асноўны баявы карабель 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Былі ў флатах многіх краін. Паводле спосабаў аховы на іх артылерыі падзяляліся на казематныя, брустверныя і вежавыя. Існавалі браняносцы берагавой абароны і эскадраныя.
Браняносцы берагавой абароны прызначаліся для баявых дзеянняў у прыбярэжных раёнах, уваходзілі ў склад ВМФ шэрагу краін да канца 2-й сусв. вайны. Мелі вежавую артылерыю 254-мм калібру і больш, водазмяшчэнне да 8 тыс.т, скорасць да 16 вузлоў (29,6 км/гадз). Эскадраныя браняносцы прызначаліся для вядзення бою ў складзе эскадры. Мелі 4 гарматы 305-мм калібру, 6—12 — 152-мм, шмат гармат малога (да 76 мм) калібру, 4—6 тарпедных апаратаў. Браня да 450 мм, водазмяшчэнне 10—17 тыс.т, скорасць да 18 вузлоў (33,3 км/гадз), далёкасць плавання да 8 тыс. міль (14,8 тыс.км). Пасля 1905 замест браняносцаў пачалі будаваць лінейныя караблі, а найб. дасканалыя эскадраныя браняносцы былі аднесены да класа лінкораў (браняносец «Пацёмкін», «Слава» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ТНІ САЮ́З ЛІТО́ЎСКАЙ МО́ЛАДЗІ, Саюз літоўскай моладзі, Саюз свабодных братоў,
тайнае т-ва, якое існавала на Беларусі і Літве ў 1846—49. Засн. ў Вільні братамі Ф. і А.Далеўскімі. Напачатку саюз выступаў за яднанне вучнёўскай моладзі на ўзор філаматаў і філарэтаў, за адраджэнне маралі і духоўнасці грамадства, усталяванне справядлівасці, паляпшэнне становішча сялян, гар. беднаты і г.д. У 1848 пасля ўступлення ў саюз разначынцаў, аднадворцаў, дробнай шляхты, рамеснікаў і пад уплывам рэвалюцый у Зах. Еўропе яго праграма набыла больш радыкальны характар. На 5.4.1849 было прызначана антыўрадавае паўстанне, для чаго вялася рэв. агітацыя (у т. л. і сярод салдат) у Бабруйску, Гродне, Лідзе, Мінску, Навагрудку, Слоніме, рыхтавалася зброя. Аднак 27 сак. пачаліся арышты, да следства прыцягнута каля 200 чал. Кіраўнікі і найб. актыўныя чл. саюза засуджаны да пакарання смерцю (заменена катаргай ад 10 да 15 гадоў), астатнія — да розных тэрмінаў катаргі або аддадзены ў салдаты. Многія чл. саюза ўдзельнічалі ў паўстанні 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́КНЕР ((Brückner) Аляксандр) (29.1.1856, г. Цярнопаль, Украіна — 24.5.1939),
польскі філолаг-славіст, гісторык культуры. Чл. Пецярбургскай АН (1890). Вучыўся ў Львоўскім, Венскім, Лейпцыгскім і Берлінскім ун-тах. У 1881—1924 праф.слав. моў і л-р Берлінскага ун-та. У працах «Сярэдневяковая лацінская паэзія ў Польшчы» (1892—94), «Нарыс гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 1903), «Польскія іншаверцы» (1905), «Гісторыя польскай культуры» (т. 1—4, 1930—46), «Старажытнапольская энцыклапедыя» (т. 1—2, 1939) шмат звестак па бел. культуры. Высока цаніў бел. фальклор і стараж. л-ру, але яе адраджэнне на пач. 20 ст. адмаўляў як бесперспектыўную задуму інтэлігентаў, лічыў бел. мову толькі дыялектам («З беларускай нівы», Кракаў, 1918). Больш аб’ектыўны характар мае даследаванне Брукнера «Нарыс гісторыі славянскіх літаратур і славянскіх літаратурных моў» (Львоў, 1929, разам з Т.Лер-Сплавінскім). Бел. л-ры прысвяціў арт. «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» (1891), «Польска-рускія песні» (1911), «Фр. Скарына» (1927).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬЯ́НТ (франц. brillant літар. бліскучы),
