краіна ў Паўд.-Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Туркменіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам, на У з Кітаем, на ПдУ і Пд з Пакістанам, на З з Іранам. Пл. 652,9 тыс.км². Нас. 17,8 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Кабул. Падзяляецца на 29 правінцый (вілаятаў) і 2 акругі. Дзярж. мовы — пушту (афганская) і дары (або фарсі-кабулі). Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты і шыіты). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (19 жн.).
Дзяржаўны лад. Афганістан — ісламская рэспубліка. Асн. закон дзяржавы не распрацаваны. На сучасным этапе дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт. Сфарміраваны парламент (205 чал.). Прызначаны прэм’ер-міністр.
Прырода. Афганістан — пераважна горная краіна. Высакагорныя хрыбты чаргуюцца з плато і міжгорнымі катлавінамі. З ПнУ на ПдЗ праз усю тэрыторыю праходзяць хрыбты сістэмы Гіндукуш (найвыш. пункт у межах Афганістана — г. Тыргаран, 6729 м), якія веерападобна разыходзяцца і пераходзяць у ніжэйшыя хрыбты горнай сістэмы Парапаміз. Вяршыні на У укрыты ледавікамі. Раўніны і пласкагор’і размешчаны на паўн.-зах. і паўд. ускраінах. Найб. з іх — пустыні Рэгістан і Дашты-Марго. Карысныя выкапні: прыродны газ, жал. руда, каменны вугаль, берыл, лазурыт, барый, каменная соль, сера, азбест і інш. Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі, з рэзкімі сутачнымі ваганнямі т-ры. У гарах суровыя зімы (да -20 °C у студз.), снег трымаецца 7—8 месяцаў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. 0—5 °C, ліп. 25—30 °C. Ападкаў да 350 мм за год, на ПдУ у гарах пад уплывам мусонаў каля 800 мм, у пустынях месцамі менш за 100 мм. Найб. рэкі: Амудар’я (у верхнім цячэнні Пяндж), Мургаб, Герыруд, Гільменд, Кабул. На раўнінах многія рэкі перасыхаюць. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. У гарах да выш. 1500—1800 м палын, салянкі, саксаул, вясной эфемеры, да 2200—2500 м стэпы. На У краіны, дзе больш ападкаў, да выш. 2400—2700 м дубовыя, арэхавыя і ясянёвыя, да 4300 м хваёвыя лясы, вышэй — альпійскія лугі і ледавікі. У пустынях ёсць аазісы. Жывёльны свет: гіены, дзікія аслы, горныя казлы і інш.
Насельніцтва. У Афганістане жыве больш за 20 народаў іранскай (каля 90%), цюркскай і дардскай моўных груп. Каля 52,4% насельніцтва — пуштуны (на Пд і У краіны). На Пн і З жывуць таджыкі (20,4%), узбекі (8,8%) і туркмены (1,9%), у цэнтр.ч. краіны — хазарэйцы (8,8%); ёсць таксама чаар-аймакі, нурыстанцы, белуджы, брагуі, пашаі, кіргізы, казахі, каракалпакі, арабы і інш. Сярэдняя шчыльнасць 27,2 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены перадгорная паласа на Пн, аазісы і рачныя даліны (да 200 чал. на 1 км²). Высакагорныя і пустынныя раёны амаль бязлюдныя. Каля 2 млн.чал. — качэўнікі і паўкачэўнікі. Каля 5 млн.чал. у сувязі з ваен. падзеямі жывуць у Пакістане і Іране як бежанцы. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс.ж., 1988): Кабул (1424,4), Кандагар (225,5), Герат (177,3).
Гісторыя. Тэр. Афганістана заселена чалавекам каля 40—30 тыс. гадоў назад. У 4-м тыс. да нашай эры тут вядома земляробчая аселая культура на штучным арашэнні. М.І.Вавілаў лічыў Афганістан адной з мясцін, адкуль паходзіць культурнае раслінаводства (мяккая пшаніца). З 4 ст. да нашай эры Афганістан у складзе дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, грэка-бактрыйцаў, Вялікіх Кушан, Сасанідаў, качавых плямёнаў эфталітаў. Яго стараж. гісторыя (да 7 ст. нашай эры) звязана з Бактрыяй, Арэяй, Маргіянай, Арахасіяй, Гандхарай, Мідыяй, Ахеменідамі. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. Афганістан далучаны да Халіфата і ісламізаваны (з 9 ст.). У канцы 10—12 ст. — цэнтр дзяржавы Газневідаў, пры двары якіх працавалі астраном і гісторык Біруні, паэты Унсуры і Фарухі. На У існавала дзяржава Гурыдаў, частку Афганістана захапілі сельджукі. У 13—14 ст. у Афганістане панавалі цюрка-манголы, потым частка краіны ўваходзіла ў дзяржаву дынастыі Куртаў. У канцы 14 ст. Афганістан захапіў Цімур і да 16 ст. тут уладарылі Цімурыды. У пісьмовых крыніцах этнагеагр. назва «Афганістан» («краіна афганцаў», або пуштунаў) ужываецца з 14 ст. У 16—17 ст. Афганістанам валодалі Вялікія Маголы і Сефевідскія шахі Ірана. Адначасова на яго тэр. рассяліліся афг. плямёны, частка якіх перайшла да аселасці; буйныя афг. плямёны хатакаў, а ў 18 ст. гільзаеў і абдалі стварылі самаст.феад. княствы. У 1747 Ахмад-шах Дурані стварыў афг. дзяржаву (сталіца — Кандагар), якая ахоплівала тэрыторыю, населеную пуштунамі (афганцамі), а таксама таджыкамі, узбекамі, хазарэйцамі, чараймакамі і туркменамі. На пач. 19 ст. яна распалася на Герацкае, Кабульскае, Кандагарскае і Пешаварскае ханствы. Іх дзярж. кансалідацыя адбылася пры эмірах Дост Мухамедзе і Шэр Алі. Вялікабрытанія, імкнучыся захапіць Афганістан і пашырыць сваю ўладу на Сярэднюю Азію, развязала англа-афганскія войны, прымусіла Афганістан падпісаць дагавор 1879, паводле якога ён страціў самастойнасць і ч.паўд. зямель. У 1893 Вялікабрытанія навязала Афганістану новую ўсх. мяжу («лінія Дзюранда») — уключыла землі ўсх. пуштунаў у склад сваіх індыйскіх каланіяльных тэрыторый. У канцы 19 — пач. 20 ст. завяршыўся працэс цэнтралізацыі Афганістана.
У лют. 1919 да ўлады ў Афганістане прайшоў Аманула-хан. Падзяляючы погляды младаафганцаў, ён 28.2.1919 абвясціў незалежнасць краіны, якую прызналі Сав. Расія (сак. 1919), а пасля апошняй англа-афг. вайны і Вялікабрытанія (жн. 1919; канчаткова ў 1921). Да 1928 у Афганістане праведзены антыфеад. Рэформы. Аднак у выніку мяцяжу Бачаі Сакао (правіў пад імем Хабібула ў студз.—кастр. 1929) рэформы адменены. Супраць Хабібулы выступіў ваен. міністр Аманулы Мухамед Надзір, які заняў Кабул (кастр. 1929) і абвясціў сябе каралём. Заснаваная ім дынастыя правіла краінай да 1973. Абвешчаная ў 1931 канстытуцыя ўмацавала пазіцыі духавенства і племянной знаці. Пасля 2-й сусв. вайны сац.-эканам. развіццё краіны паскорылася, узнік дзярж. сектар эканомікі, ажыццяўляліся пяцігодкі, узрос уплыў замежнага капіталу; эканам. дапамогу Афганістану аказваў і СССР. Аднак краіна заставалася адной з самых бедных і слабаразвітых у свеце. Канстытуцыйная рэформа 1963—65 была скіравана на паступовае прыстасаванне Афганістана да сучаснага свету. Пасля 1965 у краіне выявіліся 2 кірункі вырашэння праблем: леварадыкальны на чале з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) і ісламска-фундаменталісцкі. Знешняя палітыка Афганістана вызначалася нейтралітэтам і недалучэннем. У ліп. 1973 антыманархісты з ліку ваенных ажыццявілі дзярж. пераварот і абвясцілі Афганістан рэспублікай (прэзідэнтам стаў стрыечны брат караля М.Дауд). Абвешчаныя новымі ўладамі абмежаваныя рэформы фактычна не ажыццяўляліся. 27.4.1978 пад кіраўніцтвам НДПА адбылося ўзбр. выступленне арміі, якое прывяло да стварэння Рэв. савета (РС, узначаліў генсек НДПА Н.М.Таракі) і абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі Афганістан (ДРА). 16.9.1979 да ўлады прыйшоў Х.Амін, паводле загаду якога быў забіты Таракі. Грамадзянская вайна ў Афганістане, пачатая ў 1978 фундаменталістамі і былымі кіруючымі коламі, знайшла шырокую падтрымку знешніх сіл. Маджахеды набіраліся з афг. бежанцаў у Пакістане і Іране. Урад Афганістана папрасіў дапамогі ў СССР. 27.12.1979 сав. войскі ўвайшлі ў краіну. Амін быў забіты, РС узначаліў Б.Кармаль. Грамадз. вайна набывала характар супраціўлення іншаземцам. Лінія на нац. прымірэнне праводзілася і пасля змены ў 1986 Кармаля на пасадах старшыні РС і генсека НДПА Наджыбулой. Нац. прымірэння не адбылося і пасля прыняцця новай канстытуцыі. 14.4.1988 у Жэневе прадстаўнікі ўрадаў Афганістана, Пакістана, СССР і ЗША падпісалі пагадненні аб урэгуляванні становішча ў Афганістане. 15.2.1989 апошнія сав. войскі пакінулі Афганістан. За 10 гадоў сав. войскі страцілі ў Афганістане 15 тыс.чал., у т. л. больш за 750 чал. з Беларусі. 16.4.1992 Наджыбула пакінуў пасаду прэзідэнта. 28.4.1992 уладу ў Кабуле захапіла ўзбр. апазіцыя; часовым прэзідэнтам Ісламскай дзяржавы Афганістан стаў лідэр Ісламскага таварыства Афганістана таджык Б.Рабані, прэм’ер-міністрам — лідэр Ісламскай партыі Афганістана пуштун Г.Хекмаціяр. Аднак грамадз. вайна не спынілася. Акрамя барацьбы за ўладу паміж Хекмаціярам і Рабані, г. зн. барацьбы за пераўтварэнне Афганістана ва унітарную ісламскую рэспубліку пры перавазе пуштунаў або ў этнафедэрацыю, вайна набыла этнанац. характар. Яна ўскладняецца наяўнасцю знешняй дапамогі. Восенню 1994 узнік рух «Талібан» (ад талібы — выхаванцы рэліг. ісламскіх навуч. устаноў). Да вясны 1995 талібы кантралявалі ⅓ тэр. Афганістана.
Палітычныя партыі і рухі: Партыя айчыны, Ісламская партыя Афганістана, Ісламскае т-ва Афганістана, Нац. фронт выратавання Афганістана, Нац. ісламскі фронт Афганістана, Рух ісламскай рэвалюцыі Афганістана, Нац. ісламскі рух, рух «Талібан».
Гаспадарка. Афганістан — аграрная краіна са слаба развітой прам-сцю і адсталай сельскай гаспадаркай. Нац. даход на душу насельніцтва адзін з самых нізкіх у свеце і складае каля 100 долараў ЗША за год. Аснова гаспадаркі — арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля. У сельскай гаспадарцы занята каля 85% насельніцтва і ствараецца 2/3 валавога ўнутр. прадукту. Агульная пл. зямель, што апрацоўваюцца, 4,5 млн.га (каля 7% тэр. краіны), з іх 2,6 млн.га — арашальныя землі. Пасяўная пл. 3,8 млн.га. Асн. плошчы арашальнага земляробства на Пд у далінах рэк Кабул, Гільменд і іх прытокаў, на Пн па рэках Герыруд, Кундуз, Балх, на Бактрыйскай раўніне. Багарныя землі сканцэнтраваны ў перадгорнай паласе на Пн краіны і асобнымі ўчасткамі ў гарах. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Важнейшая культура — пшаніца (збор 2,38 млн.т; 1988—89), дае больш за палавіну кошту ўсёй прадукцыі раслінаводства, вырошчваецца ў асн. на Пн краіны. Пасевы ячменю (0,35 млн.т) пераважна ў горных раёнах, рысу (0,34 млн.т) у межах Джэлалабадскага аазіса і ў раёне Герата. У асобных раёнах развіта садоўніцтва, вырошчванне агародніны і бахчавых культур, вінаграду, бульбы, з тэхн. — бавоўны, алейных культур, цукр. буракоў і трыснягу. Сеюць таксама лён, кунжут, тытунь. Афганістан — адзін з найбуйнейшых вытворцаў опіуму і гашышу і цэнтр кантрабанднага гандлю імі. У жывёлагадоўлі пераважае адгонна-пашавая гадоўля авечак, асабліва каракулевых. Пагалоўе (млн. галоў; 1988): буйн. раг. жывёлы 3,6, авечак 17, коз 2,8, коней, аслоў і мулаў 1,7. У невял. колькасці гадуюць вярблюдаў (на З) і якаў (на У). У 1988—89 вытв-сць жывёлагадоўчай прадукцыі: каракульскіх шкурак 1 млн.шт., воўны 13 тыс.т, мяса 252 тыс.т, малака 610 тыс.т. Сельская гаспадарка не забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання. Прам-сць развіта слаба. У краіне каля 460 фабр.-зав. прадпрыемстваў. Здабываюць каменны вугаль (140 тыс.т), прыродны газ (1 млрд.м³), нафту, каменную соль, лазурыт, керамічную і буд. сыравіну. Вытв-сць электраэнергіі 1132 млн.кВт∙гадз (1988—89). ГЭС на р. Кабул—Наглу (магутнасць 100 тыс.кВт), Махіпар (66 тыс.кВт), Сурабай (22 тыс.кВт). ЦЭЦ на прыродным газе ў Мазары-Шарыфе. Развіваецца тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Працуюць металаапр. (Кабул) і хім. (Мазары-Шарыф) з-ды. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Аснова сеткі дарог — кальцавая аўтадарога Кабул—Кандагар—Герат—Мазары-Шарыф—Кабул. У 1991 у краіне было 31,8 тыс. легкавых і 30,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Адзіная чыгунка Кушка—Тарагундзі (5,5 км). Працягласць газаправодаў 340 км (1989). Міжнар. аэрапорты ў Кабуле і Кандагары, рачны порт Шэрхан на Амудар’і.
Краіна моцна пацярпела ад амаль бесперапынных ваен. дзеянняў у 1978—95: страты складаюць каля 75% усіх укладанняў у развіццё краіны за 50 папярэдніх гадоў; разбураны гарады, знішчаны сотні кішлакоў. З-за недахопу сыравіны, кадраў, перабояў з электраэнергіяй парушана дзейнасць амаль усіх прадпрыемстваў (асабліва па вытв-сці цукру і тэкстылю). Значна пацярпела і сельская гаспадарка. Экспарт (236 млн. долараў ЗША; 1991): каракуль і каракульча, сухафрукты, бавоўна, газ, дываны, воўна, арэхі, вінаград і інш. Імпарт (874 млн. долараў ЗША; 1991): машыны, абсталяванне, нафтапрадукты, трансп. сродкі, буд. матэрыялы, тэкст. вырабы, харч. тавары. Гал. знешнегандл. партнёры: краіны СНД, Японія, Кітай, Індыя, Пакістан, Вялікабрытанія, ФРГ. Беларусь экспартуе ў Афганістан у невял. колькасці трактары, радыёпрыёмнікі, матацыклы, імпартуе пераважна дываны. Грашовая адзінка — афгані.
Ахова здароўя. Узровень нараджальнасці — 49 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 168 на 1 тыс.чал. (1994). Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 43, у жанчын 41 год (1986).
Асвета, навуковыя ўстановы. У сярэдзіне 1980-х г. праведзена школьная рэформа, якая прадугледжвае пераход да адзінай 11-гадовай агульнаадук. школы з сумесным навучаннем: пач. навучанне (1—5-ы кл.), няпоўнае сярэдняе (6—8-ы кл.), поўнае сярэдняе (9—11-ы кл.). У 1988/89 навуч.г. працавала 1350 школ (857 тыс. вучняў), у т. л. 344 сярэднія; у 28 прафес.-тэхн. навуч. установах навучалася 10,1 тыс.чал. (усе на дзярж. забеспячэнні, у т. л. школы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых); у ВНУ — 17,4 тыс., за мяжой — больш за 43 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя ВНУ: у Кабуле ун-т (з 1946), політэхн.ін-т (з 1967), мед. і пед. ін-ты (з 1985), Нангархарскі ун-т у Джалалабадзе (засн. ў 1962, працуе з 1978). У канцы 1980 — пач. 90-х г.нар. адукацыя была фактычна паралізавана. Пераход улады да ісламскага ўрада (1992) даў пачатак новаму этапу рэформаў адукац. сістэмы краіны. Буйнейшыя б-кі: публічная ў Кабуле пры Мін-ве асветы, універсітэцкія. Найб. вядомы музей археалогіі і этнаграфіі ў Кабуле; ёсць музеі ў Кандагары, Гераце, Мазары-Шарыфе, Газні. Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, навук. установах і т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца некалькі газет, функцыянуюць нац.інфарм. агенцтва, дзярж. тэлерадыёкампанія.
Літаратура. Л-ра Афганістана развівалася на мовах пушту і дары, носьбіты якіх пуштуны і таджыкі. Л-ра на пушту абапіралася на фальклор. Вытокі літ.традыцыі на мове дары бяруць пачатак у класічнай перс.-тадж. паэзіі 10—14 ст., якая стала адзіным скарбам сучасных л-р Ірана, Таджыкістана і Афнаністана. Перс.л-ра развівалася гал.ч. у Гераце і Кабуле. У паэзіі, якая пераважала над прозай, дамінавалі традыц. формы, тэматыка і сімволіка. Класічны ўзор перс. прозы — Хроніка Байхані 11 ст. Складальнік анталогіі «Невядомы скарб» на мове пушту Мухамед Хатак (18 ст.) паасобныя вершы датаваў 8 ст., частку твораў — 13 ст. Першы твор з дакладным аўтарствам на пушту — «Добрая вестка» Баязіда Ансары (1525—85). Росквіт паэт. жанраў адносіцца да 17—18 ст. (Абдулхамід Моманд, Абдурахман Моманд, Ахмад-шах Дурані); найб. слынны прадстаўнік свецкай паэзіі — Хушхальхан Хатак; выдатны лірык Рахман Баба. Вызваленчая барацьба афг. народа ў 2-й пал. 19 ст. адлюстравана ў нар. паэзіі. З’явіліся цыклы гіст. паэм, песень, вершаў патрыят. зместу (Нур Сахіб, Нуруддзін). Тады ж узнікла проза на пушту (Мулаві Ахмад, Мір Ахмад Рызвані — стваральнік першай граматыкі пушту, Муншы Ахмад Джан). Аднак з канца 18 да пач. 20 ст. назіраецца заняпад л-ры, выкліканы агульным застоем эканам. і культ. жыцця краіны; мова пушту ўсё больш выцясняецца фарсі, якая стала літ. і дзярж. мовай. Прызнанне ў 1936 мовы пушту дзяржаўнай паскорыла развіццё на ёй л-ры. Асновы сучаснай л-ры закладзены на пач. 20 ст. младаафганцамі, прадстаўнікамі бурж.-рэфармісцкіх асв. колаў (Махмуд Тарзі). Пасля ўстанаўлення незалежнасці Афганістана (1919) л-ра паступова набыла грамадскае значэнне. Ідэі патрыятызму, служэння народу сталі лейтматывам творчасці Гуляма Мухіддзіна Афгана, Саліха Мухамеда. У паэзіі і прозе загучалі грамадз. матывы: барацьба з непісьменнасцю, за нац. годнасць, за волю народаў Усходу. Абнаўляецца і пашыраецца тэматыка, літ. мова збліжаецца з народнай; змяняюцца жанравы дыяпазон і творчы метад. Пісьменнікі і паэты 20 ст. (Абдурауф Бенава, Сулейман Лаік, Абдурахман Пажвак, Абдулхак Бетаб, Халілула Халілі і інш.) працуюць у жанрах сац. аповесці, быт. навелы, лірыка-філас. эсэ, рыфмаванай прозы. З 1978 афг.л-ра развіваецца ў Афганістане (пераважна ідэалагічны, рэв. кірунак) і ў эміграцыі.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Збудаванні з гліны-сырцу (паселішча Мундыгак), наскальныя выявы (у Бадахшане), размаляваная кераміка вядомы тут у 4-м тыс. да нашай эры. Мастацтва перыяду Грэка-Бактрыйскага царства (250—140 да нашай эры) склалася пад уплывам элінізму (Ай-Ханум). Да эпохі Кушанскага царства (1—4 ст., калі ў Афганістане быў пашыраны будызм), адносяцца творы скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва з раскопак Хады, Баграма, Фундукістана і інш. Захаваліся помнікі будыйскага дойлідства 1—8 ст. (манастыры каля Балха, Кундуза, у Хадзе; пячорны манастыр у даліне р. Баміян, у размалёўках і стукавым дэкоры якога прыкметны ўплыў мастацтва Індыі і Ірана). Пасля араб. заваявання (7—9 ст.) і пашырэння ісламу мастацтва Афганістана развівалася ў рэчышчы культуры мусульм. краін. Сярэдневяковае мастацтва звязана з традыцыямі Сярэдняй Азіі, Ірана, Індыі (мячэць Ну-Гумбед у Балху, 10 ст.; палацавы комплекс Лашкары-Базар у Бусце, 11—12 ст.; мемарыяльныя вежы Масула III і Бахрамшаха ў Газні, 12 ст.; мінарэт каля с. Джам, 1153—1202; Саборная мячэць, 14—15 ст.; маўзалей Гаўхаршад і мінарэты Мусала ў Гераце, 1417—38). Найб. значная маст. школа склалася ў Гераце (гл.Герацкая школа), з якой звязана творчасць К.Бехзада, яго вучня Касім Алі (15—16 ст.) і інш. З 15 ст. развіты мініяцюрны жывапіс (іл. да «Шахнаме» Фірдаўсі, «Хамсе» Нізамі, «Бустан» Саадзі). На пач. 16 ст. вядучая роля ў маст. жыцці Афганістана перайшла да Кабула. З сярэдзіны 18 ст. значнае буд-ва вялося ў Кандагары (маўзалей Ахмад-шаха Дурані). Нар. архітэктура 18—20 ст. блізкая да сярэднеазіяцкай: вакол адкрытага двара размяшчаюцца будынкі з плоскім земляным дахам, упрыгожаныя разьбой па дрэве і размалёўкай. Існуе і купальны тып будынкаў (маўзалей Мухамед Надзіршаха каля Кабула). У сучаснай архітэктуры спалучаюцца шкло, бетон і традыц. матэрыялы (калона Абідаі Майванд у Кабуле з дэкорам з блакітнай кафлі і чорнага мармуру, арх. І.Серадж). У выяўл. мастацтве важную ролю адыгралі Школа выяўл. і прыкладнога мастацтва і рамёстваў (1921), творчасць жывапісцаў (Гулям Мухамедхан, А.Брэшна, Гаўсуддзін, Х.Ітымадзі), скульптараў (М.Хайдар, М.Рэза Кандагары), графікаў. Маст. рамёствы (ткацтва дываноў, кераміка, апрацоўка металу) захавалі традыцыістараж.дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка Афганістана развівалася ва ўзаемадзеянні з нар.муз. культурай Індыі, Ірана і краін Сярэдняй Азіі. Пераважаюць 2 узаемазвязаныя традыцыі — народаў дары і пушту, засн. на тэорыі і практыцы макама. У песенным фальклоры пуштунаў вылучаюцца жанры ландый (часцей лірычнага характару), німакый, багатый, нара. Развіта танц. мастацтва, у т. л. пуштунскі атан (карагод) і інш. Сярод песенных жанраў пераважаюць лірычныя, засн. на тэкстах паэтаў-класікаў, — газель, чарбайта, кісэ, дастаны. Сярод інструментаў пуштунаў: струнна-шчыпковыя — рубаб афганскі, сарод, сітара (разнавіднасць танбура); духавы — сурнай; ударныя — дол, зірбагалі. З інструментаў інш. народаў Афганістана: струнна-шчыпковыя — танбур, дутар; струнна-смычковы — гіджак; ударны — дойра і інш. Развіццё сучаснай музыкі звязана з імёнамі Касіма Афгана, Гулама Хусейна, Абдулгафура Брэшна, Мухамеда Хусейна Сараханга і інш.
Тэатр. З даўніх часоў у Афганістане вял. папулярнасцю карысталіся вандроўныя камедыянты. Прафес.т-р створаны ў 1919 (у канцы 1920-х г. закрыты). У 1930-я г. ў гарадах узніклі перасоўныя тэатр. трупы, на аснове якіх у канцы 1940-х г. створаны пастаянныя драм. калектывы «Пахыні нындарэ» (кіраўнік Р.Латыфі), «Ды Кабул нындарэ» (кіраўнік М.А.Раунак). Каб падтрымаць нац.т-р і паспрыяць развіццю драматургіі, у 1941 створана Упраўленне нар. відовішчаў. У рэпертуары т-раў п’есы нац. і замежных аўтараў. У 1956 у Кабуле заснавана тэатр. школа.
