ЛЫЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 8.2.1929, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1989), праф. (1993). Брат Г.​М.​Лыча. Скончыў Башкірскі пед. ін-т (1957). З 1958 працаваў настаўнікам, з 1962 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, з 1989 вядучы навук. супрацоўнік. Даследуе пытанні сацыяльна-класавых адносін у сав. час, гісторыю бел. культуры, моўную палітыку на Беларусі ў 19—20 ст., міжнац. адносіны на Беларусі ў 20 ст. Старшыня Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1992—96.

Тв.:

Аднаўленне і развіццё чыгуначнага транспарту Беларускай ССР (верасень 1943—1970 гг.). Мн., 1976;

Аграрный отряд рабочего класса Белоруссии. Мн., 1984;

Ликвидация экономического и социально-культурного неравенства союзных республик: На примере БССР (1917—1941 гг.). Мн., 1987;

Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;

Назвы зямлі беларускай. Мн., 1994;

Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997 (разам з У.​І.​Навіцкім).

Г.М.Лыч.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯШУ́К (Вера Якаўлеўна) (н. 1.11.1933, в. Марозавічы Брэсцкага р-на),

бел. літ.-знавец. Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (1995). Канд. філал. н. (1987). Праф. (1991). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1987). Скончыла Брэсцкі пед. ін-т (1959). З 1963 у Брэсцкім ун-це (у 1980—85 дэкан філал. ф-та). Друкуецца з 1957. Асн. тэмы яе даследаванняў бел. л-ра, літ. краязнаўства, методыка выкладання бел. і рус. л-р і моў у школе, праблемы педагогікі вышэйшай школы. Аўтар вучэбных дапаможнікаў і манаграфій, адзін са складальнікаў падручнікаў-хрэстаматый для школ зб. «Паўлюк Багрым» (1994) і інш.

Тв.:

Краязнаўчы матэрыял на ўроках літаратуры. Мн., 1980;

Іван Мележ у школе. Мн., 1981;

Вывучэнне эпічных твораў: 5—8 класы. Мн., 1987;

Літаратурнае краязнаўства ў школе. Мн., 1991;

Міжпрадметныя сувязі ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры. Мн., 1992 (разам з Г.​М.​Малажай);

Вывучэнне беларускай літаратуры ў школе. Мн., 1994;

Вывучэнне ў школе трылогіі Якуба Коласа «На ростанях». Мн., 1996.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙХРО́ВІЧ (Сцяпан Казіміравіч) (21.6.1908, в. Старэва Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 1.7.1981),

бел. літ.знавец і крытык. Канд. філал. н. (1959). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1941). У 1944—48 дырэктар Дзярж. выд-ва Беларусі, у 1951—54 гал. рэдактар Вучэбнапед. выд-ва Беларусі, у 1959—70 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Асн. працы прысвечаны бел. л-ры 19 ст., помнікам стараж. пісьменнасці, якія разглядаў у плане бел.-рус. і бел.-польскіх культ. кантактаў. Аўтар «Нарыса беларускай літаратуры XIX ст.» (1957), «Нарыса гісторыі старажытнай беларускай літаратуры XIV—XVIII ст.» (1980), кніг, прысвечаных бел. культ.-асветным дзеячам і пісьменнікам.

Тв.:

Янка Лучына. Мн., 1952;

В.​І.​Дунін-Марцінкевіч. Мн., 1955;

Максім Багдановіч: Жыццё і творчасць. Мн., 1958;

Жизнь и творчество Ф.​Богушевича. Мн., 1961;

Янка Брыль. Мн., 1961;

Георгій Скарына. Мн., 1966;

Слова аб палку Ігаравым. Мн., 1968;

Прыказкі і прымаўкі: Гіст. нарыс. Мн., 1976;

Іван Шамякін. Мн., 1978.

А.​С.​Ліс.

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Фелікс Станіслававіч) (1.2.1920, в. Машчонае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 13.8.1992),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. АН Беларусі (1969, чл.-кар. 1966). Д-р эканам. н. (1964), праф. (1965). Скончыў БДУ (1946). З 1947 у Ін-це эканомікі АН Беларусі (у 1964—80 дырэктар). Адначасова ў 1966—70 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Навук. працы па развіцці і размяшчэнні прадукц. сіл Беларусі, эфектыўнасці с.-г. вытворчасці. Даследаваў заканамернасці размяшчэння галін сельскай гаспадаркі і фарміравання с.-г. зон. Удзельнічаў у распрацоўцы навук. прагнозаў па комплексным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і развіцці прадукц. сіл Палесся. Адзін з аўтараў і навук. рэдактар кн. «Эканамічная геаграфія Беларускай ССР» (1956), «Беларуская ССР» (1957), «Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў Беларускай ССР за гады Савецкай улады» (1970).

