КАНАПЕ́ЛЬКА (Ала Іванаўна) (н. 14.2.1960, в. Небытаў Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1983). Працавала ў Доме літаратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, у Бел. фондзе культуры, у газ. «Беларускае тэлебачанне і радыё», з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1977. Асн. тэмы твораў — драматызм жаночага лёсу, чалавек і прырода: зб. вершаў «Цвет алешыны» (1985). Піша для дзяцей. Адшукала і апублікавала вершы рэпрэсіраванай бел. паэтэсы Лесі Беларускі, якая загінула ў лагеры на Калыме. Пераклала на бел. мову араб. казкі «Тысяча і адна ноч» (1998), асобныя творы балг. пісьменнікаў.

Л.​М.​Гармік.

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАШО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКУ́ І ЖВІРО́ВА-ПЯСЧА́НАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Канашы. Пластавы паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі паазерскага ледавіка. Пяскі і жвірова-пясчаны матэрыял жаўтавата- і буравата-шэрыя, месцамі гліністыя, абжалезненыя. Жвір і галька ў пясках трапляюцца ў россыпе і ў выглядзе лінзаў і гнёздаў. Пяскі пераважна дробна- і сярэднезярністыя, палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 9,47 млн. м³, перспектыўныя 1,13 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,2—27,3 м, ускрышы (торф, пяскі, супескі) 0,2—6,8 м. Пяскі і жвір прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДАЛА́КШСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

Размешчаны на архіпелагу ў Кандалакшскім зал. і а-вах каля Мурманскага берага Баранцавага м. ў Мурманскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Засн. ў 1939 (на базе Кандалакшскага гагачага запаведніка 1932; у сучасных межах з 1977). Пл. 58,1 тыс. га, у т. л. водна-балотныя ўгоддзі міжнар. значэння; тэр., укрытая лесам, — 11 202 га, марская акваторыя — 40 383 га. Тундра і паўн. тайга. На ўзбярэжжах і ў лясах трапляюцца лось, буры мядзведзь, ліс, вавёрка, глушэц, цецярук, рабчык. У моры звычайная нерпа, шэры цюлень і інш. Птушыныя базары, гняздоўі rari і 43 іншых відаў птушак. Музей прыроды.

т. 7, с. 577

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРАШО́Ў (Арцямон Сямёнавіч) (21.4.1894, хутар Карпаў Цымлянскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 23.6.1963),

фагатыст, педагог. Засл. арт. Кіргізіі (1943). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1917). У 1917—44 артыст і саліст аркестраў оперных т-раў Масквы (у 1917—23 Вял. т-ра), Рыгі (у 1923—36 адначасова выкладаў у Латв. кансерваторыі), Фрунзе. У 1944—48 саліст аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1944 выкладаў у Бел. кансерваторыі. З яго працай на Беларусі пачалося станаўленне выканальніцтва на фагоце. Сярод вучняў К.: У.​Апацкі, С.​Ажыгін, А.​Новікаў. Аўтар метадычных прац па праблемах выканальніцтва.

Р.​А.​Лагонда.

т. 7, с. 579

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПА́ЛІН (Ілья Пятровіч) (2.8.1900, в. Паўлаўская Істрынскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.6.1976),

расійскі рэжысёр дакумент. кіно. Нар. арт. СССР (1968). З 1950 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (праф. з 1964). У дакумент. кіно з 1920-х г. Асн. стужкі прысвечаны падзеям сав. часу: «За ўраджай» (1929), «Ленін» (1938, з І.​Сеткінай), «На Дунаі» (1940, з І.​Пасельскім), «Разгром нямецкіх войск пад Масквой» (1942, з Л.​Варламавым, прэмія «Оскар» 1943), «Вызваленая Чэхаславакія» (1946), «Дзень краіны, якая перамагла» (1947), «Абнаўленне зямлі» (1950), «Старонкі бессмяротнасці» (1965), «Краіна мая» (1967) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1946, 1948, 1949, 1951.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПІШЧА (ад стараж.-слав. капь — выява, ідал),