Кіно. Нац. кінавытворчасць зарадзілася ў 1960-я г., калі афг. дзеячы кіно з удзелам інд. кінематаграфістаў стварылі фільм «Падобна арлу» (1963, рэж. Ф.М.Хаерзадэ). У 1968 засн. кінастудыя «Афганфільм», дзе напачатку здымаліся дакумент. фільмы. У 1970 пастаўлены маст. фільм «Фаварыт» — пра барацьбу паліцыі з гандлярамі наркотыкамі. У 1970-я — пач. 80-х г. здымаліся хроніка, дакумент. і маст. фільмы. У 1981 створаны Саюз кінематаграфістаў Афганістана.
Герб і сцяг Афганістана.Да арт.Афганістан. Арашальныя землі ў горнай даліне Баміян у Гіндукушы.Да арт.Афганістан. Гандаль жывёлай каля сцен старажытнай крэпасці Газні.Да арт.Афганістан. Пласцінка з Баграма. Слановая косць. 1—5 ст.Да арт.Афганістан. Рэшткі сярэдневяковага горада ў даліне р. Баміян.Да арт.Афганістан. Вежа Масуда III у Газні. 11—12 ст.Да арт.Афганістан. Мінарэт каля сяла Джам. 1153—1202.Да арт.Афганістан. Мініяцюра «Султан адпачывае». Герат. 15 ст.Да арт.Афганістан. К.Бехзад. Партрэт Шэйбані-хана. Мініяцюра. Каля 1507.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),
горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў.
На думку літ. даследчыка К.Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав.традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс.ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг.л-ра, законы ВКЛ, у т. л.Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл.Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Кіркора, С.Манюшкі, Ф.Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел.рэв. грамады (гл.Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ.«Наша доля», «Наша ніва», пазней — час.«Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва«Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, Цётка, К.Буйло, З.Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел.паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ.«Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел.паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, Б.Тарашкевіч, У.Самойла, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Дварчанін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, М.Танк, П.Сергіевіч, Я.Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял.Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв.Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел.паліт.арг-цыя — Бел.нац.к-т; выдавалася газ.«Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс.чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел.культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.
З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-вабел. культуры (1987), клуб аматараў бел.нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-вабел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).
Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв.віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-тліт. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар.т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм.т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л.ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л.этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус.драм., моладзі, лялечны.
З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыімаст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.Камара, Я.Лапацінскага, Я.Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.Жаброўскі, разьбяр Г.Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл.Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскай навуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.Сідаровіч, К.Чурыла, П.Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж.бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.Аблажэй, А. і К.Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.Падбярэзскі, А. і С.Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.
Літ.:
Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.
Ю.Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.В.Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).
Герб Вільнюса 16 ст.Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.Да арт.Вільнюс. Панарама горада.Да арт.Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.Да арт.Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.Да арт.Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.Да арт.Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.Да арт.Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.Чэканаўскас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПАЛАЗНА́ЎСТВА,
галіна бел.літ.-знаўства, прысвечаная вывучэнню творчасці Я.Купалы.
Першы зб. вершаў паэта «Жалейка» (1908) стаў падзеяй у бел. л-ры і выклікаў водгукі. Ядвігін Ш. у газ. «Минское эхо» (9.7.1908) даў агульную ацэнку кнізе, але не ўбачыў яе наватарства і самабытнасці. У.Самойла характарызаваў зборнік як «сонца жывой сапраўднай паэзіі», адзначаў, што «беларуская песня з галіны этнаграфіі пераходзіць у галіну літаратуры; беларускі народ з аб’екта фалькларыстычнага вывучэння ператвараецца ў суб’ект нацыянальнай самасвядомасці» («Минский курьер», 23.8.1908). Ён высока ацаніў і паэму «Адвечная песня», а паэзію Я.Купалы лічыў каштоўнейшым скарбам, дзе поўна і глыбока адлюстроўваецца душа бел. народа. У гэтым ён бачыў не толькі нац., але і агульначалавечае значэнне паэзіі Я.Купалы («Наша ніва», 16.9.1910). На «Адвечную песню» змясціў водгукі бел., рус., польск. і літ. друк. Польскі пісьменнік З.Пяткевіч сцвярджаў, што ліра Я.Купалы плача штучнымі слязамі. Гнеўны адказ на гэта даў А.Бульба, які падкрэсліваў глыбока нар. характар творчасці Я.Купалы, назваў яе стогнам набалелай душы (тамсама). У рэцэнзіі на зб. «Гусляр» (1910) Бульба адзначаў панаванне ў творах фантазіі, якая абумовіла багацце форм, настрояў (тамсама, 21.10.1910). Цікавыя думкі пра паэзію Я.Купалы ў той час выказвалі С.Палуян, Л.Гмырак. Самую грунтоўную ацэнку творчасці Я.Купалы даў М.Багдановіч. Ён адзначаў не толькі велічыню таленту Я.Купалы, але і яго гнуткасць, здольнасць да ўсебаковага развіцця. Вызначальным у форме купалаўскіх вершаў ён лічыў рытм. Высокая ацэнка творчасці Я.Купалы М.Горкім, А.Пагодзіным, І.Свянціцкім, Д.Дарашэнкам, Л.Гірам, В.Вегняровічам, С.Руднянскім, Е.Янкоўскім, А.Чэрным сведчыла пра значны рэзананс, які выклікала паэзія песняра не толькі на Беларусі. Сістэматычнае вывучэнне творчасці Я.Купалы пачалося ў 1920-я г. У «Гісторыі беларускай літаратуры» М.Гарэцкага паэт ахарактарызаваны як лірык, у якога на першым плане грамадзянскія матывы. Гарэцкі скіроўваў увагу на творчае пераасэнсаванне Я.Купалам фальклору. Я.Карскі таксама падкрэсліваў лірычную прыроду таленту Я.Купалы, аднак да творчасці паэта ставіўся досыць абмежавана: вылучаў у ёй толькі сумныя тоны, адмаўляў наяўнасць агульначалавечых тэм і матываў. У сувязі з 20-годдзем творчай дзейнасці Я.Купалы і наданнем яму звання нар. паэта Беларусі (1925) з’явіўся шэраг літ.-крытычных артыкулаў, дзе яго творчасць разглядалася ў розных аспектах. «Маладнякоўцы» вылучалі ў купалавай паэзіі матывы змагання, заклік да працоўных узняцца да Сонца з «санлівых нізін». Спробу даследаваць філас. матывы лірыкі Я.Купалы зрабіў А.Бабарэка ў арт. «З далін на ўзвышшы» («Маладняк», 1926, № 10), дзе акцэнтаваў увагу на тонкім адчуванні паэтам «моцы жыцця». Першая спроба перыядызацыі творчасці Я.Купалы — арт. М.Піятуховіча «Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Янкі Купалы» («Полымя», 1925, № 4). У зб. «Жалейка» аўтар бачыў эмбрыён далейшых гал матываў творчасці паэта. На яго думку, асабліва падрабязна распрацавана ў зборніку тэма сялянскай беднасці, а ў кн. «Гусляр» выявілася даволі акрэсленая сістэма агульнафілас. светапогляду Я.Купалы.У зб. «Шляхам жыцця» (1913) спалучалася паглыбленне сац. матываў з верай у здзяйсненне сваіх ідэалаў. У зб. «Безназоўнае» (1925) Я.Купала ўяўляўся аўтару песняром Кастр. рэвалюцыі. Піятуховіч намагаўся спалучыць сацыялагічны падыход з эстэт. ацэнкамі твораў. На думку А.Вазнясенскага («Узвышша», 1927, № 1), паэмы Я.Купалы — узор спалучэння рамантызму і класіцызму. Дзякуючы гэтаму паэт уводзіў бел. л-ру ў «агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай». Драм. творы Я.Купалы разглядаў І.Замоцін («Узвышша», 1927, № 1), на думку якога пісьменніку найб. удаюцца п’есы рэальна-быт. характару. На рамант. пачатак у творчасці Я.Купалы звяртаў увагу М.Байкоў. Калі ён параўноўваў Я.Купалу з Т.Шаўчэнкам, то іх паэзію звязваў з т. зв.нац. рамантызмам. Ц.Гартны лічыў, што сімвалізм купалавай паэзіі нёс службу рамантызму, які адыгрываў станоўчую ролю, бо гучаў нотамі закліку да пратэсту. У 1928 выйшаў зб. «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы», у 1932 у Вільні — кн. А.Луцкевіча «Янка Купала як прарок Адраджэння». К. 1920—30-х г. не заўсёды вызначалася навук. падыходам, у ім моцнай была вульгарна-сацыялагічная трактоўка. Паэта абвінавачвалі ў нацыяналізме, у адрыве ідэй нац. вызвалення ад вызвалення класавага, груба папракалі ў ідэалізацыі мінулага, у падробцы пад нар. песню, у рэакцыйным рамантызме (Л.Бэндэ, А.Кучар. М.Клімковіч і інш.). Да вытокаў творчасці Я.Купалы звярнуўся Я.Казека ў арт. «З невычарпальнай крыніцы» («Полымя рэвалюцыі», 1936, № 5), у якім аналізаваў арганічнае засваенне фальклору ў паэтыцы Я.Купалы. У 1940 паявіліся артыкулы, дзе творчасць Я.Купалы разглядалася больш аб’ектыўна, з улікам складанасці эпохі, у якую ён тварыў. Даследчыкі скіроўвалі ўвагу на яго рэалізм — працяг лепшых рэаліст. традыцый Ф.Багушэвіча (Я.Шарахоўскі). Імкнучыся хутчэй пераадолець погляды крытыкаў-вульгарызатараў, даследчыкі не пазбеглі іншай крайнасці і пераход паэта да сав. творчасці бачылі як прамое пераўтварэнне рэв.-дэмакр. рэалізму ў сацыяліст. рэалізм (Н.Перкін, Шарахоўскі, І.Ляндрэс і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне меў арт. Ю.Пшыркова «Дарэвалюцыйныя паэмы Янкі Купалы» («Полымя рэвалюцыі», 1940, № 12), дзе аўтар вёў палеміку з вульгарызатарамі, паказаў неправамернасць адрыву тэмы мінулага ад сучаснасці і даказваў, што менавіта тэма мінулага дазваляе Я.Купалу адлюстраваць сучасныя сац. адносіны ў гіст. аспекце. У 1943 у Маскве і Ташкенце выйшлі зб-кі «Памяці Янкі Купалы». Яны ўключалі арт. і даклады Я.Коласа, К.Чорнага, С.Гарадзецкага і інш., дзе давалася рознабаковая характарыстыка творчасці Я.Купалы, адзначаўся яе высокі грамадз. сэнс і гуманіст. накіраванасць.
Спадчына Я.Купалы прываблівала шырынёй праблем, невычэрпным багаццем маст. сродкаў. Выходзілі працы, прысвечаныя асаблівасцям паэтыкі Я.Купалы (М.Лужанін, 1947), эстэтычным поглядам паэта (Перкін, 1952). Пшыркоў у арт. «Янка Купала — рэдактар «Нашай нівы» («Беларусь», 1946, № 5—6) даў змястоўную і аб’ектыўную характарыстыку нашаніўскага перыяду дзейнасці паэта. У манаграфіі Я.Мазалькова «Янка Купала» (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) творчасць паэта разглядалася як маст. адзінства. Значных поспехаў дасягнула К. ў 1950—60-я г. пасля выдання Збору твораў песняра ў 6 т. (1952—54, 1961—63). Увагу даследчыкаў прыцягвалі літ.-эстэт. погляды Я.Купалы, сувязь яго з літ.-грамадскім рухам у перыяд рэвалюцыі 1905—07, асаблівасці творчага метаду і стылю маладога паэта (В.Івашын, 1953), вывучаліся асобныя жанры (М.Ярош, 1959). У 1952 і 1955 выйшлі зборнікі матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта. Адметныя ў іх артыкулы Я.Коласа, М.Лынькова, В.Таўлая. Больш шырокай стала тэматыка даследаванняў, больш глыбокім асэнсаванне асобных твораў. З’явіліся работы пра творчыя сувязі Я.Купалы з рус., укр., літ., польск., чэш. л-рамі (С.Александровіч, Івашын, М.Ларчанка, К.Корсакас, М.Барсток), вывучаліся моўнае багацце і слоўнае майстэрства паэта, сувязь яго творчасці з фальклорам (У.Юрэвіч, В.Бечык), перакладчыцкая спадчына (Дз.Палітыка, М.Булахаў). Выйшлі зб-кі «Любімы паэт беларускага народа» (1960), «Народны паэт Беларусі» (1962) з новымі матэрыяламі пра жыццё і творчасць паэта. У кн. Р.Бярозкіна «Свет Купалы» (1965) даследавана сістэма вобразнага мыслення, падкрэслена спалучэнне рэалізму і рамантызму ў творчасці Я.Купалы. Гуманізм і народнасць творчасці паэта адлюстраваны ў манаграфіі Івашына «Ля вытокаў сацыялістычнага рэалізму» (1963). Рэв.-дэмакр. асновы творчасці паэта падкрэсліў А.Макарэвіч у кн. «Ад песень і думак народных» (1965) і «Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы» (1969). Фальклорныя традыцыі ў яго паэзіі разглядаў М.Грынчык («Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі», 1969). Манаграфія І.Навуменкі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967, 2-е выд. 1980) адзначыла ўзаемапранікненне ў творчым метадзе паэта рамант. і рэаліст. пачаткаў. У 1970-я г. К. адметнае пільнай увагай да прыроды творчага метаду Я.Купалы, небеспадстаўным аспрэчваннем тэзіса пра рэаліст. кірунак яго творчасці. Шмат прац прысвечана рамант. пачатку ў творчасці паэта, праблеме ідэалу, жанрава-стылявым асаблівасцям, пытанням тыпалогіі (А.Лойка, В.Каваленка, У.Калеснік, У.Казбярук, У.Конан, М.Арочка), структуры верша (Грынчык, І.Ралько). Па-ранейшаму цікавіць даследчыкаў тэма традыцый і наватарства паэзіі Я.Купалы («Янка Купала і беларуская паэзія» Яроша, 1971). Новыя аспекты выявіліся з выхадам кніг Р.Гульман «Тэксталогія твораў Янкі Купалы» (1971), А.Есакова «Янка Купала і беларускі тэатр» (1972), І.Жыдовіча «Янка Купала — публіцыст» (1972). Да 90-годдзя Я.Купалы і Я.Коласа выйшаў зб. «Народныя песняры» (1972). Філас. падыходам характарызуюцца эсэ Р.Семашкевіча «Янка Купала і Эпімах-Шыпіла» (1967), «Не загаснуць зоркі ў небе...»: «Янка Купала ў «Нашай ніве» (1981), дзе прасочваецца станаўленне Я.Купалы як мастака. Важная падзея — выданне ў 1972—76 навук. каменціраванага Збору твораў Я.Купалы ў 7 т. Развіццю К. спрыяў 100-гадовы юбілей паэта. Апубл. шмат артыкулаў у перыёдыцы і зборніках («Песні беларускай валадар», 1981; «Разам з народам», 1983, і інш.); выйшлі манаграфіі А.С.Майхровіча «Янка Купала і Якуб Колас: Пытанні светапогляду» (1982), Яроша «Пясняр роднай зямлі» (1982), зб. дакументаў і матэрыялаў «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981, складальнік Г.Кісялёў). В.Рагойша ў кн. «Напісана рукой Купалы» (1981) падагуліў свае купалазнаўчыя росшукі. Творчасць песняра папулярызуе кн. Юрэвіча «Янка Купала» (1983).
Казбярук у манаграфіі «Рамантычны пошук» (1983) даследуе рамант. і неарамант. прынцыпы ў паэзіі Я.Купалы. Ідэйна-маст. і стылявым асаблівасцям зб. «Спадчына» прысвечана праца В.Гапавай «Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы» (1983). Падзеяй у культурна-грамадскім жыцці стала дакумент.-маст. кніга А.Лойкі «Янка Купала» (1982, на рус. мове ў серыі «Жыццё выдатных людзей», на бел. мове «Як агонь, як вада...», 1984, новая рэд. 1992). Своеасаблівым падрахункам развіцця К. стаў энцыклапедычны даведнік «Янка Купала» (1986), у якім разглядаецца пераважная большасць твораў паэта, асвятляецца іх змест, тэматычная і сюжэтная накіраванасць, прааналізаваны выяўл. сродкі, прыведзена інфармацыя пра першую публікацыю, іх пераклады і інш. У канцы 1980-х г. апублікаваны многія раней забароненыя творы Я.Купалы (А.Сабалеўскі, Я.Саламевіч, Б.Сачанка і інш.). Усе матэрыялы пра Я.Купалу за 1905—85 сабраны ў бібліягр. слоўніку «Беларускія пісьменнікі» (т. 3, 1994). Большасць з іх змешчана ў зб. Я.Купалы «Жыве Беларусь!» (1993, складальнік Рагойша). Вопыт сучаснага прачытання твораў Я.Купалы, звужэнне кола яго творчасці ў 1930-я г., супярэчлівасць думкі паэта, шматмернасць яго вобразаў, тыпалагічную блізкасць да твораў М.Метэрлінка, К.Гамсуна, Г.Гаўптмана, Ж.П.Сартра, А.Камю, Ф.Кафкі, Дж.Джойса раскрыў у манаграфіі «Драматургічная спадчына Янкі Купалы» (1994) П.Васючэнка. Па-новаму прачытаў, пераасэнсаваў творы Я.Купалы «Адвечная песня», «Сон на кургане», «Магіла льва», «Над ракою Арэсай», «Безназоўнае», «Тутэйшыя», вершы 2-й пал. 1930-х г. У.Гніламёдаў у дапаможніку для настаўнікаў «Янка Купала» (1995). Вял. укладам у К. стала выданне першага каменціраванага, нанава выверанага 9-томнага Поўнага збору яго твораў (т. 1—5, 1995—99). Вял. работу па прапагандзе жыцця і творчасці песняра, укладанні бібліягр. даведнікаў, падрыхтоўцы зб-каў успамінаў, альбомаў, буклетаў і інш. праводзіць Купалы Янкі літаратурны музей, які выдаў зборнікі, дзе па-сучаснаму асэнсаваны і пастаўлены многія праблемы К.: «Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі» (1993), «Янка Купала і «Наша ніва» (1997), «Янка Купала — публіцыст» (1998). Значным укладам у К. стала выданне 8-томнага «Слоўніка мовы Янкі Купалы» (т. 1—2, 1997—99).
К. на Захадзе пачалося ў 1910 (артыкулы З.Пяткевіча і Ч.Янкоўскага ў варшаўскіх газ.). Пасля творчасць і жыццё Я.Купалы аналізавалі ў Чэхаславакіі (Т.Грыб, Ф.Грышкевіч, А.Чэрны), Польшчы (А.Баршчэўскі), Германіі (А.Адамовіч, Я.Запруднік, Х.Ільяшэвіч, Я.Карскі, М.Куліковіч, М.Маскалік, С.Станкевіч), ЗША (Ю.Віцьбіч, М.Кавыль, М.Панькоў, В.Тумаш), Канадзе (К.Акула, В.Жук-Грышкевіч, У.Сядура, С.Хмара), Італіі (П.Татарыновіч, В.Сянкевіч), Англіі (А.Макмілін, А.Надсон), у Аўстраліі, Бельгіі, Францыі і інш. Абаронены доктарскія дысертацыі, якія выйшлі кнігамі, Жук-Грышкевічам (Атава, 1952), Маскалікам (Мюнхен, 1959), В.Арэхва (Мюнхен, 1970). З успамінамі пра Я.Купалу выступілі Ю.Віцьбіч, Я.Кіпель, Куліковіч, І.Плашчынскі, І.Рытар, А.Савёнак, З.Станкевіч, М.Шыла і інш. У 1982 у ЗША выйшлі зб. ўспамінаў «Янка Купала і Якуб Колас» (складальнік А.Калубовіч) і кн. С.Станкевіча «Янка Купала: На 100-я ўгодкі ад нараджэння».
Літ.:
Янка Купала: Семінарый. Мн., 1963;
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.Мн., 1975;
Яго ж. Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;
Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;
Сіненка Г.Д.Насуперак канону. Мн., 1997. С. 273—275, 316—317, 324—368;
Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр.Мн., 1980;
Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння: Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;
Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Ньо-Ёрк, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́Й (Paraguay),
Рэспубліка Парагвай (гуарані Tetâ Paraguay, ісп. República del Paraguay), дзяржава ў цэнтр.ч.Паўд. Амерыкі. Мяжуе на Пн з Балівіяй, на У з Бразіліяй, на Пд і З з Аргенцінай. Пл. 406,8 тыс.км². Нас. 5434,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мовы — гуарані і іспанская. Сталіца — г.Асунсьён. Краіна падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (14 мая).
Дзяржаўны лад. П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеаг. выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму Кангрэсу (Палата дэпутатаў і Сенат), які выбіраецца насельніцтвам на ўсеаг. выбарах на 5 гадоў, выканаўчая — ураду, які прызначаецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр краіны займае алювіяльная нізіна р. Парагвай, на ПнУ — ускраіны Бразільскага пласкагор’я, на З — раўніна Гран-Чака (выш. да 500 м, асобныя ізаляваныя горы выш. да 1000 м). Ёсць невял. радовішчы жал., марганцавых і медных руд, кухоннай солі, нафты і інш. Клімат трапічны, на У вільготны, на З сухі. Сярэдняя т-раліп. 17—19 °C, студз. 27—29 °C. Ападкаў ад 2200 мм на У да 700—1000 мм за год на З. Рачная сетка на У і ў цэнтры густая. Гал. рэкі Парана і яе прыток Парагвай. Пад лесам і хмызнякамі 32% тэрыторыі. На У мяшаныя трапічныя лясы, на З трапічнае рэдкалессе з каштоўнымі пародамі дрэў (квебраха, гуаякан, альгараба і інш.) і ўчасткі саваннаў. У складзе жывёльнага свету ягуары, тапіры, браняносцы, мурашкаеды, малпы, нутрыі, шмат птушак і змей. Нац. паркі — Дэфенсорэс-дэль-Чака, Тынфунке і інш.
Насельніцтва. Каля 95% складаюць парагвайцы — народ, які сфарміраваўся ад змяшання індзейцаў гуарані з нешматлікімі ісп. каланістамі 16—17 ст. Жывуць таксама бразільцы, немцы, аргенцінцы. У неабжытых раёнах захаваліся індзейскія плямёны. Вернікі пераважна католікі (больш за 90%), ёсць пратэстанты і інш. Сярэднегадавы прырост 2,6% (1999). Сярэдняя шчыльн. 13,4 чал. на 1 км². Больш за 95% насельніцтва сканцэнтравана на У ад р. Парагвай, дзе шчыльн. дасягае 100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 53% насельніцтва. У г. Асунсьён 1,1 млн.ж. з прыгарадамі (1999), больш за 100 тыс.ж. у гарадах Энкарнасьён, Кансепсьён, Сан-Ларэнса, Вільярыка. У сельскай гаспадарцы занята 45% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 16%, у абслуговых галінах — 39%.
Гісторыя. У дакалумбаву эпоху на тэр. П. жыцці індзейцы гуарані, якія займаліся збіральніцтвам, паляваннем, рыбнай лоўляй, вырошчвалі с.-г. культуры. У 1537 у П. з’явіліся іспанцы, якія заснавалі г. Асунсьён — адм. цэнтр ісп. калоній на ПнУПаўд. Амерыкі. У 1588 з’явіліся місіянеры-езуіты. З мэтай хрысціянізацыі гуарані яны стварылі спец. пасяленні — рэдукцыі, у якіх індзейцы займаліся земляробствам. У хуткім часе рэдукцыі ператварыліся ў своеасаблівую «дзяржаву езуітаў». У 1767 ісп. кароль Карл III выгнаў езуітаў з ісп. калоній, рэдукцыі былі знішчаны, а іх землі захапілі ісп. каланісты. З 1776 П. — частка ісп. віцэ-каралеўства Ла-Плата з цэнтрам у г. Буэнас-Айрэс. У выніку антыісп. паўстання 14.5.1811 абвешчана незалежнасць П. У 1814—40 кіраўнік дзяржавы Х.Г.Франсія праводзіў палітыку ізаляцыі П. ад знешняга свету. У 1844 прэзідэнтам стаў К.А.Лопес, які спрыяў развіццю гандлю, буд-ву чыгунак, школ, стварыў моцную армію. У 1862 прэзідэнтам абраны яго сын Ф.С.Лопес, у час кіравання якога краіна ўцягнута ў вайну з Бразіліяй, Аргенцінай і Уругваем (1864—70); гл.Парагвайская вайна). У выніку паражэння П. страціў амаль палавіну тэр. і насельніцтва.
Пасля вайны ў П. вялася працяглая барацьба за ўладу паміж рознымі клікамі, за 1870—1932 змяніліся больш як 30 прэзідэнтаў. У 1954 у П. ўсталявалася дыктатура ген. А.Стрэснера, які абапіраўся на ваен. вярхі і партыю «Каларада» (засн. ў 1874). У час яго дыктатуры (1954—89) у выніку рэпрэсій загінула больш за 12 тыс.чал. У лют. 1989 Стрэснер скінуты ген. А.Радрыгесам, які пачаў паліт. лібералізацыю рэжыму. У маі 1993 адбыліся першыя за 40 гадоў свабодныя выбары, на якіх прэзідэнтам абраны лідэр партыі «Каларада» Х.К.Васмосі. У 1997 у 1-м туры прэзідэнцкіх выбараў перамог кандыдат «Каларада» Х.Аўеда, арыштаваны пазней па абвінавачанні ў забойстве паліт. саперніка. Новы прэзідэнт Р.А.Кубас Грау вызваліў Аўеда, але пад пагрозай імпічменту ў 1999 уцёк з краіны. У сак. 1999 прэзідэнтам П. абвешчаны кіраўнік Сената Л.А.Г.Макі. П. — чл.ААН (з 1945) і Лігі амер. дзяржаў (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 18.11.1992. У П. дзейнічаюць паліт. партыі: Нацыянальна-рэсп. асацыяцыя «Каларада», Сапраўдная ліберальна-дэмакратычная, Рэвалюцыйная фебрэрысцкая і інш.
