РЭ́ЙНДЖЭРЫ, рэйнджэрс (ад англ. rangers асобы, якія рабілі вялікія пешыя пераходы, — егеры, леснікі і інш.),
асобая катэгорыя ваеннаслужачых армій ЗША і некат. інш.дзяржаў, падрыхтаваныя для дыверсійна-развед. дзейнасці на тэр. праціўніка. Як спец. фарміраванні склаліся ў перыяд каланізацыі еўрапейцамі Паўн. Амерыкі (першыя падраздзяленні створаны ў брыт. каланіяльнай арміі ў 2-й пал. 1750-х г. для дзеянняў супраць індзейскіх плямён). У арміі ЗША падраздзяленні Р. сфарміраваны ў чэрв. 1942. Аналагічныя часці і падраздзяленні меліся ў інш. краінах, войскі якіх у час 2-й сусв. вайны вялі баявыя дзеянні ў складзе англа-амер. кааліцыйных сіл супраць Германіі, Італіі і Японіі. У пасляваен. час Р. некат. краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.), якія уваходзяць у склад войск спец. прызначэння, удзельнічалі ў шэрагу лакальных войнаў і ваен. канфліктаў. Р. таксама называюць членаў паліцэйскіх фарміраванняў у ЗША (штат Тэхас), створаных для падтрымання законнасці і правапарадку на рэдканаселеных тэрыторыях на мяжы з Мексікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБО́РНЫ РУХ,
плынь у каталіцкай царкве ў 14 — пач. 15 ст. Яго ідэолагі адхілялі дамаганні папства на універсальную ўладу, яны патрабавалі падпарадкавання папства дзяржаве ў свецкіх і Усяленскаму сабору ў царк. справах. Рух абумоўлены ўзмацненнем у Еўропе цэнтралізаваных дзяржаў, імкненнем нац. цэркваў дасягнуць большай самастойнасці і меншай залежнасці ад папскага прастола, ростам нар.-ератычных рухаў і падзеннем аўтарытэту папскай улады. Ідэолагамі С.р. была частка вышэйшых царк. іерархаў і свецкіх феадалаў (Ж.Жэрсон, П.д’Айі, Мікалай Кузанскі). Практычнай рэалізацыяй патрабаванняў С.р. было скліканне па ініцыятыве кардыналаў без згоды папы Пізанскага (1409, не прызнаны каталіцкай царквой) і Канстанцкага (1414) сабораў, на якіх прыняты рашэнні, накіраваныя на абмежаванне папскай улады. Прынцыпы С.р. замацаваны пастановамі Базельскага сабора (1431—49). Але адсутнасць адзінства ў царк. вярхах дазволіла папу Яўгенію IV нейтралізаваць пастановы Базельскага сабора. На Фларэнційскім саборы (1438—45) С.р. асуджаны. У 1460 булай папы Пія II забаронена апеляцыя да Усяленскага сабора. У далейшым Усяленскія саборы склікаліся толькі паводле рашэння папы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛА,
адна з трох першапачатковых карэйскіх дзяржаў (Кагуро, Пэкчэ і С.) у 1 ст. да н.э. — 7 ст.н.э., у 7—9 ст. першая агульнакар. дзяржава. Спачатку займала ПдЗ Карэйскага п-ва. Паводле летапісных паказанняў, засн. ў 57 да н.э., хаця першыя звесткі пра С. адносяцца да 3 ст., калі яна ўяўляла саюз паўн.-зах.кар. плямён. Як дзяржава аформілася да пач. 6 ст. У 503 правіцель (марыпкан) Чыджын [500—514] прыняў тытул цара (вана), а дзяржава — назву С. Фарміравалася пад моцным уплывам кіт. культуры і канфуцыянства. У 6 ст.дзярж. рэлігіяй стаў будызм. Сумесна з войскамі кіт. дынастыі Тан С. ў 660 разбіла Пэкчэ, у 668 — Кагуро, потым выгнала з Карэі былых саюзнікаў — кітайцаў. У 8 — пач. 9 ст. у час росквіту С. як агульнакар. дзяржавы сфарміравалася кар. народнасць. З сярэдзіны 9 ст. С. пачала занепадаць і ў канцы 9 ст. распалася на асобныя дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЬЯРЫ́Я (ад італьян. signoria панаванне, улада),