бездэфектны алмаз, штучна агранены ў выглядзе дзвюх зрэзаных шматгранных пірамід, што максімальна выяўляе яго бляск. «Поўная» брыльянтавая агранка (гл.Агранка) мае 58 плоскіх граняў. Адрозніваюцца масай (вымяраецца ў каратах, 0,2 г), формай (круглая, фантазійная, прамавугольная і інш.), вясёлкавым зіхаценнем колераў у адлюстраваным святле і інш. Каштоўны камень 1-га класа. Брыльянты выкарыстоўваюць у ювелірнай справе. Найбольш вядомыя брыльянты маюць уласныя назвы: «Вялікая Зорка Афрыкі» («Кулінан I») (530,20 кар), «Нізам» (277 кар), «Юбілейны» (245,35 кар), «Арлоў» (189,62 кар), «Дэ Бірс» (234,50 кар), «Вікторыя 1880» (228,50 кар) і інш.Больш за 95% сусветнай вытв-сці брыльянтаў прыпадае на долю Індыі, Ізраіля, Бельгіі, ПАР, ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ,
біялагічны заказнік у Беларусі, на тэр. Буда-Кашалёўскага і Віктарынскага лясніцтваў у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1986 з мэтай зберажэння унікальных дуброў. Пл. 13,6 тыс.га (4 вял. і 5 дробных участкаў).
Асн. тыпы лясоў у заказніку — імшыстыя, арляковыя, радзей чарнічныя хвойнікі з дамешкамі дубу, бярозы, асіны і падлескам з ляшчыны, а таксама кіслічныя, сніткавыя і арляковыя дубровы з дамешкамі грабу, хвоі, бярозы, асіны, радзей ліпы, клёну, вязу. Забалочаныя паніжэнні рэльефу займаюць лясы з вольхі чорнай, пераважна вятроўнікавага і кіслічнага тыпаў з дамешкамі ясеню. У заказніку больш за 500 відаў сасудзістых раслін, з якіх 8 занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Трапляюцца рэдкія віды мохападобных (напр., некера перыстая) і лішайнікаў (лабарыя лёгачная, занесеная ў Чырв. кнігу). У 1978 у межах тэр. заказніка створаны першы ў рэспубліцы фазанарый. Заказнік з’яўляецца генетычным рэзерватам матачных дрэў «дубоў-волатаў» для гадавальнікаў лясных культур. Аб’ект турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАСТВО́РЫ.
Выкарыстоўваюць для каменнай муроўкі, мантажу зборных бетонных і жалезабетонных канструкцый, аховы метал. канструкцый і закладных дэталяў ад карозіі, для гідра-, цепла- і гукаізаляцыі будынкаў і збудаванняў. Атрымліваюць з сумесі вяжучага рэчыва (з вадой, часам без яе), дробнага запаўняльніку і дабавак (пры неабходнасці). Яны здольныя зацвердзяваць, склейваць каменныя матэрыялы і ўтвараць ахоўныя слаі буд. канструкцый.
Адрозніваюць будаўнічыя растворы: муравальныя, аддзелачныя (тынкавальныя, дэкаратыўныя) і спецыяльныя (ін’екцыйныя, тампанажныя, гарача- і кіслотаўстойлівыя, рэнтгенаахоўныя, акустычныя); цяжкія (шчыльнасць больш за 1500 кг/м³) і лёгкія (менш за 1500 кг/м³); цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя і мяшаныя (цэментна-гліняныя, цэментна-вапнавыя, вапнава-гіпсавыя, палімерцэментныя, цэментна-перхлорвінілавыя). Будаўнічыя растворы рыхтуюць звычайна на аўтаматызаваных растворных з-дах і вузлах, дастаўляюць на буд. аб’екты ў спец. аўтацыстэрнах або аўтамабілях-самазвалах. Для зімовай муроўкі і тынкоўкі ў сумесь уводзяць процімарозныя дабаўкі, для павышэння тэхнал. якасцей і тэхн. характарыстык — пластыфікавальныя і паветраўцягвальныя дабаўкі. У дэкар. Будаўнічыя растворы дабаўляюць святло-, шчолача- і кіслотаўстойлівыя пігменты, спец. запаўняльнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАМАГНІТАФО́Н,
апарат для запісу на магн. стужку і далейшага ўзнаўлення аналагавых і лічбавых відэафанаграм. Адрозніваюць відэамагнітафоны бытавыя, прафесійныя і спец. прызначэння; стацыянарныя і пераносныя; з узнаўленнем каляровага і чорна-белага відарысаў. Прынцып дзеяння такі ж, як у звычайнага магнітафона: сігналы відарыса і гукавога суправаджэння ад тэлевізійнага прыёмніка або інш. крыніцы запісваюцца на магн. стужку. Пры ўзнаўленні гэтыя сігналы накіроўваюцца ў тэлевізійны прыёмнік. Відэамагнітафон выкарыстоўваецца ў тэлебачанні, навук. даследаваннях, медыцыне і інш.
