МАРДЗВІ́ЛАВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў.

У Любанскім р-не Мінскай вобл., каля в. Мардзвілавічы. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пяскі жоўтыя, шэрыя, дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя, з праслоямі і лінзамі жвірыстага пяску і марэннага супеску. Разведаныя запасы 10,5 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—14,3 м, ускрышы (тонкія пяскі, супескі) 0,2—5,9 м. Пяскі прыдатныя на выраб сілікатнай цэглы, сілікатабетону. Распрацоўваецца Любанскім камбінатам будматэрыялаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 10, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЗАЎ (Міхаіл Ільіч) (1.1.1922, г. Барысаў Мінскай вобл. — 24.8.1944),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Барысаўскае педвучылішча (1939). У Вял. Айч. вайну на Зах., Варонежскім, Цэнтр. і 1-м Укр. франтах. Артыл. батарэя на чале з старшым лейт. М. вызначылася ў жн.вер. 1943 пры вызваленні Украіны. У баі за плацдарм на р. Сейм паранены М. працягваў кіраваць агнём батарэі, забяспечыў прарыў абароны праціўніка і вызваленне шэрагу нас. пунктаў.

М.І.Марозаў.

т. 10, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНЕ́Ц (Яўген Фёдаравіч) (29.4.1932, в. Аляксандраўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.5.1986),

бел. вучоны ў галіне нейрафізіялогіі. Д-р мед. н. (1973), праф. (1982). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1956). З 1977 у БДУ (да 1984 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні ўстойлівасці галаўнога мозга да кіслароднага галадання.

Тв.:

Молекулярно-системные реакции гипоксического процесса в ткани головного мозга ( у сааўт.) // Актуальные вопросы невропатологии и нейрохирургии. Мн., 1975. Вып. 8.

т. 9, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНЬ,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Вілейка—Мядзел. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад горада і чыг. ст. Вілейка, 108 км ад Мінска. 1148 ж., 444 двары (1999). Спірт- і вінзаводы, цэх мінер. вады, кансервавы цэх, малое прадпрыемства «Любань». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯШЧЫ́НСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). За 250 м на ПнЗ ад в. Ляшчынск Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун ружавата-шэрага дробназярністага граніту з уключэннямі крышталёў мінералаў цёмнага колеру (слюды). Даўж. 4 м, шыр. 3,4 м, выш. 0,8 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 10,7 м³, маса каля 27 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦКІ́ЙСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды Беларусі (з 1997). За 400 м на ПнЗ ад в. Мацкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун граніту сярэднезярністага з кварцава-палевашпатавымі жылкамі таўшчынёй да 3—5 см. Даўж. 3,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,1 м, у абводзе 10,1 м, аб’ём бачнай часткі 12,8 м³, маса каля 34 т. Прынесены ледавіком каля 15—20 тыс. г. назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 10, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАСА́Д (Пётр Аляксандравіч) (15.7.1939, в. Шэлехава Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 16.6.1994),

бел. спявак (барытанальны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1989). Спяваў у самадзейнасці. З 1960 артыст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі. Валодаў моцным, роўным ва ўсіх рэгістрах голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, дакладнай інтанацыяй. Яго выканальніцкая манера вылучалася абаяльнасцю, шчырасцю, эмацыянальнасцю. Выконваў адказныя сола ў праграмах калектыву, у т. л. бел. і рус. нар. песнях і інш.

М.​П.​Дрынеўскі.

т. 11, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАЛІБО́КІ»

(«Naliboki»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Івянецкім р-не Баранавіцкай (цяпер Мінскай) вобл., у Налібоцкай пушчы 24—27.7.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася 3 карнымі батальёнамі, якім не ўдалося пранікнуць у размяшчэнне партыз. фарміраванняў. Выкліканая акупантамі бамбардзіровачная авіяцыя (15 самалётаў) 27 ліп. не здолела знішчыць партызан і разбурыць іх базы. У раёне аперацыі гітлераўцы забілі і паранілі каля 200 мясц. жыхароў.

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РКАЎКА (Аркадзь Андрэевіч) (26.1. 1900, в. Зазер’е Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 24.4.1957),

бел. паэт. Скончыў БПІ (1934). Працаваў тэлеграфістам на ст. Мінск (1916—26), на з-дзе «Беларусь», у Палаце мер і вагі, выкладаў у БПІ. У Вял. Айч. вайну партыз. сувязны ў Мінску. Друкаваўся з 1922. Паэзія М. (зб. «Дым жыцця», 1928) вызначаецца філасафічнасцю, лірызмам, паглыбленнем у чалавечую душу.

Тв.:

Гады, як ветразі. Мн., 1959;

Вершы. Мн., 1973.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Асака́1 расліна Carex L.’ (БРС, Гарэц., Яруш.), осо́ка (Бесар.), палес. осока ’аер, Acorus Caramus’ (Бейл.), маг. сака́ ’Carex L.’ (Юрч., Гарэц.). Рус., укр. осока ’Carex’, польск. osoka ’Stratiotes aloides’ (балотная расліна, як і аер ці асака), ранейшы цытаваны прыклад (XIX ст.) у Дарашэўскага — з Мінскай губерні, таму, магчыма, польскае з беларускай. Няясна. Параўноўваюць з літ. ãšakà, лат. asaka ’рыбная костка’ (Мюленбах-Эндзелін, 1, 142; Фрэнкель, 18; Буга, Rinkt., 2, 295), а далей узводзяць да і.-е. кораня *ăkʼ‑ (гл. востры) (Міклашыч, 227). Міклашыч (290) звязваў і з коранем *sek‑ (гл. сячы), што вядзе да параўнанняў з ням. Säge ’піла’, англа.-сакс. secg ’асака, трыснёг’ (гл. Фасмер, 3, 163, і ўказ. там літаратуру). Магілёўская форма без а‑ можа тлумачыцца ці непасрэдна ад кораня sek‑, ці як вынік усячэння пачатковага а‑ (Зубаты, Studie, II, 2, 108, лічыў, што гэта а‑ ўспрымалася як прэфікс, але ў гэтым няма неабходнасці: а‑ магло ўспрымацца і як пратэтычнае).

Асака́2 ў выразе «асакою лезці (скакаць) у вочы» (з варыянтамі: ас(в)ою, сляпіцаю) ’назойліва прыставаць, невыносна дакучаць’ (Янк. БП, 396; Янк. БФ, 57). Магчыма, кантамінацыя слоў аса і асака, падмацаваная беларускімі экспрэсіўнымі ўтварэннямі на ‑ка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)