АХРЭ́МАЎЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдУ ад Браслава, 229 км ад Віцебска, 39 км ад чыг. ст. Друя. 1549 ж., 495 двароў (1995). У 1976 да Ахрэмаўцаў далучана в. Бяльмонты. Торфабрыкетны з-д «Браслаўскі». Аграпрамтэхніка. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. За 0,5 км на Пд — курганны могільнік 8—10 ст. Мураваная капліца Збавіцеля (1858). Помнік садова-паркавага мастацтва Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты».

т. 2, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАШЭ́ЎСКІ ((Bogdaszewski) Ігнат) (1809 — каля 1870),

польскі паэт. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Потым жыў у фальварку Антосін (цяпер в. Антосіна Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.). Выбіраўся маршалкам шляхты Мінскай губ. (1841). Аўтар паэт. зб-ка «Некалькі балад і аповесцяў» (Вільня, 1826), у якім выкарыстаў матывы бел. фальклору. Першы перакладчык на польск. мову «Гістарычных дум» К.​Рылеева (Вільня, 1829). Паводле сведчання маці Ю.​Славацкага, Багдашэўскі пісаў «рускія» (г. зн. беларускія) песенькі, музыку да якіх падбірала яго сястра Антаніна.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРБАРО́Ў,

вёска ў Беларусі, у Мазырскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. Прыстань на р. Прыпяць. За 31 км на ПдУ ад Мазыра, 164 км ад Гомеля. 563 ж., 265 двароў (1995). Базавая школа, б-ка, клуб, аддз. сувязі. Сядзібна-паркавы ансамбль 19 ст.

Вядомы з 18 ст. як мястэчка, былі смалакурні. У 1779 пабудаваны Успенская царква, каталіцкая капліца, палац (каля 1865; не збярогся). У 1886 — 226 ж., 33 двары. У Вял. Айч. вайну ў Барбарове і наваколлі дзейнічаў славацкі партыз. атрад; вёска была спалена ням.-фаш. акупантамі.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ЗЯМЛЯ́ЦТВА ПРАЛЕТА́РСКАГА СТУДЭ́НЦТВА ў Кіеве.

Існавала ў 1926—30. Старшыня М.​Аляшкевіч, сакратар П.​Бруква. Ставіла за мэту вывучаць гісторыю, эканам. геаграфію, прам-сць, культуру і мастацтва Беларусі; аказваць матэрыяльную дапамогу сябрам зямляцтва. Складалася з аўтаномных аддзелаў, арганізаваных пры ВНУ Кіева. Існавалі культурніцкая і эканам. секцыі, працавалі гурткі бел. мовы і прыродазнаўства, бел. б-ка. На базе Цэнтр. клуба студэнцтва Кіева ўтвораны бел. клуб. Праводзіліся бел. студэнцкія вечарыны. Праўленне зямляцтва супрацоўнічала з Кіеўскай акр. радай пралетарскага студэнцтва Украіны, з бел. студэнцкімі зямляцтвамі Варонежа, Ленінграда, Масквы.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ КАМБІНА́Т ШАЎКО́ВЫХ ТКАНІ́Н.

Створаны ў 1955 у Віцебску як шаўкаткацкая ф-ка. У 1965—72 уведзена аддзелачная вытв-сць. З 1968 шаўковы камбінат, з 1976 сучасная назва. У 1984—85 рэканструяваны, расшырана ткацкая вытв-сць. З 1994 — калектыўнае прадпрыемства. Цэхі: падрыхтоўчы, ткацкі, аддзелачны. Асн. прадукцыя (1996): шаўковыя тканіны (усяго 6 млн. м гатовых тканін), з прымессю штучных валокнаў, з сінт. нітак і валокнаў, з штучных і з сінт. нітак з інш. валокнамі, з штапельнага валакна; сукеначныя, парцьерныя, касцюмныя і блузачныя, падкладачныя, а таксама тэхнічныя.

