ЗА́ЙЦАЎ (Мікалай Якаўлевіч) (н. 10.3.1923, чыг. ст. Крупкі Мінскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1945). Канд.філас.н. (1982). Скончыў 3-ю Чкалаўскую ваен.авіяц. школу пілотаў (1943), Акадэм. курсы афіцэрскага саставу ВМФ (1951), БДУ (1967). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял.Айч. вайну з 1944 на 1-м і 4-м Укр. франтах. Удзельнік вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка З. зрабіў 185 баявых вылетаў, збіў 2 самалёты знішчыў каля 20 танкаў, больш за 20 аўтамашын, 43 гарматы, 20 вагонаў. Да 1960 у Сав. Арміі. У 1967—95 выкладчык БДУ, дацэнт (1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас.р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,24 км², даўж. 870 м, найб.шыр. 370 м, найб.глыб. 12,6 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Пл. вадазбору 140 км². Схілы катлавіны ў выглядзе озавых град і камавых узгоркаў выш. 10—14 м, пад лесам, на У разараныя. Берагі на Пн і ПдЗ нізкія, забалочаныя, пад хмызняком. Мелкаводная зона вузкая, пясчаная, глыбакаводная — сапрапелістая, з упадзінамі. Праз возера цячэ р. Клевель (злучае яго з азёрамі Туравейскае і Каймін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗНЫ (Мікалай Рыгоравіч) (16.10.1925, в. Княжычы Кіеўскай вобл., Украіна — 7.4.1982),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). Выкладчык Мінскага маст. вучылішча (з 1959), Бел.тэатр.-маст. ін-та (з 1971). Працаваў у галіне тэматычнай карціны, пейзажа, нацюрморта, партрэта. Творам уласціва прыўзнята-эмацыянальнае гучанне, якое ствараецца напружанымі, часта кантрастнымі колеравымі спалучэннямі. Сярод работ: «Студэнты» (1962), «Вызваленая зямля» (1965), «Макі», «Казка», «Коні» (усе 1966), «Сыны» (1967), «Перамога», «Камсамольцы» (абедзве 1968), «Салдаткі» (1969), «9 Мая. Удовы» (1973), «Возера Сялява» (1977), «Сястра» (1980), «Цюльпаны», партрэт А.М.Нячаева (абедзве 1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́ШША,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ушача (працякае праз возера), за 18 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,33 км², даўж. 1,2 км, найб.шыр. 520 м, найб.глыб. 30,7 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 135 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м, разараныя, на Пд і ПдУ параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд і ПдУ нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. Найб.глыб. ў паўд. плёсе, у паўн. — 17,9 м. Паміж плёсамі невял. востраў. Дно да глыб. 6—7 м пясчанае, ніжэй — глеістае. Уваходзіць у зону курорта Ушачы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАН ((Zan) Тамаш) (21.12.1796, в. Мясата Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 19.7.1855),
польскі паэт-рамантык, удзельнік вызв. руху. Скончыў Віленскі ун-т (1820). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў віленскіх тайных т-ваў і студэнцкай моладзі — філаматаў, філарэтаў і прамяністых. У 1823 арыштаваны, у 1844 высланы ў Арэнбург, дзе вёў дзённік, даследаваў прыроду Урала, стварыў мінералагічны музей. З 1841 на Беларусі, вывучаў бел. фальклор. Аўтар паэм «Кошачка», «Табакерка», «Мёд», балад «Свіцязь-возера», «Твардоўскі», вершаў, элегій, трыялетаў, камедыі «Грэцкія піражкі» (1817; дзеянне адбываецца ў Мінску).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЦКАЯ (Соф’я Майсееўна) (1881, г. Полацк Віцебскай вобл. — пасля 1934),
дзеяч рэв. руху. З 1899 удзельнічала ў с.-д. гуртках Пецярбурга, Екацярынаслава, Харкава, Полацка. У 1904 у Швейцарыі, далучылася да меншавікоў. Са студз. 1905 у Расіі, чл. аб’яднанага ЦКРСДРП. Сакратар с.-д. фракцый 1, 2 і 4-й Дзярж. думы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Маскоўскага Савета. На 1-м Усерас. з’ездзе Саветаў выбрана чл.ВЦВК, са жн. 1917 чл.ЦКРСДРП (меншавікоў). Кастр. рэвалюцыю 1917 не прыняла. У 1921 жыла ў Ніжагародскай губ., у 1932 — у Ніжнім Ноўгарадзе, у 1934 — у Цверы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРЭ́ЧАНСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды ў Беларусі. За 0,5 км на Пд ад в. Зарэчча Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Буйны ледавіковы валун светла-ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў. Даўж. 3,3 м, шыр. 2,2 м, выш. 2,2 м, у абводзе 8,6 м, аб’ём 8,5 м³, маса каля 22 т. Прынесены ледавіком каля 220—110 тыс.г. назад з Выбаргскага масіву. Мае 33 штучныя паглыбленні паўсферычнай формы (4—6 см у папярочніку, да 2 см глыбіні), зробленыя чалавекам каля 2—2,5 тыс.г. назад. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХАРЫ́НСКІ (Вячаслаў Адамавіч) (н. 14.10.1950, г.п. Глуск Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1971). Афіц. прадстаўнік Еўрап.АМ у Варшаве (з 1993). Раннім творам уласцівы лірызм і паэтычнасць («Любімая зямля», 1978, «Жураўліная журба», 1983, і інш.). У 1986—96 працаваў за мяжой (Польшча, Германія, Італія). Для твораў гэтага перыяду характэрна складанае спалучэнне рэаліст. і фармальна-абстрактных форм, канцэптуальнасць — цыклы: «XX стагоддзе», «Аварыя» (абодва 1988), «Пацукі» (1988—89), «Фарысеі» (1989), «Грэшнікі» (1989—90), «Святыя» (1990), «Мой сябра Феліні» (1992—93), «Лэдзі», «Ню» (абодва 1990—95), «Архідэі» (1995).
В.Захарынскі. Ефрасіння Полацкая. З цыкла «Святыя». 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВА́НАЕ ВО́ЗЕРА,
у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Званіца (выцякае з возера), за 18 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 1,28 км², даўж. 1,8 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 3 м, даўж. берагавой лініі больш за 5 км. Пл. вадазбору 5 км². Схілы катлавіны выш. 15—30 м (на З і ПдУ 8—9 м), пад лесам і хмызняком. Берагі нізкія, сплавінныя. Пойма шыр. 5—50 м (на ПнЗ і ПдУ 600—700 м) забалочаная, пад хмызняком. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае. На У упадаюць 2 ручаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́НЕЎСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды на Беларусі. За 0,2 км на Пн ад в. Зенеўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Буйны ледавіковы валун ружова-бурага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў. Даўж. 4,7 м, шыр. З м, выш. 2,1 м, у абводзе 9,6 м, аб’ём 16 м³ маса каля 42 т. Прынесены ледавіком каля 220—110 тыс.г. назад са Скандынавіі. На бакавой паверхні захавалася 25 штучных паглыбленняў паўсферычнай формы (1—5 см у папярочніку, да 2,5 см глыбіні), зробленых чалавекам каля 2—2,5 тыс.г. назад. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.