1) орган гар. самакіравання ў італьян. гарадах-камунах 13—14 ст. 2) Форма паліт. ладу шэрагу гарадоў-дзяржаўПаўн. і Сярэдняй Італіі 2-й пал. 13 ст. — сярэдзіны 16 ст., пры якой уся грамадз. і ваен. ўлада канцэнтравалася ў руках сіньёра (тырана, гл.Тыранія). Пераход ад выбарнага калегіяльнага кіравання камуны да С. адбываўся ва ўмовах жорсткай барацьбы паміж папаланамі (гандл.-рамесніцкія слаі) і феадаламі, калі ні адзін з бакоў не мог атрымаць поўнай перамогі. У выніку ўсталёўвалася дыктатура, якая адлюстроўвала інтарэсы або вярхоў папаланаў і феадалаў (напр., Вісконці ў Мілане), або толькі феадалаў (напр., д’Эстэ ў Ферары). Улада замацоўвалася наданнем сіньёру папам ці імператарам тытула вікарыя. На пачатку С. была пажыццёвай, пазней спадчыннай. У выніку бесперапынных войнаў да сярэдзіны 15 ст. многія С. былі паглынуты больш буйнымі, правіцелі якіх атрымалі тытулы герцагаў ці маркізаў (так утварыліся герцагствы Міланскае, Тасканскае, Ферара і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСЬМО́,
графічная фіксацыя мовы для зносін паміж людзьмі на адлегласці і замацавання ў часе. Выступае як пэўныя сістэмы графічных абазначэнняў, што склаліся гістарычна ў выніку культ. развіцця паасобных народаў. Паводле сэнсавага аб’ёму знакаў падзяляецца на 4 тыпы; піктаграфічнае пісьмо, ідэаграфічнае пісьмо, складовае пісьмо, літарна-гукавое пісьмо.
Развіццё П. звязана з грамадскім прагрэсам і ішло ад выпадковых агульных паведамленняў да перадачы ўсё больш дробных элементаў мовы. Першыя спробы пісьмовай фіксацыі думак паявіліся ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу (канец каменнага веку). Аднак уласцівае племянным абшчынам піктаграфічнае П. не было ўпарадкаванае, бо ў ім з дапамогай малюнкаў схематычна перадаваўся толькі сэнс выказванняў, але не адлюстроўваўся гукавы бок мовы, падзел яе на словы Пераход ад выпадковых піктаграфічных запісаў да ўпарадкаванага ідэаграфічнага П. абумоўлены ўтварэннем рабаўладальніцкіх дзяржаў, калі з’явілася патрэба рознай пісьмовай дакументацыі. Дзякуючы здольнасці пісьмовых знакаў абазначаць паасобныя словы і перадаваць складаныя тэксты, новы тып П. стаў абслугоўваць усе сферы тагачаснага эканам. і культ. жыцця. Ідэаграфічныя сістэмы, мала звязаныя з фанетыкай мовы, былі зручныя для стараж.дзяржаў, неаднародных па этнічным складзе. Складовае П. пачало фарміравацца ў 2-м тыс. да н.э., ім карыстаюцца некат. народы ў наш час. У параўнанні з ідэаграфічным мае меней знакаў, бо розных складоў у мовах менш, чым слоў, дакладней адлюстроўваецца фанет. і грамат. структура мовы, хоць засталіся цяжкасці, звязаныя з грувасткасцю і немагчымасцю перадачы сумежных і канцавых гукаў у складах. Найб. зручнае П. літарна-гукавое, у якім пры дапамозе знакаў перадаецца гукавы склад мовы. Яго перавага над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Большасць народаў свету карыстаецца літарна-гукавымі сістэмамі. Выкарыстанне П. пашыралася з павелічэннем колькасці адукаваных людзей і ўдасканаленнем пісьмовых прылад. Важны этап у гісторыі П. — вынаходніцтва паперы і кнігадрукавання, што стварыла перадумовы для масавага пашырэння культ. дасягненняў сярод розных слаёў грамадства. Вывучэннем П. займаецца граматалогія, а таксама эпіграфіка і палеаграфія. Пра бел. сістэму П. гл. ў арт.Беларускі алфавіт, Графіка.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Гельб И.Е. Опыт изучения письма: (Основы грамматологии): Пер. с англ.М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
салю́т, ‑у, М ‑люце, м.