Гаспадарка. П. — аграрна-індустр. краіна. Уваходзіць у групу краін, якія развіваюцца. У 1990-я г. ў гаспадарцы назіраецца паляпшэнне эканам. становішча, працягваюцца рэформы ў агр. сектары, прыватызацыя, лібералізацыя знешнегандлёвага абароту. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 19,8 млрд.дол. (3600 дол. на чалавека). 27% ВУП атрымліваюць у сельскай гаспадарцы, 30% — у прам-сці, 43% — у абслуговых галінах. У сельскай гаспадарцы каля 2,5 млн.га выкарыстоўваецца пад ворыва і шматгадовыя насаджэнні, больш за 22 млн.га пад пашай і лугамі. Значная частка зямель належыць буйным латыфундыстам. Асн. галіна — пашавая жывёлагадоўля мяснога кірунку. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 9,8, свіней — 2,5, коней — 0,7, авечак — 0,4, коз — 0,1, аслоў і мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—14,8 млн. курэй). Гал.харч. культуры (тыс.т., збор у 1998): кукуруза — 690, маніёк — 2200, соя — 1410, пшаніца — 320, рыс — 80, батат, фасоля. На экспарт вырошчваюць бавоўну — 550 тыс.т (1998), цукр. трыснёг, каву, тунг, тытунь, арахіс, цытрусавыя. Асн. жывёлагадоўчыя раёны — міжрэчча Парагвая і Параны, усход Гран-Чака, земляробства ў далінах гал. рэк. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, асабліва квебраха, збор дзікарослага парагвайскага чаю (матэ). Рыбалоўства і паляўніцтва. У прам-сці вылучаецца электраэнергетыка. Працуюць 2 буйныя ГЭС на р. Парана — браз.-парагвайская Ітайпу (магутнасць 12,6 млн.кВт, найб. ў свеце) і аргенцінска-парагвайская Ясірэта-Апіпе (3,7 млн.кВт), некалькі сярэдніх ГЭС на інш. рэках. У 1996 атрымана 45 млрд.кВт∙гадз. электраэнергіі, з іх 99,9% — на ГЭС, экспартавана ў суседнія краіны (найб. у Бразілію) 40,3 млрд.кВт∙гадз. Здабыча каменнай солі і буд. матэрыялаў. Невял. прадпрыемствы па перапрацоўцы пераважна с.-г. сыравіны. Развіты харч. і харчасмакавая, найб. мясахаладабойная (выпускае штогод каля 300 тыс.т мяса і мясапрадуктаў) прам-сць, вытв-сць тунгавага, какосавага і эфірнага алею, дрэваапрацоўка і вытв-сць дубільнага экстракту з драўніны квебраха (1-е месца ў свеце), тэкст., тытунёвая галіны. Найб. прадпрыемствы: нафтаперапрацоўчы і па вытв-сці мінер. угнаенняў з-ды каля Асунсьёна, сталеплавільны ў г. Вілья-Аес (150 тыс.т сталі за год), цэментны каля г. Кансепсьён. Развіты саматужныя промыслы: ганчарны, пляценне сумак і кошыкаў, выраб нац. карункаў, адзення і абутку. Транспарт аўтамабільны, унутр. водны, чыгуначны. У краіне 29,5 тыс.км аўтадарог, у т. л. 2,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, 3,1 тыс.км суднаходных рэк, 971 км чыгунак, 10 аэрапортаў; участак Панамерыканскай шашы і Трансчакская шаша (злучае Асунсьён з Балівіяй). Гал. порт — Асунсьён, там жа міжнар. аэрапорт. У 1997 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2,5 млрд.дол. У экспарце пераважаюць бавоўна (каля 50% па кошце), электраэнергія, соя, драўніна, алей, мясныя прадукты, кава; у імпарце спажывецкія тавары, машыны, абсталяванне і нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: Бразілія (48% экспарту, 29% імпарту), ЗША (адпаведна 4 і 22%), Аргенціна (9 і 14%). Замежны турызм. Краіна атрымлівае дапамогу ад развітых краін і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — гуарані.
Літаратура. Развіваецца на мовах ісп. і гуарані. У перыяд ісп.калан. панавання (16 — пач. 19 ст.) ствараліся гіст. хронікі, развіваўся багаты фальклор індзейцаў гуарані. Станаўленне нац. л-ры адносіцца да сярэдзіны 19 ст. Першы паэт-рамантык, стваральнік нац.патрыят. лірыкі і нац. гімна — Н.М.Талавера. У канцы 19 — пач. 20 ст. пісьменнікі асветнікі С.Баэс, М.Дамінгес, Р.Барэт спалучалі літ. публіцыстыку і крытыку з гіст.-філас. пошукамі. Ідэі асветнікаў паўплывалі на творчасць Х.Э.О’Ліры, Э.Фарыньі Нуньеса. Анталогія нар. паэзіі «Лясныя кветкі» (1917) спрыяла актыўнаму выкарыстанню фальклору гуарані (паэзія А.Гуанеса, М.Артыса Герэра). Х.Карэа — заснавальнік нац. драматургіі (п’еса «Голад няшчасных») і арганізатар нар.т-ра гуарані. Развівалася маст. проза (хранікальна-дакумент. раманы Х.Пастара Бенітэса). Творчасць пісьменнікаў 1920—30-х г. адметная дэмакр. ідэямі, сац. тэматыкай, антыімперыяліст. накіраванасцю (Э.Кампас Сервера, Х.Пла, Э.Рамера, А.Роа Бастас). З канца 1940-х г.л-ра П. развівалася ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій; большасць пісьменнікаў эмігрыравала. У апошнія дзесяцігоддзі ўклад у парагвайскую л-ру зрабілі Рамера (зб-кі вершаў «Параненая маланка», 1967; «Выгнанне і вечар», 1975), Роа Бастас (раманы «Сын чалавечы». 1960; «Я, Вярхоўны», 1974), Г.Касаксія (раманы «Выгнаннікі», 1966; «Наследнікі», 1975), Пла (п’есы і зб. вершаў «Закаханы пыл», 1968) і інш.
Архітэктура. У перыяд ісп. каланізацыі (з 1520-х г.) у місіях езуітаў (рэдукцыях) будавалі арх. комплексы з храмам, вял. дварамі, майстэрнямі, складамі, дамамі для індзейцаў. 3-нефавыя драўляныя каркасныя касцёлы, абкружаныя галерэямі, мелі прымітыўныя фасады з цэглы і адобы (сырцовая цэгла з дабаўленнем рэзанай саломы), якія кантраставалі з багатым аздабленнем інтэр’ера. У канцы 17 — пач. 18 ст. з’явіліся першыя каменныя храмы ў стылі барока (арх. Х.Б.Прымалі, А.Фаркада і інш.). Жылая забудова і цяпер пераважна 1-павярховая, спалучае ісп. тып дома (з унутр. дваром-патыо) з мясц. каркасна-галерэйнай сістэмай. У вёсках, невял. гарадах былі пашыраны хаціны з адобы, гліны, трыснягу, некалькі дамоў аб’ядноўваліся агульным дахам. З 18 ст. пачалі фарміравацца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, 2 цэнтр. плошчамі (адна — з храмам, другая — з ратушай). У 1840—65 сталіца П. Асунсьён перапланавана, на месцы знесеных будынкаў калан. часу ўзведзены грамадскія збудаванні і імпазантныя палацы ў неакласіцыстычным стылі: Паласіо дэль Кангрэса (б. оперны т-р на ўзор «Ла Скала» ў Мілане), Араторыо дэ Нуэстра Сеньёра дэ ла Асунсьён (цяпер Нац. пантэон герояў; абодва італьян.арх. А.Равіца), чыг. вакзал і інш. Пабудаваны сабор (1842—50, арх. Равіца), касцёлы Сантысіма Трынідад (1854), Ла Энкарнасьён (1893, італьян.арх. Дж.Каломба) — усе ў Асунсьёне; і інш. Сярод пабудоў 20 ст. — каледж «Бразілія-Парагвай» у Асунсьёне (1950—60-я г., браз.арх. А.Э.Рэйдзі, Р.Бурле Маркс) і інш. Паркі: «К.А.Лопес», Кавальера, батанічны. Музеі: прыгожых мастацтваў і старажытнасцей, гісторыі і этнаграфіі, Збор К.А.Пусінеры Скала і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. П. мастацтва індзейскіх плямён развівалася ў рэчышчы дэкар. аздаблення утылітарных рэчаў (керамічныя вырабы, адзенне і інш.). З 16 ст.ісп. каланізатары арганізоўвалі маст. школы для аздаблення храмаў. Пашырыліся алтарны жывапіс, разьба па дрэве і камені, гравіроўка па метале. У 17—18 ст. у стылях барока і маньерызму развіваліся жывапіс (Х.М.Кавію), графіка (Т.Тылькара). Самабытнасцю вызначаліся разное аздабленне парталаў, дэкор алтароў, паліхромная скульптура касцёлаў, у якіх спалучаліся стыль ісп. «чурыгерэска» і маст.традыцыі індзейцаў (выявы трапічных звяроў і пладоў, Хрыстос і анёлы з індзейскімі тварамі і інш.). З 19 ст. развіваецца свецкае мастацтва (пейзажы, партрэты, быт. кампазіцыі жывапісцаў А.Гарсія, С.Рыяса і інш.). У 1910 жывапісец і мастацтвазнавец П.Альборна заснаваў Парагвайскую АМ. У 20 ст. развіваліся рэаліст. кірунак (жывапісцы Альборна, А.Гевары, скульптары Ф.д’Альмейды, Э.Мей Ліча, В.Пальярола, А.Пеньі, графік Х. дэ ла Эрэрыя і інш.), мадэрнісцкія кірункі (жывапісец К.Каламбіна, скульпт. Б.Куджары і інш.). Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва спалучае індзейскія і ісп.традыцыі. Пашыраны выраб тонкіх карункаў «ньядуці», гліняных фігурак і пасудзін, упрыгожанняў з медзі, серабра, пер’я, фігуратыўных падвесак з дрэва і косці, пляценне з пальмавых валокнаў і інш.
Музыка П. ўключае музыку індзейскую (гуарані, мака) і крэольскую. У індзейскім муз. фальклоры пашыраны абрадавыя, прац., гіст., лірычныя і інш. песні, інстр. музыка. Сярод інструментаў: падоўжныя і папярочныя флейты (мімбі), акарыны, касцяныя (кангаэра) і бамбукавыя (туру) трубы, барабаны і інш. ўдарна-шумавыя, у т. л.бразготкі мбарака. У крэольскай музыцы найб. пашыраны танцы (парагвайская полька, галандрыяна, сьела, саліта, вальс), традыц. песенныя жанры (парагвайскія каньён і гуаранія). Асн.муз. інструменты гітара і арфа. У 19 ст. адзінымі пастаяннымі муз. калектывамі ў П. былі ваен. духавыя аркестры. У канцы 19 ст. гастраліравалі еўрап. музыканты, якія выступалі ў Нац. т-ры (цяпер Муніцыпальны), т-ры «Алімп». У 1895 створаны «Парагвайскі ін-т» у Асунсьёне з муз. секцыяй і сімф. аркестрам, у 1913 — «Парагвайская гімназія», якая мела сімф. аркестр і стр. «Гайдн-квартэт» (у 1934 ін-т і гімназія аб’яднаны ў «Парагвайскі Атэнеум»), Сярод музыкантаў канца 19—20 ст. кампазітар, спявак і дырыжор Л.Каведаньі, кампазітар, скрыпач і дырыжор Н.Пельегрыні (адзін з аўтараў нац. гімна), кампазітары Х.А.Флорес, Х.М.Бётнер, Р.Хіменес, Э.Хіменес, Х.К.Марэна Гансалес, К.Лара Барэйра і інш. У Асунсьёне працуюць муз. класы пры «Парагвайскім Атэнеуме», муз.-пед. вучылішча (з 1940), прыватныя муз. т-вы і навуч. ўстановы. Музыканты і інш. дзеячы мастацтва і навукі П. аб’яднаны ў Асацыяцыю парагв. аўтараў (з 1951).
Літ.:
Торрес-Риосеко А Большая латиноамериканская литература: Пер. с исп. М., 1972.
І.І.Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Парагвая.Парагвай. Панарама Асунсьёна.Да арт.Парагвай. Сплаў лесу па р. Парана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),
бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.Шылера, Г.Гейнэ, А.Ф.Арвера, П.Верлена, Э.Верхарна, Ю.Святагора, А.Пушкіна, А.Майкава, А.Крымскага, М.Розенгейма, А.Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.Купалы, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, В.Стафаніка, У.Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел.нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел.нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.Ламаносава, Пушкіна, М.Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.Бачылы кампазітар Ю.Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАМАТУРГІ́Я (грэч. dramaturgia),
сукупнасць драматычных твораў аднаго пісьменніка ці пэўнага народа, перыяду ці эпохі. Уключае прызначаныя для сцэн. ўвасаблення творы розных жанраў (трагедыя, драма, меладрама, камедыя, вадэвіль, фарс).
Вытокі бел. Д. — у фальклоры. Элементы драм. твораў былі ўжо ў нар. і культавых рытуалах, каляндарных і сямейна-бытавых абрадах, карагодах, тэатралізаваных гульнях (маналогі ці дыялогі). З фалькл. творчасці сфарміравалася ўласна нар. Д. школьнага тэатра, батлейкі, народнай драмы.
Новая бел.прафес. Д. ўзнікла ў пач. 1840-х г. Яе заснавальнікам стаў В.Дунін-Марцінкевіч. Важнае месца займаюць яго драм. творы «Сялянка», «Пінская шляхта» і «Залёты». У 19 ст. на бел. мове пісалі п’есы У.Сыракомля, П.Шпілеўскі, Ядвігін Ш., Г.Марцінкевіч, А.Вярыга-Дарэўскі; аднак большасць іх твораў была забаронена цэнзурай да друку і пастаноўкі. Адраджэнне бел. Д. адбылося ў пач. 20 ст. Пра тагачаснае жыццё і на гіст. тэмы пісалі п’есы К.Вясёлы («Не розумам сцяміў, а сэрцам»), К.Каганец («У іншым шчасці няшчасце схавана», «Двойчы прапілі», «Старажовы курган», «Сын Даніла», «Модны шляхцюк»). Пачынанні і набыткі К.Каганца прадоўжыў і ўзбагаціў Я.Купала. Яго Д. шматфарбная, разнастайная па жанрах: напачатку драм. паэмы (як подступ да ўласна драмы) «Адвечная песня», «Сон на кургане» і «На папасе», сцэн. жарт «Прымакі», камедыя «Паўлінка», рамант. драма «Раскіданае гняздо». Па яркасці, глыбіні раскрыцця характараў, жыццёвых праблем «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» — вяршыня ўсёй бел. Д.
У 1910-я г. дамінавала сац.-быт. драма з моцным грамадз. гучаннем, высокім драматызмам: «Блуднікі», «Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча, «Атрута», «Антон» М.Гарэцкага, «Бутрым Няміра» Ф.Аляхновіча, «Антось Лата» Я.Коласа. Ствараліся п’есы рамант. кірунку («Кветка папараці», «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.Буйло), дасціпныя камедыі («Пісаравы імяніны» У.Галубка). Інтэнсіўна развівалася Д. ў 1920-я г. Наследаваліся дэмакр., гуманіст.традыцыі, здабыткі папярэднікаў. Найб. дасягненне гэтага часу — «Няскончаная драма» і сакавітая камедыя «Пан міністр» Аляхновіча. Шмат і плённа пісаў Галубок: камедыі («Суд», «Ветрагоны», «Пінская мадонна») і меладрамы («Ганка», «Душагубы», «Плытагоны»). У Д. прыйшлі і новыя аўтары — Ц.Гартны, М.Грамыка, М.Чарот, В.Гарбацэвіч. У 1-й пал. 1920-х г. пашыраны фалькл. п’есы, у аснове якіх нар. легенды і паданні: «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.Міровіча, «На Купалле» М.Чарота, «Вяселле» Гарбацэвіча і інш. З’явіліся п’есы пра падзеі Кастр.рэв. і грамадз. вайны на Беларусі («Чырвоныя кветкі Беларусі» Гарбацэвіча, «Каля тэрасы» Грамыкі) і гіст. мінулага («Пан Сурынта» Галубка, «Кастусь Каліноўскі» Міровіча). У 2-й пал. 1920-х г. у бел. Д. распрацоўвалася тагачасная тэматыка («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Міровіча, «На прадвесні» М.Ільінскага), вядомасць атрымалі «Мост» Я.Рамановіча, «Гута» Р.Кобеца, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна.
У 1930-я г. асабліва поўна раскрыўся талент Я.Коласа («Вайна вайне», «У пушчах Палесся») і К.Чорнага («Бацькаўшчына», «Ірынка»). З’явіліся п’есы К.Крапівы («Партызаны»), П.Глебкі («Над Бярозай-ракой»), В.Вольскага («Цудоўная дудка», «Несцерка»), М.Клімковіча («Кацярына Жарнасек») і інш. У Айч. вайну ў галіне Д. працавалі К.Крапіва, Рамановіч, А.Кучар. З найб. значных набыткаў часу — псіхал. драма «Проба агнём» К.Крапівы і асабліва яго сатыр. камедыя «Мілы чалавек». Падзеі вайны шырока адлюстроўваліся ў бел. Д. і ў наступныя дзесяцігоддзі: «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «З народам», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы, «Гэта было ў Мінску» Кучара, «Брэсцкая крэпасць», «Першы ўрок» К.Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.Махнача, «Марат Казей» В.Зуба і інш. П’есы першых пасляваен. гадоў пра тагачаснае жыццё напісаны ў рэчышчы «тэорыі бесканфліктнасці» («Алазанская даліна» Губарэвіча і І.Дорскага, «Песня нашых сэрцаў» В.Палескага, «Неспакойныя сэрцы» Кучара, «Зацікаўленая асоба», «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы). Першым у бел. Д. выступіў супраць схематызму, бесканфліктнасці п’ес А.Макаёнак. У сатыр. камедыі «Выбачайце, калі ласка!» ён востра, з’едліва высмейваў паказуху і ашуканства. Значнае месца ў Д. 2-й пал. 1950-х г. займала тэма гіст. мінулага (п’есы П.Глебкі, Маўзона, П.Васілеўскага, І.Мележа). Лепшай з іх была п’еса Губарэвіча «Галоўная стаўка», карысталася поспехам драма І.Козела «Папараць-кветка».
1960-я г. — адзін з найменш плённых перыядаў у бел. Д. Слабы быў прыток маладых аўтараў. Звярнулі на сябе ўвагу п’есы «Лявоніха на арбіце» Макаёнка, «Над хвалямі Серабранкі» Козела, «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Пад адным небам» Маўзона, «Выгнанне блудніцы» І.Шамякіна, «Любоў, Надзея, Вера» Васілеўскага. У гэты час Макаёнак напісаў трагікамедыю «Пагарэльцы», але надрукавана яна толькі ў 1980, а пастаўлена ў 1981. У 1970-я г. адбыўся новы ўздым у бел. Д. П’есы гэтага часу вызначаліся больш глыбокай змястоўнасцю, яркімі вобразамі, арыгінальнасцю, багаццем жанраў: «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Трыбунал», «Зацюканы апостал», «Таблетку пад язык», «Святая прастата» Макаёнка, «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага, «Экзамен на восень», «І змоўклі птушкі» Шамякіна, «Апошні шанц» В.Быкава, «Злыдзень», «Укралі кодэкс», «Трывога» А.Петрашкевіча. Распрацоўвалася гіст. тэматыка: «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», «Маці ўрагану» У.Караткевіча, «Напісанае застаецца» Петрашкевіча. У 1980-я г. па-ранейшаму ў Д. працавалі К.Крапіва («На вастрыі»), Макаёнак («Дыхайце эканомна»), Я.Шабан («Востраў Алены»), Караткевіч («Калыска чатырох чараўніц»), Петрашкевіч («Соль»), Матукоўскі («Мудрамер»). У Д. прыйшлі А.Дзялендзік, А.Асташонак, У.Бутрамееў, Г.Марчук, В.Ткачоў, А.Дудараў. П’есы апошняга «Вечар», «Парог» і асабліва «Радавыя» мелі значны поспех і пашырэнне на Беларусі і за яе межамі. У пач. 1990-х г. цікава заявіў пра сябе М.Арахоўскі. Яго п’есы «Машэка» і «Ку-ку» адметныя жыццёвым матэрыялам і маст. формай. У Д. дэбютавалі маладыя драматургі С.Кавалёў, З.Дудзюк, І.Сідарук, А.Дыбча, У.Сауліч, для іх творчасці характэрна разнастайнасць тэматыкі, розныя кірункі пошукаў.
З 1920-х г. праводзяцца конкурсы на лепшыя творы бел. Д. У 1981 у Мінску адкрыўся эксперыментальны т-рбел. Д. «Вольная сцэна», дзе ставяцца ў асн. п’есы маладых аўтараў.
Літ.:
Семяновіч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг.Мн., 1990;
Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2. Мн., 1969—72;
Усікаў Я. Беларуская камедыя: (Ля вытокаў жанру). Мн., 1964;
Яго ж. Беларуская камедыя. Мн., 1973;
Лаўшук С.С. Сучасная беларуская драматургія. Мн., 1977;
Яго ж. Станаўленне беларускай савецкай драматургіі (20-я — пачатак 30-х гадоў). Мн., 1984;
Шаўлоўская М.Ф. Беларуская драматургія. Мн., 1981;
Пятрова Л.І. Рамантыкі пранікнёнае святло: Беларуская драматургія 20-х — 30-х гадоў. Мн., 1987;
Васючэнка П.В. Драматургія і час.Мн., 1991;
Ватацы Н.Б. Беларуская савецкая драматургія: Бібліягр.Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сфера дзейнасці дзярж., грамадскіх, паліт. утварэнняў па рэгуляванні міжнац. і міжэтнічных адносін, а таксама ўлік нац. паходжання людзей у дзярж. будаўніцтве, эканоміцы, культуры, адукацыі, асв. і выхаваўчай працы. Тэарэт. аснову Н.п. складае права народа, групы людзей, адной асобы на свабоднае, добраахвотнае, этнічнае, нац., нац.-дзярж., нац.-культ. і інш. самавызначэнне. Н.п., як правіла, скіравана на прадухіленне расколу грамадства, узнікнення войнаў, розных дыскрымінацый на нац. глебе, на стварэнне і развіццё добрасуседскіх узаемапаважлівых, супрацоўніцкіх міжэтнічных і міжнац. адносін. Служыць для вырашэння нац. пытання дастасоўна да канкрэтных умоў гіст. развіцця грамадства, форм і асноў чалавечага супольніцтва. Сусв. грамадства разглядае нац. пытанне як стварэнне спрыяльных умоў для прагрэсіўнага эканам., культ., духоўнага развіцця нацый, народнасцей, нац. і этнічных груп, асобных індывідуумаў, вызваленне людзей ад нац. прыгнёту, паслядоўную барацьбу супраць праяў нацыяналізму і шавінізму. Нац. пытанне не залежыць ад віду грамадска-эканам. фармацыі, як лічылася раней у СССР. Як праблема яно існуе разам з нац. адносінамі, пастаянна зменлівымі задачамі іх усебаковага развіцця, што робіць Н.п. неад’емнай часткай дзярж., грамадскага і культ. жыцця. 20 ст. з’яўляецца перыядам новай актуалізацыі міжнац. адносін, калі міжнац. канфлікты сталі адной з прычын развязвання 1-й і 2-й сусв. войнаў, распальвання сусв. тэрарызму. З-за нешматлікасці нац. інтэлігенцыі працэс нац. адраджэння беларусаў праходзіў марудна. Калі ў агульнай колькасці інтэлігенцыі ў 5 зах. губернях Рас. імперыі прадстаўнікі рус. насельніцтва складалі 29,83%, яўр. — 28,81%, то беларускага — 26,12%. Нязначнай была доля беларусаў сярод рабочага класа (23%) і гар. насельніцтва (каля 17,1%). Дэкларацыя правоў народаў Расіі (2(15).11.1917] і Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (12(25).1.1918] далі пачатак ажыццяўленню Н.п. бальшавікоў на аснове права нацый на самавызначэнне.
