ГУРЛО́ (Мікалай Васілевіч) (15.5.1914, г. Днепрапятроўск, Украіна — 4.9.1980),

бел. графік. Вучыўся ў Маскоўскім паліграф. ін-це (1938—41). Працаваў у станковай, кніжнай графіцы, плакаце. Аўтар сатыр. і гумарыстычных малюнкаў для час. «Вожык», «Полымя», «Работніца і сялянка», «Беларусь» і інш. Аформіў кнігі «Мушка-зелянушка» М.​Багдановіча (1961), «Прыгоды дзеда Міхеда» А.​Астрэйкі (1959), «На вясёлай хвалі» Э.​Валасевіча (1967) і інш. Творчасці ўласцівы актуальнасць праблематыкі, лаканізм, вобразная выразнасць, добразычлівы гумар, сатыр. вастрыня.

А.​М.​Пікулік.

М.Гурло. Чэмпіён па кольцах. 1970.

т. 5, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЙШЫК (Мікалай Васілевіч) (17.1.1927, в. Воля Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 24.4.1944),

удзельнік партыз. руху у Беларусі ў Вял. Айч. вайну. З пач. вайны партыз. сувязны, з 1943 падрыўнік партыз. брыгады імя Дзяржынскага Брэсцкай вобл. Пусціў пад адхон 7 варожых эшалонаў. У час чарговай аперацыі партызанам не ўдалося замініраваць рэйкі, таму Гойшык кінуўся з мінай пад эшалон з танкамі, гарматамі і жывой сілай ворага. У в. Міхнавічы Івацэвіцкага р-на пастаўлены помнік, у г. Івацэвічы адкрыты дом-музей Гойшыка.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЦЭБА́Л (Decebalus; ?—106),

цар дакаў [87—106]. Пасля перамогі над рымлянамі ў вайне пры імператару Даміцыяне ў 89 Д. заключыў мір, паводле якога Рым павінен быў штогод выплачваць дакам субсідыі. Умацаваў дзяржаву, устанавіў прагрэс. формы ўнутр. кіравання. У выніку войнаў з рым. імператарам Траянам (101—102 і 105—106) тэр. дакаў была заваявана і ўтворана рым. прав. Дакія. Пасля падзення сталіцы дакаў Д. уцёк у горы, нейкі час вёў партыз. вайну супраць рымлян. Пераканаўшыся ў беспаспяховасці барацьбы, скончыў самагубствам.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ 1949,

чатыры міжнародныя пагадненні аб абароне ахвяр вайны: аб паляпшэнні лёсу параненых і хворых у дзеючых арміях; аб паляпшэнні лёсу параненых, хворых і асоб са складу ўзбр. сіл, якія пацярпелі караблекрушэнне на моры; аб абыходжанні з ваеннапалоннымі; аб абароне цывільнага насельніцтва ў час вайны. У 1977 канвенцыі дапоўнены 2 дадатковымі пратаколамі — аб абароне ахвяр міжнар. узбр. канфліктаў і аб абароне ахвяр узбр. канфліктаў неміжнар. характару. Да Ж.к. далучылася 170 краін, у т. л. Беларусь (1954).

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТЫ́ ВЕК,

у старажытных уяўленнях многіх народаў самая ранняя пара існавання чалавецтва, калі людзі заставаліся вечна маладыя, не ведалі турбот і засмучэнняў, былі падобныя да багоў, але падуладныя смерці, якая прыходзіла да іх як салодкі сон, З.в. называюцца таксама час росквіту культуры, мастацтва, л-ры, навукі і інш. Адпаведна гіст. працэсам развіцця ў розных краінах перыяды З.в. не супадаюць храналагічна і тыпалагічна. Для Беларусі некат. даследчыкі З.в. называюць 16—1-й пал. 17 ст., што прыпадае на бел. Адраджэнне.

т. 6, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МКАВАЯ ГАРА́,

найвышэйшы пункт Навагрудскага ўзвышша на Беларусі. За 3 км ад г. Навагрудак, за 250 м на Пн ад в. Пуцэвічы. Выш. 323 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта пылаватым супескам, сфарміраваным у час паазерскага зледзянення. Мае выгляд спадзіставыпуклага ўзвышэння субмерыдыянальнага напрамку. Схілы спадзістыя, стромкасць 3—7°, адносны перавыш. да 20—25 м/км². Амаль уся пад ворывам. На З.г. засталіся руіны Навагрудскага замка (10—16 ст.). Паблізу З.г. ў гонар А.​Міцкевіча насыпаны курган.

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БЫ ШТУ́ЧНЫЯ,

штучныя дэталі, што ўваходзяць у склад зубных пратэзаў для замяшчэння зубных радоў з мэтай нармалізацыі функцыі жавання, мовы, эстэтыкі. У 4—3 ст. да н.э. для вырабу З.ш. выкарыстоўвалі косць, пазней золата. У наш час З.ш. робяць з акрылавай пластмасы, керамікі; колер адпавядае натуральным зубам. Акрамя здымных і няздымных пратэзаў (гл. Пратэзаванне зубоў) З.ш. бываюць адзінкавыя. Пры адсутнасці каронкі і захаваным корані робяць штыфтавыя зубы. Іншы раз З.ш. фіксуюць на дэнтальных імплантантах.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н V Аляксеевіч

(27.8.1666, Масква — 29.1.1696),

рускі цар [1682—89]. Сын Аляксея Міхайлавіча, бацька Ганны Іванаўны. Вызначаўся слабым здароўем (хварэў на цынгу, меў слабы зрок). Пасля смерці бяздзетнага цара Фёдара Аляксеевіча (27.4.1682) Нарышкіны абвясцілі царом малодшага царэвіча Пятра Аляксеевіча. У час Стралецкага паўстання І. V быў пасаджаны на прастол і 26.5.1682 зацверджаны Земскім саборам «першым» царом (яго малодшы брат Пётр I стаў лічыцца «другім» царом). Цараванне І. V было намінальным, да 1689 фактычна правіла царэўна Соф’я Аляксееўна, пасля Пётр I.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУСАВЕ́ДЫ ІМЯ́ ЛЬВА САПЕ́ГІ,

навукова-культурная арг-цыя бел. эміграцыі ў Іспаніі. Дзейнічаў у 1952—60 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры ў Мадрыдзе. Старшыня — прынц Тодар Ляскарыс Камнена, арганізац. працу вёў У.​Рыжы-Рыскі. Асн. кірункі дзейнасці: развіццё і пашырэнне навук. даследаванняў па гісторыі і сучаснасці бел. дзяржавы, прапаганда ведаў пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. Для працы запрашаліся бел. навукоўцы, якія друкавалі вынікі сваіх распрацовак у ісп. час. «Oriente» («Усход»).

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТМІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ, Істміі,

у Стараж. Грэцыі святы і спаборніцтвы ў гонар Пасейдона. Праходзілі на Істме (цяпер Карынфскі перашыек), верагодна з 582 да н.э. адзін раз у 2 ці 4 гады. Паводле міфа, засн. Тэсеем. Праводзіліся гімнастычныя, конныя, пазней муз. і паэт. спаборніцтвы. Пераможцу ўзнагароджвалі вянком з сельдэрэю ці хвоі, у які ўпляталася галінка пальмы. На час І.г. у Грэцыі абвяшчаўся «свяшчэнны мір», не вяліся ваен. дзеянні. Да ўдзелу ў І.г. не дапускаліся арганізатары Алімпійскіх гульняў — элейцы.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)