Шырокая паласа прапускання відэамагнітафона (да 7—8 МГц у стандартным тэлебачанні; да 30 МГц у тэлебачанні высокай выразнасці) у працэсе запісу дасягаецца адначасовым перамяшчэннем стужкі і вярчэннем блока з 1, 2 або 4 магн. галоўкамі, што забяспечвае скорасць магн. галоўкі адносна стужкі да 10 м/с і больш. Гукавое суправаджэнне і сігналы сінхранізацыі запісваюцца нерухомымі галоўкамі па краях стужкі.
А.П.Ткачэнка.
Кінематычная схема відэамагнітафона: 1 — касета; 2 — галоўкі запісу гукавых і сінхранізавальных сігналаў; 3 — галоўкі запісу відарыса; 4 — магнітная стужка; 5 — накіроўны ролік; 6 — рухавік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ (Victoria),
Вікторыя-Н’янза, Укерэве, возера ва Усх. Афрыцы, на тэр. Танзаніі, Кеніі і Уганды. Размешчана ў тэктанічным прагіне на выш. 1134 м. Пл. 68 тыс.км² (2-е па памерах прэснае возера свету). Даўж. 320 км, шыр. 275 км, найб.глыб. 80 м. Даўжыня берагавой лініі больш за 7 тыс.км; берагі пераважна нізінныя, пясчаныя, парэзаныя залівамі. Шмат астравоў агульнай пл. каля 6 тыс.км² (вял.в-аў Укерэве, а-вы Сесе). У Вікторыю ўпадае мнагаводная р. Кагера, выцякае р. Вікторыя-Ніл. Характэрны штормы. На в-ве Рубонда (Танзанія) нац. парк. Вікторыя — важны ўнутраны рыбапрамысловы раён. У фауне каля 100 відаў, з іх 64 віды эндэмічнага сям. храмісаў (з акунепадобных). Суднаходства. Асн. парты — Джынджа, Энтэбе (Уганда), Букоба, Мванза (Танзанія), Кісуму (Кенія). Возера злучана з узбярэжжам Індыйскага ак. чыгункамі Кісуму — Мамбаса і Мванза — Табора — Дар-эс-Салам. Адкрыта ў 1858 англ. падарожнікам Дж.Спікам. Названа ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ (італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),
смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст.італьян. (А. і Н.Амаці, Дж.Гварнеры, А.Страдывары, К.Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.Падгорны, Л.Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.
Літ.:
Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАВА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. За 133 км ад Гродна, 1 км ад чыг. ст. Воранава на лініі Ліда—Вільнюс. 6,5 тыс.ж. (1996).
Вядома з 16 ст.Стараж. назва Балотна ад р. Балатнянка (цяпер ручай). На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. Належала Гаштольдам, А.Масевічу, Сцыпіёнам, Зарэцкім і інш. У 1735—55 дзейнічаў піярскі калегіум. У 18 ст. пры Сцыпіёнах было цэнтрам староства. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. У 1897 — 1574 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна, гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў 1941 і 1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі ў Воранава больш за 2600 чал. У 1970 — 3,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. і спартыўная школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.