1.1.1919 утворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У канцы 1922 БССР разам з РСФСР, УССР і ЗСФСР стала адной з рэспублік — заснавальніц СССР. Тэарэт. аснову рэгулявання міжнац. адносін у СССР складала марксісцка-ленінскае вучэнне (гл.Марксізм-ленінізм) аб нацыі, нац. пытанні, прыярытэце пралетарскай класавай салідарнасці над інш. праявамі грамадскага жыцця. За гады сав. улады на аснове Н.п. атрыманы важкія здабыткі ў эканоміцы, адукацыі, кнігавыдавецкай справе, мастацтве, кінематографе і інш. Пралетарскі інтэрнацыяналізм вышэй за ўсё ставіў яднанне людзей на аснове класавай прыналежнасці і свядомасці. Гэта, з аднаго боку, забяспечвала існаванне агульнай дзяржавы для больш чым 100 нацый і народнасцей, садзейнічала іх эканам. і духоўнаму развіццю, а з другога — нярэдка вяло да штучнай нівеліроўкі іх нац.-этнічных асаблівасцей. Перагібы ў нац. сферы праяўляліся ва уніфікацыі сац. структуры грамадства ў рамках усяго СССР, у якой няпоўнасцю ўлічваліся вытв. магчымасці той ці інш. мясцовасці або рэгіёна. Адмоўную ролю адыгрывалі цэнтралізацыя і адм.-камандныя метады кіравання. Таму сусв.гіст. тэндэнцыі ў нац. адносінах — уздым нац. жыцця і імкненне да інтэрнацыяналізацыі — мелі не заўсёды гарманічны характар, паступова напаўняліся адмоўнымі праявамі. Гэта выявілася (канец 1980 — пач. 1990-х г.) у нац. канфліктах у Алма-Аце, Тбілісі, Крыме, Нагорным Карабаху, Вільнюсе і інш. У выніку пад уплывам розных фактараў было пастаўлена пытанне пра перагляд саюзнага дагавора ад 30.12.1922 і адбылася яго дэнансацыя 8.12.1991 у Віскулях (гл. ў арт.Белавежскія пагадненні 1991). У Беларусі ажыццяўленне Н.п. прадугледжвала пераадоленне эканам. і культ. адсталасці, што склалася гістарычна, развіццё нац. дзяржаўнасці, удасканаленне нац.-дзярж. будаўніцтва ў цеснай сувязі з умацаваннем федэратыўных адносін БССР з РСФСР і інш.сав. рэспублікамі. Значнае месца ў правядзенні Н.п. займала фарміраванне тэрыторыі (гл. ў арт.Узбуйненне БССР). Вырашэнне гэтага пытання было ў асн. завершана ў вер. 1939 пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Значнай падзеяй для Беларусі стаў уваход яе ў 1945 у ААН. У пасляваен. перыяд у рэспубліцы сталі развівацца машынабудаванне, хім.прам-сць, здабыча калійных солей, навукаёмістая вытв-сць. Сістэматычна расла колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Паступова ўлік асаблівасцей бел. эканомікі стаў чыста сімвалічным, паколькі Беларусь усё больш ператваралася ў рэгіён, які абапіраўся на пастаўкі з розных куткоў СССР. У канцы 1950-х г.БССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, у адпаведнасці з рашэннямі XX з’езда КПСС (1956) і 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (1957) пашырыла свае правы ў вырашэнні пытанняў адм.-тэр падзелу, эканам. і бюджэтнай палітыцы. Аднак да прынцыповых дэмакр. змен у адносінах паміж саюзнымі органамі ўлады і рэспублікамі гэтыя меры не прывялі. Н.п. ў Беларусі ўсё больш абмяжоўвалася правядзеннем розных мерапрыемстваў у сферах ідэалогіі і культуры. Тут таксама праяўляліся супярэчнасці паліт. і дзярж. сістэм, што знайшло адлюстраванне ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. Хоць яна дэкларавала пабудову развітога сацыяліст. грамадства, стварэнне гіст. супольнасці людзей — сав. народа, шэраг праблем у матэрыяльным, культ. і духоўным жыцці насельніцтва заставаўся нявырашаным. Асабліва гэта назіралася ў сац. сферы ў параўнанні з многімі замежнымі краінамі, звужэнні сферы выкарыстання бел. мовы, развіцці гуманітарнай адукацыі. Разам з тым атрымалі пашырэнне цікавыя формы міжнац. адносін у культ. жыцці: дэкады нац. культур, дні л-ры сав. рэспублік, абмен дэлегацыямі, сумесныя паездкі дзеячаў культуры, л-ры і мастацтва на новабудоўлі, удзел у правядзенні міжнац. свят і інш. Але ў выніку заарганізаванасці іх змест часта выпустошваўся.
Н.п. не перашкаджала масаваму перасяленню людзей у інш. рэгіёны СССР у форме правядзення важных эканам. мерапрыемстваў. Так, у 1950—70-я г. ў час асваення на У цалінных і абложных зямель, буд-ва Байкала-Амурскай магістралі за межамі БССР апынулася больш за 900 тыс. грамадзян Беларусі (прыкладна 80% з іх беларусы). Перасяленцам даводзілася прымаць дадатковыя захады, каб захаваць традыцыі нац.-культ. жыцця. Моцны ідэалаг. ўціск адчувалі на сабе грамадскія навукі, у задачу якіх уваходзіла распрацоўка тэарэт. асноў Н.п. Нярэдка аўтарам навук. прац адводзілася роля простых каментатараў. У кантэксце працэсаў суверэнітызацыі, якія ў канцы 1980-х г. ахапілі рэспублікі СССР, 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб Дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Важнае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь адводзіцца захаванню незалежнасці і суверэнітэту бел. дзяржавы. Гэты курс знайшоў адлюстраванне ў заканадаўчых і нарматворчых актах. Асн. палажэнні Н.п. замацаваны ў абноўленым тэксце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі). У наш час суб’ектамі Н.п. ў Беларусі з’яўляюцца Нац. сход, Савет Міністраў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, розныя грамадскія аб’яднанні і паліт. партыі.
Літ.:
Итоги разрешения национального вопроса в СССР. М., 1936;
Многонациональное советское государство. М., 1972;
В.И. Ленин о национальном вопросе и национальной политике. М., 1989;
Перабудова і міжнацыянальныя адносіны = Перестройка и межнациональные отношения. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЫЯ (на мове хіндзі Бхарат),
Рэспубліка Індыя (Republic of India), дзяржава ў Паўд. Азіі на п-ве Індастан і прылеглых тэрыторыях. Па плошчы 7-я, па колькасці насельніцтва 2-я краіна ў свеце. Мяжуе на ПнЗ з Пакістанам, на Пн з Кітаем, Непалам і Бутанам, на У з М’янмай і Бангладэш. На ПдЗ абмываецца Аравійскім м., на ПдУ — Бенгальскім залівам; на Пд Манарскі зал. і Полкскі прал. аддзяляюць І. ад Шры-Ланкі. Падзяляецца на 25 штатаў і 7 саюзных тэрыторый. Пл. 3287,6 км². Нас. 944,6 млн.чал. (1996). Сталіца — г.Дэлі (афіцыйна — яго ч. Нью-Дэлі). Афіц. мовы — хіндзі і англійская (часова), афіцыйна выкарыстоўваюць таксама 17 рэгіянальных моў асобных штатаў і мёртвую мову санскрыт. Нац. святы — Дзень незалежнасці (15 жн.) і Дзень рэспублікі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. І. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1950 (са шматлікімі дапаўненнямі). Уваходзіць у Садружнасць. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбіраюць члены парламента і заканад. сходаў штатаў тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканадаўчы орган — двухпалатны Кангрэс: ніжняя палата — Нар. палата (не больш за 547 дэпутатаў, з якіх 545 выбіраюцца насельніцтвам, 2 назначаюцца прэзідэнтам ад англа-інд. абшчыны), верхняя палата — Савет штатаў (не больш за 150 дэпутатаў, 12 з іх назначаюцца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца шляхам ускосных выбараў). Агульны тэрмін паўнамоцтваў ніжняй палаты 5, верхняй — 6 гадоў. Выканаўчы орган — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Заканад. і выканаўчая ўлада ў штатах належыць заканад. сходам штатаў сумесна з губернатарамі, якіх назначае прэзідэнт, у саюзных тэрыторыях — лейтэнант-губернатарам, гал. камісарам і адміністратарам (таксама назначае прэзідэнт) і заканад. сходам і ўрадам. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца органам канстытуцыйнага нагляду, вышэйшыя суды штатаў і шэраг судоў ніжэйшых інстанцый у акругах.
Прырода. Паводле характару паверхні І. падзяляецца на 3 часткі: пласкагор’е Дэкан на Пд, горы Гімалаі і Каракарум на Пн, Інда-Гангская раўніна паміж імі. Пласкагор’е Дэкан займае амаль увесь п-аў Індастан. Складзена з метамарфічных і вывергнутых парод, вапнякоў і пясчанікаў. На У абмежавана невысокімі гарамі Усх. Гатамі (да 1680 м), на З — Зах. Гатамі (да 2633 м). На Пд паўвострава горы Кардамонавы і Анаймалай (да 2695 м). Паміж Гатамі і морам вузкімі палоскамі (да 20—30 км) цягнуцца прыбярэжныя хвалістыя нізіны. Гімалаі і Каракарум — складаныя сістэмы гор і хрыбтоў мезазойскага і альпійскага ўзросту, парушаныя разломамі. Гімалаі ўздымаюцца на Пн трыма вял. ступенямі: горы Сівалік (800—1200 м), М. Гімалаі (2500—3000 м) і Вял. Гімалаі (5500—6000 м). Найвышэйшая ў межах І. вяршыня Гімалаяў — г. Канчэнджанга (8585 м), у Каракаруме — г. Чагары (8611 м). У гарах значныя ледавікі. Снегавая мяжа на выш. 5100—5300 м. Ледавікі спускаюцца да выш. 4000—3000 м. Інда-Гангская алювіяльная раўніна размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, слаба нахілена да нізоўяў рэк Інд (на З) і Ганг (на У). Запоўнена марскімі адкладамі і рачнымі наносамі. Карысныя выкапні ў асноўным на ПнУ краіны (жал., марганцавыя, уранавыя і торыевыя руды, храміты, слюда, вугаль, нафта). У цэнтр. І. — руды каляровых металаў і вугаль, на Пд — баксіты, манацытавыя пяскі, золата, буры вугаль, на З — нафта і прыродны гаручы газ. Запасы каменнага вугалю ацэньваюцца ў 121,4 млрд.т, жал. руды — у 22,4 млрд.т. Клімат субтрапічны (на Пн) і трапічны (на Пд), мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C (каля падножжа Гімалаяў) да 27 °C (на Пд), мая — на б.ч. краіны 28—30 °C, у цэнтры Дэкана да 35 °C. Макс. колькасць ападкаў на У краіны (каля 2000—3000 мм, у Чэрапунджы сярэдняя за шмат гадоў каля 12000 мм). На астатняй тэрыторыі выпадае ў сярэднім 1000—1500 мм ападкаў за год. Засушлівыя раёны на ПнЗ Інда-Гангскай раўніны і ў цэнтры Дэкана (100—300 мм). Сезоны адрозніваюць па атм. ападках: зімовы (снеж.—люты) сухі, халаднаваты; веснавы (сак.—май) найб. гарачы, засушлівы; летні (чэрв.—ліст.) вельмі вільготны (каля 90% ападкаў за год) і менш гарачы. У гарах клімат горны субтрапічны і высакагорны. Рачная сетка на б.ч. тэрыторыі густая. Найб. рэкі: Ганг, Брахмапутра, Інд, Нармада, Гадавары, Крышна. Выкарыстоўваюцца для арашэння, буд-ваГЭС і суднаходства. На б.ч. ўнутраных пласкагор’яў пераважаюць розныя тыпы чырваназёмных і чарназёмападобных (рэгуры) глеб. Рэгуры фарміруюцца на вулканічных пародах, вызначаюцца ўрадлівасцю. На Інда-Гангскай раўніне і на прыморскіх нізінах — урадлівыя алювіяльныя глебы. У Гімалаях — вышынная пояснасць горных глеб. Расліннасць багатая і разнастайная, амаль усюды змененая чалавекам, у некат. раёнах прыродная расліннасць знішчана. У засушлівых раёнах Дэкана і на З Інда-Гангскай раўніны — саванная расліннасць з рэдкімі лясамі і калючымі хмызнякамі. На наветраных схілах Зах. Гатаў, ва ўсх.ч. Гімалаяў — вечназялёныя трапічныя лясы (сал, чорнае і чырвонае дрэвы і інш.) з мноствам эпіфітаў і ліян. На падветраных схілах Зах. Гатаў, на ПнУ Індастана і на У Інда-Гангскай раўніны — мусонныя (лістападныя) лясы. У Гімалаях добра выражана вертыкальная пояснасць расліннага покрыва ад трапічных лясоў да альпійскіх лугоў. Лясы займаюць 24% тэр. краіны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, тыгры, гіены, леапарды, шакалы, дзікія сланы, дзікія быкі гаур і бантэнг, кракадзілы, чарапахі, змеі, яшчаркі. Шмат птушак і насякомых. Каля 100 ахоўных тэрыторый, у т. л.нац. паркі Казіранга, Гірскі Лес, Манас, шматлікія рэзерваты.
Насельніцтва. І. — шматнацыянальная краіна, больш за 500 народнасцей і плямён. Пераважаюць нацыі і народнасці індаеўрапейскай (72%) і дравідыйскай (25%) моўных груп. Да індаеўрапейскай групы адносяцца (млн, чал., 1992): хіндустанцы — 244, біхарцы — 92,5, бенгальцы — 80, маратхі — 66,5, гуджаратцы — 46, орыя — 32,2, раджастанцы — 19,9, сікхі — 16,5, асамцы — 14,6, пенджабцы — 9; усе жывуць на Пн краіны. На Пд — народы дравідыйскай групы (млн.чал., 1992): тэлугу — 74,5, тамілы — 61, канара — 35, малаялі —35 і інш. Народы мунда (санталы, мунда, хо і інш.) жывуць у гарах Цэнтр. І. На мовах тыбета-бірманскай групы гавораць горныя плямёны і народнасці на Пн і ПнУ. Сярод вернікаў пераважаюць індуісты (83%) і мусульмане (11%). Ёсць хрысціяне (3%), сікхі (2%), будысты, джайны, парсы і інш. Сярэдняя шчыльн. 287 чал. на 1 км², на Інда-Гангскай раўніне і марскіх узбярэжжах — да 1000 чал., у гарах і засушлівых раёнах на З — менш за 50 чал. З 1977 ажыццяўляецца праграма планавання сям’і, аднак сярэднегадавы прырост складае 1,8% і насельніцтва павялічваецца штогод больш як на 15 млн.чал. У гарадах жыве 26% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж. з прыгарадамі, 1996): Бамбей — 15138, Калькута — 11923, Дэлі — 9948, Мадрас — 6002, Хайдарабад — 5477, Бангалор — 4799, яшчэ ў 11 гарадах больш за 1 млн.ж. У сельскай гаспадарцы занята 65%, у прам-сці і абслуговых галінах — 35% насельніцтва.
Гісторыя. У І. сфарміравалася адна з найб.стараж. цывілізацый свету. Паводле археал. даследаванняў у 3-м тыс. да н.э. ў даліне р. Інд існавала развітая культура, створаная, верагодна, дравідыйскімі народамі. Каля 15 ст да н.э. ў І. прыйшлі плямёны арыйцаў, якія займаліся жывёлагадоўляй і земляробствам, былі знаёмы з рамёствамі. Яны паступова занялі тэрыторыі ў далінах рэк Інд і Ганг, часткова знішчылі, часткова ўвабралі ў сябе пэўныя элементы мясц. культур і навязалі мясц. народам уласную культуру і рэлігію (гл.Брахманізм). Правадыры мясц. плямён пачалі ствараць невял. самаст. дзяржавы (бхаратаў і інш.), што стала прычынай войнаў (напр., бітва 10 цароў у канцы 2-та тыс. да н.э., якая скончылася перамогай цара бхаратаў). З 6 ст. да н.э. сярод шматлікіх індаарыйскіх дзяржаў найб. значэнне набылі Магадха і Кашала. Імкненне арыйцаў адасобіцца ад мясц. насельніцтва прывяло да ўзнікнення варнаў (саслоўяў), унутры якіх вылучыліся замкнёныя групы — касты. Сац. няроўнасць, падзел на варны паспрыялі ўзнікненню каля 6 ст. да н.э. новых рэліг.-этычных кірункаў — будызму і джайнізму. У 327 да н.э. ў даліну Інда ўварваліся войскі Аляксандра Македонскага, але ў 325 да н.э. вымушаны былі адступіць. Пры дынастыі Маур’яў Магадха валодала амаль усёй тэр. І. і ч. сучаснага Афганістана. Росквіт дзяржавы прыпадае на часы Ашокі, які ў 3 ст. да н.э. значна ўзмацніў пазіцыі будызму і ўстанавіў шырокія гандл. сувязі з інш. краінамі. Унутр. супярэчнасці і ўварванне ў І. бактрыйскіх грэкаў (гл.Грэка-Бактрыйскае царства) прывялі да распаду дзяржавы Маур’яў. З 1—2 ст.н.э. большасць паўн. І. пад уладай Кушанскай дзяржавы. Пасля яе распаду ў пач. 4 ст. ўлада ў паўн. І. перайшла да дынастыі Гуптаў (гл.Гуптаў дзяржава), якая падпарадкавала сабе і паўд. землі. Гэты час лічыцца залатым векам у гісторыі І., бо высокага ўзроўню дасягнулі навука, л-ра, мастацтва. У канцы 5 ст. дзяржава гуптаў распалася пад націскам гунаў. Кароткачасовае аб’яднанне паўн. І. адбылося ў 1-й пал. 7 ст. пры ўладару Харшы. З гэтага часу пануючай рэлігіяй стаў індуізм. У перыяд панавання ўладароў з раджпуцкіх родаў (гл.Раджпуты) пачаліся шматлікія набегі мусульман (з 712), якія ў канцы 10 ст. стварылі ў Газні дзяржаву пад уладай дынастыі Газневідаў Уладар дзяржавы Махмуд (11 ст.) ажыццявіў шэраг грабежніцкіх паходаў у І. і захапіў Пенджаб. Улада мусульман у І. ўмацавалася ў выніку заваяванняў у канцы 12 ст. Мухамеда Гуры (гл.Гурыды). На захопленых тэрыторыях у 1206 узнікла дзяржава са сталіцай у Дэлі (гл.Дэлійскі султанат). З яе ўтварэннем у І. ўзмацніўся і пашырыўся іслам. У 1398 султанат захапілі войскі Цімура, яго нашчадкі (дынастыя Саідаў) правілі да 1451, пазней уладарыла мусульм. дынастыя Лодзі. На Пд існавалі незалежныя інд. дзяржавы, найб, моцнымі з якіх былі Бахманідскі султанат і Віджаянагар.
Адкрыццё ў 1498 партуг. мараплаўцам Васка да Гамай марскога шляху ў І. прывяло да з’яўлення тут еўрапейцаў. На зах. узбярэжжы І. пачалі ўзнікаць факторыі, у 1510 партугальцы захапілі в-аў Гоа. У 1526 у паўн. І. ўварваўся ўладар Кабула З.М.Бабур, нашчадак Цімура і заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў. Пры яго пераемніках дзяржава Вял. Маголаў ператварылася ў адну з наймацнейшых і найвялікшых у гісторыі І. Вяршыні сваёй магутнасці яна дасягнула пры Акбары (1556—1605), які аб’яднаў амаль усю І. (акрамя паўд.ч.). Партугальцаў, што кантралявалі амаль увесь гандаль з І., з сярэдзіны 16 ст. пачалі выцясняць англічане (у 1600 засн.брыт.Ост-Індская кампанія, якая мела шырокія паліт. паўнамоцтвы) і французы (у 1664 засн.франц. Ост-Індская кампанія). На працягу 17 ст.англ. і франц. фарты і факторыі ператварыліся ў вял. гарады. Еўрап. каланізацыя, узмацненне сепаратызму ў асобных правінцыях, сутычкі паміж феадаламі прывялі да аслаблення краіны. Эканам. заняпад, галеча насельніцтва (пераважна сельскага), унутр. барацьба, справакаваная рэліг. нецярпімасцю правіцеля Аўрангзеба [1658—1707], выклікалі супраціўленне сялян, а таксама феадалаў і свяшчэннікаў (паўстанне ў Пенджабе, арганізаванае сектай сікхаў). Са смерцю Аўрангзеба настаў паліт. і эканам. заняпад І.
Унутр. разлажэнне дзяржавы Вял. Маголаў суправаджалася пашырэннем еўрап. каланізацыі. Абвастрэнне ў 1-й пал. 18 ст. саперніцтва паміж еўрап. дзяржавамі (асабліва Англіяй і Францыяй) прывяло да сямігадовай вайны 1756—63, якая закончылася перамогай англічан, Правадніком англ. палітыкі ў І. стала Ост-Індская кампанія. У 1757 захоплены Бенгалія і Біхар, у ходзе англа-майсурскіх войнаў (1767—99) да ўладанняў кампаніі далучана значная ч.паўд. І., княствы Майсур, Хайдарабад і інш. ператвораны ў англ. васалаў. Сітуацыю ў краіне пагоршыў голад 1769, у выніку якога вымерла каля 1/3 насельніцтва. У 1772 губернатарам Бенгаліі стаў У. Гастынгс (з 1773 ген.-губернатар). Ён рэарганізаваў падатковую сістэму, прызначыў кіраўнікамі буйных акруг англічан, увёў грамадз. і крымін. суды. Цэнтрам англ.калан. улад у І. стала Калькута. Парламенцкі акт 1784 падпарадкаваў І. непасрэдна брыт. ўраду. У выніку англа-маратхскіх войнаў (1775—1818) ліквідавана дзяржава пешв, ч. княстваў трапіла ў васальную залежнасць. Да сярэдзіны 19 ст. англічане шляхам анексій падпарадкавалі 2/3тэр. І. Яны правялі суд. рэформу (на некат. пасады былі прызначаны індусы), рэарганізавалі на еўрап. ўзор пошту, тэлеграф, правялі першую чыгунку, стварылі дэпартамент асветы, які павінен быў арганізоўваць школы для індусаў, англ. мову абвясцілі афіцыйнай. Адначасова англічане заахвочвалі сепаратысцкія тэндэнцыі ў інд. грамадстве, мясц. і племянны нацыяналізм, правакавалі спрэчкі паміж індуістамі і мусульманамі. Паступова І. ператварылася ў сыравінную базу і рынак збыту для англ. тавараў. Інтэнсіўная эксплуатацыя зямель, вял. падаткі і знішчэнне традыц. сувязей паміж рамяством і сельскай гаспадаркай разаралі інд. сялянства. Гэта стала адной з прычын Індыйскага народнага паўстання 1857—59. Пасля задушэння паўстання англ. ўладанні ў І. падпарадкаваны непасрэдна брыт. кароне. 1.1.1877 у Дэлі каралева Вікторыя ўрачыста абвешчана імператрыцай І.; ад яе імя правіў віцэ-кароль.
Прыток англ. капіталу на рубяжы 19—20 ст. паскорыў прамысл. развіццё І., паспрыяў росту нац. буржуазіі. У 1885 створана партыя ліберальна-памешчыцкіх колаў і інтэлігенцыі Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК). Хутка ў ёй аформілася радыкальная плынь на чале з Б.Тылакам, якая пасля падзелу Бенгаліі паводле рэліг. прыкмет (1905) узначаліла нац-вызв. рух. Брыт. ўлады вымушаны былі правесці шэраг рэформ і адмяніць закон аб падзеле Бенгаліі (1911). З мэтай расколу вызв. руху яны ініцыіравалі стварэнне Мусульманскай лігі (1906). У 1-ю сусв. вайну Вялікабрытанія актыўна эксплуатавала матэрыяльныя і чалавечыя рэсурсы І. Збядненне насельніцтва, голад і эпідэміі выклікалі ў 1918—22 уздым вызв. руху, які ўзначаліла інд. буржуазія. ІНК узяў на ўзбраенне ідэі і метады М.К.Гандзі (масавыя ненасільныя дзеянні, непадпарадкаванне англ. уладам). Прыняцце законаў, скіраваных супраць удзельнікаў вызв. руху і на замацаванне калан. становішча І., выклікалі масавы пратэст і прывялі да кровапраліцця (расстрэл мітынгу ў Амрытсары ў крас. 1919). Па закліку Гандзі ІНК пачаў у 1920 кампанію грамадз. непадпарадкавання, якая была падмацавана забастоўкамі рабочых і паўстаннямі сялян. Уплыў ІНК узрос, ён ператварыўся ў масавую партыю, а гандзізм стаў яго афіц. ідэалогіяй. У 1927 у ІНК склалася левае крыло на чале з Дж.Нэру і С.Ч.Босам, пад націскам якога Кангрэс высунуў у 1929 лозунг поўнай незалежнасці для І. Радыкальныя настроі ў вызв. руху знайшлі ўвасабленне ў стварэнні Камуніст. партыі І. (КПІ, з 1925), шэрагу рабоча-сял. партый (1926—27), успышцы тэрарызму ў канцы 1920-х г.
Сусв. эканам. крызіс 1929—33 рэзка абвастрыў супярэчнасці паміж інд. грамадствам і брыт. каланіялізмам. ІНК правёў некалькі кампаній грамадз. непадпарадкавання, у княствах Кашмір і Алвар адбыліся сял. паўстанні. Брыт. ўлады рэпрэсіямі і ўступкамі спрабавалі стабілізаваць сітуацыю (гл.«Круглага стала» канферэнцыі). У 1935 прыняты новы закон (канстытуцыя) аб кіраванні І., які пашырыў прадстаўніцтва маёмных слаёў у выбарных органах, але захаваў калан. ўладу. У 2-й пал. 1930-х г. краіну ахапілі забастоўкі рабочых і сял. выступленні супраць феад. дэспатыі князеў.