1. Урачыстая форма прывітання або аддача пашаны каму‑, чаму‑н. ружэйнымі або артылерыйскімі залпамі, падняццем ці апусканнем сцяга і пад. Артылерыйскі салют. Развітальны салют. □ І ва ўсіх нас ёсць Радзіма, Што імёны нашы помніць І салюта громам гулкім Паўтарае з году ў год.Танк.І пачуў у той дзень ён [хлопчык] салют Перамогі, Што ў Маскве прагучаў, скалыхнуў увесь свет.Прыходзька.
2. Піянерскае прывітанне, якое выражаецца ў падняцці над галавой правай рукі. Піянеры застылі ў стройных шарэнгах, падняўшы рукі ў піянерскім салюце.«Маладосць».//Разм. Прывітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Салют брыгадзіру! — выгукваў Марцін, падымаючы руку ў знак прывітання.Хадкевіч.— Салют, — казырнуўшы, .. [Сашка] павіншаваў тых, хто стаяў у калідоры.Гроднеў.
•••
Салют нацый — салют звычайна з 21 гарматнага залпа пры сустрэчы кіраўнікоў замежных дзяржаў.
[Фр. salut.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАБІ́ДСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1848—52,
антышахскія і антыкаланіяльныя нар. паўстанні ў Іране пад кіраўніцтвам бабідаў (прыхільнікаў Баба). Былі рэакцыяй на адсутнасць наспелых у краіне сац.-эканам. рэформаў і ўмяшанне Англіі, Расіі і інш.дзяржаў ва ўнутр. справы Ірана. 1-е паўстанне адбылося ў вер. 1848 — маі 1849 у Мазендэране. Каля 2 тыс. паўстанцаў, гал. чынам сялян і рамеснікаў, пабудавалі на беразе р. Талар (на ПдУ ад г. Барфаруш) крэпасць. На чале з муламі Махамедам Алі Барфарушскім і Хасейнам Башруе яны спрабавалі адмяніць прыватную ўласнасць, абвясціць усю маёмасць агульным набыткам, ажыццявіць роўнасць людзей (харчаваліся з агульнага катла). Задушана шахскімі ўладамі. 2-е паўстанне праходзіла ў г. Зенджан (май—снеж. 1850) пад аналагічнымі лозунгамі. Паўстанцы абвясцілі пра заснаванне новага вечнага царства са справядлівымі парадкамі. Вераломна задушана ўладамі. 3-е паўстанне ў чэрв. 1850 у г. Нейрыз пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Пасля яго задушэння бабідскі рух страціў масавы характар. У жн. 1852 бабіды здзейснілі няўдалы замах на жыццё шаха Наср-эд-дзіна. Уцалелыя ад шахскіх рэпрэсій бабіды ўцяклі ў Ірак і інш. краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ТАЎ (Павел Іванавіч) (1.6.1897, в. Філісава Рыбінскага р-на Яраслаўскай вобласці — 19.4.1985),
генерал арміі (1955), двойчы Герой Сав. Саюза (1943, 1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1927), акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1950). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў, нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1936—39, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Данскім, Сталінградскім, Цэнтр., Бел., 1-м і 2-м Бел. франтах; камандзір стралк. корпуса, нам. камандуючага, камандуючы арміяй, нам. камандуючага войскамі Бранскага фронту. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў. З кастр. 1942 камандуючы 65-й арміяй, якая ў кастр. 1943 фарсіравала Дняпро ў раёне Лоева, у 1943—44 вызваляла Рэчыцу, Мазыр, Бабруйск, Асіповічы, Слонім. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі. З 1962 нач. штаба Аб’яднаных узбр. сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора. З 1965 у групе ген. інспектараў Мін-ва абароны СССР У 1970—81 старшыня Сав.к-та ветэранаў вайны. Дэп. Вярх. СаветаСССР (1927—50, 1954—66). Аўтар кнігі ўспамінаў «У паходах і баях» (3 выд., 1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛУДЖЫСТА́Н,
гістарычная вобласць у Азіі і на ПдУ Іранскага нагор’я. На Пд абмываецца Аравійскім морам. Пл. 0,5 млн.км². Нас. каля 4 млн.чал. (1990), пераважна народы белуджы (каля 75% усяго насельніцтва) і брагуі. Падзяляецца на Усх. Белуджыстан у складзе Пакістана і Зах. Белуджыстан — Ірана. Ускраіны на Пн у складзе Афганістана.