Тв.:

Измерение эффективности работы сельскохозяйственных предприятий. Мн., 1975 (разам з А.​І.​Мяцельскім);

Факторный анализ эффективности сельскохозяйственного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);

Социально-экономическая эффективность сельскохозяйственного производства в АПК. Мн., 1986 (у сааўт.).

Ф.С.Марцінкевіч.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЧАНКА (Іван Ягоравіч) (2.6.1923, в. Людкоў Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 19.4.1997),

бел. гісторык. Чл.-кар. АН Беларусі (1980). Д-р гіст. н. (1969). Праф. (1970). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1950). Удзельнік Вял. Айч. вайны. У 1945—51 на парт. рабоце. З 1954 у Ін-це гісторыі АН Беларусі: навук. супрацоўнік, вучоны сакратар, у 1962—68 і 1976—81 нам. дырэктара, адначасова заг. сектара і аддзела. Асн. працы па гісторыі рабочага класа, калгаснага сялянства і культ. будаўніцтва. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» у 5 т. (т. 3, 5, 1973—75), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87), «Нарысаў гісторыі Беларусі» ў 2 ч. (ч. 2, 1995).

Тв.:

Аграрные преобразования в Белоруссии в 1917—1918 гг. Мн., 1959;

Рабочий класс БССР в послевоенные годы (1945—1950). Мн., 1962;

Белоруссия—Литва: содружество множит силы. Мн., 1985 (разам з Г.​С.​Мельянковым);

Белорусская ССР курсом перестройки. Мн., 1989 (разам з У.​І.​Навіцкім).

І.Я.Марчанка.

т. 10, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБО́ЧНЫЯ СЛО́ВЫ,

словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.

Літ.:

Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;

Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙНАЎКА (Hajnówka),

горад у Польшчы, у Беластоцкім ваяв., каля зах. ускраіны Белавежскай пушчы. Вядома з 18 ст., горад з 1951. 21 тыс. ж. (1993), палякі і беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр дрэваапр. і мэблевай прам-сці. Вытв-сць каніфолі, шкіпінару і інш. рэчываў. Машынабудаванне (машыны для дрэваапрацоўкі). Адзін з цэнтраў бел. культуры ў Польшчы. Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ.

Дзейнічала з 1897 у Віцебску. Створана разам з Віцебскім трамваем. Мела 4 паравыя рухавікі, выпрацоўвала 618,1 тыс. кВтгадз электраэнергіі (1913). Дзейнічалі 2 секцыі паравых водатурбінных катлоў, кандэнсатары, градзірня, паравыя машыны і дынамамашыны. Было 5 ліній электрасеткі: Вакзала, Задунаўская, Магілёўская, Смаленская і Цэнтральная. Працавала 86 рабочых (1910). Да пуску Беларускай ДРЭС у 1930 была адзінай крыніцай энергазабеспячэння горада.

т. 4, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКАЯ ДРЭС,

самая вялікая цеплавая электрастанцыя ў складзе Беларускай энергетычнай сістэмы. Размешчана на беразе Лукомскага возера, каля г. Новалукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. Будаўніцтва пачата ў 1964. У 1969 пушчаны 1-ы энергаблок, у 1974 пасля пуску 8-га энергаблока дасягнута праектная магутнасць 2400 тыс. кВт. У 1978 пабудавана 3-я чарга. На пачатак 1999 магутнасць станцыі больш за 2500 тыс. кВт.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВАЕ́ННАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА імя М.​І.​Калініна.

Засн. ў 1937 на базе Аб’яднанай беларускай вайсковай школы імя ЦВК БССР у сувязі з тэхн. пераўзбраеннем і рэфармаваннем Чырв. Арміі. Рыхтавала кадры каманднага саставу. Тэрмін навучання 2 і 3 гады. Выпускнікам прысвойвалася званне лейтэнанта. З 1940 Мінскае пях. вучылішча імя М.​І.​Калініна. У чэрв. 1941 эвакуіравана. Пасля вайны не аднаўлялася.

В.​М.​Герасімаў.

т. 10, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)