У вер. 1939 І. была ўцягнута ў 2-ю сусв. вайну. Інд. буржуазія выкарыстала антываен. рух для націску на ўлады Вялікабрытаніі і запатрабавала надання І. незалежнасці. Мусульм. ліга выступіла за стварэнне асобнай мусульм. дзяржавы Пакістан У сак. 1942 брыт. ўрад прапанаваў падзяліць пасля вайны І. на 2 дамініёны, але без стварэння нац. ўрада. У адказ ІНК пачаў новую кампанію грамадз. непадпарадкавання, але калан. ўлады арыштавалі яго лідэраў (жн. 1942). У краіне ўспыхнуў антыбрыт. рух пад лозунгам «Прэч з Індыі!». Вясной 1944 лідэры ІНК вызвалены, у 1945 падпісана пагадненне з Мусульм. лігай аб прынцыпах фарміравання часовага нац. ўрада. Брыт. ўрад быў вымушаны пайсці на ўступкі. У жн 1946 сфарміраваны часовы ўрад на чале з Нэру, а 15.8.1947 І. падзелена на 2 дамініёны — Інд. саюз і Пакістан (гл.Маўнтбетэна план). Падзел І. на рэліг. аснове выклікаў узбр. сутыкненні мусульман і індусаў (у час аднаго з іх забіты Гандзі), стварыў праблему бежанцаў, прывёў да тэр. спрэчак. У 1947—49 адбыўся ваен. канфлікт з Пакістанам з-за Кашміра.
26.1.1950 паводле новай канстытуцыі І. стала рэспублікай, абвешчаны дэмакр. свабоды, адменены розныя віды дыскрымінацыі і прымусовай працы. На першых усеагульных выбарах у пач. 1950-х г. перамог ІНК. У эканоміцы быў узяты курс на стварэнне магутнага дзярж. сектара, заахвочванне нац. і абмежаванне замежнага прыватнага капіталу, планаванне. З дапамогай замежных дзяржаў пабудаваны буйныя металург. прадпрыемствы, створаны новыя галіны прам-сці, закладзены асновы энергетыкі. У сельскай гаспадарцы ішло паступовае абмежаванне памешчыцкага землеўладання, пачалі стварацца кааператывы. У 1950-я г. штаты рэарганізаваны на нац. або лінгвістычнай аснове, а княствы ліквідаваны; асновай знешняй палітыкі абвешчаны пазітыўны нейтралітэт на базе пяці прынцыпаў мірнага суіснавання. І. стала адным з арганізатараў і лідэраў Руху недалучэння, актыўна падтрымлівала антыкалан. барацьбу інш. народаў. У 1950—60-я г. яна дамаглася вяртання шэрагу сваіх тэрыторый ад Францыі і Партугаліі.
На рубяжы 1950—60-х г. актывізаваліся правыя бурж. і рэліг.-абшчынныя партыі, адбыліся сутыкненні мусульман і індусаў у Пенджабе, Асаме, Мадх’я-Прадэш. Абвастрэнне інда-кіт. канфлікту прывяло да ўвядзення ў кастр. 1962 надзвычайнага становішча, рэпрэсій супраць КПІ (раскалолася ў 1964). Пасля смерці Нэру (1964) у краіне абвастрылася паліт. барацьба. Унутры ІНК аформіліся 2 групоўкі, якія павялі барацьбу за ўладу ў партыі і краіне. Перамаглі левацэнтрысты на чале з І.Гандзі, што ў 1966 узначаліла ўрад. Пачалася рэалізацыя «праграмы 10 пунктаў» (умацаванне дзярж. сектара, сац.-эка нам. меры ў інтарэсах шырокіх слаёў насельніцтва), прыняты шэраг важных законаў (аб дзярж. кантролі, ліквідацыі прывілеяў б. князёў і інш.). Вайна з Пакістанам (1971) і сусв.эканам. крызіс 1973—75 прывялі да зніжэння тэмпаў росту прамысл. і с.-г. вытв-сці, абвастрэння сац. супярэчнасцей. Масавыя стачкі і забастоўкі 1972—74 суправаджаліся ўзмацненнем рэліг.-абшчынных і сепаратысцкіх выступленняў у штатах Андхра-Прадэш, Гуджарат, Біхар, тэрарызмам. У ліп. 1975 уведзена надзвычайнае становішча, арыштаваны лідэры апазіцыі. Адначасова ўрад абвясціў праграму шырокіх сац.-эканам. мерапрыемстваў. Абмежаванне грамадз. свабод, празмернае ўзмацненне выканаўчай улады, рэпрэсіі супраць левых партый і інш. выклікалі чарговы раскол ІНК і паражэнне яго на выбарах 1977 ад блока Джаната парты.
Але супярэчлівая эканам. палітыка, рост сац. напружанасці, раскол блока прывялі да адстаўкі ўрада і ўпэўненай перамогі ІНК на датэрміновых выбарах. Гал. задачамі новага ўрада Гандзі былі: пашырэнне эканам. і сац. інфраструктуры, ліквідацыя галечы і забеспячэнне занятасці, у паліт. жыцці — умацаванне ўплыву ІНК, барацьба супраць сепаратызму і экстрэмізму. Сепаратысцкія выступленні ў Асаме і Пенджабе падаўлены з дапамогай арміі (у т. л. штурм «Залатога храма» ў Амрытсары). У адказ сікхскія сепаратысты 31.10.1984 забілі І.Гандзі. Яе сын Р.Гандзі ўзначаліў урад і ІНК. Яго ўрад прыняў жорсткія захады супраць тэрарызму, узяў курс на мадэрнізацыю дзяржсектара эканомікі, прыцягненне замежнага капіталу і найноўшых тэхналогій, распрацаваў маштабныя сац. праграмы. Аднак пагаршэнне эканам. паказчыкаў у 1987—88, паліт. крызіс у кіраўніцтве ІНК прывялі да зніжэння яго папулярнасці. У 1988 пяць апазіц. партый стварылі Нац. фронт, які склаў моцную канкурэнцыю ІНК на выбарах 1989. Кааліцыйны ўрад, сфарміраваны на чале з лідэрам Нац. фронту В.П.Сінгхам, у ліст. 1990 пайшоў у адстаўку. У сак. 1991 у адстаўку падаў наступны кааліцыйны ўрад Ч.Шэкхара. У час перадвыбарнай кампаніі, прызначанай на май 1991, тэрарысты забілі Р.Гандзі. Новым старшынёй ІНК выбраны Н.П.В.Раа, які перамог на выбарах і ўзначаліў ўрад. Прэзідэнтам у 1992 абраны Шанкар Даял Шарма. Павольнае і супярэчлівае ажыццяўленне новай эканам. палітыкі, незадаволенасць часткі мясц. буржуазіі засіллем замежнага капіталу, крывавыя сутычкі на рэліг. глебе, рэзкае абвастрэнне адносін І. з суседнімі мусульм. краінамі прывялі да адстаўкі ўрада і прыходу да ўлады ў 1996 урада левацэнтрысцкай кааліцыі пад кіраўніцтвам І.К.Гуджрала. ІНК напачатку падтрымаў гэты ўрад, што дазволіла яму заставацца на чале ўлады да канца 1997. Спыненне падтрымкі ІНК прывяло да адстаўкі ўрада Гуджрала і правядзення у лют. 1998 парламенцкіх выбараў. І. чл.ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Інд.нац. кангрэс — самая ўплывовая паліт. партыя ў краіне, Бхаратыя джаната парты, Джаната дал, Камуніст. партыя І., Камуніст. партыя І. (марксісцкая). Асн.прафс. аб’яднанні: Інд.нац. кангрэс прафсаюзаў, Усеінд. кангрэс прафсаюзаў, Саюз інд. рабочых, Цэнтр інд. прафсаюзаў, Кангрэс аб’яднаных прафсаюзаў, Саюз рабочых І.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна, мае значныя поспехі ў сац.-эканам. развіцці. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) дасягнуў 1,41 трыльёна дол. (1996), на аднаго чалавека прыпадае каля 1500 долараў. Эканам. адсталасць у асобных сферах эканомікі суседнічае з найноўшымі дасягненнямі сусв. навукі і тэхнікі. Дзярж. сектар адыгрывае важную ролю ў развіцці эканомікі, забяспечвае вытв-сць 39% прадукцыі. У сельскай гаспадарцы (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) ствараецца 30,3%, а ў прам-сці (разам з буд-вам) — 28,2% ВУП. Сельская гаспадарка выкарыстоўвае 55% тэрыторыі — каля 181 млн.га, у т. л. пад ворывам каля 145 млн.га. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. 35 млн.га засяваюцца двойчы за год. Узровень механізацыі і хімізацыі нізкі, у якасці цяглавай сілы шырока выкарыстоўваюць жывёлу. Ураджаі на значных плошчах залежаць ад колькасці і тэрмінаў выпадзення ападкаў. Арашаецца каля палавіны земляробчых плошчаў. Сельская гаспадарка мае раслінаводчы кірунак. «Зялёная рэвалюцыя» 1960—70-х г. (зямельная рэформа, механізацыя, шырокае выкарыстанне мінер. угнаенняў і пестыцыдаў) была накіравана на ліквідацыю пагрозы голаду. Амаль паўсюдна вылучаюцца 2 с.-г. сезоны: харыф (летні) і рабі (зімовы). Культуры харыф маюць патрэбу ў працяглым гарачым надвор’і і вял. колькасці вільгаці. Вялікія адрозненні ў прыродных умовах выклікаюць тэр. дыферэнцыяцыю с.-г. вытв-сці. Усюды пераважаюць харч. збожжавыя культуры, збор 182 млн.т (1993/94). Рысу збіраюць 79 млн.т (гал. культура У і Пд краіны). Пшаніцу (57,7 млн.т) вырошчваюць на раўнінах штатаў Пенджаб і Хар’яна, у бас.р. Ганг, арашальных раёнах штата Раджастхан. Збор кукурузы 9,4 млн.т. Прасяныя вырошчваюць як непаліўныя культуры. Сярод іх: джавар (блізкі да сорга) — 11,7 млн.т, баджра — 5 млн.т, рагі — 2,9 млн.т. Важнае месца ў пераважна вегетарыянскім харчаванні насельніцтва займаюць бабовыя: грэм — 5,1 млн.т, тур — 2,7 млн.т і інш. Павялічваецца вытв-сцьтэхн. культур (збор млн.т, 1993/94): цукр. трыснягу — 250, бавоўны — 2,1, арахісу — 5,3, сланечніку — 1,4, тытуню — 0,58, чаю — 0,7. Цукр. трыснёг вырошчваюць пераважна ва ўсх.ч. басейна р. Ганг і на Пд краіны, бавоўнік — на ПнЗ, джут — у вільготных раёнах на У, арахіс — на плато Дэкан і ў штаце Гуджарат, сланечнік, рапс і гарчыцу — на Пн, кунжут і тытунь — усюды, чай — у перадгор’ях Гімалаяў у штаце Асам. Менш значныя зборы кавы і натуральнага каўчуку. І. — традыцыйны і буйнейшы пастаўшчык на сусв. рынак спецый і вострых прыпраў (чорны і чырвоны перац, кардамон, імбір, гваздзіка і інш.). Разнастайнае гасп. значэнне мае какосавая пальма, пасадкі (каля 1 млн.га) размешчаны па ўзбярэжжах на Пд (найб. у штаце Керала). Вырошчваюць фрукты і агародніну; найб. апельсіны, бананы, манга, папайю, гуаву. Жывёлагадоўля развіта параўнальна слаба. Па рэліг. матывах многія індыйцы не забіваюць жывёлу і не ядуць мяса. Таварная жывёлагадоўля не мае шырокага развіцця. Сял. гаспадаркі трымаюць валоў, у вільготных і гарачых раёнах — буйвалаў. Ад буйваліц і кароў атрымліваюць малако і маладняк. Пагалоўе жывёлы слаба забяспечана кармамі, пад лугамі і пашай каля 10% тэрыторыі, пад фуражнымі культурамі каля 5% пасяўных плошчаў. Карова дае каля 400—500 л малака за год. Пагалоўе (1996, млн. гал): буйн. раг. жывёлы —196 (1-е месца ў свеце), буйвалаў — 80,1, коз — 120, авечак — 45,4, свіней — 11,9, птушкі — каля 150. Шаўкаводства. Рыбалоўства ў рэках і морах. Улоў рыбы 4,3 млн.т (1993).
І. дасягнула значных поспехаў у развіцці прамысловасці, асабліва такіх галін, як чорная металургія, машынабудаванне, тэкст., нафтаперапр., фармацэўтычная, вытв-сць угнаенняў і інш. У выніку супрацоўніцтва з вядучымі індустр. краінамі пабудаваны шматлікія прадпрыемствы, узніклі новыя цэнтры апрацоўчай прам-сці. У глыбінных раёнах развіваецца горназдабыўная прам-сць. Развіццё прам-сці грунтуецца на багатых запасах жал. і марганцавых руд, баксітаў, каменнага вугалю, урану, меднай руды і інш.Найб. здабываецца (1993/94, млн.т): вугалю — 245 (штаты Біхар, Зах. Бенгалія), жал. руды — 56,4 (штаты Біхар, Арыса), марганцавай руды — 1,8 (цэнтр.ч. краіны), баксітаў — 5 (пераважна штаты Арыса і Мадх’я-Прадэш), меднай руды — 5,2 (штаты Біхар, Раджастхан). Вытв-сць электраэнергіі 398,3 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважаюць ЦЭС на вугалі і ГЭС; ёсць АЭС. Здабыча нафты 32 млн.т (1994) у штатах Асам і Гуджарат. Перапрацоўка нафты больш за 100 млн.т за год, найб. з-ды ў Бамбеі, Мадрасе, Вішакхапатнаме, каля Дэлі і Калькуты. У 1994 выплаўлена 18,2 млн.т сталі. Сучасныя металургічныя камбінаты ў Дургапуры, Рауркеле, Бакары, Дург-Бхілаінагары. Алюмінію выплаўляюць 466 тыс.т (1993), буйнейшыя з-ды ў Корбе, Ратнагіры. Развіваецца каляровая металургія. Буйныя станкабуд. прадпрыемствы ў Бангалоры, Ранчы, Мадрасе, Бамбеі. Развіта цяжкае (у гарадах Ранчы, Дургапур, Вішакхапатнам) і агульнае (штаты Махараштра, Гуджарат, Тамілнад) машынабудаванне. Судна- і аўтамабілебудаванне (у Бамбеі, Мадрасе, Калькуце, Джамшэдпуры). Вытв-сць (1993/94, млн.шт.): аўтобусаў і джыпаў — 0,24, матацыклаў — 1,76, веласіпедаў — 7,7. Развіта с.-г. машынабудаванне. Цэнтры самалётабудавання Бангалор і Канпур. Вытв-сць абсталявання для тэкст., цукр., цэм., хім. прам-сці (Бхопал, Хайдарабад), эл.-тэхн. прам-сць (Бамбей, Мадрас, Дэлі, Калькута, Раніпур). Вытв-сць радыёпрыёмнікаў 264 тыс.шт. (1993/94). Развіта ваен.прам-сць. Сінт. смолы і пластмасы, сінт. валокны (679 тыс.т, 1994) выпускаюць прадпрыемствы ў Бамбеі і Дургапуры. Угнаенні (9,9 млн.т, 1992/93) вырабляюць у Сіндры, Нангале, Бамбеі. І. займае 3-е месца ў свеце па вытв-сці тканін (штогод каля 13—14 млрд.м) і з’яўляецца адным з вядучых экспарцёраў тэкстылю. Буйнейшыя цэнтры па вытв-сці баваўняных тканін у Бамбеі, Ахмадабадзе, Мадрасе, джутавая вытв-сць у раёне Калькуты, прадпрыемствы шарсцяной прам-сці ў Канпуры, Амрытсары, Срынагары, Ахмадабадзе і інш., гарбарна-абутковай у Канпуры, Агры, Мадрасе. Шмат разнастайных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Выпуск цукру 15,8 млн.т (1994/95), асн. заводы ў штатах Утар-Прадэш і Махараштра, вытв-сць алею з арахісу і баваўнянага семя на пласкагор’і Дэкан і ў штаце Гуджарат. Развіваюцца тытунёвая, папяровая і шкляная прам-сць. Усюды развіта разнастайная саматужная вытв-сцьмаст. вырабаў і сувеніраў з каляровых металаў, дрэва, слановай косці. Вял. значэнне мае здабыча і апрацоўка каштоўных камянёў. Рамёствы і паўсаматужная вясковая прам-сць даюць парчу, ювелірныя вырабы, кераміку, мэблю, высакаякасны шоўк (муслін). У баваўнаводчых раёнах пашыраны саматужнае прадзенне і ткацтва. Найб. развітыя эканам. раёны: Паўночна-Усходні (цэнтр Калькута) і Заходні(цэнтр Бамбей). Асн. від транспарту чыгуначны. Даўж. чыгунак 62462 км, у т. л. 11793 км электрыфікавана (1996). Гал. чыгункі Амрытсар—Дэлі—Калькута, Дэлі—Бамбей, Дэлі—Мадрас, Калькута—Бамбей. Аўтамаб. дарог 2037 тыс.км, у т. л. 981,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём (1996). Даўж.ўнутр. водных шляхоў 16 180 км. Развіваецца авіяц. транспарт. У краіне 288 аэрапортаў і аэрадромаў. З міжнар. аэрапортаў найб. значэнне маюць аэрапорты Дэлі, Калькуты, Бамбея. Марскі транспарт абслугоўвае пераважна міжнар. сувязі. Гал. парты: Бамбей, Калькута, Мадрас, Вішакхапатнам, Кочын. Танаж гандл. флоту 6,8 млн. брута рэгістравых т (1996). Даўж. трубаправодаў 7,4 тыс.км, у т. л. нафтаправодаў 3 тыс.км, прадуктаправодаў 2,7 тыс.км, газаправодаў 1,7 тыс.км (1996). І. наведвае штогод каля 2 млн. турыстаў.
Экспарт краіны 29,96 млрд.дол., імпарт 33,5 млрд.дол. (1995). Асн. экспартныя тавары: прадукцыя машынабудавання і металаапрацоўкі, тканіны, каштоўныя камяні і ювелірныя вырабы, адзенне, скуры і вырабы з яе, жал. руда, чай, камп’ютэрныя праграмы. Імпартныя тавары: нафта і нафтапрадукты, машыны і абсталяванне, угнаенні і сыравіна для іх вытв-сці, каляровыя металы, хім. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Японія, Германія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія. Беларусь у 1996 экспартавала ў І. тавараў на 6,6 млн.дол., імпартавала на 14,6 млн.дол. (у 1995 адпаведна 4 і 11,8 млн.дол.). І. атрымлівае дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Адной з крыніц паступлення валюты з’яўляюцца пераводы ад грамадзян, якія працуюць за мяжой (штогод 0,8—1 млрд.дол.). Знешні доўг 97,9 млрд.дол. (1995). Грашовая адзінка — інд. рупія.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт, непасрэднае кіраўніцтва войскамі ажыццяўляюць міністр абароны (цывільная асоба) і к-т начальнікаў штабоў. У 1997 налічвалі 1,2 млн.чал., рэзерв — каля 0,7 млн.чал. У сухап. войсках 1,1 млн.чал., 11 армейскіх карпусоў, 36 агульнавайск. дывізій, 16 асобных брыгад і інш. злучэнні, часці, каля 3,2 тыс. танкаў, 1,5 тыс. баявых машын пяхоты, 3,9 тыс.артыл. гармат, 2,5 тыс. мінамётаў, 1,7 тыс. зенітных сродкаў і інш. У ВПС 40 авіяц. крылаў, у складзе якіх 45 эскадрылляў баявой авіяцыі (каля 800 самалётаў), 43 эскадрыллі дапаможнай авіяцыі (каля 600 самалётаў і верталётаў), 5 крылаў зенітных кіроўных ракет. У ВМС 3 ваен.-марскія камандаванні, авіяцыя флоту і падраздзяленні берагавой артылерыі, каля 80 баявых караблёў, у т. л. 2 авіяносцы, 18 дызельных падводных лодак, 16 ракетных і 20 супрацьлодачных караблёў, каля 40 баявых катэраў. Ваен.-марскія базы Бамбей, Кочын і інш. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Пераўзбраенне і рэфармаванне ўзбр. сіл вядзецца ў рамках праграмы «Армія —2000».
Ахова здароўя. Пытанні аховы здароўя належаць да кампетэнцыі дзяржавы. Існуе развітая сетка мед. цэнтраў, асн. задача якіх — прадухіленне распаўсюджвання эпідэмій праказы, малярыі, туберкулёзу. У сферы дзейнасці дзяржавы ўваходзіць і кантроль за ўзроўнем нараджальнасці. Распрацаваны 2 праграмы планавання натуральнага прыросту (1952, 1986) з мэтай зменшыць яго да 1,2%. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,5, жанчын 60,8 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1357 чал., урачамі — 1 на 2173 чал. Узровень нараджальнасці — 25 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 69 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. уніфікавана, аднак у некат. штатах ёсць адрозненні. Уключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў (дашк. выхаванне развіта слаба і ў асноўным прыватнае), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. У большасці штатаў дзейнічае школьная сістэма: 5-гадовая пач. школа (для дзяцей з 6 да 11 гадоў, у некат. штатах з 5 гадоў), 3-гадовая няпоўная сярэдняя (6—8-ы кл.; завяршае абавязковае навучанне), 2-гадовая вышэйшая сярэдняя школа (9—10-ы кл.). Навучанне ў дзярж.пач. школах вядзецца на родных мовах вучняў (бясплатнае), у прыватных — пераважна на англ. мове і платнае. У ліку асн. прадметаў — хіндзі (дзярж. мова). У дзярж. няпоўных сярэдніх школах (за выключэннем некалькіх штатаў) навучанне таксама бясплатнае і на роднай мове, хіндзі і англ. мовы выкладаюцца як прадметы. У поўнай сярэдняй школе навучанне платнае. Прадметы ў ёй падзяляюцца на абавязковыя (агульнаадук.) і на выбар (спецыяльныя), аб’яднаныя ў цыклы (гуманіт., прыродазнаўчых навук, тэхн., сельскай гаспадаркі, камерцыйны, мастацтва, хатняй гаспадаркі); выкладаюцца і прыкладныя дысцыпліны: ткацтва, гарбарная і ганчарная справа, рукадзелле і інш. Выпускнікі поўнай сярэдняй школы маюць права паступаць у галіновыя ВНУ. Для паступлення ва ун-т неабходна прайсці падрыхтоўчы курс або скончыць вышэйшую сярэднюю школу. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 3-гадовыя малодшыя тэхн. і 2-гадовыя індустр. вучылішчы і школы (на базе няпоўнай сярэдняй школы), сярэднія тэхн.навуч. ўстановы, курсы падрыхтоўкі кадраў для прам-сці і сельскай гаспадаркі. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты (у склад некат. уваходзяць каледжы) і ін-ты. Навучанне 5—6 гадоў, платнае. У 1996/97 навуч.г. ў І. 169 ун-таў і 32 ін-ты. Буйнейшыя ВНУ: Калькуцкі, Бамбейскі, Мадраскі (усе з 1857), Дэлійскі (з 1922) ун-ты; Кхарагпурскі, Бамбейскі, Мадраскі, Канпурскі тэхн. ін-ты. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1902) у Калькуце, Публічная (з 1951) у Дэлі, Цэнтр. публічная (з 1896) у Мадрасе, Б-ка ўсходняй л-ры (з 1924) у Патне. Буйнейшыя музеі: Нац. музей І. (з 1949), Нац. галерэя сучаснага мастацтва ( 1954), Мемар. музей і б-ка Дж.Нэру, Мемар. музей М.Гандзі — усе ў Дэлі; Інд. музей (з 1814) у Калькуце, Дзярж. музей (з 1851) і Нац.маст. галерэя (з 1951) у Мадрасе. Навук. даследаванні праводзяцца ў ВНУ і спец.навук. цэнтрах, прамысл. даследчых лабараторыях; у галіне прыродазнаўчых навук у асноўным сканцэнтраваны ва ун-тах, а таксама ў асобных навук. цэнтрах. Буйнейшыя з іх — Ін-т фундаментальных даследаванняў у Бамбеі, Атамны даследчы цэнтр і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. У І. выходзіць больш за 35 тыс.перыяд. выданняў на 93 мовах, пераважна на англійскай. Большасць выданняў прыватныя або належаць буйнейшым выдавецкім кампаніям «Таймс оф Індыя», «Індыян экспрэс», «Хіндустан таймс», «Ананда базара патрыка». Сярод штодзённых газет найб. тыраж маюць «Indian Express» («Індыйскі экспрэс», з 1932, на англ. мове), «Наў бхарат таймс» («Час новай Індыі, з 1947, на мове хіндзі), «The Hindu» («Індус», з 1878, на англ. мове). Інфармацыйныя агенцтвы друку: Прэс Траст оф Індыя (з 1947), Юнайтэд Ньюс оф Індыя (з 1960), Хіндустан Самачар (з 1948), Індыя Прэс Эйджэнсі (з 1957). Радыё дзейнічае з 1927, з 1930 кантралюецца дзяржавай; адно з буйнейшых у свеце: 102 вяшчальныя цэнтры, 42 рэгіянальныя радыёстанцыі штодзённа трансліруюць 273 інфарм. бюлетэні на 24 мовах і 36 дыялектах. Тэлебачанне з 1957 (эксперым. праграмы ў Дэлі), агульнанац. з 1965, з 1981 — каляровае. Кантралюецца і фінансуецца ўрадам, мае 280 гадз вяшчання штотыднёва. Дзейнічаюць 18 тэлевізійных і 9 рэлейных станцый.