т. 4, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́МЦАВА-КУ́ДРЫНСКАЯ РАЗЬБА́,

рускі маст. промысел разьбы па дрэве. Вядзе пачатак ад майстэрні, арганізаванай у 1882 А.​Дз.​Паленавай з мясц. майстроў с. Кудрына, Ахтырка і інш. у сядзібе Абрамцава (гл. «Абрамцава»), Бытавыя рэчы і сувеніры (шкатулкі, талеркі) з плоскарэльефнай разьбой (раслінны і геам. арнамент, фігуркі птушак, жывёл) і паліраванай паверхняй цяпер выпускае Хацькоўская ф-ка разных маст. вырабаў (г. Хацькова Маскоўскай вобл.).

Літ.:

Василенко В.М. Русская народная резьба и роспись по дереву XVIII—XX вв. М., 1960.

Да арт. Абрамцава-Кудрынская разьба. А.​Паленава. Совы (уверсе), шафка. 1880-я гады.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ ЛЬНОКАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1928—37 (1-я чарга) у Оршы. У 1963 уведзена 2-я, у 1972 — 3-я чарга. У 1973 у склад камбіната ўвайшла Аршанская льнопрадзільная ф-ка «Дняпро» (пастаўляе пражу дывановым прадпрыемствам Беларусі). З 1975 — ВА «Аршанскі льнокамбінат», з 1990 — арэнднае вытворча-гандл. прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1995): бытавыя (дэкаратыўныя, бялізнавыя, сукеначна-касцюмныя, кашульныя, на сурвэткі, абрусы, пакрывалы, ручнікі), тэхн. і тарныя тканіны. У 1994 выраблена 41 тыс. м² ільняных тканін (макс. выпуск 215 тыс. м² быў у 1989). Пры камбінаце тэхнікум і ПТВ тэкстыльшчыкаў.

т. 1, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАМЕ́ЧАЎСКАЯ БІБЛІЯТЭ́КА імя Ф.​Ф.​Паўленкава,

адна з першых на Беларусі бясплатных нар. бібліятэк. Засн. ў 1905 у в. Астрамечава (Брэсцкі р-н) на сродкі фонду кнігавыдаўца Ф.​Ф.​Паўленкава. Камплектавалася бел., рус. і замежнай л-рай. У 1908 мела больш за 1000 кніг, абслугоўвала 240 чытачоў. У час 1-й сусв. вайны спыніла дзейнасць. Адноўлена ў канцы 1920-х г.; у 1934 закрыта польск. ўладамі. З 1946 сельская б-ка імя Паўленкава. Кніжны фонд больш за 11 тыс. адзінак захавання (1.1.1996).

Астрамечаўская бібліятэка імя Ф.​Ф.​Паўленкава.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КАЕ,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на р. Аршыца, на аўтадарозе Орша—Віцебск. Цэнтр сельсавета. За 13 км на Пн ад г. Орша, 67 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Хлусава. 1605 ж., 449 двароў (1996). Аршанскае дзярж. буд.-эксплуатацыйнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі помнік К.​С.​Заслонаву. Помнік архітэктуры — сядзіба (мяжа 19—20 ст.). У 1828—85 у Высокім дзейнічала Высокаўская папяровая фабрыка.

т. 4, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ ПРАМЫСЛО́ВА-ГАНДЛЁВАЯ ФІ́РМА «8 САКАВІКА́».

Засн. ў 1926 у Гомелі як трыкатажная майстэрня па вытв-сці панчошна-шкарпэткавых вырабаў. З 1930 Гомельская панчошна-трыкатажная ф-ка «8 Сакавіка», мела швейны, вязальна-трыкатажны цэхі і лабараторыю моды, выпускала шаўковую і баваўняную бялізну, джэмперы. У Вял. Айч. вайну эвакуіравана ў г. Чкалаў (цяпер Арэнбург, Расія). У 1946 адноўлена. З 1992 сучасная назва. Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі ў галіне лёгкай прам-сці. Выпускае больш за 400 найменняў прадукцыі жаночага асартыменту. У 1993 узнагароджана міжнар. прэміяй у конкурсе за якасць прадукцыі.

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)