ВЯ́ЗЫНКА,

гарадзішча 2—5 ст. штрыхаванай керамікі культуры каля в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пляцоўка ўмацавана валам, абарончай драўлянай сцяной (за час існавання тройчы аднаўлялася пасля пажараў), з паўн.-зах. боку — ровам. У 2 будаўнічых гарызонтах выяўлены ямы-паграбы і рэшткі драўляных жытлаў: у ніжнім — вял. 3-камернага з падковападобным агнішчам, у верхнім — верагодна, жытлаў слупавой канструкцыі.

Знойдзены фрагменты глянцаванага і падглянцаванага посуду, рабрыстых і слоікападобных пасудзін, жал. прылады працы, гліняныя прасліцы і інш.

т. 4, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБ, дубок,

выдзеўбаная дубовая лодка, вял. човен. Рабілі пераважна ў бас. Дняпра і Прыпяці, дзе яны хадзілі да канца 19 ст. Памеры залежалі ад дыяметра ствала дрэва і прызначэння. Выкарыстоўваўся для перавозкі грузаў і людзей, рэгулявання сплаву лесу (плытоў), у якасці платформы для парома. Прыпяцкія Д. ў час разліву замянялі паромы, маглі перавозіць 2 параконныя вазы. З-за драпежнага вынішчэння гаёў у 2-й пал. 19 ст. рабілі дашчаныя Д. з хвоі і асіны.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 6, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЫНА́МА»,

стадыён у Мінску. Адкрыты ў 1934, рэканструяваны ў 1939. Асн. збудаванні ў час Вял. Айч. вайны разбураны. Новы стадыён пабудаваны ў 1947—54 (арх. М.​Колі, М.​Паруснікаў і інш.). Рэканструяваны ў 1978—80 (арх. С.​Баткоўскі, М.​Гаўхфельд, Л.​Гельфанд, Ю.​Спясіўцаў) да Алімпійскіх гульняў 1980 для папярэдніх спаборніцтваў па футболе. На трыбунах больш за 50 тыс. месцаў. Каля аднаго з уваходаў на тэр. стадыёна размешчана дэкар. скульптура «Бег» (1980, скульптар В.​Занковіч).

Стадыён «Дынама» ў Мінску.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗЕРЦІ́РСТВА (ад франц. déserteur),

воінскае злачынства, якое заключаецца ў самавольным пакіданні вайск. часці або інш. падраздзялення з мэтай ухілення ад ваен. службы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Д. лічыцца таксама няяўка ваеннаслужачага з той жа мэтай на службу пры назначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, водпуску або з лячэбнай установы. Адказнасць за Д. настае незалежна ад працягласці часу, на працягу якога ваеннаслужачы знаходзіўся па-за межамі часці ці месца службы. Д. караецца пазбаўленнем волі, у ваенны час — нават пакараннем смерцю.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСПАТЫ́Я,

тое, што дэспатызм, адна з форм дыктатуры. Была пашырана ў стараж.-ўсх. (Асірыя, Вавілонія, Егіпет, Індыя, Іран, Кітай і інш.) і сярэдневяковых краінах — Багдадскім (Абасідаў) халіфаце (8—9 ст.), Візант. імперыі (да 12 ст.), Асманскай імперыі (14—16 ст.), дзяржаве Вялікіх Маголаў у Індыі (16—17 ст.) і інш. У цяперашні час у пераносным сэнсе ўжываецца вытворнае ад Д. слова «дэспат», якім пазначаюць самаўладнага, бязлітаснага чалавека, які не лічыцца ні з чыімі думкамі і жаданнямі.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 12.8.1950, в. Вароніна Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1990—94 рэдактар гал. рэдакцыі літ.-драм. праграм Бел. тэлебачання. З 1994 — у час. «Крыніца». Друкуецца з 1967. Першы паэт. зб. «Таемнасць агню» (1984). Яднанне пошуку і адкрыцця характэрна для гэтага і інш. зб-каў Галубовіча («Споведзь бяссоннай душы», 1989, «Таемнасць споведзі», 1993, «Заложнік цемры», 1994).

І.​Д.​Сіпакоў.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЕЎ (Віталь Мікалаевіч) (14.4.1910, г. Курган, Расія — 1982),

рускі графік. Нар. мастак СССР (1981). Вучыўся ў Вышэйшым дзярж. маст.-тэхн. і Маскоўскім паліграф. ін-тах (1929—34). Аўтар экспрэсіўных сатыр. малюнкаў і карыкатур (надрукаваны пераважна ў час. «Крокодил»), станковых малюнкаў (серыя «Амерыканцы ў сябе дома»), ілюстрацый («Пецярбургскія аповесці» М.​В.​Гогаля, 1965, «Тры таўстуны» Ю.​К.​Алешы, 1968) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1967.

В.Гараеў. Доктар Гаспар і Суок. Ілюстрацыя да аповесці Ю.​К.​Алешы «Тры таўстуны». 1968.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРСІЛА́СА ДЭ ЛА ВЭ́ГА (Garcilaso de la Vega; 6.2.1503, г. Таледа, Іспанія — 14.10.1536),

іспанскі паэт, буйнейшы прадстаўнік ранняга ісп. Адраджэння. Быў дыпламатам пры двары Карла V, удзельнічаў у ваен. паходах, доўгі час жыў у Неапалі. Рэфармаваў ісп. верш, шырока ўводзіў італьян. памеры і цвёрдыя страфічныя формы (актава, санет, канцона). У лепшых сваіх творах — санетах і эклогах — апяваў прыгажосць свету і чалавечых пачуццяў (выд. ў 1543).

Тв.:

Рус. пер. [Стихи);

Сонеты // Поэзия испанского возрождения. М., 1990.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮПО́НЫ (Du Pont),

сямейная фін. і прамысл. група ў ЗША. Заснавальнік — Э.​І.​Дзюпон дэ Немур (1771—1834), сын П.С.Дзюпона дэ Немура. У 1802 ён пабудаваў у пас. Уілмінгтан (штат Дэлавэр) парахавы з-д. Разбагацелі на ваен. бізнесе ў час англа-амер. вайны 1812—14, амер.-мекс. вайны 1846—48, грамадз. вайны ў ЗША 1861—65, 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры Т.​К.​Дзюпоне (1863—1930) узнік хім. канцэрн «Дзюпон дэ Немур энд компані» (1899).

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КШЫЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—97. Утвораны ў складзе Мінскай губ. з частак Ашмянскага і Мінскага пав. ВКЛ пасля іх далучэння да Расіі ў час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Цэнтр — мястэчка (з 1795 горад) Докшыцы. Найб. значнымі паселішчамі Д.п. былі мястэчкі Беразіно, Гайна, Даўгінава, Ілья, Лагойск, Плешчаніцы, сёлы Бягомль, Нябышына і інш. Скасаваны ў пач. 1797, яго тэр. падзелена паміж Вілейскім і Барысаўскім пав. Мінскай губ.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)