Літаратура. Найб. старажытным помнікам інд. л-ры з’яўляюцца Веды (канец 2-га — 1-я пал. 1-га тыс. да н.э.) — рэліг. гімны на санскрыце. Каля 6—5 ст. да н.э. ў вуснай творчасці на нар. мовах (пракрытах) пачало складвацца ядро вял. эпічных паэм «Махабхарата» і «Рамаяна», якія ў першых стагоддзях, н.э. прынялі канчатковы выгляд на санскрыце. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. на мовах палі і пракрытах створана будыйская л-ра, у т. л. джатакі, дзе рэліг. дыдактыка спалучаецца з фалькл. сюжэтамі. У 4—3 ст. да н. э. запісана кніга нар. казак на санскрыце «Панчатантра». Яна была вельмі пашырана на Усходзе і ў сярэдневяковай Еўропе. На рубяжы новай эры намеціўся пераход да індывід. творчасці, складваліся самаст.літ. віды і формы: пракрыцкая лірыка Халы (4 ст.), санскрыцкія драмы Ашвагхашы (2 ст.), Бхасы (4 ст.), тамільская ліра-эпічная паэзія, а пазней творчасць Калідасы (5 ст.) і Дандзіна (6—7 ст.) на санскрыце. Вяршыня стараж.-тамільскай л-ры — кніга афарызмаў «Тырукурал» Тырувалувара (4—5 ст.). Каля 7 ст. побач з санскрыцкай і тамільскай узніклі л-ры на мовах канада, тэлугу, асамскай, бенгальскай, гуджарацкай, арыйскай, пенджабскай, хіндзі, урду і інш. Стварэнне дзяржаў з пануючымі мусульм. вярхамі і пашырэнне ісламу выклікалі ўзнікненне інд. персамоўнай л-ры (Амір Хасроў Дэхлеві, 13 ст.; М.А.Бедыль, 17 ст. і інш.; гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Іран). Нар. антыфеад. рух пад рэліг. лозунгам бхакці (літар. адданасць) спрыяў развіццю л-ры 15—17 ст., накіраванай супраць класавага і каставага прыгнёту. У паэзіі бхакці побач з дэмакр. (Кабір, пенджабскі паэт Нанак, 16 ст.; маратхскі паэт Тукарам, 17 ст.; паэты хіндзі Сурдас і Дадудаял, 16 ст.) адзначаецца і кансерватыўная (паэт хіндзі Тулсідас, 17 ст.) тэндэнцыя. Адзін з вял. помнікаў паэзіі бхакці — «Адыгрантх» («Пачынальная кніга», пач. 17 ст.) — анталогія рэфарматарскай паэзіі народаў Паўн. І. Яна ўключае творы буйнейшых паэтаў-бхактаў, у т. л. заснавальніка рэліг.-рэфарматарскага руху сікхізм (пазней стаў рэлігіяй) Нанака. Заваяванне І. Вялікабрытаніяй у 18 ст. прывяло да заняпаду інд. л-ры і ўзмацнення эпігонства. У 19 ст. ў шэрагу л-р паяўляюцца асветніцкія тэндэнцыі. Каля вытокаў асветніцкага руху «Маладая Бенгалія» стаялі першы англамоўны паэт Г.Л.В.Дэрозіо і пачынальнік бенгальскай прозы А.Рай. Інд.нар. паўстанне 1857—59, рост нац. самасвядомасці інд. народаў і аб’яднанне іх у барацьбе супраць брыт. каланіялізму паскорылі развіццё інд. л-ры. Сац. тэматыка заняла гал. месца ў творах бенгальца М.Дота (камедыя «І гэта называецца цывілізацыя?»), Д.Мітра (сатыр. камедыі, драма «Люстэрка індыга») і Б.Чатападхая (гіст. і сац.-быт. раманы), драматурга і публіцыста хіндзі Бхаратэнду Харышчандра, раманіста урду Р.Саршара («Аповесць пра Азада»), маратхскага пісьменніка В.Чыплункара, драматурга Г.Б.Дэвала, паэта К.К.Д.Кешаўсута, заснавальніка гуджарацкай прозы Нармадшанкара і інш. У 1920-я г.цэнтр. тэмай інд. л-ры стала барацьба за нац. незалежнасць (творчасць М.Гупты, М.Чатурведзі, Ш.Чатападхая, Б.Бандападхая, Гурбахша Сінгха і інш.). У 1936 па ініцыятыве Прэмчанда, М.Р.Ананда і С.Саджада Захіра створана Асацыяцыя прагрэс. пісьменнікаў І. Вял. ўплыў на л-ру зрабіў гандзізм. Вышэйшая ступень развіцця крытычнага рэалізму — творчасць Р.Тагора і Прэмчанда. Вядомасць набылі лірыка паэта урду Э.Х.А.Вафы, раманы бенгальскага пісьменніка Г.Халдара, проза і публіцыстыка пісьменніка хіндзі Яшпала. Абнаўляліся паэт. формы, інтэнсіўна развівалася проза. З’явіліся фрэйдысцкі раман І.Джошы «Ладжа», містычная паэзія паэтэсы Махадэві Вармы (абодва хіндзі). Заваяванне І. дзярж. незалежнасці вывела наперад сац. тэматыку, садзейнічала ўмацаванню адзінства шматнац. л-р краіны. Узмацнілася цяга да адлюстравання людзей працы, барацьбітоў за сац. справядлівасць (празаік канада Ніранджана, малаялец Такажы Шывашанкара Пілай і інш.). Экзістэнцыялісцкая філасофія адлюстравалася ў творчасці пісьменніка хіндзі Аг’еі і раманіста тэлугу Б.Крышнарао. Вылучаецца творчасць паэтаў хіндзі Д.Бхараці, маратхскіх паэтаў Б.С.Мардхекара і Ш.М.Муктыбодха. Побач з л-рамі на нац. мовах развіваецца інд.л-ра на англ. мове (паэты Дэрозіо, К.Гхош, Т.Дат, у 19 — пач. 20 ст. — А.Гхош, С.Найду, Чатападхай, празаікі Ананд, Р.К.Нараян, Чатападхай і інш.). На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі зб.інд.нар. казак «Чароўная чаша» (1957), зб. апавяданняў інд. пісьменнікаў «Дрэва вады» (1959), «Выбранае» К.Чандра (1957), раманы «Садоўнік» (1927) і «Крушэнне» (1958), «Выбранае» (1976) Тагора друкаваліся таксама паасобныя творы Тагора, Прэмчанда, Чатападхая, Ананда і інш.
Архітэктура. Найб.стараж. ўзоры архітэктуры І. — абарончыя, гасп. і жылыя пабудовы г. Махенджа-Дара і Харапа (3—2-е тыс. да н. э.). У 2-м — сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца ўстойлівыя формы і тыпы нар. дойлідства, правілы забудовы і геам. планіроўкі вёсак і гарадоў. У дзяржаве Маур’яў (4—2 ст. да н.э.) ствараліся багатыя жылыя дамы і палацы, будыйскія культавыя збудаванні: мемар. стаўпы («стамбха» ў Сарнатху), манум. паўсферычныя пабудовы (ступа ў Санчы), пячорныя храмы (чайцья) у Кондане, Аджанце і Карлі, манастыры. Пазней узніклі новыя арх. вырашэнні (вежападобны храм Махабодхі ў в. Будх-Гая, храм у Санчы, 5 ст.). З 6—7 ст. храмы стараж. тыпаў (скальны храм у Элоры, 8 ст.) саступаюць месца на Пн вежападобным круглаватым будынкам (у Бхубанешвары, Кхаджураха, 10—12 ст.), на Пд — храмам у выглядзе ўсечаных пірамід (у Махабаліпураме, 7 ст.), з канцэнтрычнымі агароджамі і надбрамнымі вежамі (у Танджавуры, пач. 11 ст.). Раскошай вызначаюцца джайнскія храмы 11—12 ст. (храм Вімала на гары Абу) з белага мармуру, інкруставаныя ўнутры каштоўнымі камянямі. З 13 ст. ў Дэлійскім султанаце архітэктура набыла геам. дакладнасць, пашырыліся стральчатыя аркі, плоскасная паліхромная арнаментацыя, будаваліся мячэці, купальныя пахавальні, мінарэты (Кутб-Мінар у Дэлі, каля 1200). Яна дасягнула росквіту ў дзяржаве Вял. Маголаў у 16—17 ст.: умацаванні і мармуровыя палацы Агры і Дэлі, мячэці, маўзалей Тадж-Махал. На Пд па-ранейшаму будавалі аздобленыя скульптурай храмы (у Мадураі, 17 ст.), у Раджастхане ствараліся палацы-крэпасці, «вежы перамогі». Будавалі гарады з мураванымі дамамі. Англ. каланізатары пачалі ўкараняць эклектычныя формы архітэктуры. Гарады (Бамбей, Калькута, Дэлі) забудоўваліся дамамі еўрап. тыпу, узнікалі рэзкія кантрасты раёнаў стараж. архітэктуры, багатых еўрапеізаваных кварталаў і трушчобнага жылля беднаты. Хутка раслі партовыя гарады (Калькута, Мадрас, Бамбей), дзе ўжо з 17 ст. англічане ўзводзілі фарты, докі і хрысц. цэрквы. У 18 — сярэдзіне 19 ст.адм., дзелавыя будынкі і прыватныя рэзідэнцыі будавалі ў формах англ. класіцызму і неаготыкі. Прыклад горадабудаўніцтва калан. перыяду — Нью-Дэлі (забудоўваўся ў 1912—30-я г.). На мяжы 19—20 ст. з развіццём нац.-вызв. руху і абуджэннем цікавасці да нац. культуры пашырылася стылізацыя пад традыц. формы інд. дойлідства (ун-т у Хайдарабадзе, 1918). Пасля заваявання незалежнасці ў І. разгарнулася грандыёзнае па маштабах буд-ва, звязанае з індустрыялізацыяй краіны. У 1950—60 пры дапамозе замежных спецыялістаў узводзілі гідраэнергет. комплексы (Бхакра-Нангал і інш.), металургічныя камбінаты (у Бхілаі) і інш. Вакол буйных прадпрыемстваў будавалі пасёлкі і гарады (Чандыгарх, 1951—56, група замежных і інд. архітэктараў пад кіраўніцтвам Ш.Э.Ле Карбюзье). Жылыя і грамадскія будынкі ў буйных гарадах узводзяць у формах сучасных зах.-еўрап. стыляў (пераважна функцыяналізму): банк у Калькуце (1969, арх. А.Гупта), а таксама ў спалучэнні традыц. і сучасных тэхн. прыёмаў і аб’ёмна-прасторавых вырашэнняў (Ін-т індалогіі ў Ахмадабадзе, 1960—63, арх. Б.Дошы).
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі маст. культуры захаваліся з 3—2-га тыс. да н.э. (скульптура і кераміка з Махенджа-Дара і Харапы). Росквіту мастацтва І. дасягнула з утварэннем дзяржавы Маур’яў (4—2 ст. да н.э), спалучыўшы ўплыў культур краін Міжземнамор’я і Персіі: капітэль калоны Ашокі з г. Сарнатх («Ільвіная капітэль», каля 243 да н.э.) — нац. эмблема сучаснай І., статуя багіні ўрадлівасці («якшыні») з Дыдарганджа (верагодна, 2 ст. да н.э.) і інш. Ідэяй невычэрпнасці і разнастайнасці свету прасякнуты шматфігурныя рэльефы на сюжэты паданняў пра Буду на агароджы і брамах-«торана» ступа ў Бхархуце (2 ст. да н.э.) і браме ступа № 1 у Санчы (1 ст. да н.э.). У маст. культуры дзяржавы Гуптаў (4—5 ст.) з’явіліся строгія ідэалізаваныя вобразы (статуі Буды з Сарнатха і з Гандхары), наскальныя рэльефы (Удаягіры), пышная скульптура і размалёўкі пячорных храмаў Аджанты. У сярэдневякоўі атрымаў развіццё мініяцюрны жывапіс. Гуджарацкія мініяцюры (пераважна ілюстрацыі да рэліг. кніг) вызначаюцца плоскасным адлюстраваннем чалавечых фігур, лакальнымі фарбамі. У 16 ст. склалася школа магольскай мініяцюры (ілюстрацыі да гіст. трактатаў, партрэтны і анімалістычны жанры). З сярэдзіны 16 ст. развівалася раджпуцкая школа, пазней — школа Пахары, для якіх характэрны гучны каларыт, вытанчаны лінейны рытм, лірычная пранікнёнасць У перыяд англ. каланізацыі стараж.традыцыівыяўл. мастацтва заняпалі. У 1850-я г.брыт. адміністрацыя стварыла некалькі маст. школ у розных гарадах І. з навучаннем на еўрап. ўзор, што адыграла важную ролю ў фарміраванні новага прафес. мастацтва. Буйнейшы прафес. жывапісец Р.Варма ў духу зах.-еўрап. акадэмізму пісаў карціны на тэмы жыцця народа. На мяжы 19—20 ст. група мастакоў на чале з А.Тагорам і мастацтвазнаўцам Э.Б.Хавелам стварыла аб’яднанне «Бенгальскае Адраджэнне» з эстэт. праграмай незалежнасці ад еўрап. акадэмізму і звароту да нац. каранёў. Асн. тэматыка мастакоў гэтай плыні (Н.Бос, С.Гупт, С.Укіл) — сцэны вясковага жыцця і эпізоды з міфаў. Нягледзячы на майстэрства і лірычную тонкасць твораў, з прычыны аддаленасці ад рэалій жыцця яны не пазбеглі стылізатарства і рамантызацыі і хутка вычарпалі свае магчымасці. Аднак «Бенгальскае Адраджэнне» адыграла значную культ.-гіст. ролю, абудзіла цікавасць да нац. спадчыны. У 20 ст. асяродкам новага кірунку ў мастацтве стаў ун-т Вішвабхараты, засн. Р.Тагорам. У 1930—40-я г. мастакі А.Шэр-Гіл (спалучэнне традыцый жывапісу Аджанты і постімпрэсіянізму) і Дж.Рой (традыцыі бенгальскага лубка) заснавалі новую рэаліст. школу мастацтва (жывапісец А.Бос, скульпт. В.П.Кармаркар). У мастацтве незалежнай І. склалася шмат плыней: традыцыі «Бенгальскага Адраджэння» працягваў Б.Укіл, рэаліст. мастацтва — скульпт. і жывапісец С.Кхастгір, графік Х.Дас, традыцыіінд. і еўрап. мастацтва 20 ст. спалучалі жывапісцы і графікі К.К.Хебар, Ш.Чаўда, С.Мукерджы, скульпт. Ч.Кар, П.Д.Гупта і інш. На мяжы 1950—60-х г. узмацніліся мадэрнісцкія кірункі (М.Ф.Хусейн, Чаўда, С.Гуджрал). У дэкар.-прыкладным мастацтве развіваюцца старадаўнія віды саматужнай вытв-сці: ткацтва, разьба па дрэве, косці, камені і мармуры (Агра), апрацоўка металу (Джайпур, Бідар), прыгатаванне лакаў і размалёўка імі (штат Махараштра), ганчарства (Джайпур, Бамбей), пляценне, вышыўка (Кашмір).
Музыка. Раннія этапы фарміравання музыкі І. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. У сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. склалася традыцыя т. зв. ведыйскіх песнапенняў — своеасаблівае напеўнае рэчытаванне свяшчэнных тэкстаў Ведаў (найб. значныя Рыгведа — веда гімнаў і Самаведа — веда мелодый). На мяжы н.э. ў муз. культуры І. сфарміраваўся шэраг «высокіх» муз., муз.-танц. (бхарат нацья), муз.-тэатр. (санскрыцкая драма) жанраў; пачалося развіццё муз. навукі: трактаты «Гіталанкара» (каля 1 ст.н.э.), «Нацьяшастра» Бхараты (2—4 ст.н.э.), «Брыхадэшы» Матангі (5—7 ст.), «Сангітаратнакара» Шарнгадэвы (13 ст.), «Сварамелакаланідхі» Рамамацьі (16 ст.). Асновы фундаментальных канцэпцый інд. класічнай музыкі — рага (ладамеладычнае разгортванне) і тала (метрарытмічная арганізацыя). Характэрная рыса класічнай маст. культуры І. — сангіт, сінтэз муз., вак. і харэаграфічнага мастацтва, на аснове якога сфарміраваліся формы інд.муз.т-ра — джатра, якшагана, тамаша і інш. Узорамі муз.т-ра з’яўляюцца і класічныя стылі інд. танца — бхарат нацья, катхакалі, катхак, маніпуры. У 13—14 ст. сістэма інд. музыкі падзялілася на 2 вял. рэгіянальныя традыцыі: паўн. (хіндустані, зазнала розныя ўплывы) і паўд. (карнатак, захавала нац. стыль). У 15—16 ст. у межах хіндустані сфарміравалася прыдворная вак. форма дхрупад (Міян Тансен і Свамі Харыдас), у 18 ст. дасягнуў росквіту рамантычна-віртуозны кхаял — вак., потым і інстр. жанр, які актывізаваў развіццё гар.муз. культуры і фарміраванне лакальных выканальніцкіх школ — гхаранаў. У карнацкай вак. музыцы дзейнічала традыцыя крыці, прадстаўленая буйнейшымі інд. музыкантамі 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Ш.Шастры, Цьягараджы і М.Дыкшытара. Муз. спадчына Р.Тагора стала самаст.маст. кірункам — т. зв. Рабіндрасангіт (песні Рабіндраната). Важным стымулам кампазітарскай творчасці стала кінамузыка з відавочнымі тэндэнцыямі да аб’яднання прынцыпаў стылістыкі нац. і зах.-еўрап. школ (А.Бісвас, Х.Кумар, С.Чаўдхуры, Р.Барман, С.Бхаскар і інш.). Сярод выканаўцаў 20 ст. дырыжор З.Мета, інструменталісты Р.Шанкар (сітар), Б.Хан (шэхнаі), Х.Чаўрасья (флейта), Ш Шарма (сантур), З.Хусейн (табла), спевакі браты Д. і К.Гандхарва, Г.Алі Хан, Б.Чатурведзі, спявачкі П.Султана, Субулакшмі, Ш.Гурці. Працуюць: Муз. акадэмія ў Мадрасе (з 1928), Цэнтр мастацтва Кералы (з 1930), Муз.ін-т Гандхарва Махавідзьялая (з 1939), Акадэмія музыкі, танца і драмы ў Дэлі, Нац. цэнтр выканальніцкіх мастацтваў у Бамбеі, муз. школы, каледжы, муз. ф-ты пры ун-тах; выдаюцца муз. часопісы.
Тэатр. Інд.т-р узнік у старажытнасці з 2 відовішчных форм: культавай містэрыі ведыйскай эпохі, звязанай з прадстаўленнямі ў гонар бога-грамавержца Індры, і імправізаванага смехавага прадстаўлення, якое таксама ўзнікла на глебе культавых свят. Пазней гэтыя формы зліліся. Найб. раннія ўпамінанні пра «ната» (дапаможнікі па акцёрскім мастацтве) змешчаны ў граматыцы Паніні (4 ст. да н.э.). Узнікненню класічнага інд.т-ра (сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.) папярэднічаў нар. традыцыйны т-р, які меў шмат форм, вядомых і ў сучаснай І.: на Пн — муз.-танц. драма ліла (ліла—ігра), заснаваная на сюжэтах стараж.-інд. легенд, міфаў і эпічных твораў «Махабхарата» і «Рамаяна»; на Пд — танц. драма катхакалі (катха — апавяданне, калі — муз. інтэрпрэтацыя), якая ў 18 ст. ператварылася ў высокаразвітую тэатр. форму са сваёй драматургіяй, якшагана аб’яднала танец, дыялог, дэкламацыю і спевы; у Зах. Бенгаліі і Арысе — джатра і інш. Да інд.нар. камедыі належаць прадстаўленні быт. сцэнак кашмірскімі скамарохамі — бхандамі. Для інд.тэатр.традыцыі характэрны кансерватызм і сінтэтычнасць. Сістэма выяўл. сродкаў уключае паэт. слова, вак. і інстр. музыку, танец, пантаміму, драм. мастацтва. Формы нар.т-ра паўплывалі на класічны інд.т-р, які фарміраваўся на працягу 5—1 ст. да н.э. Першы санскрыцкі трактат аб т-ры — «Нацьяшастра» Бхараты («Навука пра тэатр»; 2—4 ст.н.э.) змяшчае звесткі пра паходжанне т-ра, драмы, музыкі, танца, пра арганізацыю сцэнічнай прасторы, маст.-выяўл. сродкі і інш. Распрацавана канцэпцыя раса (вучэнне аб эмоцыі), паводле якой кожнай расе адпавядаў пэўны сюжэт і персанажы. Дэтальна распрацавана мова жэстаў мудра, якая мае больш за 500 сімвалаў і праз чаргаванне, камбінацыі і паставы рук выражае розныя прадметы, дзеянні, эмоцыі, абстрактныя паняцці. У інд. класічнай драме 2 асн. жанры: натака — высокая драма на міфалагічны сюжэт і пракарна, звязаная з нар. смехавым прадстаўленнем. На санскрыце гавораць «высокія» мужчынскія персанажы, на пракрыце — жаночыя і «нізкія» мужчынскія персанажы. Росквіту інд. класічная драма дасягнула ў перыяд імперыі Гуптаў (4—5 ст.; драматургі Бхаса, Шудрака і Калідаса). Акцёраў запрашалі на прыдворныя святы, у палацах будавалі тэатр. залы, ствараліся і ўласныя трупы, часта жаночыя, гарэмныя.
У сярэдневяковай драме працягваліся стараж.традыцыі, аднак жанравыя каноны трансфармаваліся. Папулярным стаў жанр націка — «лёгкая» натака, пабудаваная на захапляльнай інтрызе. У сярэдзіне 19 ст. ўзмацнілася ўздзеянне на інд.т-реўрап. культуры. Адзін са значных тэатр. дзеячаў І. новага часу Р.Тагор, імкнучыся аб’яднаць усх. і зах.тэатр.традыцыі, адкрыў эксперым.тэатр. школу (1891; пазней — ун-т Вішвабхараты). У 1872 бенгальскі драматург Г.Гхош заснаваў Нац. т-р. З 2-й пал. 19 ст. пачала актыўна развівацца драматургія на новаінд. мовах: бенгальскай (Тагор, Д.Мітра, Р.Таркаротна і інш.), хіндзі (Б.Харышчандра, Дж.Прасад, Р.Варма і інш.). Тэатр. жыццё І. актывавалася ў 1940-я г., калі ўзніклі прафес. і аматарскія калектывы. Важнае значэнне мела адкрыццё Акадэміі музыкі, танца і драмы (1953), пры якой з 1959 пачала працаваць першая дзярж.тэатр. школа. Тэатр. жыццё 1970-х г. вызначалася імкненнем да сінтэзу традыц.нац.т-ра з формамі і метадамі зах.-еўрап. т-раў. Папулярны т-р лялек. У сучаснай І. працуюць буйныя прафес. т-ры ў Дэлі, Калькуце, Бамбеі, Мадрасе, Катацы, Бенарэсу і інш., якія звяртаюцца да твораў інд. класічнай і сучаснай драматургіі, сусв. класікі. Спектаклі ставяцца на мовах народаў І. (бенгалі, хіндзі, орыя, гуджараці, канада і інш.).