З стараж.-перс. і ант. крыніц вядома, што тэр. Белуджыстана насялялі мака, гедрозіі і інш. народы. У сярэднявеччы Белуджыстан паслядоўна ўваходзіў у склад Араб. халіфата, дзяржаў Газневідаў, Сельджукаў, Хулагуідаў, Цімурыдаў, Сефевідаў, Вял. Маголаў. У пач. 17 ст. на тэр. Белуджыстана ўзніклі феад. княствы, кіраўнікі якіх былі васаламі Сефевідаў і Вял. Маголаў. У 18 ст.тэр. Белуджыстана аб’яднана пад уладай Насір-хана Белуджы, васала афганскіх шахаў. Паводле дагавораў 1854, 1876 і 1879 Усх. Белуджыстан быў падначалены Вялікабрытаніі і ўвайшоў у склад Брыт. Індыі. Складаўся з Федэрацыі белуджскіх княстваў (пратэктарат пад ускосным брыт. кіраваннем) і каланіяльнага ўладання — т.зв.Брыт. Белуджыстан. Зах. Белуджыстан у 1849—57 быў уключаны ў склад Ірана, Усх. Белуджыстан у 1947—48 — у склад Пакістана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АДЧЫ́НЕНЫХ ДЗВЯРЭ́Й» ПАЛІ́ТЫКА,
1) адзін са стратэгічных кірункаў знешняй палітыкі ЗША у канцы 19 — пач. 20 ст. па стварэнні спрыяльных умоў для эканам. экспансіі ў Кітаі. ЗША, прызнаючы падзел Кітая на сферы ўплыву паміж Вялікабрытаніяй, Германіяй, Францыяй, Расіяй, Японіяй і інш. дзяржавамі, патрабавала захаваць для амер. капіталу ў гэтых сферах «адчыненыя дзверы» — роўныя правы і магчымасці, ільготы і тарыфы. Афіцыйна «Адчыненых дзвярэй» палітыка прызнана на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22. У сав.гіст. л-ры наз. «Адкрытых дзвярэй» дактрына.
2) Сучасны кірунак развіцця сусв. эканомікі і гандлю, галоўны прынцып якога — узаемаадкрытасць эканомікі праз дзейнасць транснац. карпарацый і транснац. банкаў. Падтрымліваецца найб. краінамі свету: ЗША, Японіяй, Францыяй, Германіяй і інш. 3) Курс некаторых дзяржаў Азіі (Кітай, Паўд. Карэя, Малайзія, Індыя і інш.), Афрыкі (Егіпет, Нігерыя, Кенія і інш.), Лац. Амерыкі (Аргенціна, Мексіка, Багамскія Астравы і інш.), рэспублік б.СССР (Расія, Украіна, Літва, Латвія, Эстонія) на эканам. развіццё за кошт прыцягнення замежнага капіталу, тэхнікі і тэхналогій і стварэння свабодных эканамічных зон з ільготным падатковым рэжымам, асобнымі правамі ў сац.-эканам. і паліт. сферах.