суто́нне, ‑я, н.

Абл. Паўзмрок паміж захадам сонца і надыходам ночы, а таксама паўзмрок перад світаннем. Згушчаецца за акном вячэрняе сутонне. Навуменка. Сіні ў перадранішнім сутонні .. [снег] аж сляпіў вочы сваёй чыстай, некранутай белізною. Сачанка. // Паўзмрок у слаба асветленым месцы, памяшканні. Будынкі патанаюць у зялёным сутонні дрэў. Дуброўскі. Я вынесла дарунак роднай У сутонне свежае сяней. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уверцю́ра, ‑ы, ж.

1. Музычны уступ да оперы, балета, драмы і пад. Уверцюра да оперы «Алеся». // перан. Пачатковы этап, папярэдняя частка чаго‑н. Прысвячаючы паэму «Сымон-музыка» беларускай моладзі, паэт напіша вельмі прачулую, глыбокую паэтычным .. сэнсам уверцюру, у якой у значнай меры раскрые сваё крэда паэтычнага бачання, адчування свету. Навуменка.

2. Невялікі музычны твор у форме санаты. Сімфанічная уверцюра.

[Фр. ouverture ад ouvrir — адкрываць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уду́млівасць, ‑і, ж.

1. Здольнасць глыбока мысліць, глыбока ўнікаць у сэнс чаго‑н. У ім [Косцю] угадвалася сур’ёзнасць, удумлівасць — якраз тыя якасці, якія Вера цаніла ў людзях больш за ўсё. Шыцік. Паэт малюе вобраз Міхала з выключнай удумлівасцю, асцярожна і паступова. Навуменка.

2. Разм. Задуменнасць. На бялявым твары [Алесі] застыла ціхая ўдумлівасць чалавека, які сабраўся ў дарогу... Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уплыва́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уплысці, уплыць.

уплыва́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Рабіць уплыў; уздзейнічаць на каго‑, што‑н. Тое, што на паэзію Купалы і Коласа ўплывала народная творчасць, яе паэтыка, заўважана і даказана нашай крытыкай даўно. Навуменка. [Алесь:] — Машыны, брат, не толькі маюць фізічную сілу, яны яшчэ здольны ўплываць і па розум людзей. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ушчыльну́ю, прысл.

1. Шчыльна, цесна. А побач з дзесятак калгасных машын. На іх ушчыльную радамі Даўгія-даўгія пляцёнкі-кашы З наспелымі дынямі і кавунамі. Зарыцкі.

2. Гранічна блізка; непасрэдна прымыкаючы, датыкаючыся. Кусты абапал сцяжынкі часам сыходзіліся ўшчыльную. Хадановіч. Абапал дарогі, ушчыльную падступаючы да яе, драмалі хмызнякі. Асіпенка. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька, сціснуўшы кулакі, ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорнагало́вік, ‑а, м.

1. Шматгадовая травяністая расліна сямейства губакветных. На купінах рос чорнагаловік і асака самага горшага гатунку. Крапіва.

2. Разм. Пра таго, хто мае цёмныя або чорныя валасы. Вось важаты першага звяна Лёня Ваўчок, энергічны, жвавы чорнагаловік. Краўчанка.

3. Разм. Разнавіднасць баравіка з цёмнай, чорнай шапкай. Тут — баравікі-прыгажуны, пераважна чорнагаловікі, і растуць яны сем’ямі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыно́ўны, ‑ая, ‑ае.

Уст.

1. Які мае які‑н. чын або служыць на дзяржаўнай службе. У нашым пасёлку жылі пенсіянеры-чыгуначнікі і іншы чыноўны люд, выгнаны імперыялістычнай вайной з заходніх раёнаў і іншых далёкіх мясцін. Навуменка.

2. Які мае адносіны да чыноўніка (у 1 знач.). Да 1905 года легальны друк у Расіі цалкам залежаў ад чыноўнай бюракратыі. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шарсці́ць, ‑ршчу, ‑рсціш, ‑рсціць; незак., каго.

Разм. Прабіраць, даваць наганяй. [Анікей] не баяўся выступіць хоць супраць усяе вёскі, і калі ў час прамовы на яго ззаду гыркалі, падколвалі кепікамі, ён паварочваўся тварам да сходу і шарсціў усіх па парадку. Навуменка. [Паромшчык:] — Малады [старшыня] дужа... У раёне хваляць, у вобласць штомесяц клічуць, от і трэба шарсціць, каб не думаў, што ўсё зрабіў. Парахневіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шлагба́ум, ‑а, м.

Рухомая перакладзіна для адкрывання і закрывання шляху на заставах, чыгуначных пераездах, дарогах і пад. — Паравоз выдумаў Стэфенсон, — пазіраючы ў неба, паведамляў Хведзька, калі праз закрыты шлагбаумамі пераезд грукаў таварны састаў. Навуменка. Канец гэтай новай вуліцы ўпіраецца ў гарадскую заставу з паласатым шлагбаумам і такой жа паласатай будкай, ля якой стаіць вартавы. В. Вольскі.

[Ням. Schlagbaum.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматгало́ссе, ‑я, н.

1. Адначасовае гучанне, спалучэнне ў вакальным ці інструментальным творы некалькіх галасоў; поліфанія. Купалу найбольш вабіла жывая традыцыя народнай паэтыкі з яе фальклорна-рамантычнай ідэалізацыяй, прыцягвалі шматгалоссе, музыка, мелодыка, асацыятыўна-вобразны лад песні, легенды, паэтычнага падання. Навуменка.

2. Разм. Бязладны шум, які ствараецца многімі галасамі, гукамі, што гучаць адначасова. Сярод кірмашовага шматгалосся чуліся песні сляпых жабракоў. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)