Кіно. Пачаткам кінавытворчасці ў І. была творчасць мастака-літографа Д.Г.Пхалке [фільм «Раджа Харышчандра» (1913) паводле стараж. міфа пра высакароднага цара], які ўвасобіў на экране прынцыпы традыц.інд.тэатр. драмы (джатры). Ён зняў каля 100 фільмаў на сюжэты міфаў (у т. л. з эпасу «Махабхарата» і «Рамаяна»), якія ўзнімалі нац. годнасць ва ўмовах жорсткай брытанскай цэнзуры. Паслядоўнікі Пхалке — рэж. Б.Пейнтэр і Дж.Ф.Мадан праклалі 2 шляхі інд. кіно: першы імкнуўся да гіст. дакладнасці, другі — да відовішчнасці ў камерцыйных мэтах. Буйнейшымі цэнтрамі кінавытворчасці былі і застаюцца гарады Бамбей, Калькута, Мадрас. Найб. значныя фільмы 1920-х г.: «Светач Азіі» Х.Раі і Ф.Остэна, «Толькі зараз з Англіі» Д.Н.Гангападхая; 1930-х г.: «Прыгажосць свету» А.Ірані (першы гукавы фільм, а таксама фільмы на гіст.-міфалагічныя і сац. тэмы рэж. Д.Бошу, Н.Бошу, П.Ч.Баруа, В.Шантарама, Мехбуба, С.Мадзі. У 1930-я г. склаліся сістэма «зорак» і традыцыя ўключаць у сюжэтнае дзеянне муз.-танц. нумары. Абвяшчэнне ў 1950 Рэспублікі І. дало моцны імпульс для развіцця інд. кіно. Былі экранізаваны творы і сцэнарыі пісьменнікаў М.Р.Ананда, К.Чандра, Прэмчанда, Яшпала і інш. Кіно рэалістычнага кірунку прадстаўлялі рэж. Х.А.Абас [ «Дзеці зямлі», 1946, «Спадарожнік» (у сав. пракаце «Ганга») і «Муна», 1952, «Тысяча начэй на ложку з камення» і «Чужаземец» (у сав. пракаце «Хаджэнне за тры моры»), 1956], Б.Рой [«Два бігхі зямлі», 1953, «Суджата» (у сав. пракаце «Недатыкальная»), 1959, «Нявестка Бірадж» (у сав. пракаце «Бірадж Баху»), 1960, і інш.]. Сусветна вядомыя кінематаграфісты І. 1950—80-х г.: прадстаўнік т.зв. калькуцкай школы, рэж., сцэнарыст, кампазітар С.Рэй («Песня дарогі», «Музычны пакой», «Праціўнік», «Шахматысты», «Алмазнае каралеўства» і інш.); рэж. М.Сен («Дзень вяселля», «Пасляслоўе», «Чужое дзіця», «Гутарка», «Калькута-71», «Радавы», «Хор» (у сав. пракаце «30 000!»)]; рэж. Ш.Бенегал [«Канец ночы», «Абуджэнне», «Роля» (у сав. пракаце «Цяжкая роля»), «Вар’яцтва», «Стагоддзе Калі, або Машынная эра», «Сардары Бегам» і інш.]; акцёр, рэж., прадзюсер Р.Капур (з дынастыі Капураў), які ў 1947 засн. уласную студыю ў Бамбеі, рабіў стаўку на масавыя жанры, у якіх праводзіў гуманіст. ідэі («Бадзяга», «Пан—420», «Чысцільшчык абутку», «Сангам», «Маё імя — клоун», «Бобі», «Любоўная немач» і інш.). Рэжысёры 1980—90-х г.: А.Гапалакрышнан, К.Мехта, А.К.Каўль, М.Ратхам, С.Камал, Г.Ніхлані, К.Ладжмі. Сусв. вядомасць атрымала рэж.-жанчына М.Наір («Салям, Бамбей!», «Місісіпі Масала», «Сям’я Перэз», «Камасутра»). Кіназоркі 1980—90-х г.: Х.Маліні, Ш.Азмі, З.Аман, Рэкха, Шрыдэві, М.Дыксіт, Дж.Чаўла, С.Патыл, Нілам, Р.Агніхотры, А.Бачан, М.Чакраборці, Гавінда, А.Капур. Д.Шорф, Ч.Пандэй. У І. на дзярж. і прыватных кінастудыях здымаецца рэкордная колькасць маст. фільмаў у свеце (у 1990—970 фільмаў) на 15—16 мовах (пераважна на хіндзі). Дзярж.арг-цыя «Філмс дывіжэн» стварае дакумент., анімацыйныя, вучэбныя фільмы.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979;
Альбедиль М.Ф. Протоиндийская цивилизация: Очерки культуры. М., 1994;
Шарма Р.Ш. Древнеиндийское общество: Пер. с англ.М., 1987;
Медведев Е.М. Очерки истории Индии до XIII в.: [Сб. ст.]. М., 1990;
Ашрафян К.З. Средневековый город Индии XIII — середины XVIII в.: (Пробл. эконом. и социальн. истории). М., 1983;
Ванина Е.Ю. Идеи и общество в Индии XVI—XVIII вв. М., 1993;
Политическое развитие и общественная мысль Индии в новое и новейшее время: [Сб. ст]. М., 1976;
Празаускас А.А. Этнос, политика и государство в современной Индии. М., 1990;
Краткая история литератур Индии. Л., 1974;
Калинникова Е.Я. Англоязычная литература Индии. М., 1974;
Проблемы индийского романа. М., 1974;
Художественные направления в индийской литературе XX в.: [Сб. ст.], 1977;
Челышев Е.П. Современная индийская литература. М., 1981;
Шептунова И.И. Живопись Бенгальского возрождения. М., 1978;
Потабенко С.И. Изобразительное искусство Индии в новое и новейшее время (конец XVIII — сер. XX в.). М., 1981;
Дева Б.Чайтанья. Индийская музыка: Пер. с англ.М., 1980;
Менон Рагхава Р. Звуки индийской музыки: Путь к раге: Пер. с англ.М., 1982;
Музыкальная эстетика стран Востока. М., 1967. С. 35—139;
Виноградов В.С. Индийская рага. М., 1976;
Котовская М.П. Синтез искусств: Зрелищные искусства Индии. М., 1982;
Кино Индии. М., 1988.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя Індыі ў 20 ст.), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), В.М.Навумчык (асвета, навук. ўстановы), Я.Ф.Шунейка (выяўл. мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка), А.М.Міхеева (тэатр), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Індыі.Да арт.Індыя. Узбярэжжа Аравійскага мора ў штаце Гоа.Да арт.Індыя. Вёска ў перадгор’ях Гімалаяў.Да арт.Індыя. Рысавыя палі на Інда-Гангскай раўніне.Да арт.Індыя. Металургічны камбінат у г. Дург-Бхілаінагар.Да арт.Індыя. Ландшафт на пласкагор’і Дэкан.Да арт.Індыя. Памятны знак на месцы крэмацыі М.Гандзі.Да арт.Індыя. Алеевыціскальшчыкі. Гравюра 18 ст.Да арт.Індыя. Фрагмент фасада храма Кандар’я Махадэо ў в. Кхаджураха. Каля 1000.Да арт.Індыя. У цэнтры Бамбея.Да арт.Індыя. Джайнскі храм Вімала на гары Абу ў Раджастхане. 11 ст.Да арт.Індыя. А.Тагор. Развітанне з сынам. 20 ст.Да арт.Індыя. «Ільвіная капітэль» калоны Ашокі з г. Сарнатх. Каля 243 да н.э.Да арт.Індыя. Буда. Размалёўка ў комплексе Аджанта. 6 ст.Да арг.Індыя. Птушкі. Магольская мініяцюра. 17 ст.Да арт.Індыя. Ілюстрацыя да «Бабурнамэ». 16 ст.Да арт.Індыя. Галава Буды з Гандхары. 5 ст.Да арт.Індыя. Радха і Крышна. Школа Пахары. 18 ст.Да арт.Індыя. Індыйскія танцы ў класічных стылях (злева направа): маніпуры, бхарат нацья, катхак.Да арг.Індыя. Выканаўцы на сітары і табла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛІЯ (Portugal),
Партугальская Рэспубліка (República Portuguêsa), дзяржава на ПдЗ Еўропы, на Пірэнейскім п-ве. Уключае а-вы Азорскія і Мадэйра ў Атлантычным акіяне. Мяжуе на Пн і У з Іспаніяй. Пл. 92,4 тыс.км². Нас. 9918 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — партугальская. Сталіца — г.Лісабон. Краіна падзяляецца на 18 акруг і 2 аўт. акругі (на астравах). Нац. свята — Дзень Партугаліі (10 ліп.).
Дзяржаўны лад П. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі 1982, 1989, 1992 і 1997. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Сход Рэспублікі (230 дэпутатаў, выбіраюцца на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. На ПнУ горныя хрыбты выш. 1000—1200 м (найб.выш. 1993 м, г. Эштрэла ў хр. Сера-да-Эштрэла) і плато. Уздоўж узбярэжжа — нізіна. На Пд ад р. Тэжу хвалістая Партугальская нізіна з асобнымі кражамі, Астравы гарыстыя. На в-ве Піку з групы Азорскіх а-воў г. Піку выш. 2351 м. У краіне бываюць моцныя землетрасенні. Карысныя выкапні: вальфрамавыя, алавяныя, уранавыя, медныя, жал. руды, мармур і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. 5—11 °C, ліп. 20—29 °C. Ападкаў 700—1000 мм на ўзбярэжжы, 1000—2000 мм за год у гарах. Гал. рэкі: ніжнія цячэнні Міньё, Дору (Дуэра), Тэжу (Таха), Гвадыяна. Пад лесам (коркавы і каменны дуб, эўкаліпт, каштан, прыморская хвоя і пінія) і хмызнякамі (маквіс і гарыга) 36% тэрыторыі. Шмат грызуноў, птушак, паўзуноў. Трапляюцца воўк, куніца, ліс, рысь. Нац. парк Пенеда-Жэрэш, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Партугальцы складаюць больш за 98%. Жывуць невял. групы эмігрантаў з б. калоній, бразільцы і інш. Вернікі — католікі (97%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва блізкі да нулявога. Сярэдняя шчыльн. 107,3 чал. на 1 км². Больш за 70% насельніцтва сканцэнтравана на ўзбярэжжы. У гарадах жыве 66% насельніцтва. Найб. (млн.ж., з прыгарадамі і суседнімі невял. гарадамі): Лісабон — 2,1, Порту — 1,7. У прам-сці і буд-ве занята 32% працоўных, у сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве — 12%, у абслуговых галінах — 56%. Значная эміграцыя ў краіны Еўропы і Амерыкі.
Гісторыя. Тэр. П. заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. тут аселі кельты. У 4—3 ст. да н.э. большую ч. краіны насялялі лузітаны. У 138—136 да н.э.тэр. П. заваявалі рымляне, у канцы 1 ст. да н.э. яна амаль уся ўвайшла ў рым.прав. Лузітанія, у 1-й пал. 5 ст.н.э. — у каралеўства свеваў. У 2-й пал. 5 ст. свеваў выцеснілі вестготы. У 713—718 тэр. П. заваявалі арабы і берберы (маўры). Горныя землі на Пн ад р. Дору сталі ачагом Рэканкісты, да сярэдзіны 11 ст. яны ўвайшлі ў каралеўства Леон. У 1095 кароль Леона Альфонс VI (у 1094 яго войска разбілі каля Лісабона Альмаравіды) стварыў на Пн П. асобнае графства і аддаў яго ў леннае ўладанне свайму зяцю Генрыху Бургундскаму, які стаў тытулавацца графам Партугальскім (па назве рэзідэнцыі Портус-Кале, цяпер г. Порту). Сын Генрыха Альфонс I Энрыкіш у 1139 абвясціў сябе каралём (Альфонс I). У 1143 незалежнасць каралеўства П. (тагачасная сталіца — г. Каімбра) прызнаў Леон. У 1147 у арабаў адваяваны Лісабон, у 1249—50 з авалоданнем тэр. Алгарві ў П. завяршылася Рэканкіста. У час яе сфарміраваліся партуг. народнасць і элементы партуг. культуры, узмацнілася роля духавенства і духоўна-рыцарскіх ордэнаў. У 13 ст. ў П. ўстанавілася саслоўная манархія (гл.Картэсы), актывізаваўся рост гарадоў. Пасля смерці апошняга з Бургундскай дынастыі Фернанду I (1383) картэсы выбралі каралём П. вял. магістра Авіскага ордэна Жуана (Жуан 1), які адстаяў незалежнасць краіны. У 15—16 ст. у П. ўсталявалася абс. манархія, узмацнілася знешняя экспансія (пачалася з захопу ў 1415 афр. крэпасці Сеута і экспедыцый, арганізаваных Генрыхам Мараплаўцам). Да канца 15 ст. П. каланізавала зах. ўзбярэжжа Афрыкі (Гвінея, Ангола), а-вы Мадэйра, Зялёнага Мыса, Сан-Таме і Прынсіпі, Азорскія, пасля адкрыцця Васка да Гамай марскога шляху ў Індыю (1498) — усх. Афрыку (Мазамбік), Індыю (Гоа і Дыу), Паўд.-Усх. Азію (Макао і інш.), а пасля экспедыцыі П.А.Кабрала — Бразілію (з 1500). Эксплуатацыя багаццяў калоній спрыяла ўзнікненню ў П. мануфактурнай вытв-сці (канец 15—1-я пал. 16 ст.), але з-за марнатраўства сродкаў на прадметы раскошы з 2-й пал. 16 ст. назіраўся эканам. заняпад П. Пасля гібелі караля Себасцьяна I [1557—78] і спынення Авіскай дынастыіпартуг. прастол заняў ісп. кароль Філіп II. У перыяд панавання ў краіне іспанцаў (1581—1640) П. была прыдаткам ісп. імперыі, удзельнічала ў войнах Іспаніі з Англіяй, Галандыяй. У выніку антыісп. паўстання 1640 вярнула незалежнасць (прызнана Іспаніяй у 1668), стала правіць дынастыя Браганса. У пач. 18 ст. П. ўдзельнічала ў вайне за іспанскую спадчыну, у сувязі з чым краіна трапіла ў паліт. і эканам. залежнасць ад Англіі (Лісабонскі дагавор 1703 і Метуэнскі дагавор 1703). У 2-й пал. 18 ст. праведзены рэформы маркіза Памбала, але большасць іх адменена пры Марыі I [1777—1816], У перыяд напалеонаўскіх войнаў П. акупіравалі франц. (1807), потым англ. войскі (да 1811); каралеўскі двор эмігрыраваў у Бразілію. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1820—23 краіна вызвалена ад англічан, ад яе адасобілася Бразілія (1822, незалежнасць прызнана П. у 1825), кароль вярнуўся ў Лісабон, прынята ліберальная канстытуцыя. Пасля рэвалюцыі адбыліся грамадз.Мігелісцкія войны 1823—34, у 1842—46 існавала ваен. дыктатура А.Б.Кабрала. У 1853 пракладзена першая чыгунка. У канцы 19 ст.сац.-эканам. цяжкасці абумовілі значную эміграцыю з краіны. Актывізацыя руху за ўстанаўленне рэсп. ладу (з 1870-х г.) прывяла да Партугальскай рэвалюцыі 1910 і падзення манархіі; першым прэзідэнтам рэспублікі быў Т.Брага. З 1916 П. ўдзельнічала ў 1-й сусв. вайне на баку Антанты. Ва ўмовах эканам. нестабільнасці (паміж 1910 і 1926 змяніліся 8 прэзідэнтаў і 44 урады) уладу захапілі ваенныя (путч 28.5.1926), якія адмянілі канстытуцыю 1911 і распусцілі парламент; з ліп. 1926 краінай кіраваў ген. А.О. дэ Фрагоза Кармона (прэзідэнт у 1928—51). У 1932 прэм’ер-міністрам з дыктатарскімі паўнамоцтвамі стаў А.Салазар. Паводле канстытуцыі 1933 у-П. ўстаноўлена карпаратыўна-аўтарытарная дзяржава (у гіст. і паліталагічнай л-ры разглядаецца як мяккі, або іберыйскі, варыянт фашызму), забаронены ўсе партыі, акрамя ўрадавага Нац. саюза (засн. ў 1930, з 1970 Нац.нар. дзеянне).
У 2-ю сусв. вайну П. абвясціла нейтралітэт, але пастаўляла стратэг. сыравіну Германіі, у канцы вайны пераарыентавалася на ЗША. Пасля вайны далучылася да Маршала плана (1948), НАТО. У 1951 партуг. калоніі абвешчаны заморскімі правінцыямі; уздым з пач. 1960-х г.нац.-вызв. руху ў афр. калоніях П. намагалася спыніць калан. войнамі. У выніку Партугальскай рэвалюцыі 1974 скінуты постдыктатарскі ўрад М.Каэтану (з 1968), спынены калан. войны, П. прызнала незалежнасць Гвінеі-Бісау, Мазамбіка, а-воў Зялёнага Мыса (Каба-Вердэ), Сан-Таме і Прынсіпі, Анголы. Канстытуцыя 1976 (са зменамі) заклала асновы сучаснага грамадска-паліт. ладу. У 1976—78, 1983—85 прэм’ер-міністрам, у 1986—96 прэзідэнтам дзяржавы быў М.Саарыш. З 1996 прэзідэнт П. — Ж.Сампаю.
П. — чл.НАТО (з 1949), ААН (з 1955), Арг-цыі эканам. супрацоўніцтва і развіцця (з 1968), Савета Еўропы (з 1976), Зах.-еўрап. саюза (з 1988), Еўрап. саюза (з 1993, з 1985 была чл.Еўрап. супольнасці). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 26.1.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Сацыяліст. партыя (кіруючая), С.-д. партыя, Нар. партыя, Камуніст. партыя П. і інш.Прафс. аб’яднанні — Усеагульная канфедэрацыя партуг. працоўных — Нац. інтэрсіндыкал, Усеагульны саюз працоўных.
Гаспадарка. П. — індустр.-агр. краіна. Пасля рэвалюцыі 1974 павялічыўся дзярж. сектар, у шэрагу раёнаў праведзена агр. рэформа. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 144,8 млрд.дол., па 14,6 тыс.дол. на чалавека. У прам-сці ствараецца 36% ВУП, у сельскай гаспадарцы — 4%, у абслуговых галінах — 60%. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена здабычай вальфрамавых (8-е месца ў свеце, штогадовая здабыча каля 2 тыс.т аксіду вальфраму), медных, алавяных, уранавых і жал. руд. Асн. раёны здабычы на Пн, медных руд — на Пд. Электраэнергетыка заснавана на выкарыстанні імпартнага паліва (55%) і гідраэнергіі (45%). У 1997 атрымана 31,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Буйнейшыя ЦЭС каля Лісабона і Порту, ГЭС на рэках Дору і Тэжу. Вядучая галіна прам-сці — машынабудаванне. Вылучаюцца суднабудаванне і суднарамонт (у раёне Лісабона), аўтазборка (на базе імпартных вузлоў і дэталяў), эл.тэхн. прам-сць, вытв-сць некаторых тыпаў станкоў (у значнай ступені на экспарт), швейных машын, веласіпедаў, дызельных рухавікоў, а таксама традыц. металавырабаў (нажы, царк. званы і інш.). Развіваецца хім., нафтаперапр., нафтахім. прам-сць, выпуск мінер. угнаенняў, хім.-фармацэўтычных тавараў, сернай кіслаты. Развіты тэкст. (баваўняная — гарады Порту, Брага, шарсцяная — гарады Гуарда і Кавільян), швейная, гарбарна-абутковая, харч. (вытв-сць віна, рыбных кансерваў, аліўкавага алею) прам-сць. Па зборы коркавай кары і вывазе корку (каля 120 тыс.т штогод) П. займае 1-е месца ў свеце. Штогадовая вытв-сцьасн. відаў прамысл. прадукцыі (сярэдзіна 1990-х г.): чыгуну — 0,4 млн.т, хім. валокнаў і нітак — 90 тыс.т, вываз драўніны — 9,8 млн.м³, паперы і кардону — 0,9 млн.т, цэменту — 7,8 млн.т, баваўняных тканін — 190 млн.м², цукру — 0,4 млн.т, алею — 360 тыс.т. Каля 70% прамысл. патэнцыялу сканцэнтравана ў гарадах на ўзбярэжжы. У сельскай гаспадарцы найб. развіта раслінаводства. Выкарыстоўваецца каля 4,6 млн.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 2,3 млн.га, пад садамі (у т. л. пад цытрусавымі), аліўкавымі насаджэннямі і вінаграднікамі каля 1 млн.га, пад пашай і лугамі каля 0,8 млн.га. Арашаецца 630 тыс.га (1997). Асн. таварныя галіны — вінаградарства, пладаводства і вырошчванне аліўкавых дрэў. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу (штогадовы збор каля 600 тыс.т), пшаніцу (каля 400 тыс.т), жыта, рыс, бульбу, гародніну (найб. памідоры і цыбулю). Вінаградарства пашырана ўсюды. Асн. раёны аліўкавых плантацый на Пд ад р. Тэжу. На Мадэйры і Азорскіх а-вах трапічнае садоўніцтва (ананасы, бананы). Пасевы кукурузы на Пн, пшаніцы ў сярэдняй ч. і на Пд. У жывёлагадоўлі (1997) найб. значэнне мае гадоўля буйн. раг. жывёлы — 1,3 млн. галоў; свіней 2,4 млн. галоў, авечак 6,3 млн. галоў, коз 0,8 млн. галоў. Птушкагадоўля (27 млн. курэй, 1997). У 1997 вылаўлена 221,9 тыс.т рыбы (пераважна сардзіны, траска, тунец). Развітой галіной гаспадаркі з’яўляецца турыстычная справа. Штогод П. наведваюць больш за 10 млн. замежных турыстаў, якія пакідаюць у краіне 4—5 млрд.дол. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны, унутр. водны. У 1996 у П. было 68,7 тыс.км аўтадарог, у т. л. 59,1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 3,1 тыс.км чыгункі, 0,8 тыс.км унутр, водных шляхоў, 0,7 тыс.км магістральных газаправодаў. У знешніх і ўнутр. перавозках значная роля марскога флоту (у 1998 налічваў 132 караблі агульнай грузападымальнасцю 894,6 тыс.т). Гал. парты: Лісабон, Порту, Сетубал, Фуншал (на в-ве Мадэйра), Понта-Дэлгада (Азорскія а-вы). У краіне 40 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Лісабона, Порту, на а-вах Мадэйра і Азорскіх. У 1998 экспарт склаў 25 млрд.дол., імпарт — 34,9 млрд.дол. У экспарце пераважаюць адзенне і абутак, прадукцыя машынабудавання, хімікаты, корак, драўніна, скуры, віно, рыбапрадукты, фрукты; у імпарце — машыны і трансп. сродкі, нафта, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры: Іспанія (15% экспарту, 24% імпарту), Германія (адпаведна 20% і 15%), Францыя (14% і 11%), Вялікабрытанія (12% і 7%). Дэфіцыт знешнегандл. балансу пакрываецца даходамі ад турызму, партуг. інвестыцый за мяжой, грашовымі пераводамі эмігрантаў. П. атрымлівае дапамогу ад краін Еўрап. Супольнасці. Грашовая адзінка — партуг. эскуда.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (59 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (больш за 40 тыс.чал.), у т. л. каля 21 тыс.чал. у рэспубліканскай нац. гвардыі (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 32 тыс.чал., 186 танкаў, 356 бронетранспарцёраў, 284 гарматы, 160 мінамётаў і інш. У ВПС 7,7 тыс.чал., 96 баявых самалётаў. У ВМС 14,8 тыс.чал., у т. л. 1,7 тыс. ў марской пяхоце, 3 падводныя лодкі, 10 фрэгатаў, 39 катэраў, 5 баявых верталётаў.
Ахова здароўя. Медыцынская дапамога аказваецца ва ўстановах сац. страхавання, бясплатная — у дзярж. бальніцах. Існуе прыватная ўрачэбная практыка. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,3, жанчын 79,3 года (1999). Узровень нараджальнасці 11 на 1 тыс.чал. Смяротнасць 10 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,04%. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 253 чал., урачамі — 1 на 332 чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1999).
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у П. больш за 1300 перыяд. выданняў. Найб. значныя газеты: «Diário do República» («Газета Рэспублікі», з 1820), «Diário de Noticias» («Газета навін», з 1864), «Diário Popular» («Народная газета», з 1942), «A Capital» («Сталіца», з 1968), «O Dia» («Дзень», з 1975), «Público» («Грамадскасць», з 1990). Інфарм. агенцтва — Ажэнсія Луза ды Інфармасан (Луза, з 1987, створана ў выніку аб’яднання Натысіяш ды Партугал, з 1982, і Ажэнсія Натысіёза Афісіял Партугеза, з 1975). Радыёвяшчанне і тэлебачанне з 1974; іх дзейнасць кантралююць дзярж. радыёвяшчальная кампанія Радыёдыфусау Парту еза (РДП) і акц. тэлекампанія Тэлевісау Партугеза (ТП, абедзве з 1975). Трансліруюцца 4 каналы (2 дзярж. і 2 прыватныя). Перадачы вядуцца на партуг., англ., ісп., італьян., ням., франц. і інш. мовах.
