаючы каго‑, чаго‑н. Міколка агледзеў вагон — няма дзеда. Лынькоў.

3. Выпадкова ці знарок адшукаць, напаткаць прыхаванае. Назаўтра раніцай агледзеў.. [Максімку] дворнік і выгнаў мятлою вон. Якімовіч.

4. Абследаваць, вызначыць стан здароўя арганізма або асобнага органа шляхам агляду, выслухвання і пад. Устрывожаная,.. [Граноўская] агледзела нагу. Рана была невялікая. Гурскі.

5. Прывесці ў парадак; падправіць, паднавіць. Агледзеў іх [будынкі] Антось, падправіў І шулы новыя паставіў У гнілы паркан. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

растрыбушы́ць, ‑бушу, ‑бушыш, ‑бушыць; зак., каго-што.

Разм.

1. Пачысціць, выдаліўшы вантробы (рыбу, птушку і пад.). Растрыбушыць курыцу.

2. перан. Выкінуць, растрэсці ўнутранасці чаго‑н. — Глядзіце, пухам лебядзіным І ганак мой, і двор замецен, — Жанчына скардзіцца. — Падушкі, Пярыну ўсю растрыбушылі. Бялевіч. // перан. Спустошыць, раскідаўшы, расцягнуўшы тое, што знаходзілася ўсярэдзіне. Мы выкочвалі са склепа кубельцы сала, бочкі масла. Усё гэта тут жа разбівалі і раскідалі па дзядзінцы.., растрыбушылі склеп і кінуліся да адрыны. Якімовіч. — [Бандыты] дзверы ў краме ссадзілі, нас туды загналі і растрыбушылі ўсё. Воз наклалі, як гару, ды яшчэ ў мяшкі панапіхалі. Чарнышэвіч. // Растрэсці, разадраць на часткі. [Арыстаў] ухапіў паперы са стала, умомант растрыбушыў іх перад Лакціёнавым. Алешка. Растрыбушылі .. [кураняты] некалькі бульбін і, адбіраючы адно ў аднаго, разнеслі іх. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагразі́ць, ‑гражу, ‑грозіш, ‑грозіць; зак.

1. Зрабіць пагражальны жэст. Пагразіць свавольнікам. □ Амелька пагразіў кулаком у бок сяла і пачаў заводзіць свой матацыкл. Якімовіч. Таццяна пагразіла пальцам: — Сынок, нельга самому браць. Пальчэўскі.

2. Выказаць пагрозу. — А я закрычу! — пагразіў Рабушка. Новікаў. — Ну што ж, наракай пасля на сябе, — пагразіў тады Брава Жыватоўскі. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напрацава́цца, ‑цуюся, ‑цуешся, ‑цуецца; зак.

Папрацаваць многа, доўга, уволю. Папрацавацца за свой век. □ Дзень прамінуў для Міхася неўзаметку, хоць і нахадзіўся ён, і напрацаваўся за добры іншы тыдзень. Якімовіч. Вясёлыя былі дзянькі. Напрацуешся, напяешся, нарагочашся! Шамякін. // Стаміцца ад працы. На.. спіне, плячах, па расслаблена апушчаных руках было відно, што.. [маці] моцна напрацавалася. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недаліка́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Няветлівы ў абыходжанні з людзьмі; грубы. — Ты не злуй, ён п’яны і, праўда, крыху недалікатны. Чорны. [Міхась] распачаў перагаворы з недалікатным гаспадаром двара. Якімовіч. // Няскромны, нетактоўны. Недалікатнае пытанне. Недалікатная парада.

2. Пазбаўлены мяккасці, рэзкі; неасцярожны. Недалікатны дотык. Недалікатныя рухі.

3. Які мае грубую афарбоўку, пах і пад. Недалікатныя духі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхлусі́ць, ‑хлушу, ‑хлусіш, ‑хлусіць; зак., што і без дап.

Разм. Апавядаючы пра што‑н., дадаць хлусні, выдумкі; прылгаць. Пра акунёў .. [Васіль], вядома, крыху прыхлусіў — не такія ўжо яны там і вялікія. Якімовіч. Адны ўмеюць складна расказаць пра перажытае, ёсць здатныя прыхлусіць, ды так, што самі вераць у тое, чаго ніколі не было. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

першаго́дак, ‑дка, м.

1. Дзіця або маладая жывёліна на першым годзе жыцця. У кожнай птушынай чарадзе, якая адлятае ў вырай, разам з маладымі, слабымі яшчэ першагодкамі, ёсць дужыя, вопытныя птахі. Мехаў.

2. Той, хто першы год знаходзіцца дзе‑н., служыць дзе‑н. Курсант-першагодак. □ Найбольш любілі мае першагодкі хітрыя задачкі і загадкі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераадзе́ць, ‑адзену, ‑адзенеш, ‑адзене; зак.

1. што. Зняўшы адно, надзець што‑н. іншае. Пераадзець касцюм. // каго. Адзець у іншую вопратку. Бядуючы і вохкаючы, Валодзева маці хутка пераадзела нас у сухое, перавязала маю руку. Якімовіч.

2. кім або ў каго. Адзець каго‑н. з мэтай маскіроўкі так, каб нельга было пазнаць. Пераадзець мужчыну жанчынай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кашма́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які суправаджаецца кашмарам, напоўнены кашмарамі. У кашмарных снах, у пакутлівых уяўленнях .. [Саша] часам бачыла Пецю раненым, сцякаючым крывёю на абмерзлых скалах, у снягах далёкай поўначы. Шамякін. Яны праімчаліся на матацыклах, як віхор, бязладна страляючы направа і налева, і зніклі, як кашмарны прывід. Якімовіч.

2. перан. Разм. Жахлівы, агідны. Кашмарнае мінулае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́ты, ‑аў; адз. няма.

Металічная рашотка на вокнах, на дзвярах. [Вагон] сурова пазіраў на Міколку грознымі вокнамі з тоўстымі жалезнымі кратамі. Лынькоў. Вузкія вокны перакрыжаваны жалезнымі кратамі. Якімовіч. // Агароджа з такіх рашотак. Наперадзе мільгнулі чыгунныя краты агароджы. Самуйлёнак.

•••

За кратамі — у турме (быць, аказацца і пад.).

За краты — у турму (сесці, пасадзіць і пад.).

[Лац. crates.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)