МА́ЛІНКАВА ((Malinkowa) Ката) (н. 1.5.1931, Бацёнь, Германія),

сербалужыцкая перакладчыца. Працавала выкладчыцай рус. мовы ў школе, у газ. «Nowa doba» («Новы час»), у Доме сербалужыцкага нар. мастацтва. Перакладае творы рус., класічнай л-ры, чэш. і ням. пісьменнікаў. На верхнялужыцкую мову пераклала асобныя творы В.​Адамчыка, П.​Броўкі, Я.​Брыля, В.​Быкава, А.​Жука, У.​Караткевіча, М.​Лынькова, І.​Мележа, Б.​Сачанкі, Я.​Скрыгана, І.​Чыгрынава, І.​Шамякіна і інш. (зб. бел. апавяд. «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», 1980).

А.​П.​Траяноўскі.

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІЯКА́ЛЬНА-ДЭПРЭСІ́ЎНЫ ПСІХО́З,

цыркулярны псіхоз, псіхічнае захворванне, якое характарызуецца перыядамі прыгнечанасці (дэпрэсіі), узбуджэння (маніякальны стан, гл. Манія) і аднаўлення здароўя (светлы прамежак). М.-д.п. — комплекс спадчынных і набытых вегетатыўна-эндакрынных і абменных парушэнняў, вынік расстройства рэгулятарных механізмаў кары вял. паўшар’яў і інш. аддзелаў галаўнога мозга. У час дэпрэсіі назіраецца эмацыянальны і інтэлектуальны спад, замаруджванне мыслення і рухаў (бываюць спробы самагубства). Пры маніякальным стане ўзнікае паскоранае і паверхневае мысленне, моварухальнае ўзбуджэнне, добры настрой, хаатычная дзейнасць. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАВІ́ДСКАЯ МЕМАРЫЯ́ЛЬНАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры неакласіцызму на Брэсцкай шашы, за 1,5 км ад в. Мілавіды Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1930—33 у памяць» пра Мілавідскую бітву 1863 у час паўстання 1863—64. Капліца — цэнтрычнае збудаванне: на квадратным у плане цокалі ўстаноўлены 4 калоны, якія нясуць пліту антаблемента; у завяршэнні сферычны гранёны купал з ажурным крыжам. Унутр. прастора абмежавана міжкалоннымі арачнымі прасценкамі. На цокалі і пастаменце — памятныя надпісы.

А.​М.​Кулагін.

Мілавідская мемарыяльная капліца.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ХАЦКАЯ БІ́ТВА 1687 Адбылася 12 жн. на Пд ад г. Мохач (Венгрыя) у час вайны дзяржаў «Свяшчэннай лігі» супраць Турцыі 1683—99 паміж тур. арміяй візіра Сулеймана-пашы (80 тыс. чал.) і аўстр.-герм. і венг. войскамі на чале з аўстр. военачальнікам Карлам Леапольдам Латарынгскім (60 тыс. чал.). Адбіўшы націск тур. арміі, войскі лігі перайшлі ў наступленне і перамаглі. М.б. прадвызначыла зыход вайны. Турэцкае панаванне на значнай частцы Венгрыі заменена аўстр. акупацыяй Трансільваніі і ўмацаваннем улады Габсбургаў.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМА́ДА, Нарбада,

рака ў Індыі. Даўж. 1250 км (па інш. звестках каля 1400 км), пл. басейна каля 102 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Майкал, цячэ ў глыбокай даліне па паўн.-зах. частцы Дэканскага пласкагор’я. Упадае ў Камбейскі зал. Аравійскага м., утварае эстуарый. Сярэдні расход вады 1260 м³/с, макс. ў час летніх мусонных дажджоў. У ніжнім цячэнні выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў эстуарыі. У даліне Н. — г. Джабалпур. Н. — «свяшчэнная» рака індусаў, прываблівае шмат паломнікаў.

т. 11, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРМІ́РАВАННЕ ПРА́ЦЫ,

вызначэнне нормы часу і выпрацоўкі; адзін з асн. элементаў навуковай арганізацыі працы. Разлік Н.п. ажыццяўляецца аналіт. і доследна-стат. метадамі. Пры аналіт. метадзе аперацыю (работу) падзяляюць на элементы, якія аналізуюць, праектуюць рацыянальную структуру аперацыі, вызначаюць час на кожны элемент аперацыі і на ўсю аперацыю. Доследна-статыстычны метад — вызначэнне норм на аснове вопыту нарміроўшчыка альбо на аснове ранейшых стат. звестак. Пры дапамозе Н.п. вызначаецца неабходная колькасць работнікаў, фонд заработнай платы, прадукцыйнасць працы і інш. паказчыкі.

т. 11, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭР (ням. Order ад лац. ordo рад, парадак, шэраг),

1) афіцыйны дакумент, які змяшчае загад, прадпісанне, распараджэнне (напр., на ўсяленне ў жылое памяшканне, на атрыманне тавару, грузу і да т.п.).

2) У бухгалтэрыі дакумент на ажыццяўленне аперацый з грашовымі або матэрыяльнымі сродкамі (наяўнымі — касавыя О., безнаяўнымі разлікамі — мемарыяльныя О.).

3) Рэгламентаванае камандуючым (камандзірам) узаемнае па напрамках і дыстанцыях размяшчэнне ваен. караблёў на пераходзе морам і ў час бою. Ствараецца з мэтай абароны ад магчымых атак праціўніка.

т. 11, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДМА́НКІ,

група мінералаў класа сульфідаў, якія маюць падобныя знешнія прыкметы (алмазны, паўметалічны бляск, колер і інш.), што адрознівае іх ад большасці сульфідаў, і пераважна з’яўляюцца рудамі. Напр., цынкавая П. (сфалерыт), кадміевая П. (грынакіт, CdS), аксаміцістая П. (тонкавалакністыя агрэгаты гётыту) і інш. Да П. адносіцца таксама рагавая падманка (кл. сілікатаў), жалезістыя разнавіднасці якой маюць моцны паўметалічны бляск, але не з’яўляюцца рудой. Назва ўведзена сярэдневяковымі рудакопамі, якія часта прымалі гэтыя мінералы за руды вядомых у той час металаў.

т. 11, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЬГУ́,

у старажытнакітайскай міфалогіі першапродак, першы чалавек на зямлі. Паводле касмаганічных міфаў, П. нарадзіўся, калі сусвет нагадваў змесціва курынага яйка. П. вырастаў 18 тыс. гадоў, і за гэты час светлы пачатак (ян) утварыў неба, а мутны (інь) — зямлю (гл. Інь і ян). Паводле інш. міфаў, смерць П. і часткі яго цела далі пачатак канкрэтным касм. з’явам і элементам рэльефу — ветру, аблокам, грому, сонцу, зоркам, глебе, гарам, рэкам і інш., а з паразітаў, што жылі ў яго тулаве, нарадзіліся людзі.

т. 12, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ у музыцы,

час, які займае гук ці паўза. Абс. П. гуку вымяраецца мерамі часу (секунда, мінута). Важнае значэнне мае адносная П. гукаў, што выяўляе суадносіны гукаў у часе, якія праяўляюцца ў метры і рытме і ляжаць у аснове муз. выразнасці. Для абазначэння адноснай П. выкарыстоўваюць умоўныя знакі — ноты (брэвіс, цэлая, палавінная і інш.) і дадатковыя да нот знакі (кропкі, лігі). Ад умоўнага падзелу асноўнай П. ўтвараюцца рытмічныя групы (дуоль, трыёль і інш.).

В.​С.​Клакоцкая.

т. 13, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)