акало́дачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да акалодка (у 2 знач.). Акалодачнае памяшканне.

2. у знач. наз. акало́дачны, ‑ага, м. Тое, што і акалодачны наглядчык. Патаргаваўшыся яшчэ трохі, акалодачны паказаў рукою на паліцыю і сказаў: «Калі ты будзеш стаяць па сваім, дык завяду ў акалодак!» Колас.

•••

Акалодачны наглядчык гл. наглядчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мяккаце́лы, ‑ая, ‑ае.

1. З мяккім целам, вялымі мускуламі.

2. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; бязвольны, бесхарактарны. Ганскі адчуваў некаторую палёгку ад таго, што з яго спалі абавязкі члена сельсавета, якія яго, нерашучага і мяккацелага, заўсёды трохі прыгняталі. Крапіва.

3. у знач. наз. мяккаце́лыя, ‑ых. Тое, што і малюскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прамачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., што.

Насыціць вільгаццю. — Глядзіце, які дождж тут прайшоў, а там дык і не капнула. Хаця б у нас прамачыў зямлю, — разважала старая калгасніца. Шамякін. // Зрабіць мокрым; вымачыць (адзенне, абутак на кім‑н.). Пераходзіць цераз ручаіну можна было, не баючыся прамачыць ногі. Курто.

•••

Прамачыць горлатрохі выпіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгарэ́ць, ‑рыць; зак.

1. Трохі абгарэць, абвугліцца (пра што‑н. печанае, смажанае); падпаліцца. Бульба прыгарэла. Блін прыгарэў. // Падгарэўшы, пачаць пахнуць дымам, гарам. Малако прыгарэла. // Прыстаць, прыліпнуць да чаго‑н. (пры варцы, кіпячэнні і пад.). Каша прыгарэла да гаршка.

2. Спец. Прыстаць да чаго‑н. (пры апрацоўцы агнём). Шлак прыгарэў да рашоткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыхава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Часова або трохі, няпоўнасцю схавацца; стаіцца. — Ой, а тады якраз дождж паўдня ліў, дык я і падумала была, што можа гэта ты дзе ў дарозе ад дажджу прыхавалася. Чорны. Непадалёку была нівінка, відаць, жанчына мела намер прыхавацца там сама і ўратаваць каня ў выпадку налёту. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фаэто́н, ‑а, м.

1. Лёгкі экіпаж з адкідным верхам. Поезд наганяе другую фурманку, фаэтон, у які запрэжана пара коней. Галавач. Трохі паводдаль ззаду стаяў панскі фаэтон, запрэжаны параю коней. Мурашка. // Кузаў легкавога аўтамабіля, у якім можна адкрываць верх і здымаць бакавіны.

2. Птушка сямейства весланогіх, якая жыве ў трапічных морах.

[Грэч. Phaethōn — сын бога Сонца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шала́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. неадабр. Бадзяцца, швэндацца. Замест таго, каб шалацца па станцыі, што было нават і небяспечна, настаўнікі прыпыніліся ў лесе на высокім узгорку над балотам, — адпачыць ды хоць трохі абмеркаваць сваё становішча. Колас. [Драч:] Проста салдат вунь колькі шалаецца па Піцеру, то няўжо кожнага на такі пачастунак? Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адслані́цца, ‑сланюся, ‑слонішся, ‑слоніцца; заг. адсланіся; зак.

Разм.

1. Адхінуўшыся, адсунуўшыся ўбок, перастаць засланяць сабою каго‑, што‑н. Як толькі адсланілася газета, Максімка хуценька накрыў галаву коўдрай. Сабаленка.

2. перан. Выявіцца, праясніцца. [Лабановіч:] — Пачакаю трохі: да дванаццатага жніўня застаецца не так ужо многа. А можа і да гэтага часу што-небудзь адслоніцца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павідне́ць, ‑ее; зак.

1. безас. Стаць відней, пасвятлець. Калі больш павіднела і туман парадзеў, стаў відаць супроцьлеглы бераг. Шамякін. Як быццам трохі павіднела — дрэвы ўжо так шчыльна не абступалі хлопца, некранута-чысты снег, здавалася, свяціўся сам па сабе. Шахавец.

2. Стаць відным, бачным. Павіднела ля лесу поле, за ракой парадзеў туман. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патра́ва, ‑ы, ж.

1. Знішчэнне, псаванне травы, пасеваў і пад. жывёлай. [Павал:] — Вы думаеце, калі я не ўспеў прыбраць усяго свайго аўса, калі я трохі запазніўся з аўсом, дык думаеце, я так і пакінуў на патраву вашым коням, каб вы іх павывалаквалі!? Чорны.

2. Абл. Страва, яда. Незайздросная патрава: Бульба ды куцейка. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)