культавае збудаванне ўсх. і прыбалт. славян язычніцкага перыяду. У 1951 пры раскопках у Пярыні каля Ноўгарада выяўлены рэшткі слав. К. 10 ст., прысвечанага Перуну. Уяўляла сабой круг дыяметрам 21 м, на якім у васьмі месцах гарэў агонь; у цэнтры стаяў драўляны ідал Перуна. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера было К. Перуна і Бабы-ягі. Рэшткі свяцілішча сельскай абшчыны 10 ст. раскапалі археолагі ў 1969 каля в. Ходасавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальвалі вогнішчы.

т. 8, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПЛАН (Лазар Майсеевіч) (31.7.1917, в. Скароднае Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 10.6.1994),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскае артыл. вучылішча (1938), Вышэйшую афіцэрскую артыл. школу (1946). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з жн. 1941 на Паўд.-Зах., Паўн.Зах., 2-м Прыбалт. і 1-м Укр. франтах. Удзельнік абароны г. Севастопаль. Нам. камандзіра артыл. палка маёр К. вызначыўся 18—27.7.1944 пры вызваленні Латвіі: на чале групы разведчыкаў захапіў пераправу на р. Істранка, батарэя пад яго камандаваннем паспяхова адбівала контратакі праціўніка. Да 1959 у Сав. Арміі, падпалкоўнік. Аўтар кн. «Вогненныя гады» (1970).

Л.М.Каплан.

т. 8, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЦЭ́ВІЧ (Вячаслаў Міхайлавіч) (н. 15.9.1947, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне парашковай металургіі. Д-р тэхн. н. (1990). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це цепла- і масаабмену АН Беларусі, з 1974 у НДІ парашковай металургіі БПІ, з 1995 у Бел. аграрным тэхн. ун-це. Навук. працы па тэхналогіі стварэння сітаватых матэрыялаў для фільтраў вадкасцей і газаў метадамі парашковай металургіі.

Тв.:

Пористые порошковые материалы и изделия из них. Мн., 1987 (разам з П.​А.​Віцязем, В.​К.​Шэлегам);

Формирование структуры и свойств пористых порошковых материалов. М., 1993 (у сааўт.).

Л.​В.​Бароўка.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАСЁЎ (Іван Васілевіч) (11.9.1910, с. Новы Ропск Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 22.1.1983),

бел. жывапісец-пейзажыст. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1933). Працаваў мастаком у т-рах Беларусі і Расіі (1936—47). Творы вылучаюцца тонкім адчуваннем хараства бел. прыроды, вобразнай выразнасцю, напоўненасцю філас. роздумам: «Маладая зеляніна» (1957), «Восень» (1961), «Маладое жыта» (1964), «Край беларускі» (1969), «Сакавіцкі вечар у вёсцы (1973), «Зжатае поле» (1975), «Веснавы дзень» (1978), «Бярэзіна» (1969—78) і інш. Стварыў серыю пейзажаў купалаўскіх мясцін (1967—73). Творчай манеры ўласціва пленэрнасць, абагульненасць і лаканічнасць форм, мяккасць каларыту.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 8, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАСЁЎ (Мікалай Піліпавіч) (н. 27.7.1934, в. Пісарава Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1988), праф. (1990). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1959). З 1970 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па вывучэнні шляхоў распаўсюджвання гельмінтаў свойскіх і дзікіх жывёл і распрацоўцы метадаў барацьбы з гельмінтозамі с.-г. і прамысл. жывёл. Распрацаваў рэкамендацыі па барацьбе з паразітамі коней, прафілактыцы трыхінелёзу ў зверагадоўчых гаспадарках і інш.

Тв.:

Трематодозы диких копытных Белоруссии. Мн., 1981 (разам з В.​Ф.​Літвінавым);

Паразитарные болезни животных: Справ. пособие. Мн., 1991 (разам з М.​В.​Якубоўскім).

І.Р.Карасёў.

т. 8, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)