Літаратура. Узнікла ў працэсе фарміравання партугальскай мовы, утварэння ў 12—13 ст.самаст. дзяржавы, барацьбы супраць араб. заваёўнікаў. Гэтыя падзеі адлюстраваны ў гераічных паэмах, што выконваліся нар. песнярамі-«жаграйш». Першыя літ. тэксты на партуг. мове — «кансьёнейру» — зб-кі рыцарскіх «песень пра каханне», «песень пра сябра», «песень кпінаў і ганьбавання» (13—14 ст.); сярод іх аўтараў рыцары Ж.Гарсія ды Гальяды, П.Гарсія ды Бургуш, клірыкі М.Моша, А.Нуніш, каралі П.Саншу I, Дыніш 1 і інш. Былі пашыраны перапрацоўкі вядомых у еўрап. л-ры жыцій святых, франц. рыцарскіх раманаў. З канца 13 ст. развівалася нар. фарсавая і літургічная драма, прыдворныя спектаклі масак («момуш»). Першы самабытны рыцарскі раман «Амадыс Гальскі» (14 ст.). У 1-й пал. 15 ст. Ф.Лопіш стварыў дакумент.-маст. хроніку пра ўладаранне першых 10 каралёў П., Г. ды Рэзенды ўклаў анталогію сярэдневяковай і перадрэнесансавай паэзіі «Усеагульны кансьёнейру» (1516). У канцы 15 ст. ўзнікла новая рэнесансавая культура, яе прадстаўнікі — заснавальнік нац. драмы і т-ра Ж.Вісентэ, а таксама Ж.Ферэйра ды Вашканселуш (камедыя «Еўфразіна»), А.Ферэйра (камедыі «Брышту», «Раўнівец»), Ф. ды Са ды Міранда (лірыка, камедыі «Іншаземцы», «Фанфароны»). Развівалася творчасць паэтаў-«петраркістаў» П. ды Андрады Каміньі і Д.Бернардыша, з’явіліся пастаральныя раманы і эклогі Ж. ды Мантэмура, Б.Рыбейру, рыцарскі раман Ф. ды Марайша, хронікі падарожжаў і заваяванняў Ж. ды Баруша, Г.Карэі, Ф.Л. ды Каштаньеды, Д. ды Гойша, Ф.Мендыша Пінту. Вяршыня партуг. Адраджэння — творчасць Л. ды Камоэнса. Л-ра барока адзначана ўзмацненнем ісп. уплываў (героіка-эпічная паэзія Ф.Радрыгіша Лобу, драмы і сатыры Ф.М. ды Мелу, камедыі С.Машаду, А.Ж. да Сілвы). Л-ра класіцызму і Асветніцтва (18 ст.) характарызавалася ўплывам франц. асветніцкага класіцызму. Тэорыю партуг. класіцызму распрацоўваў Ф.Ж.Фрэйры. Класіцыстычныя традыцыі прадоўжылі паэт П.А.Карэя Гарсан, драматургі М. ды Фігейрэду і Д. душ Рэйш Кіта, асветніцкія і перадрамант. ідэі пераважалі ў творчасці Н.Талентыну, М.М. ду Бакажы, Ф.М. ду Насіменту. Нар.-вызв. войны 1808—13 і рэвалюцыя 1820 спрыялі росту нац. свядомасці і пашырэнню рамантызму ў л-ры (творчасць Ж.Б.Алмейда-Гарэта, лірыка, драм. творы і гіст. раманы А.Эркулану, прыродаапісальная лірыка А.Ф. ды Каштылью, гіст.-сац. драмы Ф.Гоміша ды Амарына, «раманы страсці» і навелы К.Каштэлу Бранку, ідылічныя раманы пра вясковае жыццё Ж.Дыніша). За рэаліст. метад выступілі пісьменнікі т.зв. каімбрскай школы (А.Т. ды Кентал, Ж.М.Эса ды Кейруш, С.Верды, А.М. ды Гера Жункейру). Раманы Ф.Тэйшэйры ды Кейруша і А.Батэлью пазначаны ўплывам эстэтыкі натуралізму. У пач. 20 ст. ўзнікла сімвалісцкая школа (паэты А.Нобры, Э. ды Каштру, Р.Г.Брандан). Неарамант. тэндэнцыі, адраджэнне гарэтаўскай традыцыі ў л-ры прапаведавалі паэт А.Л.Віейра, драматург Ж.Данташ. Пасля рэвалюцыі 1910 пашырыліся разнастайныя дэкадэнцкія (паэты М. ды Са-Карнейру, Ф.А.Песоа, А.Сардынья, драматургі Ж. ды Алмейда Негрэйруш, А.Патрысью) і экзістэнцыялісцкія (вершы Г. ды Фарыі, Ж. ды Бружыша, А. ды Созы, Ж. ды Каштру Азор’ю, п’есы Б. да Фансекі, Б.Сантарэну) плыні. З сярэдзіны 20 ст. развіваецца рэаліст. проза — раманы А.Рыбейру («Калі выюць ваўкі»), А.А.Рэдола («Лодка з сямю стырнамі», «Яр сляпых»), Ф. да Розы («Люстэрка жыцця»), Ф.Наморы Гансалвіша («Ноч і світанак», «У нядзелю вечарам»), п’есы А.Каргэша («Лалаш»), Л.Ф.Рэбелу («Назаўтра»). У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. прыкметная з’ява — неканвенцыяльная проза Ж.Сарамагу. Неарэаліст. традыцыі развіваюцца ў раманах Ж.Кардозу Пірыша («Дафін»), У.Таварыша Радрыгіша («Распад»), А.Лобу Антуніша («Памяць слана», «Аўтамабіль праклятых»). Уплывы экзістэнцыялізму ў паэзіі Э. ды Андрады, прозе В.Ферэйры (раман «З’яўленне», дакумент.зб. «Бягучыя справаздачы»), фемінісцкія матывы ў прозе Л.Жоржы, І.Лозы, мадэрнісцкія тэндэнцыі ў творчасці М.Торгі (15-томны «Дзённік» у вершах і прозе), паэзіі Э.Гансалвіша, А.Азор’ю, Э.Элдэра, А.Ф.Алешандры, прозе Ж.Р.Дырэйтынью, драматургіі А.М. ды Созы Арагана. На бел. мову перакладзены асобныя творы Камоэнса, Эсы ды Кейруша, Песоа, Л.Жасінту. Сярод перакладчыкаў: Л.Баршчэўскі, Я.Лапатка, А.Марціновіч, С.Мурашка.
Архітэктура. У П. захаваліся дальмены часоў неаліту (Аліжа, Павія), рэшткі ўмацаваных паселішчаў лузітан (1-е тыс. да н.э.), руіны рым. збудаванняў (2 ст. да н.э. — 5 ст.н.э.), масіўныя мураваныя храмы вестготаў (7 ст.). Да 12 ст. паселішчы выраслі ў гарады з нерэгулярнай планіроўкай. У 11—12 ст. у Каімбры, Лісабоне ставілі замкі і саборы крапаснога тыпу, касцёлы і кляштары ў раманскім стылі. У стылі готыкі створаны комплексы кляштараў 12—14 ст. (у Алкабасе, Батальі). У канцы 15 — пач. 16 ст. расквітнеў самабытны стыль «мануэліна», які сінтэзаваў у арх. формах познагатычныя рысы з экзотыкай маўрытанскага стылю (кляштар св. Хрыста ў Тамары, 1508—31, арх. Д. ды Аруда; вежа-маяк Торы ды Белен у Лісабоне, 1515—20). У канцы 16 ст. — 1-й пал. 17 ст. дойлідства П. было ў заняпадзе. З канца 17 ст. аднаўлялася горадабудаўніцтва, развіваліся рэгулярныя планіровачныя сістэмы (забудова Лісабона пасля землетрасення 1755). Рэпрэзентацыйны характар набыла палацава-культавая архітэктура 18 ст. (палац-кляштар Мафра каля Лісабона, 1717—35, арх. Ф.Лудавісі). У аздабленні будынкаў выкарыстоўвалі маёлікавыя пліткі (азулежу), якія часам суцэльным дываном пакрывалі фасады, арнаментальныя і сюжэтныя пано з іх упрыгожвалі інтэр’еры. У пабудовах 19 ст. дамінаваў класіцызм (палац Ажуда ў Лісабоне, з 1802, арх. Ф.К.Фабры). У 1-й пал. 20 ст. панавалі эклектычныя стылі. У 2-й пал. 20 ст. пашырана сучасная архітэктура. Праведзена рэканструкцыя многіх раёнаў Лісабона, г. Порту, пабудаваны тыпавыя жылыя дамы з лоджыямі і сонцаахоўнымі прыстасаваннямі. У буд-ве выкарыстоўваюцца новыя буд. канструкцыі і смелыя прасторавыя вырашэнні (арх. Ф.К. ду Амарал, А.Ж.Песоа і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі палеаліту захаваліся наскальныя размалёўкі (у Сант’ягу-ду-Эшкарал), ад эпохі неаліту — кераміка, антрапаморфныя фігуркі з пласцінак шыферу, бронз. зброя. З 1-га тыс. да н.э. развівалася культура плямён лузітан, у 3 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. — Стараж. Рыма, у 7 ст. — вестготаў, з 8 ст. — арабаў і бербераў. У раманскі перыяд (10—12 ст.) з’явіўся каменны дэкор арх. пабудоў, які вызначаўся сакавітай пластычнасцю форм, спалучэннем незвычайных натуралістычных дэталей (выявы карабельных канатах, ракавін, каралаў і інш.) з гатычнымі, маўрытанскімі, часам інд. матывамі. Скульпт. дэкор раманскіх храмаў паводле тэхнікі выканання блізкі да разьбы па дрэве. 13—15 ст. — росквіт гатычнай пластыкі (найб. цэнтр — Каімбра). Высокім маст. узроўнем вызначаецца надмагілле караля Жуана I у Батальі (1433, скульпт. Ж.Афонсу). У 15—16 ст. на жывапіс П. ўплывалі франц. рэнесанс (Ф.Удартэ, Н.Шантэрэн і інш.) і нідэрл. мастацтва (алтар святога Вінцэнта, 15 ст., мастак Н.Гансалвіш; творы В.Фернандыша, Г.Ваша, Г.Лопеша і інш.). Яркай самабытнасцю вылучаецца дэкар.-прыкладное мастацтва 16—17 ст., у якім спалучаліся еўрап. і ўсх.традыцыі (мэбля, дываны, тканіны, кераміка лузітана-ўсх. і інда-партуг. стыляў, маёлікавыя пліткі азулежу і інш.). У 17—18 ст. склаліся асновы нац. барока: манум. драўляная і каменная скульптура, тэракотавыя алтарныя статуэткі «прэзепіу» (Ж.Машаду ды Каштру, А.Ферэйра), партрэтны жывапіс (Д.Віейра Эшкуру, Ф.Віейра Лузітану) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. развіваліся класіцызм (Ф.Віейра Партуэнсі) і рамантызм (гіст. кампазіцыі Д.А.Сікейра). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. перажываў рэаліст. кірунак: скульптура А.Саарыж душ Рэйша, А.Тэйшэйры Лопеша, Ф.Франку, пейзажы і жанравыя кампазіцыі А.К. да Сілва Порту і Ж.М. да Сілва Алівейры, партрэты М.А.Лупі і інш. У 1833 створана маст. групоўка «Льва» (кіраўнік К.Бардалу Піньейру, мастакі М.Агушту, Э.Малта, А.Манта, Э.Медына, К.Фернандыш і інш.), якая сцвярджала нац. самабытнасць у мастацтве і паўплывала на развіццё мастацтва П. 1-й пал. 20 ст. З парыжскай школай звязаны жывапіс кубіста А.Созы Кардозу і абстракцыяністкі М.Э.Віейры да Сільва. З сярэдзіны 20 ст. пашырыўся неарэалізм, у якім пераважала тэматыка нац. гісторыі і нар. жыцця (Ж.Памар і інш.). Сярод мастакоў жывапісцы Ф. ды Азеведу, Р.Рыбейру, графікі М.Жыл, А.Куньял, скульптары Л. ды Алмейда і інш. Развіваюцца традыц. віды нар. творчасці: маёлікавыя вырабы, карункапляценне, ткацтва, разьба па дрэве («прэзепіу», мэбля і інш.).
Музыка П. развівалася ва ўзаемадзеянні з іспанскай. У муз. фальклоры пераважаюць песенныя і песенна-танц. формы. Найб.стараж. песні прац. і каляндарныя, у т. л. калядныя (вільянсікуш), навагоднія (жанейраш), вясновыя (маяш), а таксама звязаныя з царк. святамі (рамарыяш). Сярод нар.муз. інструментаў: стр.-шчыпковыя віуэла (пазней віёла і віялан), кавакінью, духавы гайта (валынка), ударныя забумба (вял. барабан), тамбур (меншы барабан), адуфе (квадратны бубен з 2 мембранамі). У вёсках пашыраны інстр. ансамблі. Прафес. музыка развіваецца з 12 ст. У 12—13 ст. расквітнела мастацтва трубадураў. У 13—14 ст. былі пашыраны свецкія рамансы, песні вілансіка разнастайнага зместу, сольныя лірычныя песні фаду, танцы рода, віла, вілан, пазней шакота (чакона) і фолія. З 15 ст. развіваецца муз.т-р, адзін са стваральнікаў якога Ж.Вісентэ. У інстр. музыцы складваліся варыяцыйныя і поліфанічныя формы. Вядомы кампазітары-віуэлісты Дон Педра (герцаг Каімбрскі), Ант. і Аф. да Сілва, П.Ваш, віуэліст-віртуоз П. да Пена. Буйнейшыя поліфаністы 15—16 ст.: Т. да Сілва, Ж. ды Менезіш, М.Машаду ды Азеведу, Э. ды Павія. У 2-й пал. 16—17 ст. дасягнула росквіту хар. поліфанія (М.Мендыш, Д.Лобу, М.Кардозу, Ф. ды Магальяйніш). Інстр. музыку пісалі М.Каэлью да Кошта, арганіст Ф.Карэа ды Араўжу, А. да Круш (аўтар аднаго з першых падручнікаў па ігры на скрыпцы, 1639). У канцы 17—19 ст. панавала італьян. опера. У 1793 адкрыты каралеўскі т-р «Сан-Карлуш» у Лісабоне. Сярод оперных кампазітараў 18 ст. Ф.А. д’Алмейда (першая нац. опера «Цярпенне Сакрата», 1733), Ж. ды Соза Карвалью, Д.Перэс, МА.Партугал да Фансека. Інстр. і культавую хар. музыку пісалі д’Алмейда, ды Соза Карвалью, Ж.А.К.Сейшас. У пач. 19 ст. паявіліся нац.сімф. і камерна-інстр. творы Ж.Д.Бантэмпу (заснавальнік філарманічнага т-ва, 1822 і Каралеўскай кансерваторыі, 1835). У 2-й пал. 19 ст. створаны муз. т-вы і канцэртныя арг-цыі: «Публічныя канцэрты» (1860), Т-ва класічных канцэртаў (1874), Каралеўская акадэмія аматараў музыкі (1884) у Лісабоне, філармонія (1852), т-вы камернай музыкі (1883) і сімф. канцэртаў, хор «Арфеон» (1881) у Порту. У 1-й пал. 20 ст. вылучыліся кампазітары Ж.Віяна да Мота (заснавальнік сучаснай кампазітарскай школы), 0. да Сілва, Л.М.Фрэйташ Бранку, К.Карнейру, у нац. стылі працавалі І.Круш і Ф.Лопіш Граса, у 2-й пал. 20 ст. — Э.Брага Сантуш, А.Касату, прадстаўнікі авангардызму Ф.Пірыш, Ж.Пешынью. Сярод выканаўцаў спявак Ф. д’Андрады, піяністы Л.Мендыш, Ж.Секейра Кошта, А.Марэа, С.Кастнер, скрыпач А.Бетэнкур. У П. працуюць: аркестры Нац. радыёвяшчання, Філарманічны і Нац. Савета, Нац. кансерваторыя, Т-вапартуг. аўтараў, Асацыяцыя кампазітараў, Т-вахар. музыкі, Т-ва прыгожых мастацтваў, «Музычная моладзь Партугаліі» ў Лісабоне, аркестр радыё і Муніцыпальная кансерваторыя ў Порту, Муз. акадэмія ў Каімбры і інш.
Тэатр. З 12 ст. вядомы літургічная драма і тэатралізаваныя прадстаўленні імправізацыйнага характару, якія разыгрываліся жанглёрамі. У канцы 15 ст. станаўленне культуры эпохі Адраджэння садзейнічала развіццю т-ра і драматургіі. Родапачынальнік нац.т-ра — драматург, акцёр і кампазітар Ж.Вісентэ (16 ст.). У канцы 16 ст. ў Лісабоне з’явіліся публічныя т-ры, але пад уздзеяннем царк. цэнзуры і інквізіцыі тэатр. жыццё П. заняпала. У пач. 18 ст. адкрыўся т-р «Байру-Алту», дзе выступалі прафес.парт. трупы. Уздым тэатр. мастацтва звязаны са сцвярджэннем у 1-й чвэрці 19 ст.рамант. кірунку. Па ініцыятыве драматурга Ж.Б.Алмейды-Гарэта ў Лісабоне створаны Кансерваторыя драм. мастацтва і Нац.т-р каралевы Марыі II (1846, дзейнічае), які стаў адным з цэнтраў сцэн. культуры. Заснаваны т-ры «Донья Амелія» (1894), «Свабодны тэатр» (1904). Сярод акцёраў 19 ст.: А.Абраншыс, Э.Бразан, Э. даж Невіш, бр. Ж. і А.Роза, А.Ферэйра да Сілва, Ф.Таборда. У 20 ст. ў т-ры П. пераважалі мадэрнісцкія кірункі і пастаноўкі на грамадска-значныя тэмы. Ставіліся п’есы драматургаў Ж. ды Алмейды Негрэйруша, Р.Карэі, Л.С.Мантэйру, Л.Ф.Рэбелу, А.А.Рэдола, Б.Сантарэну, К.Ферэйры і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: П.Баштуш, Э.Брага, А. да Кунья, Р.Мантэйру, М.Матуш, Р.Паўлу, А.Рэй-Каласу, Л.Сімоінш і інш. У Лісабоне дзейнічаюць Нац.нар.т-р (з 1957), «Маст.т-р Лісабона» (1955—56 і з 1960), прафес.тэатр. трупы працуюць таксама ў Порту і Каімбры.
Кіно. З 1896 здымаліся асобныя стужкі. Кінавытв-сць набыла рэгулярны характар пасля стварэння фірмы «Партугалія-фільм» (1909). Першы маст. фільм — «Мёртвая каралева» (1910, рэж. Х.Коста). Лепшы нац. фільм нямога кіно — экранізацыя камедыі Ф.Лаге і Ж.Карэі Алівейры «Ваўкі» (1923, рэж. Р.Лупу). У 1930-я г. зняты фільмы «Марыя з мора» (1930), першы гукавы фільм «Суровая» (1931, рэж. абодвух Л. ды Баруш), дакумент. «Дуэра, цяжкая праца на рацэ» (1931, рэж. М. ды Алівейра). У перыяд фаш. дыктатуры здымаліся гал. чынам камерцыйныя стужкі. Спробы ўнесці змены ў кінематограф пачаты суполкай «Новае партуг. кіно» (П.Роша, А.Рамуш, Ф.Лопіш, А. да Кунья Тэліш, ды Алівейра і інш.). Сярод фільмаў: «Веснавая казка» (1962, дакумент.) і «Паляванне» (1964, рэж. абодвух ды Алівейра), «Беларміна» (1964, рэж. Лопіш), «Змяніць жыццё» (1966, рэж. Роша), «Круг» (1969, рэж. да Кунья Тэліш). У 1970 маладыя кінематаграфісты аб’ядналіся ў вытв. кааператыў «Партуг. кінацэнтр». З 1971 развіваецца незалежная кінавытв-сць; пастаўлены фільмы «Пчала на дажджы» (1971, рэж. Лопіш), «Прысяга» (рэж. А. ды Маседу), «Нелюбімы» (рэж. М.Сілва, абодва 1972), «Мае сябры» (1973, рэж. да Кунья Тэліш). Сярод фільмаў 1970—80-х г. «Бог, радзіма, улада» (рэж. Р.Сімоіш), «Дэманы Алкасер-Кібіра» рэж. Ж.Фансека-і-Кошта), «Канфедэрацыя» (рэж. Л.Галван Тэліш), «Святы саюз» (рэж. Э.Жэада), «Франсіска» (рэж. ды Алівейра), «Месца смерці» (рэж. А.П.Вашканселуш).
Літ.:
Варьяш О.И., Черных А.П. Португалия: дороги истории. М., 1990;
Капланов Р.М. Португалия после второй мировой войны, 1945—1974. М., 1992;
Каптерева Т.П. Искусство Португалии. М., 1990.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Дз.М.Чаркасаў (гісторыя да 20 ст.), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.М.Малей (друк, радыё, тэлебачанне), Л.П.Баршчэўскі (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Партугаліі.Узбярэжжа на поўдні Партугаліі.Горны ланцуг Сера-ды-Маран на поўначы Партугаліі.Да арт.Партугалія. Раўніна Алентэжу.Да арт.Партугалія. Салдаты і жыхары на барыкадах Лісабона ў час Партугальскай рэвалюцыі 1910.Да арт.Партугалія. Высадка экспедыцыі партугальскага мараплаўца П.А.Кабрала на ўзбярэжжы Бразіліі каля сучаснага г. Порту-Сегуру 22.4.1500. Сярэдневяковая гравюра.Да арт.Партугалія. Галоўны порт Азорскіх астравоў — г. Понта-Дэлгада.Да арт.Партугалія. Кляштар святога Хрыста ў г. Тамар. 1508—31.Да арт.Партугалія. Н.Гансалвіш. Сям’я герцагаў Браганса. Дэталь алтара св. Вінцэнта. 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
до́бры, ‑ая, ‑ае; дабёр, дабра.
1. Чулы да людзей; спагадлівы, сардэчны. Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая.Васілевіч.Благі абразіць, а добры разважыць ды яшчэ і парадзіць.З нар.// Які выражае чуласць, спагаду, прыхільнасць. Голас у .. [жанчыны] мяккі, пявучы, добры. Здавалася, што голас гэты гучыць там, дзе пануе шчасце.Чорны.Чалавек глядзеў.. вясёлымі вачамі, і ўвесь яго твар.. поўніўся добрай прыязнай усмешкай.Лынькоў.// Ужываецца як сталы эпітэт пры словах «людзі», «чалавек». — Асвятленне ў вашых палацах такое, што добрага чалавека адразу і не пазнаеш.Лынькоў./ У зваротку. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай.Ставер.— Дапамажы мне, добры чалавек, выбрацца адсюль.Якімовіч.
2. Заснаваны на жаданні дабра, прыхільнасці да людзей. Успомніць добрым словам. Зрабіць добрую справу. □ [Надзя:] За два тыдні добрага слова ад вас не пачула.Крапіва.
3. Які прадказвае ўдачу, прыносіць радасць; шчаслівы, прыемны. Добрая прымета. Добрая адзнака. Добрая навіна. □ Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны.Лынькоў.// Які вызначаецца бесклапотнасцю, весялосцю (пра настрой, гумор і пад.). Гэта здарэнне з Галасам крыху парушыла той добры настрой, у якім быў я, выходзячы з дому.Колас./ У пажаданнях, прывітаннях і пад. Добры дзень. Добры вечар. Добрай ночы. Добрага здароўя. У добры час.
4. Такі, якім павінен быць; з дадатнымі якасцямі або ўласцівасцямі; проціл. дрэнны. Добрая зямля. Добры тавар. Добрыя ўмовы. Добры апетыт. Добры слых. Добрая кніжка. □ Коні ў вусатага добрыя. У момант праскочыць ён з мястэчка на хутар.Чорны.Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў.Якімовіч.І яшчэ чаго папросіць для сябе дзед Талаш, гэта — добрую.. салдацкую стрэльбу.Колас.// Які адпавядае прынятым маральным нормам; варты пераймання. Добрыя традыцыі. Добры густ. Добры тон. □ Абедалі .. [Маеўскія] па-дамашняму — усе разам, паважна, не спяшаючыся, без лішніх размоў, як і належыць у добрай сялянскай сям’і.Шамякін.// Прыгодны для ужывання, карыстання. Добрыя яшчэ боты. Добры грыб.
5. Умелы, старанны ў рабоце; здольны, дбайны. Добры майстар. Добры выкладчык: Добры рабочы. □ — Добры гаспадар заўсёды загадзя пра тое думае, што наперадзе перад ім стаіць.Чорны.Бяда старога, што ён не мае добрага памочніка, які мог бы заўсёды сказаць праўду ў вочы.Гурскі.
6.узнач.наз.до́брае, ‑ага, н. Тое, што мае дадатныя ўласцівасці або якасці, заслугоўвае адабрэння. Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае і добрае.Бядуля.— Не трэба думаць.. пра тое, што было і больш не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба.Чорны.
7. Звязаны ўзаемнай сімпатыяй з кім‑н., блізкі. Гэта быў мой добры знаёмы, сын аднавяскоўца Мірона.Якімовіч.// Заснаваны на ўзаемнай прыхільнасці. [Карнейчык:] Нашы пачуцці не абмяжоўваюцца ні спальняй, ні сям’ёй, ні добрым суседствам.Крапіва.
8. Чысты, слаўны, не зганьбаваны. Пакінуць пра сябе добрую памяць. Аб ім ідзе добрая слава. Ганьбіць добрае імя.
9.Разм. Дастаткова вялікі, значны па колькасці, велічыні. Добры заработак. □ — Я пайду ў матросы, там, людзі мне казалі, можна лёгка зарабіць добрыя грошы.Самуйлёнак.// Вялікі, здаровы, ладны. Санька забег у хату і вынес некалькі бульбін і добрую лусту хлеба.Ваданосаў.Ручка ўпала на паперу, пасадзіўшы на ёй добрую кляксу.Лынькоў.// Моцны, значны, дастаткова адчувальны. Добры мароз. □ Шынель быў заляпаны граззю, запылены, відаць, трапіў пан камендант у добрую перапалку ноччу.Лынькоў.
10.Разм. Цэлы, поўны, з лішкам (пра колькасць, велічыню). Ісці было з добрыя тры кіламетры.Дуброўскі.— Войска, брат, ёсць. Узвод — не узвод, а аддзяленне добрае збярэцца.Брыль.// Сапраўдны; глыбокі. Праз колькі часу, ужо ў добрую восень, у хмурны сівер, мы, дзеці, убачылі .. парабчышынага сына.Чорны.
•••
Бюро добрых паслуггл. бюро.
Дзень добры!; Добры дзень!гл. дзень.
Добрага здароўягл. здароўе.
Добрая ласкагл. ласка.
Добры вечаргл. вечар.
Добры генійгл. геній.
Людзі добрай волігл. людзі.
На добры ладгл. лад.
На добры розум; пры добрым розумегл. розум.
Не ад добрага жыццягл. жыццё.
Па добрай волігл. воля.
Па-добраму — мірна, без сваркі.
У добры часгл. час.
Усяго добрага — развітальнае нежаданне.
Чаго добрага (узнач.пабочн.) — бадай, магчыма (пры чаканні чаго‑н. непрыемнага).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)